Вы тут

«Татаў дзень» — кожны дзень. Аб ролі мужчынскага ўдзелу у выхаванні – ад эксперта праекта «Тата-школа»


У гасцях у знаёмых выпадкова на вочы трапілася паперка, на якой дзіцячым почыркам было напісана: «Татачка, я цябе моцна люблю. І хачу, каб ты раней вяртаўся з работы дадому». Тата 9-гадовай Кацюшы і 2-гадовага Даніка — цудоўны чалавек. Але пры гэтым працаголік — якіх пашукаць. Сям'я жыве за 50 кіламетраў ад Мінска, таму Віталь часта вяртаецца з горада дадому, калі дзеці ўжо спяць. А з'язджае рана, калі яны яшчэ не прачнуліся. Вось і атрымліваецца, што бачыць малых толькі па выхадных, і тое, калі не бярэ падпрацоўку. І ён такі не адзін. Дастаткова шмат мужчын рэальныя зносіны з дзецьмі замяняюць грашовымі — замест таго каб разам правесці час, «адкупляюцца» цацкамі ды цукеркамі. Некаторыя лічаць, што падключацца да выхавання, трэба калі дзіцяці споўніцца тры гады, а то і пазней. Чым небяспечны такі падыход? Пра гэта і не толькі пагутарылі з кіраўніком работы з татамі вядомага ў краіне праекта «Тата-школа» Міхаілам МАЦКЕВІЧАМ.


Пра тату-банкамата і ружовы колер

— Часта таты кажуць, што ім сумна з маленькімі дзецьмі. Лічаць, што мужчынскі ўдзел у выхаванні пачынаецца тады, калі сын падрасце: калі яго можна ўзяць з сабой на рыбалку, пагуляць у футбол...

— Чакаць, калі дзіця вырасце, каб з ім было цікава — на жаль, такі падыход амаль ніколі сябе не апраўдвае. Да таго часу, калі гэта адбудзецца, момант будзе ўпушчаны, і ёсць рызыка, што сфарміраваць блізкія адносіны так і не атрымаецца. І хоць дзіця пасталее, у таты так і не з'явіцца з ім агульных спраў і актыўнасцяў. Каб быў інтарэс, трэба хоць патроху, але ўдзяляць яму час з самага нараджэння штодня, удзельнічаць у выхаванні на ўсіх этапах. Што датычыцца грошай, то роля таты-банкамата вельмі аднабокая і часам вельмі няўтульная. У 30-гадовых хлопчыкаў як? Сеў у «танк», паехаў па «маманта». Усё вельмі проста! Цяжкасці пачынаюцца пасля прыезду дадому: з танка вылазіць няма ахвоты, там звыклы пах, рычагі пад рукой. Боршч хочацца атрымліваць праз адчынены люк, праз яго ж раздаваць указанні. Быццам бы зручна, але часам здараюцца моманты, калі па той бок люка ўзнікае пранізлівая цішыня, або яшчэ горш, чуецца ўпэўнены голас дзіцяці, якое вырасла: «Тата, ехаў бы ты назад па маманта». Лепш, каб тая цішыня не ўзнікала і голас быў іншы: радасны ад таго, што тата пакінуў танк у гаражы.

— Дарэчы, адна з цудоўных традыцый «Тата-школы» — штогадовы выязны летнік для татаў і іх дзяцей-падлеткаў. Ці плануецца гэтым летам вылазка на прыроду? І як туды трапіць, калі хтосьці з нашых чытачоў захоча далучыцца?

— Летнік — унікальная магчымасць для татаў лепш даведацца пра сябе і сваё дзіця, навучыцца лепш разумець адно аднаго, працаваць у камандзе, не толькі слухаць, але і чуць. Для гэтага на працягу трох дзён і ладзяцца гульні, конкурсы, спартакіяды, канцэрты, квэсты і іншае. Падлеткавы ўзрост — адзін з самых складаных крызісных перыядаў у жыцці сям'і. Дзіця ператвараецца ў «вожыка», можа праяўляць агрэсію, пратэст. Бацькам вельмі важна быць асабліва ўстойлівымі, каб правільна рэагаваць, на ўсё, што здараецца. Яны павінны паказваць свайму «вожыку»: «Мы цябе любім і прымаем такім, які ты ёсць, можаш разлічваць на нас у любой сітуацыі». На словах, здаецца, усё вельмі проста. На практыцы ж значна складаней. Нашы летнікі карыстаюцца папулярнасцю, да таго ж яны бясплатныя, таму сёлета месцы ўжо даўно распісаныя.

