Вы тут

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна


Ад Зеляневіч да райцэнтра Пружаны адлегласць — 65 кіламетраў. Гэта самы аддалены сельсавет у раёне. Тут пражывае амаль паўтары тысячы чалавек. На тэрыторыі працуюць адзін ФАП і адна амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. На Зеляневіцкім ФАПе яго гаспадыня Людміла Здановіч прыводзіла ў парадак дакументацыю пасля працэдуры рэвакцынацыі, якую прайшлі ў гэты дзень (13 мая) 17 чалавек.


Людміла Аляксееўна загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе. Больш ставак не прадугледжана. На яе ўчастку з васьмі населеных пунктаў жыве 427 чалавек, з іх 63 дзіцяці.

— На ўчастку таксама пяцёра дзяцей да года, ёсць 10 шматдзетных сем'яў, у адной з іх нядаўна нарадзілася дзявятае дзіця. Гэтым пацыентам удзяляецца асаблівая ўвага, — кажа сельскі медработнік. — Тым больш што нашы шматдзетныя сем'і па шэрагу прычын пад узмоцненым кантролем як з боку мясцовай улады, так і медыцыны. Ходзім да іх, праводзім гутаркі з бацькамі.

Людміла Здановіч прысвяціла гэтаму ФАПу 40 гадоў. Пасля заканчэння Полацкага медвучылішча два гады працавала на Браслаўшчыне, а потым па просьбе бацькоў вярнулася ў родныя мясціны. Тут стварыла сям'ю і пабудавала кар'еру. Медработнік лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з папярэдніцай, Марыяй Іванаўнай Цыпуркай, якая перадала маладому фельчару ўсе свае напрацоўкі і бясцэнны вопыт. Людміла Аляксееўна таксама марыць перадаць справы маладому спецыялісту, які стане не выпадковым чалавекам, што будзе лічыць дні адпрацоўкі, а захоча стаць сапраўдным сельскім медыкам.

Памяшканне ФАПа, куды ўстанова пераехала ў 2009 годзе, загадчыца зрабіла ўтульным і прыгожым. Кабінеты тут абсталяваны ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі і санітарнымі нормамі. А ў калідорах і кабінеце фельчара цвіце мноства архідэй ды іншых кветак. Для дзяцей, якія чакаюць прыёму, уладкавана пляцоўка з фігуркамі казачных герояў, розных жывёлін.

— У нас ёсць вада, цяпло — усё, што неабходна для камфортнага прыёму пацыентаў. А ў ранейшым будынку нават ваду даводзілася прывозіць. Кабінеты дастаткова прасторныя, светлыя, — расказвае яна.

За апошнія паўтара года сельскаму ФАПу таксама давялося карэкціраваць работу з папраўкай на пандэмію. Людміла Здановіч вельмі задаволеная, што ўдалося пазбегнуць масавых цяжкіх захворванняў, мноства смерцяў. Людзі, асабліва пажылыя, выконвалі рэкамендацыі па сацыяльным дастанцыраванні, насілі маскі. А яна, не чакаючы паставак, сама купіла апарат для вымярэння сатурацыі крыві, набыла некалькі касцюмаў, каб было што апрануць, калі ідзеш па выкліку да хворага. Адным словам, самы складаны перыяд перажылі, цяпер вяскоўцы прыходзяць на рэвакцынацыю. Прафілактыка — важная частка клопату пра здароўе.

Людміла Аляксееўна спадзяецца, што з лета будзе адноўлена практыка, калі яны з доктарам і медсястрой з Ружанскай паліклінікі выязджалі раз на месяц у вёскі і праводзілі дыспансерызацыю па месцы жыхарства. Абавязкова бралі з сабой партатыўны апарат ЭКГ, лабаранта для забору аналізаў. Цяпер раз на месяц доктар прыязджае толькі на ФАП, каб прыняць пацыентаў і правесці агляд перад прышчэпкай.

З Ружанскай бальніцай і паліклінікай, дзе захоўваюцца амбулаторныя карты тутэйшых пацыентаў, ФАП увесь час на сувязі. Там прымаюць урачы агульнай практыкі. Калі ёсць паказанні, яны даюць накіраванне на прыём да вузкіх спецыялістаў у Пружанскую раённую паліклініку.

— Цяпер стала больш даступным зрабіць ультрагукавое даследаванне любых органаў, — разважае Людміла Аляксееўна. — Для сённяшняга гараджаніна гэта наогул не праблема. А для вяскоўца было не так проста яшчэ нават некалькі гадоў таму. Паявіліся платныя кабінеты ў Пружанах, у санаторыі «Ружанскі», у Ваўкавыску, які ад нас за 38 кіламетраў, значна бліжэй за свой райцэнтр. Таму людзі карыстаюцца гэтай магчымасцю. Для моладзі дапрызыўнага ўзросту і будучых першакласнікаў ультрагукавое даследаванне сэрца, шчытападобнай залозы прадугледжана бясплатна. Дзеці яго паступова праходзяць, а ў мае абавязкі ўваходзіць прасачыць за гэтым, напомніць бацькам.

