Вы тут

Унутры старажытнага метэарыта з Егіпта знайшлі сляды выбуху звышновай


Геолагі выявілі ў метэарыце «Гіпатыя» часціцы касмічнага пылу ад выбуху звышновай тыпу Ia. Даследаванне апублікавана ў часопісе Icarus. Пра вынікі ў панядзелак паведаміла прэс-служба паўднёваафрыканскага Ёханэсбургскага ўніверсітэта, перадае ТАСС.


Паводле ацэнак геолагаў, метэарыт «Гіпатыя» ўпаў на зямлю прыкладна 25-30 млн гадоў таму. Яго выпадкова знайшлі ў 1996 годзе падчас раскопак у пустыні на паўднёвым захадзе Егіпта. Да 2013 года ён не прыцягваў увагу астраномаў і геолагаў, пакуль Ян Дырк Крамерс і Георгій Белянін з Ёханэсбургскага ўніверсітэта не зразумелі, што камень мае касмічнае паходжанне.

Навукоўцы сталі даследаваць метэарыт і заўважылі ў ім нанаалмазы і пазаземную арганіку. Некалькі гадоў таму, убачыўшы на фотаздымках зрэзу метэарыта мікраўключэнні матэрыі іншай афарбоўкі і структуры, чым яе астатнія рэгіёны, яны зноў узяліся за «Гіпатыю». Пры дапамозе рэнтгенаўскай спектраскапіі і іншых інструментаў даследчыкі вывучылі хімічны і мінеральны склад. Ён быў не толькі не падобны на астатнюю структуру «Гіпатыі», але і на матэрыю ўсіх вядомых астэроідаў, камет і ўсе тыпы часціц касмічнага пылу. 

Уключэнні ўтрымлівалі жалеза, аднак у іх не было атамаў крэмнія, алюмінія, калія, тытана, медзі і некаторых іншых элементаў. Навукоўцы прааналізавалі іх суадносіны і прыйшлі да высновы, што прапорцыі элементаў адпавядаюць кампазіцыі рэчываў, якія ўзнікаюць падчас выбуху звышновых тыпу Ia.

Аўтары працы мяркуюць, што калісьці зорка — чырвоны гігант адкінула абалонку, а тое, што ад яе засталося, ператварылася ў аб’ект памерам з планету накшталт зямлі, але масай з зорку — белы карлік. Яны лічаць, што гэта адбылося ўнутры велічэзнага воблака пылу. Як мяркуецца, у белага карліка была суседка — яшчэ адна зорка, і ён, «ядучы» яе, не вытрымаў — гэта і ёсць выбух звышновай тыпу Ia. Пакінуты газ прыстаў да пылу, з гэтай сумесі ўтварылася цела, ад яго адарваўся кавалак, які і стаў «Гіпатыяй». 

«Калі нашы тэорыі верныя, то „Гіпатыя“ ўяўляе сабой першы след выбуху звышновай першага тыпу, які быў знойдзены на паверхні Зямлі. Гэта адкрыццё паказвае на тое, што аблокі пылу, выкінутыя звышновымі, могуць пранікаць у зорныя сістэмы, якія фарміруюцца, і захоўвацца ў першапачатковым выглядзе, што ў мінулым лічылася немагчымым», — заявіў Ян Крамерс.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?