Вы тут

Тэатральная інтрыга. Што будуць абмяркоўваць на з’ездзе дзеячы тэатра – у размове са старшынёй БСТД Аляксеем Дударавым


Сіла мастацтва — гэта як сіла жыцця: пра яе можна наогул не думаць, але калі яе аднойчы адчуў, то будзеш клапаціцца, каб не страціць. А ёсць асобы для якіх мастацтва — у прыватнасці тэатральнае — і ёсць жыццё. Хтосьці адчувае, што шчаслівае, хтосьці скажа, што драматычнае, хтосьці пагодзіцца, што непрадказальнае — як само мастацтва. Але як у тэатры сюжэтныя лініі ствараюць інтрыгу, так і ў рэальнасці без яе немагчыма, як і немагчыма пакінуць яе без вырашэння. Бліжэйшую тэатральную інтрыгу чакаем 23 мая, калі адбудзецца чарговы з’езд Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Напярэдадні наша размова з яго старшынёй драматургам Аляксеем Дударавым.


Фота: БелТА

— Тэатр вельмі шчыльна звязаны з часам і востра адчувае яго ўплыў. Так было заўсёды, а падчас пандэміі наогул узнікла рызыка, што можа пазбавіцца публікі, сувязь з якой згубіць проста, а аднавіць — складана. У гэтым сэнсе ёсць хваляванне за беларускі тэатр і за людзей, якія яго ствараюць. 

— Не толькі пандэмія прынесла складанасці, яны пачаліся яшчэ чвэрць стагоддзя таму — з 90-х гадоў. Мне падаецца, у грамадства змяніліся адносіны, стаўленне, каштоўнасці не толькі да таэтра, а да мастацтва наогул. І калі раней ты быў мастаком, артыстам, пісьменнікам, ды яшчэ членам творчага саюза, да цябе з пашанай ставіліся людзі розных відаў дзейнасці і прафесійнай прыналежнасці. Але нешта змянілася ў грамадстве. Чаму так? — справа аналітыкі і часу. Да чаго гэта прывядзе, пакуль таксама незразумела. Мяне як чалавека творчага гэта непакоіць. Таму што раней мастацтва арыентавала чалавечую мараль, уплывала на чалавечую псіхалогію. Тэатр імкнуўся ставіцца да людзей з павагай, мы гаварылі пра арыенціры: святло ў тым баку, а цемень — у адваротным. Цяпер людзі самі разбіраюцца са сваёй мараллю, а жывая клетка звычайна шукае спакою і не хоча напружвацца — так ва ўсіх, і я не выключэнне. Але ў тэатр трэба прыходзіць і працаваць. Значна прасцей тым, хто ідзе ў тэатр, каб іх забаўлялі, каб падкідвалі тое, што можна зразумець не задумваючыся. Ёсць такая тэндэнцыя, і яна адчувальная не толькі ў Беларусі. Тэатру даводзіцца гэтаму супрацьстаяць. Прычым, не толькі дзеля захавання сябе як мастацкай з’явы, але і дзеля гледачоў, якія пра гэта могуць наогул не задумвацца. 
Буду пра гэта гаварыць на з’ездзе. Не ў якасці апраўдання. Лёгка выйсці і сказаць, што ў нас не робіцца, каб потым нашмат больш наабяцаць. Калі б такі чалавек знайшоўся, я першы прагаласаваў бы за яго. А потым наракаў бы на сябе: чаму ж я не дадумаўся да гэтага бяссоннымі начамі, калі задаваў сабе пытанне, што рабіць?..

— Саюз тэатральных дзеячаў — гэта супольнасць творчых асоб, і акрамя праблем мастацтва іх яшчэ турбуюць пытанні персанальнага існавання... 

