Вы тут

Над старонкамі прачытанага. Многа болю за нашы рэкі


Віртуальныя падарожжы — адметная рыса сённяшняга часу. Ёсць нямала магчымасцяў, каб здзяйсняць іх з дапамогай розных візульных рэсурсаў. Фотаздымкі, кінафільмы, сюжэты ў розных сацыяльных сетках...Так можна знаёміцца і з прыродай роднай старонкі па ўсіх яе адрасах. Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Прыпяць, Сож, Днепр , Браслаўскія азёры... 


«—Прырода... Родная зямля... Які з рукатворных манументаў з самай дасканалай закончанасцю яго форм, з самым бліскучым увасабленнем яго замыслу, які, братачка. Рукатворны манумент можа параўнацца паўнатой сваёй рэальна-мастацкай завершанасці з вечна жывымі тварэннямі, з геніяльнымі па сваёй простай і непрыдуманай разумнасці манументамі прыроды! Вунь, паглядзі на тыя вежы бору, паглядзі на падхмарную яліну, што нібы аддзялілася ад лесу, быццам захацела стаяць адна. А перад лесам — на бурныя завадзі зеляніны, на купы альхі і чаромхі. Бясконцыя выбухі зараснікаў. Хіба ж, братачка, мог які-небудзь мастак скампанаваць у сваёй фантазіі што-небудзь лепей? Магчыма, нехта скажа, што ўсё тут выпадковае, што магла ж бура зламаць і гэтую яліну, і паводка з крыгамі зрэзаць гэтыя зараснікі, і знікла б карціна, і няма рацыі рабіць тут нейкія высновы. А я думаю наадварот. Ну што ж. Бываюць буры. Парушаецца ад іх хараство зямлі. Але прырода ніколі не спыняецца ў вечным сваім росце, у вечным абнаўленні і няспынным разумным сваім імкненні да жывой красы... Эх, братачка, скажу табе шчыра: калі б я мог хоць напалову пераняць ад прыроды яе майстэрства кампазіцыі, сюжэта, майстэрства ў выяўленні самай запаветнай сутнасці мастацкага замыслу... Калі б мог... Дзіўна, безумоўна... Але ў гэтай дзіўнасці ёсць для мяне нешта надзвычай важнае. Павер, братачка, ёсць!..» 

Гэтыя словы належаць народнаму мастаку СССР, славутаму беларускаму скульптару Заіру Азгуру, з якім аўтар кнігі «Вандроўнае шчасце: рыбацкая паэма» Кастусь Кірэенка сустрэўся на Бярозе, перад самым Палікам... Для мяне лепшае віртуальнае падарожжа да прыродных скарбаў роднай старонкі — гэта, канешне ж, кніга. Словы пра родную прыроду я чытаю, выбіраю іх сок і сутнасць, насычаючы сябе прыгажосцю, у творах Якуба Коласа, Івана Мележа, Янкі Брыля, Яраслава Пархуты, Віталя Вольскага, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Маўра... І доўгія гады маёй настольнай кнігай, сапраўды кнігай адкрыццяў з’яўляецца даўно напісаная «рыбацкая паэма» Кастуся Кірэенкі. Яна ізноў толькі што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Пісьменнік расказвае пра свае падарожжы па рэках і азёрах Беларусі, пра сустрэчы і адкрыцці, якія прыносілі яму не толькі рыбацкую ўдачу, але і адкрывалі свет і святло вады, жыватворных артэрый нашай Айчыны. Следам за Кастусём Кірэенкам я наноў палюбіў Свіслач, Бярэзіну, Днепр, палюбіў тыя рэкі, куды да чытання і не трапляў зусім... Вырас жа на Свіслачы мінскай, якраз пры ўпадзенні ў яе невялікай рачулкі Цітаўка. І вёская мая роднай так і завецца — Зацітава Слабада. А некаторыя дні маленства правёў на Пцічы, у Азярычыне, дзе нарадазілас яі вырасла, дзе перажыла вайну мая мама... І якімі сугучнымі мне сталі словы пісьменніка пра галоўныя вартасці часу, пра тое, што адкрыты свет прыроды — самае што ні ёсць чараўніцтва жыцця... «Прыйдзеш на чарговы і, як заўсёды, надзвычай важны сход братоў-пісьменнікаў, слухаеш аднаго за адным прамоўцаў, дзівішся са страшэннага патоку нікому не патрэбнай вады, што льецца і льецца на слухачоў з трыбуны... Не ведаеш, як вырвацца з таго патоку...

