Вы тут

Купляеце ў краме размарын, чабор ці аніс?


Міжземнаморскія травы — гэта вострыя прыправы, якія надаюць асаблівы смак страў італьянскай, французскай, грэчаскай кухні. Сушаныя сумесі звычайна ўключаюць базілік, арэгана, размарын, чабор, аніс, маркоўнік. Гэтыя і іншыя паўднёвыя культуры рэальна вырасціць на ўласнай градцы.


Самыя папулярныя травы

Базілік

Базілік — рэзкая аднагадовая расліна з гладкім авальным лісцем. Сустракаюцца зялёныя і фіялетавыя сарты. Валодае прыемным свежым водарам. Выдатна спалучаецца з сырам, таматамі, алівамі, чырвоным мясам.

Арэгана

Арэгана — шматгадовая травяністая расліна. У параўнанні са звыклай для нашага рэгіёна мацярдушкай мае больш востры прысмак з-за павышанага ўтрымання эфірных алеяў. Незаменная дабаўка да піцы.

Размарын

Размарын — вечназялёны шматгадовы куст, лісты якога чымсьці нагадваюць ігліцу, але больш плоскія і мяккія. Мае востры, камфорны смак. З ім рыхтуюць грэчаскую мусаку, марынуюць рыбу, мяса, квас, капусту. Вырошчваюць размарын звычайна з чаранкоў. Узімку пажадана пераносіць у хату ці аранжарэю.

Чабор

Чабор — нізкарослы травяністы паўкуст. Прыгожа цвіце, выдатны меданос. Шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне дзякуючы антыбактэрыяльным уласцівасцям. Чай з чабару выдатна асвяжае, спыняе боль у горле, паляпшае страваванне.

Сатурэя

Сатурэя — прамастаячая аднагадовая расліна. Папулярная заправа да мяса, таматных соусаў і агароднінных загатовак у Балгарыі, Малдавіі, на Каўказе. У краінах ЕС афіцыйна прызнаны лекавай раслінай з антыпаразітным і супрацьгрыбковым дзеяннем.

Аніс

Аніс — нагадвае кроп, але ў ежу прыдатнае толькі сухое насенне. Яго дадаюць да выпечкі, у дэсерты і напоі. Культура вытрымлівае замаразкі, любіць багатыя арганічныя глебы і патрабуе шмат вільгаці ў перыяд росту.

Маркоўнік

Маркоўнік — яшчэ адзін прадстаўнік сямейства парасонавых. Лісты па форме падобныя на папараць. Суквецці, смак, пах і сфера прымянення амаль такія ж, як у пятрушкі.

Фенхель

Фенхель — калі б не патоўшчаны корань, яго было б лёгка зблытаць са звычайным кропам. У Міжземнамор'і белую частку сцябла («цыбуліну») ядуць як гародніну — вараць, тушаць, сырой рэжуць на салаты або ўжываюць цалкам. Багатае на эфірныя алеі насенне заварваецца як сродак ад кашлю.

Асаблівасці клімату

Каб зразумець, як вырошчваць міжземнаморскую траву ў адкрытым грунце, у першую чаргу варта вывучыць пагодныя ўмовы, характэрныя для іх роднага рэгіёна. У дадзенай мясцовасці пераважае субтрапічны клімат з дажджлівымі зімамі і засушлівым летам.

Гадавая колькасць сонечных дзён там складае ад 160 да 300, прычым большая іх частка прыпадае на перыяд з чэрвеня да кастрычніка.

Тэмпература ў гэты час практычна ніколі не апускаецца ніжэй за +15°C, але і рэдка перавышае камфортныя +25°C. Менавіта такое асяроддзе з'яўляецца аптымальным для большасці мясцовых раслін, таму яго ўмовы давядзецца максімальна ўзнавіць на ўчастку для будучых пасадак.

Вырошчванне расады

Паколькі ва ўмераным кліматычным поясе ўстойлівае пацяпленне пачынаецца не раней за май, паўднёвыя культуры неабходна спачатку сеяць у памяшканні (на падаконніку або ў цяпліцы), а на вуліцу пераносіць ужо адужэлыя парасткі. Гэты варыянт лепш за ўсё падыходзіць для міжземнаморскіх траў з іх надзвычай дробным насеннем і працяглым працэсам з'яўлення ўсходаў.

Уладкаванне градкі

Ідэальнае месца для вырошчвання міжземнаморскіх траў — на паўднёвым боку, побач з якім няма цяністых дрэў і будынкаў.

Галоўныя патрабаванні да грунту — добрыя паветра- і водапранікальнасць, нейтральная кіслотнасць, наяўнасць пажыўных рэчываў.

Міжземнаморскія расліны вельмі святлалюбныя. Базілік, размарын, чабор, арэгана, сатурэю трэба высаджваць там, дзе на працягу дня даўжэй затрымліваецца сонца. Іх нельга зацяняць агароджамі, кустамі, кветкамі — толькі прамыя прамяні і свежае паветра забяспечаць здаровае развіццё гэтых капрызных рэзкіх траў. Крыху менш патрабавальнымі да святла з'яўляюцца «сваякі» кропу — аніс, фенхель, маркоўнік. Іх можна пасеяць проста ў адкрыты грунт побач з гароднінай.

Умеранае ўвільгатненне патрабуецца ў асноўным на этапе ўкаранення расады. У далейшым паўднёвыя расліны здольныя абыходзіцца без дадатковага паліву. У гарачае надвор'е яны набываюць больш насычаны водар, а дажджлівае халоднае лета можа прывесці да загнівання каранёў. Калі доўга стаіць спякотнае надвор'е і лісце пачынае вянуць, паліў неабходна праводзіць вечарам, пасля заходу сонца.

Некаторыя расліны (асабліва базілік) трэба перыядычна абрываць над 5-6 лісцікамі цэнтральнага сцябла — так яны лепш разрастаюцца ўшыркі і не зацвітаюць раней часу. Сабранае зяленіва можна здрабніць і высушыць, замарозіць або ўжыць у свежым выглядзе.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.