Я сам, акрамя таго што ўдзельнік праекта «Тата-школа», дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Клуб ільвоў», яшчэ і прафесійны медыятар. Заўважаю, што ўсе канфлікты, усе непрыемныя сітуацыі, звязаныя з адносінамі, грашыма, работай, з'яўляюцца там, дзе людзі з нейкіх прычын не чуюць адно аднаго. Здаецца, размаўляюць на адной мове, але сэнс кожны інтэрпрэтуе па-свойму. Адно з практыкаванняў летніка — калі мужчыны і іх дзеці адказваюць на пытанні пра сябе і пра іншага. У выніку аказваецца: тата ўсё жыццё думаў, што ў дачкі любімы колер ружовы, а аказалася — сіні. Ці што сын любіць пельмені, а насамрэч — салату. Бацькі і дзеці лепш пазнаюць адно аднаго, якасць адносін выходзіць на новы ўзровень — і, як вынік, атмасфера ў сям'і становіцца значна лепшай.

Пра 40-гадовага сына і «шкодную» ежу

— Можаце распавесці больш падрабязна, як праходзяць заняткі для татаў?

— Чатыры заняткі праходзяць без жонак. Мужчыны пры жанчынах ніколі не падзеляцца тым, што раскажуць у выключна мужчынскай кампаніі. Часам практыкуем, што на пяты занятак таты прыходзяць з жонкамі, і мы ўсе разам абмяркоўваем важныя пытанні. Навучанне адбываецца не ў форме лекцый, а падчас дыскусій пры ўдзеле мадэратараў. Мужчыны па чарзе дзеляцца адзін з адным сваім поглядам на праблему, якую задаюць самі ж удзельнікі групы. Гэта мае неймаверны тэрапеўтычны эфект. Адбываецца ўзаемаўзбагачэнне інфармацыяй. У выніку хтосьці пераймае традыцыі з іншых сем'яў, хтосьці мяняе сваё стаўленне да праблемы. Адным словам, мужчыны вучацца на чужых памылках і поспехах. Групы для татаў працуюць не толькі ў Мінску, але і ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Пінску, Слоніме, Смаргоні, Мар'інай Горцы...

— Можна сказаць, што аднавіць кантакт з дзіцем ніколі не позна? Альбо ёсць мяжа, калі адносіны страчаны і нічога ўжо немагчыма зрабіць?

— Да нас прыходзяць як шматдзетныя таты, так і тыя, хто толькі збіраецца татам стаць. Самаму старэйшаму было больш за шэсцьдзясят гадоў. Ён хацеў устанавіць кантакт са сваім саракагадовым сынам. Прычына разрыву была ў тым, што дзяцінства і падлеткавы перыяд былі няправільна пройдзеныя. Мужчына зразумеў, што ў той час, калі ён будаваў свой бізнес, сын адчуваў сябе пакінутым. Крыўда на бацьку перайшла ў дарослае жыццё... У псіхолагаў ёсць прыказка: «Калі вам здаецца, што нешта не так, то вам не здаецца». Таму лепш вырашаць праблемы своечасова. Але, здараецца, людзі ўсведамляюць свае памылкі толькі калі ўжо знаходзяцца на фінішнай прамой жыцця. Разумеюць, што прыклалі на некаторыя дробязныя рэчы занадта шмат намаганняў, а самае важнае — дзяцей, жонку — адсунулі на другі план. Тым не менш, лепш позна, чым ніколі. Таму нават калі сын у 40 гадоў атрымлівае ўвагу ад бацькі — гэта вельмі каштоўна для абодвух.

— У многіх сем'ях набірае папулярнасць традыцыя — «Татаў дзень». У прыватнасці, мой сябра раз на тыдзень дае жонцы магчымасць адпачыць, забірае дзяцей і бавіць з імі выхадныя. Яны едуць на каток, у басейн, ядуць «шкодную» ежу...

