Вы тут

Бацькі, дзеці, грошы


У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля па п’есе маладога расійскага драматурга Яўгеніі Кісялёвай «Трэцяе вока». Твор упершыню пастаўлены на беларускай сцэне. Рэжысёрам выступіла Вікторыя Міхальчык. 


Для Вікторыі Міхальчык «Трэцяе вока» — гэта «дарослы» дэбют у Слонімскім драматычным тэатры: раней яна стварала толькі спектаклі для юных гледачоў. На прэм’еру завітала шмат гасцей, сярод якіх — педагог па рэжысуры, загадчык кафедры рэжысуры БДАМ Віталь Катавіцкі, супрацоўніца Міністэрства культуры Лізавета Грынкевіч, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская, тэатразнаўца Вольга Скварцова, намеснік начальніка аддзела культурна-асветніцкай работы Гродзенскага аблвыканкама Вольга Багдановіч і загадчыца аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык. 

Здавалася б, пры такіх шаноўных гледачах і спецыялістах у галіне сцэнічнага мастацтва артысты павінны хвалявацца. Тым больш што ў спектаклі толькі чатыры ролі, дзве з якіх выконваюць маладыя актрысы тэатра: старэйшую дачку Вольгу іграе Галіна Ерамейчык, а малодшую Ксюшу — Дзіяна Федасевіч. Ролю іх маці Ніны Фёдараўны выканала вопытная артыстка Наталля Шугай, а Пятра Іванавіча ўвасобіў Ігар Макараў. Аднак калі хваляванне і было, то незаўважнае. 

Аб чым жа сам спектакль? Пра што напісала п’есу малады драматург з Урала, вучаніца вядомага рэжысёра і драматурга Мікалая Каляды? А сюжэт просты, але актуальны. Пяцідзесяцігадовая Ніна Фёдараўна атрымлівае пенсію па інваліднасці, але яшчэ працуе і адна выхоўвае дзвюх дачок. Яе муж-алкаголік даўно знік з поля зроку сям’і. Старэйшая дачка Вольга (ёй 23 гады) працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, атрымлівае невялікі заробак, які маці адразу канфіскуе, каб дачка яго не згубіла. Разумеючы, што Вольга пасля педінстытута не знайшла добрай (у плане заробку) працы, жанчына гатова аддаць накопленыя грошы на тое, каб малодшую дачку Ксюшу прынялі ў школу для здольных дзяцей. Тады ў будучыні яна зможа паступіць у прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову і выбіцца ў людзі. Гэтую ідэю Ніны Фёдараўны і выкарыстала Вольга, каб падманным шляхам узяць у маці 100 тысяч рублёў і пачаць самастойнае жыццё. Яна запрасіла ў дом «дырэктара школы» — пераапранутага дзетсадаўскага п’яніцу-вартаўніка, якому маці Вольгі аддала грошы — узнос на патрэбы школы…

Многія гледачы — удзельнікі падобных сямейных трагедый. Некаторыя маці любяць сваіх дзяцей, але не ўмеюць даць ім шчасця, пазбаўляючы пры гэтым магчымасці набыць самастойнасць. А дзеці часам дабіваюцца самастойнасці самым няпростым чынам. І заўсёды не хапае грошай, якія даюцца вельмі цяжка… П’яніца-вартаўнік-дырэктар Пётр Іванавіч разважае так: «Чалавеку высокадухоўнаму пра грошы думаць нельга! Прызямляе. Я сабе трэцяе вока адкрыў. Грошы на духоўным узроўні — усяго толькі прышчы…»

Рэжысёр Віталь Катавіцкі пасля прагляду спектакля адзначыў, што Вікторыі Міхальчык трэба працягваць ставіць спектаклі, бо яна адчувае элементы рэжысёрскага рытму. Ён таксама пажадаў не баяцца надалей загружаць сцэну святлом. 

Вікторыя Ярмалінская, Вольга Сталярова і Вольга Багдановіч спыніліся на ігры акцёраў. На іх думку, артысты прадэманстравалі сапраўднае майстэрства. Усім асабліва спадабалася Наталля Шугай, выканаўца ролі Ніны Фёдараўны. Гэты вобраз напоўнены своеасаблівай энергетыкай, што падкрэслівалася цудоўнымі маналогамі. Тэатразнаўца Вольга Сталярова прызналася: падчас знаёмства са спектаклем адчувалася, што ў акцёраў ёсць вялікае жаданне займацца любімай справай. 

Спектакль «Трэцяе вока» пачынае шлях да гледачоў і будзе карысны не толькі дарослым, але і тым, хто вучыцца ў школе, каго наперадзе чакае вялікае самастойнае жыццё. 

Сяргей ЧЫГРЫН, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.