Вы тут

Мне сэрца кажа іншае


«Не, — сказала маці, — твайго дзеда не ўзялі ў Чырвоную армію пасля вызвалення. Ён ляжаў знясілены пасля тыфу, апухлы ад голаду. Апошні год акупацыі мы ўсёй сям’ёй поўзалі па лясах і балотах, хаваючыся ад карнікаў, выходзячы з блакады…»


Я адсканаваў фатаграфію дзеда, уставіў у рамачку і ўстаў 9 мая ў шэрагі калоны «Беларусь памятае».

Я ішоў па залітай сонцам майскай вуліцы. Дзеці і дарослыя прывітальна махалі кветкамі і сцягамі, крычалі: «Ура! Дзякуй!» Я ішоў, горда нёс партрэт дзеда і думаў, што дзесяцігоддзямі «асвечаны і прагрэсіўны» Захад спрабуе вучыць нас «слушнаму, дэмакратычнаму» жыццю, і чым для нас стала гэтае «навучанне». Паводле расследавання Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР былі забіты 2,2 млн чалавек мірнага насельніцтва і ваеннапалонных. Аднак гэтыя лічбы значна заніжаны, бо не былі ўлічаны людзі, якія прапалі без весткі, трапілі ў палон, загінулыя салдаты і камандзіры Чырвонай арміі з ліку беларускіх жыхароў, а таксама людзі, вывезеныя ў Германію. Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» ў Беларусі сталі 5295 вёсак. Загінуў кожны чацвёрты, а па ўдакладненых даных — кожны трэці мой суайчыннік.

Я думаў пра тое, што мы зноў вярнуліся да выбару: быць вартымі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія пераламалі хрыбет фашызму, ці схіліць галаву перад унукамі нацыстаў. Яны ўсё яшчэ мараць пра рэванш, не могуць нам прабачыць, што мы не жадаем прымаць іх псеўдакаштоўнасці, не жадаем адмовіцца ад Вялікай Перамогі, не бяжым бурыць помнікі і паганіць магілы нашых продкаў.

Тое, што цяпер робяць «заходнія партнёры», называюць эканамічнымі санкцыямі. Я ішоў па сонечнай вуліцы і разважаў пра тое, што нас даўно душаць санкцыямі духоўнымі, што супраць майго народа вядзецца духоўны генацыд. Усё пачынаецца проста. Рэкламныя сходы спажыўцоў прадукцыі фірм «Цэптэр», «Нівея» ці «Арыфлэйм». Прыйдзіце, далучыцеся, захапляйцеся. Мы вам падорым чарпачок ці лыжачку, а вы адчуеце сябе «вольнымі» людзьмі, далучыцеся да еўрапейскай культуры. Станеце Элачкамі-людаедачкамі з рамана І. Ільфа і Я. Пятрова. Далей ідзе адмова ад выкладання і выхавання традыцыйных каштоўнасцей, нацыянальнай гістарычнай спадчыны, каб адпавядаць нейкім прынцыпам Балонскага працэсу, якія самімі краінамі Заходняй Еўропы ставяцца пад сумнеў… 

Прагрэс індывідуалізму, імкнення да спажывальніцтва, грэбавання айчыннымі дасягненнямі…

Што гэта, калі не спроба чарговай акупацыі, не працяг страшнага генацыду, які закрануў практычна кожную беларускую сям’ю? 

Менавіта ў гэтых умовах мы будуем сваю суверэнную дзяржаву, імкнёмся быць самастойнымі, бараніць свае сем’і, нашых дзяцей і ўнукаў. І, нягледзячы ні на што, заклікаем да адкрытага, канструктыўнага дыялогу, з выкананнем усіх міжнародных правоў.

22 чэрвеня — яшчэ адзін значны, трагічны дзень у гісторыі майго народа. З калегамі і студэнтамі мы наведаем вёску Благавічы Чавускага раёна, каб ушанаваць памяць студэнтаў Магілёўскага педагагічнага інстытута, якія прынялі няроўны бой з акупантамі і загінулі ў чэрвені 1941 года. 

А пакуль я іду побач з магілёўцамі ў святочнай калоне, бачу іх сур’ёзныя, засяроджаныя твары, і сэрца мне кажа: «Мы, як і нашы дзяды, выстаім і пераможам».

Уладзімір ЯСЕЎ, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член савета Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ, кандыдат палітычных навук, прарэктар МДУ імя А. А. Куляшова па выхаваўчай рабоце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?