Вы тут

Да 140-годдзя песняра. У Вязынцы завяршаюцца рамонтныя работы на будынках філіяла музея Я.Купалы


У Вязынцы, на радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, завяршаецца рамонтна-рэстаўрацыйная замена дахаў будынкаў філіяла дзяржаўнага літаратурнага музея яго імя. Падчас святкавання 140-годдзя з дня нараджэння нашага слыннага песняра хата, у якой нарадзіўся Іван Луцэвіч, і свіран будуць ужо пад новымі — гонтавымі — дахамі. Брыгада спецыялістаў дзяржаўнага прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» намагаецца як мага хутчэй скончыць запланаваныя работы, якія распачаліся мінулай восенню і працягнуліся ранняй вясной. Самыя цяжкія і працаёмкія работы ўжо пройдзены, засталося пакласці лічаныя метры гонтаў і пакрыць іх грунтовым прамочваннем, каб надзейна і даўгавечна засцерагчы драўляную страху. Апошні акорд на знакавым аб'екце робіць калектыў спецыялістаў Мірскага ўчастка на чале з майстрам Андрэем Канановічам. Гэтым разам тут працуюць Сяргей Шаўко і два Анатолі — Сергіеня і Старцаў — адказныя, старанныя работнікі, якія працуюць натхнёна, «з агеньчыкам». Спадзяюся, іх працоўны настрой і атмасферу вясновай Вязынкі перададуць гэтыя фатаграфіі.


— Нам была пастаўлена задача дэманціраваць старую гонту. Акрамя таго, на свірне мянялі сістэму крокваў, паколькі яна была ўжо з аварыйным ухілам, выраўноўвалі франтоны, прыбівалі новыя латы, каб асінавая трохслойная гонта трымалася надзейна і доўга, — распавядае Андрэй Канановіч.

А яшчэ кіраўнік брыгады зрабіў для мяне цікавы статыстычны экскурс: амаль чатырыста квадратных метраў складае плошча двух дахаў. Толькі на адну музейную хату пайшло шаснаццаць тысяч дошчачак. А на дах свірна гонты пойдзе ажно васямнаццаць з паловай тысяч штук. Каб пагрунтаваць два дахі, спатрэбіцца амаль сто літраў адмысловага, колеру арэху, сродку.

Нягледзячы на неадкладны рамонт даху, у музеі кожны дзень праводзяцца экскурсіі — прыязджаюць і групы, і асобныя наведвальнікі. На музейнай тэрыторыі ўжо прайшла санітарная выпілоўка старых небяспечных дрэў, падрэзка і пабелка Купалавага саду. Добраўпарадкаванне берагоў рэчкі Вязынкі і сажалкі, высаджванне кветак, забеспячэнне парадку і чысціні — штодзённы клопат работнікаў музея.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.