— Саюз — структура, якая аб’ядноўвае. Мы не паўнамоцны орган: не міністэрства тэатра, не міністэрства кінематаграфіі, не міністэрства літаратуры, каб прымаць адказныя рашэнні і ўплываць на развіццё галіны. Гэта людзі, якіх лёс паставіў займацца адной справай, і мы павінны адзін аднаго падтрымліваць. Некалі ў заснавальніцы ўсерасійскага тэатральнага таварыства Марыі Савінай спыталі: навошта гэтае аб’яднанне? — а яна ў адказ сказала адно слова, якое па- руску гучыць так: «Всепомоществование». Узаемадапамога. Але чым мы можам дапамагчы? Часам можна пачуць: вось, раней Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, напрыклад, накіроўваў на вучобу... Так, раней ён фінансаваўся грамадствам. Цяпер не фінансуецца. І можна задаваць шмат пытанняў, што мы здольныя зрабіць. Напрыклад, ці момам мы выдаць беларускую тэатральную энцыклапедыю? Можам. А ці можам правесці канферэнцыю з выданнем матыэрыялаў? Можам. А стварыць свой тэатр можам? Можам. Але паўстае пытанне сродкаў, гэта па-першае. Па-другое: ёсць структуры, якія за гэта адказваюць. 
Мы грамадскае аб’яднанне. Раней, за савецкім часам творчы саюз быў быццам бы незалежны ад дзяржавы. Але дзяржава давала грошы, іншым разам наўпрост з бюджэта. А іншым разам праз наш вытворча-мастацкі камбінат, які дзяржава вызваляла ад падаткаў, а тое, што павінны былі выплаціць у казну, пераходзіла на рахунак саюза. За гэта існавалі. Але гэта даўно скончылася, і наўрад ці адновіцца. Цяпер у законе прапісана, што грамадскія арганізацыі не ўмешваюцца ў дзейнасць дзяржаўных структур, а дзяржаўныя органы не ўмешваюцца ў дзейнасць грамадскіх арганізацый. Можна колькі заўгодна казаць пра тое, што мы нясем культуру, але трэба разумець, што час змяніўся. Мы нічым не адрозніваемся ад іншых грамадскіх арганізацый, кожная з якіх займаецца сваёй важнай справай. 

— Цяпер час такі, калі мастацтва мяняецца, тэатр мяняецца з пункту гледжання формы падачы і прыходу для людзей. Ідзе трансфармацыя і ўнутрытэатральных суадносін. Як на гэта рэагуе тэатральная супольнасць?

— Ёсць працэсы, на якія грамадскае аб’яднанне не можа паўплываць. Ёсць тэатр, ён нешта ставіць. Як саюз можа ўказаць некаму, што патрэбна, а што не патрэбна? Кожны тэатр — самастойная адзінка, якая сама выбірае творчы кірунак. А для іншага вызначэння ёсць дзяржаўная структура — Міністэрства культуры, якое ў сваю чаргу можа сказаць: «Калі мы палічым неабходным параіцца з творчай арганізацыяй, то зробім гэта.» Таму звужэнне дзейнасці саюза ў нейкім сэнсе ёсць. Але ўзаемадапамогу ніхто не адмяняў. 

— Каб рэалізаваць узаемадапамогу, трэба ўсё-такі мець сродкі. Разлік на ўнёскі? 

— Мы існуем за кошт унёскаў і за кошт таго, што зрабілі нашы папярэднкі, у тым ліку дзяржава. У нас ёсць камбінат, які цяпер працуе як звычайнае прадпрыемтства. Ён нас падтрымлівае, але сціпла. Дзякуй Богу, што будынак нашага тэатральнага Дома творчасці ў Астрашыцкім гарадку набыла дзяржава праз аукцыён. Атрыманыя грошы не праядаем, яны ў надзеным банку. БСТД не жыве на шырокую нагу. Структуру саюза мы таксама аптымізавалі, але гэта немагчыма рабіць бясконца. 

Мы патрэбныя адно аднаму. І патрэбная нейкая структура, пра якую могуць забыць усе, акрамя дзеячаў тэатра. Яшчэ напачатку свайго старшынства я даў распараджэнне супрацоўнікам, каб павіншавалі са святам усіх ветэранаў тэатра. Праз два тыдні атрымаў падзяку аднаго заслужаныа артыста РСФСР. Скончылася творчае жыццё, прайшоў час, чалавек думаў, што пра яго забыліся... Я тады быў усхваляваны. Аднак, каб нават паштоўку паслаць, трэба мець хоць бы капейчыну. А ўнёскі ў нас умоўныя: з чаго іх плаціць, напрыклад, нашым пенсіянерам, ці маладым людзям, якія толькі пачынаюць працаваць? Ды нават маючы заробак, шмат хто падумае, што гэтыя грошы былі б не лішнія. І часта паўстае пытанне, на якое цяжка знайсці адказ: «А што мне дае саюз?..»

