Вы тут

У сталіцы правялі сустрэчу-інтэрактыў для самых адметных сем'яў


Напярэдадні Дня сям'і Мінская гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын правяла сустрэчу-інтэрактыў «Шчасце сям'і — сіла краіны!» У ёй узялі ўдзел сем'і-дынастыі, дзе адной прафесіі прысвяцілі сябе пяць ці нават шэсць пакаленняў, шматдзетныя сем'і і сем'і з дзецьмі-інвалідамі, маладыя сем'і. Але ўсіх нязменна аб'ядноўвае адно — усе яны выхоўваюць дзетак, прычым у некаторых сем'ях іх ажно 10.


— Сёння тут сабраліся сем'і, якія ўсе мы мусім убачыць, разам з імі парадавацца, што яны моцныя, надзейныя, а самае галоўнае, што ўсе яны выхоўваюць дзяцей, — адзначыла ў пачатку мерапрыемства Вольга Чамаданава, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама. — Сям'я — мама, тата і дзеці — гэта, напэўна, самае дарагое для кожнага чалавека, неад'емная частка кожнага з нас. Дзе б мы ні былі, мы ўсе вяртаемся дадому, у сваю сям'ю — цёплую, утульную, любімую, дзе цябе чакаюць. Мы запрасілі на свята розныя сем'і — дынастыі, сем'і, якія ўз'ядналіся (быў час, калі ў іх забіралі дзяцей, але сям'я зрабіла ўсё магчымае, каб тыя вярнуліся), шматдзетныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маладыя сем'і. Іх аб'ядноўвае адно — гэта моцныя сем'і. Мы хочам стварыць святочны настрой для кожнай з іх, а самае галоўнае — каб людзі падзяліліся сваёй радасцю і мудрасцю сямейнага жыцця.

Іна Касцялей працуе настаўніцай у сярэдняй школе Мінска. Яе педагагічны стаж — 20 гадоў, яна — прадстаўніца пятага пакалення настаўнікаў у сваёй сям'і. Сын Іны Мікалаеўны Арцём вучыцца ў БДПУ імя Танка і рыхтуецца стаць шостым пакаленнем педагогаў. Педагагічная дынастыя пачыналася з прапрадзеда Іны Мікалаеўны Марка Рыгоравіча, які выкладаў славеснасць беларускай дыяспары ў Чыкага. Там жа працаваў і прадзед, Міхаіл Ануфрыевіч. Бабуля, Марыя Міхайлаўна, была настаўніцай хіміі, біялогіі, геаграфіі і нямецкай мовы, а дзядуля, Мікалай Іванавіч, — настаўнікам музыкі, фізкультуры, працы і выяўленчага мастацтва.

— Я не тая мама, якая ўвесь час павучае, я мама-сябар, — падзялілася сямейнай мудрасцю Іна Мікалаеўна.

У сям'і Ніканенкаў яе галава нарадзіўся ў сям'і медыкаў, пайшоў па бацькоўскім шляху і сёння працуе стаматолагам. Выхоўвае траіх дзетак. Двое з іх з будучай прафесіяй ужо вызначыліся. Сын Віталь збіраецца звязаць лёс з ваеннай медыцынай, а дачка Вікторыя марыць стаць, як і тата, стаматолагам.

У сям'і галоўнага трэнера па біятлоне Аляксандра Папова тры дачкі. Са спортам звязана і яго жонка Марыя Ціхвінская, яна — трэнер-інструктар.

— У чым сакрэт сямейнага шчасця? Напэўна, калі ўсе захопленыя адной справай, калі ў сям'і ёсць свае ўнікальныя традыцыі. Усе тры дачкі ў нас рана навучыліся бегаць на лыжах, да чаго прыклала намаганні жонка. Адна з дачок засталася ў спорце, другая захапілася маляваннем, трэцяя пакуль таксама ў спорце, — расказаў Аляксандр Папоў.

У сям'і Бычкоўскіх дзевяць дзяцей. Мама, Вольга Віктараўна, падзялілася размеркаваннем абавязкаў і сямейнай традыцыяй шматдзетнасці.

— У нас абавязкі размеркаваны наступным чынам: тата — банкамат, я адказная за дом, за быт і ўжо 24 гады ў дэкрэтным водпуску. Сёлета, дарэчы, у нас з мужам сярэбранае вяселле. Шматдзетнасць мне «перадалася» ў спадчыну — у маёй прабабулі было восем дзяцей. У нас таксама восем сваіх дзяцей — пяць дзяўчынак і тры хлопчыкі, аднаго хлопчыка мы ўзялі з дзіцячага дома, — расказала Вольга Бычкоўская.

У сям'і Платніцкіх дзесяць дзетак. Некаторых яны таксама ўзялі з дзіцячых дамоў.

— Як рашыліся? Спакойна: вырашылі і пайшлі. Свае дзеці падраслі, стала сумнавата. На лічбе «дзесяць» спыняцца не збіраемся, — паабяцала Святлана Платніцкая.

— Сям'я — гэта праца, мудрасць, цярпенне. Хацелася б, каб такія мерапрыемствы сталі пастаяннымі — не толькі да Дня сям'і, але і на працягу года. Такі цёплы прыём можа зладзіць любая арганізацыя, прадпрыемства, грамадскае аб'яднанне. Калі мы будзем збірацца на падобныя святы, мы сапраўды будзем вялікай моцнай сям'ёй для нашай краіны, — падвяла вынік сустрэчы Вольга Чамаданава.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Мы ўсе вяртаемся дадому

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.