Вы тут

«Ніхто не адбярэ ў нас права гуляць у сваю любімую гульню»


Выканкам Міжнароднай федэрацыі баскетбола (ФІБА) прыняў рашэнне не дапускаць Беларускую федэрацыю баскетбола (БФБ) да ўдзелу ў спаборніцтвах у найбліжэйшыя месяцы. Нацыянальная федэрацыя аператыўна на гэта адрэагавала. Беларускі бок аператыўна накіраваў афіцыйныя пісьмы ў ФІБА, Міжнародны алімпійскі камітэт, Асацыяцыю Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і ўсе нацыянальныя федэрацыі.


«Мы з вялікім шкадаваннем успрынялі інфармацыю аб часовым прыпыненні ўдзелу беларускіх нацыянальных каманд у спаборніцтвах пад эгідай гэтай міжнароднай федэрацыі, якая была размешчана на сайце ФІБА 18.05.2022 года. Такое рашэнне стала вялікім расчараваннем для ўсёй нашай баскетбольнай сям’і — гульцоў, балельшчыкаў, трэнераў і дзясяткаў тысяч дзяцей, якія займаюцца нашым відам спорту ў Беларусі», — сказана ў афіцыйнай заяве федэрацыі.

ФІБА таксама забараніла беларускім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах па баскетболе 3×3 у складзе любых замежных каманд. У БФБ адзначылі, што гэта ўвогуле знаходзіцца па-за рамкамі здаровага сэнсу. «Гэта прамая дыскрымінацыя па праве нараджэння, па праве прыналежнасці да грамадзянства сваёй краіны, па праве прыналежнасці да свайго народа! Мы ведаем, што менавіта палітычная істэрыя і несхаваная антыбеларуская і антырасійская агрэсія з боку шэрагу нацыянальных федэрацый наблізіла прыняцце гэтага ганебнага для ФІБА рашэння. Ведаючы ўсіх ініцыятараў у твар, мы не можам разглядаць дадзенае рашэнне інакш, як брудны метад ухілення сапернікаў», — падкрэслілі ў федэрацыі.

Не прайшло і дня пасля прыняцця рашэння, як у інстаграме з’явіліся «радасныя трыумфальныя скокі» асобных федэрацый і нацыянальных каманд некаторых еўрапейскіх краін у сувязі з такой «перамогай» над Беларуссю і Расіяй. «Шкада, што ФІБА заразілася гэтым вірусам нянавісці замест таго, каб паспрабаваць адыграць кансалідуючую ролю, накіраваную на прымірэнне ў інтарэсах звычайных спартсменаў згодна з галоўным алімпійскім прынцыпам і Статуту ФІБА — спорт па-за палітыкай», — сказана ў заяве БФБ.

У нацыянальнай федэрацыі падкрэслілі, што згодна з Алімпійскай Хартыяй «усе спартыўныя арганізацыі ўнутры Алімпійскага руху павінны выконваць палітычны нейтралітэт, а ажыццяўленне правоў і свабодаў павінна быць забяспечана ў адсутнасць якой-небудзь формы дыскрымінацыі — расавага, моўнага, рэлігійнага, палітычнага характару, па прыкмеце колеру скуры, полу, сэксуальнай арыентацыі, наяўнасці іншага меркавання, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, валодання ўласнасцю, нараджэння ці іншага статусу».

«Атрыманне для сябе перавагі такім спосабам і вырашэнне сваіх задач дзякуючы выкарыстанню палітычных інструментаў, а не сумленнай спартыўнай барацьбе, назаўжды застанецца чорнай старонкай у гісторыі ФІБА і федэрацый-падбухторшчыкаў. Для спартсменаў жа гэтыя „перамогі“ будуць з прысмакам горычы і сораму, бо яны атрыманы не ў сумленнай барацьбе, а ў кабінетах палітыкаў, далёка ад баскетбольных арэн», — заўважылі ў Беларускай федэрацыі баскетбола.

У БФБ канстатавалі, што ніхто не зможа адабраць права гуляць у любімую гульню са сваімі сябрамі, у сваёй краіне. «Мы прыкладзём усе намаганні, каб беларуская баскетбольная сям’я ўмацавалася і пасталела. Поўнасцю сканцэнтруемся на развіцці дзіцячага баскетбола і нацыянальнага чэмпіянату. Без сумненняў уся гэтая сітуацыя толькі ўзмоцніць наша беларуска-расійскае спартыўнае брацтва і прывядзе да кратнага павелічэння міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы баскетбола з нашымі праверанымі часам сябрамі ў многіх краінах свету. Акрамя таго, мы пакідаем за сабой права на абарону гонару сваіх гульцоў і федэрацыі ў адпаведных судовых інстанцыях на падставе дзейных прававых механізмаў», — запэўнілі ў беларускай федэрацыі.

А тым часам нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе на чале з Наталляй Трафімай у «Раўбічах» пачалі вучэбна-трэніровачны збор. Гэтым разам трэнеры вырашылі выклікаць маладых гульцоў, якія ў хуткім часе павінны ўліцца ў асноўны склад галоўнай каманды краіны. Наталля Трафімава адзначыла, што ідзе работа па ўдасканаленні індывідуальнага майстэрства, тэхнікі баскетбалістак.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.