Вы тут

У падарожжа па таямніцах


Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся XVIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Сёлета іх звязалі з важнымі датамі — 100-годдзем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 500-годдзем выдання Малой падарожнай кніжкі Францыскам Скарынам у Вільні. Міжнародныя форумы кнігазнаўцаў ладзяцца ў нашай краіне з 1998 года, у перыяд пандэміі ковіду некалькі гадоў яны праходзілі ў дыстанцыйным фармаце.


Гасцямі гэтай прадстаўнічай канферэнцыі ў розныя гады былі прафесар Арнольд Мак-Мілін, Кшыштаф Мігань, Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Марыя Підлыпчак- Маяровіч, Лілія Коўкель, Дайва Нарбуценэ, Арвідас Пацевічус і іншыя аўтарытэтныя замежныя эксперты. Мерапрыемства аб’ядноўвае філолагаў, гісторыкаў, культуролагаў, бібліятэкараў, музейных супрацоўнікаў, пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў.

Сёлета праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала кнігазнаўчую тэматыку, гісторыю беларускай кніжнай культуры, дзейнасць Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі, 100-гадовую гісторыю фарміравання фонду Нацыянальнай бібліятэкі, ролю кнігі ў сучасным сацыякультурным і інфармацыйным асяроддзі. 

На першым пасяджэнні панаваў велікодны настрой, створаны выступленнем рэктара Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыта Афанасія, які прысвяціў сваё паведамленне месяцаслову з Малой падарожнай кніжкі Ф. Скарыны. Тэолаг разважаў над тым, якія святы ў гонар Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых апосталаў, памяць святых унёс у свой каляндар, змешчаны ў Малой падарожнай кніжцы, Ф. Скарына. Тэаолаг пацвердзіў, што Скарына прытрымліваўся ўстава Іерусалімскай царквы ХIV стагоддзя. Шэраг дакладаў на канферэнцыі быў звязаны з дзейнасцю першадрукара, яго прававымі і палітычнымі поглядамі. 

Святлана Лявонцьева з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый распавяла пра каштоўны рукапісны кніжны помнік ХVI стагоддзя — Чырвонае Евангелле, якое было знойдзена ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна, дзе існавала царква стараабрадцаў з 1848 года. У каштоўнай кнізе прысутнічаў укладны запіс ад 1670 года пра тое, што Евангелле было набыта яго гаспадаром за 360 грошаў (за гэтую суму сям’я магла набыць 4 каровы ці 30 свіней). Фёдар Шкляраў набыў каштоўнае рукапіснае Евангелле ў ХХ стагоддзі ў жыхаркі вёскі Покаць і перадаў яго ў дар Веткаўскаму музею ў 1983 годзе.

Галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Галіна Кірэева расказала пра ўнёсак у развіццё скарыназнаўства беларускага бібліёграфа Валянціны Дышыневіч, якая была адной з першых даследчыц і прысвяціла скарыніяне больш чым 20 навуковых артыкулаў пачынаючы з 1979 года.

Адметнымі былі выступленні загадчыка Літаратурнага музея М. Багдановіча Міхаіла Бараноўскага, навуковых супрацоўніц літаратурнага музея П. Броўкі Карыны Бадылевіч і Дар’і Карчашкінай, дацэнта БДУ Андрэя Любага, Міхаіла Пажарыцкага з Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы і іншых.

Загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ Таццяна Лаўрык паведаміла пра адлюстраванне тэмы гісторыі ўніяцкай царквы і яе дзеячаў у творах беларускіх пісьменнікаў Вінцука Адважнага і Уладзіміра Караткевіча, а Юры Лаўрык, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, распавёў пра рукапісны зборнік жыццяпісаў святых з фондаў НГМ.

Змястоўным было выступленне прадстаўнікоў Нотнанавуковай бібліятэкі БДАМ Ганны Гамезы і Тэрэсы Сінкевіч. У кожным дакладзе была цудоўная «разынка» пра той ці іншы кніжны помнік, твор ці перыядычнае выданне.

Эла ДЗВІНСКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.