І раптам намацаеш у кішэні зморшчаную, ссохлую на цвярдыні гарошыну... Дзіва... І як толькі туды запала. Але якім паратункам знайшлася яна табе зараз — кожнай жылкай адчуваеш, як вызваляешся ад душнай тлумнасці гаварыльні, ад прамоўнай нуды. Дастанеш гарошыну з кішэні. Няўцям для суседзяў усміхнешся ад нясцерпнай прагі новых паходаў, і вось ужо замест патоку, што льецца з трыбуны, — як жывая, забруіць перад вачамі празрыстымі струменямі Бяроза...»

У новым выданні «Вандроўнага шчасця...» (а нарадзілася кніга яшчэ ў 1977 годзе) цудоўным дадаткам і нават асобным фотанарысам гучаць, прамаўляюць да чытача фотаздымкі Уладзіслава Цыдзіка, Уладзіміра Шафарэнкі, некалькі архіўных ілюстрацый з архіва родзічаў пісьменніка. 

Звярну асаблівую ўвагу на фотаздымкі Уладзіслава Цыдзіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, чалавека, які тонка падмячае ўсё характэрнае, кажучы словамі Заіра Азгура, кампазіцыйнае майстэрства прыроды. Уладзіслаў Цыдзік — душа і сэрца фатаграфічнага праекта-падарожжа па нашай краіне «Бачу Беларусь такой»... Цяжка прымусіць любога мастака ісці следам за аўтарам. Уладзіслаў Станіслававіч наўмысна прайшоў некаторымі сцежкамі пісьменніка, сцежкамі яго «рыбацкай паэмы». «Русла ракі Свіслач пры ўпадзенні ў яе Балачанкі», «Русла ракі Балачанкі», «Дуб каля ўпадзення Балачанкі ў Свіслач», «Гняздоў’е чаек у пойме ракі Волма ў раёне Смілавіч», «Свіслач», «Рыбацкі мосцік на Свіслачы», «На Мінскім моры», «Вілейскае водасховішча каля вёскі Сосенка», «Сонечная дарожка», «Зімой на Мінскім моры», «Зіміні пейзаж на Бярэзіне непадалёк ад Сергуцкага канала», «Бярэзіна каля вёсак Панюшкавічы і Сычкава Бярэзінскага раёна», «Бярэзінскі пейзаж», «Рыбацкае майстэрства», «Рыбацкая ўдача», «Бабровая работа», «Бярэзіна ў раёне Барысава»... Гэтыя і іншыя фотаздымкі выбудоўваюць новы шлях адкрыццяў, спалучаюць слова і сапраўдную выяву, дапамагаюць пашырыць знаёмства з рэкамі, азёрамі з біяграфіі таленавітага пісьменніка і не меней таленавітага, удачлівага рыбака Кастуся Кірэенкі... 

Вяртаючыся да першых старонак кнігі «Вандроўнае шчасце», прадаставім ізноў слова Кастусю Кірэенка: «Калі і як гэта пачалося?

За прамяністымі маякамі маленства схаваўся ў сініх незабудках духмяна стромісты бераг; пераліваецца, вызвоньвае песню лета задумны Сож; і нешта такое роднае, такое бясконца дарагое раптам прынясе далёкі ўспамін, што сэрца ажно заные і балюча зашчыміць, нібыта забаіцца: а можа, тое ўсё лепшае ўжо даўно аджыло, даўно страчана...

Дзіўна... Далібог, дзіўна... 

Хіба ж такое можа стацца, каб аджыло самае дарагое?..

Хіба ж сэрцу было б чым узнаўляць свае сілы, было дзеля чаго трывожыцца і радавацца, калі б самага дарагога ў яго не стала?.. Старонка родная, сіні бераг, цішыня плёсаў, плёскат хваль, тумановыя світанкі, сонца на ўсходзе, зялёныя зоры, водар лугоў... Усё, як адна несціханая, невыказная песня, звініць і нясе мілы напеў праз жыццё. 