Некаторыя разважаюць так: мы ж нясем культуру ў масы, і адпаведна, нам за гэта ўсе павінны. Адкуль ўсё бярэцца, творчых людзей не асабліва цікавіць. Таму даводзіцца займацца матэрыяльным, гаспадаркай. Акрамя таго па інэрцыі думаюць, што калі саюз — творчае аб’яднанне, то ён павінен займацца творчасцю. Творчасць — у тэатрах. Творчасць — у майстэрнях. Творчасць — за сталом, калі чалавек піша п’есу... Ну як можна дапамагчы акцёру ці актрысе, напрыклад, атрымаць ролю ці ўвасобіць яе і стаць зоркай?.. Ёсць пытанні ў жыцці тэатраў, на якія саюз уплываць не можа. 

Але можа звярнуць увагу на годную працу. Дзеля гэтага і быў заснаваны наш прыз «Крыштальная Паўлінка». Першы атрымала народная артыстка СССР Стэфанія Станюта. На жаль, з вясны 2020 года, калі пачалася пандэмія, мы свае крыштальныя прызы не ўручылі, і пасля наогул не прысуджалі, у тым ліку «Крыштальнага анёлка», «Крыштальную зоку», «Крыштальную кветку». А прыз «Натхненне» у межах Нацыянальнай тэатральнай прэміі атрымала Вераніка Вінэль, дырэктар Бабруйскага тэатра драмы імя Дуніна-Марцінкевіча. Ён уручаецца арганізатарам тэатральнай справы. 

— Тэатр застаецца сёння сродкам камунікацыі для самых розных людзей...

— ...І яго трэба ашчаджаць. Але ступень яго ўплыву звужаецца з розных прычын. Раней казалі, што тэатру пагражае распаўсюджанне радыё, але я ў гэта не верыў ніколі. З’явіўся тэалевізар — і тут не верыў, што тэатр знікне. А вось калі з’явіўся інтэрнэт, смартфоны — дык там жа цяпер любы спектакль можна паглядзець... 

— Некаторыя тэатры свядома выкладваюць запісы сваіх пастановак. 

— Гэта ад адчаю: глядзіце, што мы зрабілі, можа прыйдзеце паглядзець жывое. Таму змагацца за гледача трэба, але, мабыць па ўзросце, я атрымістам не з’яўляюся... 

— Моладзь скептычна ставіцца да жывых кантактаў з мастацтвам, пакуль не схадзіла ў тэатр. 

— Памятаю, у Купалаўскім тэатры ішоў спектакль «Кім». Дык да мяне даходзілі чуткі з асяродку падлеткаў: маўляў, што размаўляць з тымі, хто не паглядзеў «Кім»? Мне як аўтару было прымна, але гэта здарылася не ўчора, а больш за 10 гадоў таму. Яны цяпер падрастаюць незразумелыя, і проста так заклікаць, ці тым больш заганяць у тэатр нельга. Трэба выкарыстоўваць багата штучак-дручак, якія больш даступныя, і якімі можна карыстацца там, дзе знаходзішся і тады, калі хочаш. А тэатр — гэта ўсё-такі нейкі акт, да якога трэба саспець.

— Часта глядач вучыцца разумець тэатр паралельна з тым, як тэатр спрабуе зразумець сябе: дзе ён знаходзіцца, на што здольны і якім чынам можа сёння размаўляць з гледачом. Хто для каго арыенцір у гэтым працэсе? 

— Некалі мы гладзелі адзін спектакль разам з выдатным артыстам Кірылам Лаўровым, а пасля да яго кінуліся карэспандэнты: як вам?... «Не спадабалася» — «Ой, вы адсталі...» Адразу ж прагучаў адказ: «Я адстаў, але даганаць будзеце вы». Лепш не скажаш. 

Мне давялося быць на некаторых спектаклях, якія б я не глядзеў. Але я бачыў, што гледачу гэта падабаецца. Тут складаныя ўзаемаадносіны. І ёсць пытанне шчырасці і сумлення мастацтва. На мой погляд, ёсць рэчы, якія для сапраўднага мастацтва з’яўляюцца табу, незалежна ад права на творчую свабоду. Бо людзі схільныя да салодзенькага, да кісленькага, да казытлівага і так далей. Заўсёды ёсць спакуса, што такое спадабаецца аўдыторыі. Але тады ўзнікае пытанне: дзеля чаго гэта ўсё?.. Куды мы рухаемся? Што будзе далей? Толькі будучы аптымістам можна сказаць: ўсё будзе добра. Але будзе як будзе. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».