Імя паэта, перакладчыка, публіцыста, краязнаўца Сяргея Сцяпанавіча Панізніка, які нарадзіўся ў вёсцы Бабышкі, на Міёршчыне, 10 мая 1942 года, добра знаёма беларускаму чытачу.
Друкавацца пачаў яшчэ ў 1959 годзе. Выходзіць, што літаратурны стаж складае ўжо болей шасцідзесяці гадоў. У 1967 годзе выйшла перашая паэтычная кніга — «Кастры Купалля». За яе і быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Выхаванец сялянскай сям’і, таленавіты творца на некаторы час звязаў свой лёс з вайсковай службай. Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча ў Магілёве, ён быў на тэрміновай службе ў Савецкай Арміі. Пачаў актыўна супрацоўнічаць з армейскім друкам. І ў 1963 годзе паступіў у Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флота, атрымаў прафесію ваеннага журналіста. Курсанцкае і пасля афіцэрскае яго жыццё, як і непарыўная сувязь Сяргея Панізніка з роднай Беларуссю, — і ў другім яго зборніку вершаў: «Палявая пошта» (1972).
Пасля службы ў войску працаваў у газеце «Вячэрні Мінск», затым — у выдавецтве «Юнацтва». Адна за другой выходзілі яго кнігі: «Крона надзеі», «Чало і век», «Слова на дабрыдзень», «Мацярык», «Стырно», «А пісар земскі...» Паэт шмат падарожнічаў па Беларусі, імкнуўся адкрыць і беларускія адрасы ў суседніх краінах. Пабываў з творчай камандзіроўкай у В’етнаме. На доўгі час пасябраваў з в’етнамскімі пісьменнікамі, шамт зрабіў для прапаганды іх творчых здабыткаў у Беларусі. З часам матэрыялы ўсіх гэтых паездак паспраыялі нараджэнню многіх яго публікацый, звязаных з міжнароднымі стасункамі беларускай літаратуры. А таксама паспрыялі перакладчыцкім актыўнасцям беларускага паэта.
А яшчэ Сяргей Панізнік як бліскучы публіцыст, чалавек з грамадзянскай пазіцыяй, як нераўнадушнае дзіця вайны, шмат зрабіў па ўзнаўленню памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на яго роднай Віцебшчыне. У кнігах «Пасля вогненных вёсак...», «Браніслава», «Асвейская трагедыя», у многіх газетных публікацыях ён расказаў пра землякоў, якія прайшлі праз пакутлівыя выпрабаванні, пра тых, хто загінуў, пра здзекі, якія прыўнеслі ў беларускае жыццё фашысцкія нелюдзі і іх прыслужнікі. Расказаў пра Саласпілскі канцэнтрацыйны лагер. Збіраў сведчанні тады, калі яшчэ невядомымі заставаліся многія дакументы, але было шмат болей сведак, тых, хто бачыў усё на свае вочы. Такая праца дарагога каштуе. Як і на сённяшні погляд, зробленае Сяргеем Панізнікам у гэтай частцы ў 1980-я — першай палове 1990-х гадоў патрабуе перавыдання. З гэтымі кнігамі можна смела ісці да сённяшняй моладзі, расказваць праўду пра вайну, пра фашысцкія здзекі, пра імкненне ворага раструшчыць народ Беларусі...
Асобны накірунак творчасці Сяргея Панізніка — яго вершы, адрасаваныя дзецям. Такія творы склалі наступныя зборнікі — «Адкуль вясёлка п’е ваду», «Жыцень», «Мы — грамацеі», «Золкая зёлка»...
Кастусь ХАДЫКА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.