— У сям'і павінен быць баланс. Калі дзіця штодзень бавіць час з мамай, а потым раптам з'яўляецца тата-свята, у малога можа скласціся ўражанне, што мама дрэнная, а тата харошы. Такі дысбаланс — не наша гісторыя. Значна лепш дэвіз «Татаў дзень» — кожны дзень». Мужчына штодзень па меры магчымасці павінен браць удзел у жыцці дзяцей, у бытавых пытаннях. Нават калі тата — дальнабойшчык, можна пазваніць, пагаварыць пра розныя рэчы. А не так, што прыляцеў, свята арганізаваў і зноў прапаў. А мама ўвесь час прымушае штосьці рабіць, і наогул з ёю сумна. Бацькі абое ўплываюць на працэс выхавання. Хтосьці сваім удзелам, хтосьці няўдзелам.

Пра дэкрэтны водпуск і ўменне трымаць слова

— З кожным годам у Беларусі ненашмат, але павялічваецца колькасць мужчын, якія ідуць у дэкрэтны водпуск. Што вы думаеце пра татаў у дэкрэце?

— Свет мяняецца. Людзі ўсё менш увагі звяртаюць на стэрэатыпы і думкі грамадства. Калі сям'і выгадна, каб у водпуск па доглядзе дзіцяці пайшоў тата, бо мама больш зарабляе ці рызыкуе страціць пасаду, то, хутчэй за ўсё, сям'я так і зробіць. Вядома, тата грудзьмі не выкарміць, але яго кантакт з дзіцем з першых дзён у любым выпадку пазітыўна паўплывае на развіццё малечы і сямейнае жыццё ў цэлым.

— Не раз назірала сітуацыю, калі сын просіць тату пагуляць з ім, але чуе ў адказ: «Я заняты».

— Адзін раз папросіць, другі. Як паказвае практыка, на трэці раз дзіця ўжо не падыдзе. Гэта сумная гісторыя. Мужчна павінен разумець наступствы сваіх слоў. Ёсць вялікая верагоднасць, што праз пэўны час яго сын будзе шчаслівы з кімсьці іншым, а тата будзе пажынаць плады ў выглядзе адзіноты. Каб не трапіць у такую сітуацыю, трэба вучыцца правільна размяркоўваць свой час. Трымаць баланс паміж работай, сям'ёй і адпачынкам. Можна сказаць: «Я заняты», але пры гэтым дадаць: «Увечары з 18.00 да 20.00 я да цябе прыйду». Галоўнае — стрымаць слова...

— Ёсць меркаванне, што татаў прыклад больш важны для хлопчыка, чым для дзяўчынкі.

— У дзіцяці, незалежна ад полу, два крылы — мама і тата. Калі ў дзяўчынкі няма аднаго крыла — кантакту з татам, то яна не ведае, як выбудоўваць адносіны з мужчынамі. У выніку ў яе могуць быць цяжкасці з партнёрамі. Асабістае жыццё жанчыны ў многім залежыць ад таго, якую мадэль паводзін дэманстраваў у сям'і тата. Пры гэтым вельмі важна правільна будаваць зносіны як з сынамі, так і з дочкамі.

— Ёсць шмат мам, якія выхоўваюць дзіця адны, без мужчыны. Што можна параіць ім?

— Многае залежыць ад вобраза, які намалюе мама. Калі яна скажа: «Мы з тваім татам не жывём разам, але ў прынцыпе ён класны». У гэтым выпадку дзіця будзе адчуваць сябе добра. «Выдатна: у мяне класны тата, класная мама. Значыць, і я класны». А калі мама будзе казаць: «Твой тата — нягоднік»? У дзіцяці пачне фарміравацца комплекс непаўнацэннасці, з'явіцца няўпэўненасць у сабе. У глыбіні душы яно будзе лічыць, што «калі тата дрэнны, то і я недастаткова добры». Першачарговая задача бацькоў пасля разводу — дамовіцца пра тое, як канструктыўна ўзаемадзейнічаць адно з адным. Мужам і жонкай яны быць перасталі, але бацькамі — не. Калі дзіця адчувае, што і тата, і мама яго па-ранейшаму любяць і трансліруюць аднолькавыя каштоўнасці — кажуць, напрыклад, што не трэба есці салодкае, лепш пабольш садавіны — тады ў дзіцяці пасяляецца спакой у душы і яно гарманічна развіваецца. Таму задача мамы — навучыцца супрацоўнічаць з тым чалавекам, з якім з-за нейкіх прычын давялося расстацца, а не трансліраваць сваю крыўду на былога партнёра. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.