Вы тут

Сад надзеі ветэрынарных урачоў


Гэтым маленькім дрэўцам на тэрыторыі Чавускай ветэрынарнай станцыі яшчэ толькі месяц, але пад прамянямі шчодрага майскага сонейка яны заквітнелі і абяцаюць у будучыні даць шчодры і смачны ўраджай. Аб'ект пад незвычайнай назвай «Сад надзеі ветэрынарных урачоў» прысвечаны памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне спецыялістаў гэтай галіны і наогул усіх тых, хто прысвяціў сябе гэтай высакароднай прафесіі. Такую ідэю падаў старшыня Чавускага райвыканкама Эдуард Герасіменка, а грамадскасць на чале з дэпутатамі яго падтрымала.


Старшыня згадаў вельмі трапяткую гісторыю пра тое, як на вайне яго цяжка параненага дзеда Цярэнція Яфімовіча выратаваў менавіта ветэрынарны ўрач.

— Дрэвы заўсёды лічыліся сімвалам жыцця і яднання пакаленняў, — кажа ён. — У Год гістарычнай памяці іх пасаджана па краіне тысячы, але той пладовы сад, які з'явіўся ў нашым горадзе, мае асаблівы сэнс. Ён прысвечаны людзям, без якіх немагчымы поспех у жывёлагадоўлі ў мірны час і якія ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтыя спецыялісты і сёння на перадавой. Бо, як ніколі, у раёне ды і ў цэлым па вобласці ветэрынарныя ўрачы вельмі запатрабаваныя. Моладзь, якая свядома выбрала гэтую прафесію і гатовая прыехаць у вёску, сёння павінна быць падтрымана на ўсіх узроўнях, лічаць у Чавусах. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты будуць падымаць народную гаспадарку, прымаць актыўны ўдзел у стварэнні харчовай бяспекі краіны. Дарэчы, акцыю падтрымалі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, ВНУ з сельскагаспадарчым ухілам, спецыялісты сельскагаспадарчай галіны. Разам з ветэранамі гэтай прафесіі і сённяшнімі практыкамі саджалі сад і будучыя ветэрынары, якія яшчэ толькі вучацца. Кіраўніцтва раёна лічыць вельмі важнай задачай традыцыю адраджэння калгасных садоў, яна апошнім часам крыху загасла.

— Мы імкнёмся акультурыць тэрыторыю і вярнуць добры звычай закладкі садоў, — падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам «МС» намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Наталля Кандраценка. — Няма больш карыснага прадукту, чым беларускі яблык. Гэта скарбніца вітамінаў і вельмі важных для здароўя мікраэлементаў. Прыемна, што нас актыўна падтрымалі з гэтай ініцыятывай на розных узроўнях.

Саджанцы для саду перадала тутэйшая гаспадарка «Дусен», адзін з найбуйнейшых пладовых гадавальнікаў Беларусі. У дзень пасадкі дрэў ішоў праліўны дождж. Але нават у гэтым удзельнікі ўбачылі добры знак. Значыць, іх ініцыятыву падтрымалі нават на нябесным узроўні.

— Акцыя была своеасаблівым сімвалам і знакам павагі да людзей гэтай няпростай прафесіі, мерапрыемствам грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, — адзначае дэпутат Чавускага райсавета Надзея Падалякіна. — Мерапрыемства аб'яднала не толькі ветэрынарных урачоў, але і ўсіх нас, людзей розных прафесій і ўзростаў.

Яна нагадала пра тое, што сёння шмат чаго залежыць ад сельскай гаспадаркі, што гэты кірунак трэба падтрымліваць, казаць пра яго на розных узроўнях, заахвочваць моладзь. У раёне ёсць пэўныя праблемы з ветэрынарнымі кадрамі. І гэты сад стаў першай рэальнай справай на шляху яе вырашэння.

Надзея Падалякіна па сабе ведае, як важна звяртаць увагу на праблему, размаўляць пра яе з людзьмі, паказваць асабісты прыклад. Яна з'яўляецца дэпутатам па Ушакоўскай акрузе — гэта самы цэнтр Чавус — і, як і большасць жыхароў райцэнтра, перажывае за знешні выгляд горада, яго дызайн і арыгінальнасць. Успамінае, што калісьці такім цэнтральным месцам была пляцоўка каля мясцовай гасцініцы. Гасцініцу адрамантавалі, а вось прылеглая тэрыторыя дагэтуль выглядае не вельмі. І дэпутат вырашыла выправіць недахоп. Знайшла аднадумцаў і звярнулася ў Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў з просьбай падтрымаць каманду з добраўпарадкаваннем зоны адпачынку каля гасцініцы.

— Наша заяўка прынятая, — радуецца яна. — Спадзяёмся, што хутка ў нас з'явіцца яшчэ адна цікавая зона. Спадзяёмся таксама, што жыхары нас падтрымаюць і прымуць у работах непасрэдны ўдзел. Важна, каб было як мага больш такіх аб'яднальных падзей. Плануем, што сёлета рэалізуем свой праект і нават запусцім фантан, як гэта было ў найлепшыя часы існавання пляцоўкі. Акрамя гэтага, установім невялічкі гульнявы комплекс для дзяцей. Адным словам, планы вялікія. Калі нехта пажадае нас падтрымаць — фінансава, іншым спосабам, — будзем толькі ўдзячныя. Разам мы здольны на вялікія справы. Плануецца таксама азеляненне тэрыторыі. Сад ужо ёсць, а будзе яшчэ і невялічкі сквер, дзе дзеці і дарослыя змогуць з карысцю бавіць час.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота chausynews.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.