Калі ж гэта пачалося? З якой хвіліны вядзе сваю сцежку зачараванасць красою бацькоўскага краю, смутак па мясцінах непаўторных і незабыўных, дзе пляскотныя хвалі, бы казачныя самацветы, сыплюцца, наплываюць на пахкі аер, дзе серабрыстая плотка весела падміргвае вокам, быццам мае сказаць табе нешта дужа таемнае і святое?

З якой хвіліны прыйшла ў душу неўтаймаваная асцярога — каб ніколі не страціць гэтае шчодрае зямлі, гэтага бясконцага хараства?

З якой хвіліны прыйшло ў душу адчуванне, што ты — жывая часцінка сваіх светлых рачных абшараў, сваіх сонечных і грымотных небасхілаў, сваіх патаемных сцяжыначак-пуцявінак да самага шчаслівага берага?

Гэтую кнігу я назваў рыбацкай паэмай, а паэму — светлым іменем „Вандроўнае шчасце“. Бо ў ёй і папраўдзе — сказ пра сходжаныя і нясходжаныя рыбацкія дарогі, пра рыбацкія вандроўкі і рыбацкія прыгоды...»

... Мяне захапіла, з якой асалодай, з якой праніклівасцю ўзіраецца Уладзіслаў Цыдзік у Балачанку — маленькую рачулку, што не так далёка ад Мінска, на памежжы Міншчыны і Магілёўшчыны. Колькі шчымлівых, узнёслых радкоў прысвяціў гэтай рацэ народны пясняр Беларусі Якуб Колас. Паблізу ля ракі ў вёсачцы з аднайменнай назвай было і адно з лецішчаў вялікага беларускага паэта XX стагоддзя... Ведаю, што з ёй, рачулкай Балачанкай, у даўнейшыя, хаця і не такія далёкія ад нас, дзесяцігоддзі працавалі меліяратары. Раўнялі, каналізіравалі месцамі, ідучы следам за планамі сваіх «архітэктараў прыроды». Ды рака выстаяла, змагла вынесці, вытрываць боль. І далей нясе Балачанка свае воды ў Свіслач, якой таксама дасталося на мінска-пухавіцкіх раўнінах, — і ад хімікатаў, што зносілі снягі і дажджы з прыбрэжных палеткаў, і ад свінарнікаў, іншых жывёлагадоўчых комплексаў, якія чамусьці стараліся паставіць бліжэй да вады... Ды Балачанка і сёння радуе вока. Дзякуй і фотамастаку Уладзіславу Цыдзіку, і светлай памяці пісьменніку Кастусю Кірэенку. Чытаем у «рыбацкай паэме»: " ... Але найбольш адчуваеш хараство балачанскіх куткоў, калі ідзеш па левым беразе Свіслачы і, быццам у жывы сонечны палац, трапляеш у пойму Блачанкі, дзе, як сказаў пясняр, «смалісты пах разносіцца такі, што п’еш яго ў ветравым павеве». За плячамі — думнае гудзенне Блужскага бору, перад вачамі — духмяны аксаміт лугоў; з аднаго боку — спакойная роўнядзь Свіслач, з другога — як мудрыя філосафы, маўклівыя з выгляду, — цэлай сям’ёй дубы... Добра разумееш, чаму гэты кут калісьці так прыйшоўся даспадобы Якубу Коласу. Тут добра яму думалася, лёгка забывалася ўсё непатрэбнае, неістотнае, нязвыклае і пісалася — ад сэрца, глыбока і шчыра..."

На старонках кнігі Кастуся Кірэенкі — і многа болю за нашы рэкі... «Віноўніцай» такой няўстойлівасці воднага рэжыму трэба лічыць кардонную фабрыку, размешчаную на Свіслачы прыкладна кіламетраў за пяць вышэй Пухавіч. Фабрыка для патрэб вытворчасці мае сваё ўласнае вадасховішча. Хоць яно і невялікае, але вады, якая ў ім збіраецца, дастаткова для таго, каб у любы час была патрэба яе спусціць, — і вось таму ўчастак ракі, блізкі да крадоннай фабрыкі, і перажывае даволі часта непрыемную водную працэдуру. Ці трэба казаць, што гэтая няспынная зменлівасць у рэжыме воднага балансу вельмі ўплывае на паводзіны рыбы — яна робіцца насцярожанай і палахлівай..." І яшчэ: «...На жаль, часта рачное жыхарства Свіслачы вымірае ў самым літаральным сэнсе гэтага слова. А дакладней, дык яно вынішчаецца раўнадушна, свядома, цвяроза і без ніякай літасці знішчаецца „ў імя высокіх мэт“ — так апраўдваюць сябе тыя, хто, будуючы новыя, звязаныя з хіміяй прадпрыемствы, не прымушае сябе патурбавацца пра ачыстку атрутных сцёкаў, скіроўваючы іх проста ў Свіслач». 