І хоць гэты ФАП не аснашчаны камп'ютарам, цяпер на дапамогу медыку прыйшлі месенджары мабільных аператараў. Ёсць, скажам, група медработнікаў пад эгідай педыятра, дзе Людміла Здановіч атрымлівае паведамленне, напрыклад, аб тым, хто яшчэ не прайшоў абавязковае УДГ. А ў групе аптэчных работнікаў ёй напісалі, што заказаны ёю камплект лякарстваў можна забраць.

За сорак гадоў работы яе пацыентамі стала другое пакаленне вяскоўцаў. Тыя, хто ёй, некалі маладому спецыялісту, прыводзіў на агляд дзяцей, цяпер самі пенсіянеры, патрабуюць асаблівага клопату. А дзеці іх маюць сваіх дзяцей-школьнікаў і нават студэнтаў. Яна лічыць, што працаваць на малой радзіме лепш за ўсё. Усіх ведаеш, цябе ўсе ведаюць. Нярэдка тэлефануюць былыя аднакласнікі з самых розных гарадоў і краін. Просяць праведаць старых бацькоў, напомніць аб прыёме прэпаратаў, ацаніць іх стан здароўя. Гэта штодзённая работа.

У экстранных сітуацыях сістэма аказання дапамогі адпрацаваная. Хуткая дапамога выходзіць з Ружан, забірае пацыента, перадае брыгадзе з Пружан, якая выязджае насустрач. Не так даўно быў падобны выпадак. Ехаў чалавек з Ваўкавыска, адчуў сябе дрэнна, зайшоў у будынак сельсавета, сказаў, што яму нядобра, папрасіў вады. Супрацоўнікі адразу адвялі яго на ФАП. Людміла Аляксееўна ацаніла абстаноўку, звязалася з дыспетчарам «хуткай», сказала, што інфаркт пад пытаннем. Машына неадкладна прыйшла з Ружан, электракардыяграма пацвердзіла інфаркт, і мужчыну тэрмінова адвезлі ў Брэст. Там правялі аперацыю, па сутнасці, выратавалі пацярпеламу жыццё. Ён потым заязджаў і шчыра дзякаваў сельскаму фельчару.

Згадала яшчэ, як на 9 Мая давялося ратаваць ветэрана. Заехалі павіншаваць 94-гадовую бабульку са святам, а ў яе падаўся падазроным колер скуры. Тут жа выклікалі медыкаў, адвезлі ветэрана ў бальніцу. Выходзіць, своечасова заехалі. І падобных выпадкаў у вясковага фельчара — цэлы шэраг. Відавочна, што сельская ўстанова аховы здароўя патрэбная і запатрабаваная. «І калі моладзь раёна праводзіла акцыю падзякі медыкам за працу, маладзенькія хлопцы і дзяўчаты завіталі з паштоўкамі ўласнага вырабу, сказалі добрыя словы, было вельмі прыемна», — кажа медык.

Другая ўстанова аховы здароўя на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца ў старажытнай вёсцы Лыскава і размяшчаецца ў будынку былога манастыра. Гэта амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Сёння гэтым урачом з'яўляецца Сафія Уладзіміраўна Куніца. Цікава, што доктар Куніца — паважаны ветэран працы — аднойчы сышла на заслужаны адпачынак. На яе месца прыслалі па размеркаванні маладога доктара. Але апошні ненадоўга затрымаўся ў глыбінцы. І Софію Уладзіміраўну зноў папрасілі выйсці на работу. Цяпер яна шчыруе тут з медсястрой Нінай Якаўчук. Хоць па штатным раскладзе амбулаторыі прадугледжана яшчэ некалькі спецыялістаў, пакуль медработнікі спраўляюцца ўдзвюх.

— Работу фельчара, акушэркі, яшчэ адной участковай медсястры ніхто не адмяняў, такая работа робіцца, але ж мы не скардзімся, спраўляемся, — гаворыць Софія Уладзіміраўна. — Як высветлілася нядаўна, у нас самыя лепшыя паказчыкі ў раёне па вакцынацыі насельніцтва ад каранавіруснай інфекцыі. Мусіць, нашы людзі свядомыя і паслухмяныя, ды і асветніцкую работу стараемся праводзіць. Ніна Васілеўна, напрыклад, педагог па другой адукацыі. Што яшчэ расказаць? Звычайныя будні сельскай амбулаторыі: прыём, наведванне па выкліках, патранаж. Насельніцтва каля тысячы чалавек, работы хапае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Гаджэт для фельчара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?