І хаця напісана гэта хутка ўжо як паўвека назад, праблем і клопатаў экалагічнага характару на беларускіх рэках, відавочна, не паменела. Меней разбуральнымі сталі ўплывы меліярацыі. Але ж тое дрэннае, што ўжо зроблена, яно, лічы, застанецца... І ўсё ж, і ўсё ж... Прайсціся бы некаму ізноў па Сажы і Свіслачы, па Дняпры і Беразіне, па Нёману, Прыпяці, Шчары, Друці, Ясельдзе, прытуленых да іх рэках і рачулках... Прайсці не толькі рыбакамі, але і чуйнымі мастакамі слова, здольнымі і разгледзець вечнасць, і занатаваць сучаснасць... 

Мне верыцца, што ў кнігі «Вандроўнае шчасце: рыбацкая паэма» і сёння — шмат чытачоў. Нераўнадушных да прыроды людзей. А навацыі «звяздоўскага» кніжнага выдавецтва праілюстраваць даўно напісаную кнігу фотаздымкамі — падказка і на нараджэнне новых выданняў твора Кастуся Кірэенкі. Мо ў фармаце шырокафарматнага фатаграфічнага альбома, дзе фатаграфічны погляд на адрасы водных артэрый Беларусі будуць напоўніцу спалучаны з тэкстам, які ў многім вызначаецца актуаліямі, носіць выразнае сучаснае гучанне. Ды і добра было б перавыдаць кнігу на іншых мовах. Так, было яе выданне даўным-даўно на рускай мове. Мо зараз узнавіць яго, прэзентаваўшы тым самым шырэй добрую беларускую прыродазнаўчую літаратуру, нагадаўшы, што такія кнігі могуць упоравень стаяць з томікамі Л. Сабанеева, С. Аксакава, К. Паўстоўскага... Прыродазнаўства, выразны паказ — і мастацкі ў тым ліку — нашага роднага геаграфічнага ландшафту — гэта яшчэ і тэма прыцягнення гасцей у наш родны край. Таму добра было б ўрыўкі «Вандроўнага шчасця» ці ўвогуле саму кнігу надрукаваць і ў Казахстане, і ў Туркменістане, і ў Таджыкістане, Арменіі, Азербайджане... Надрукаваць з запрашэннем: «Прыязджайце да нас... Адкрывайце наша хараство... Любіце Беларусь!..»

Кастусь Кірэенка: «Колькі хадзіў па родным краі, ніколі не пераставаў здзіўляцца: чаму, скажыце, рэкі, народжаныя на адной і той жа зямлі, часам між адных і тых жа купін ці рабін, ну зусім-зусім упоплечкі, з-пад адных і тых жа каранёў, — чму яны, набіраючы сілу, пачынаюць плыніць у адрозных кірунках, па зусім адрозных шляхах: адна спяшае на поўдзень, другая — на поўнач, адна — да цёплага мора, другая — да сцюдзёнага мора-акіяна?

Сож, Бяроза, Прыпяць. 

Нёман, Вілія, Дзвіна. 

Па звычайнай геаграфічнай карце, магчыма, і не ўпэўнішся, а калі паблукаеш ля іх втыокаў, то ўбачыш: з адной жа глыбіннай нетры выструменьваецца іх чароўная адвечная краса!..» 

Старонкі «Вандроўнага шчасця...» — чытанне і для школьніка, і для настаўніка. Чытанне ў ціхі сямейны вечар. Са спадзяваннем, што можна будзе і следам за пісьменнікам і фотамастаком прайсці, праехаць слаўнымі мясцінамі, пабываць на «кірэенкаўскіх» рэках і азёрах. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?