Вы тут

Як юны разведчык стаў адным з найлепшых міліцыянераў Ашмяншчыны


Для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Ількевіча май — месяц асаблівы. Дагэтуль у памяці пераможны май 1945-га. Кожны год ён, былы партызан, адзначае гэты дзень са змешанымі пачуццямі. Вядома, радуецца: на працягу многіх гадоў беларусы жывуць пад мірным небам. І ў той жа час смуткуе: не ўсе з яго вялікай сям'і дачакаліся Перамогі...


Мікалай ІЛЬКЕВІЧ любіць сустракацца з моладдзю і дзяліцца вопытам з будучымі праваахоўнікамі.

А яшчэ ў маі ветэран святкуе свой дзень нараджэння. Днямі яму споўнілася 92 гады. Нягледзячы на ўзрост, ён даволі бадзёры і гаваркі. А яшчэ Мікалай Ільіч — добры гаспадар. Гэта адчуваецца адразу, як трапляеш да яго ў кватэру, якая знаходзіцца ў доме на бульвары з прыгожай назвай Непакораных. Усе суседзі ведаюць, што побач з імі жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Для тых, хто заходзіць у пад'езд упершыню, аб важным жыхары гэтага дома паведамляе адпаведная шыльда.

Выдаў здраднік

Мікалай Ількевіч нарадзіўся ў вёсцы Цынцэвічы Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Вёска была вялікая — каля 200 двароў. Ількевічы жылі бедна. У сям'і выхоўваліся чатыры сыны.

— Хадзілі ў лапцях. Замест лямпаў — лучыны, — расказвае Мікалай Ільіч. — Пры паляках мала хто добра жыў. Калі ў 1939 годзе нас вызваліла Чырвоная Армія, стала лягчэй.

Па яго словах, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны народ раздзяліўся. Багацейшыя адразу ўладкаваліся да немцаў на працу. Праз тыдзень у дэпо ў Вілейцы адбыўся выбух. Пад падазрэнне трапіў аднавясковец. «Гэты пацан ніякіх адносін да дыверсіі не меў, — заўважае сведка тых падзей. — Аднак у вёску прыехалі немцы. Забралі бацькоў, пасадзілі на машыну, адвезлі прыкладна за кіламетр ад вёскі і ў кустах расстралялі. Тады людзі зразумелі, што за зверы гэтыя немцы».

Адзін чалавек з вёскі пайшоў у паліцыю, астатнія, у асноўным моладзь, — у партызаны. Адным з першых у шэрагі народных мсціўцаў уліўся Уладзімір Ількевіч, старэйшы брат Мікалая.

Аднойчы ноччу пад выглядам партызан у бацькоўскую хату зайшлі незнаёмыя мужчыны і папрасілі паесці. Гаспадыня, маці Мікалая Ільіча, дала малака, яек, ужо гатова была прагаварыцца, што і яе сын знаходзіцца ў партызанскім атрадзе. Калі ж адзін з няпрошаных гасцей пацягнуў руку да кубка, яна ўбачыла пад яго вопраткай шэрае абмундзіраванне. Стала ясна: перад ёй — паліцаі.

— Вясной 1943 года карнікі акружылі Цынцэвічы, — успамінае Мікалай Ількевіч. — Людзей пачалі зганяць на паляну на ўскрайку вёскі. Хто ўцякаў, расстрэльвалі. Вакол паляны паставілі кулямёты. У такіх умовах жыхароў трымалі на працягу пяці гадзін. Вечарам на легкавой машыне пад'ехалі немцы: відаць, начальства. Далі каманду распусціць людзей. Я часта цяпер думаю: чаму? І, напэўна, знайшоў адказ: 200 дамоў, ад горада — шэсць кіламетраў. Гэта не тое што Хатынь, у лесе. Спалі, пабі ўсіх жыхароў Цынцэвічаў — Вілейка засмярдзіць.

Нацысты знайшлі іншы метад, як расправіцца з жыхарамі, якія дапамагаюць партызанам. У ноч на 1 мая 1943 года на дамах тых, хто падтрымліваў савецкую ўладу, здраднік намаляваў чырвоныя крыжы. З'явіўся ён і на доме Ількевічаў. Маці быццам адчувала нешта нядобрае. Выйшла да досвітку на вуліцу, глядзіць — чырвоны крыж. Вярнулася дахаты па анучу. Толькі сцерла пазнаку, як у вёсцы з'явіліся немцы. Сем'і, на хатах якіх акупанты ўбачылі чырвоныя крыжы, пазабіралі. Лёс іх невядомы дагэтуль.

Як толькі немцы з'ехалі, у хаце Ількевічаў з'явіўся партызанскі сувязны. Сказаў сыходзіць у лес: здраднік можа вярнуцца ў вёску, другога шанцу ўжо не будзе. Кінулі ўсё: карову, каня, хату...

— Маленькі быў яшчэ брацік: два гадкі, — кажа Мікалай Ільіч. — У вёсцы жыла матчына сястра, думалі, што яна возьме. Пакінулі Пецю ў двары хаты. Карова, галодная, мычыць, дзіця плача. Сабраўся народ. І сястра прыйшла. Спачатку ўпіралася, баялася, што яе расстраляюць, аднак пляменніка ўсё ж забрала. Маці ў атрад вялі два мужыкі. Яна галасіла, вырывалася. Уявіце, што яна адчувала, пакінуўшы малое дзіця. Аднак у атрадзе яно магло не выжыць...

Юны разведчык

Так, у маі 1943 года Мікалай Ількевіч разам са сваімі блізкімі аказаўся ў партызанскім атрадзе Калініна брыгады Варашылава. Размеркавалі ва ўзвод разведкі. Праз некалькі дзён яму споўнілася ўсяго 13 гадоў.

Неўзабаве сям'я Ількевічаў перайшла ў атрад «За Савецкую Беларусь», дзе камандзірам разведкі быў старэйшы сын Уладзімір. Бацька загадваў гаспадаркай, маці была ў атрадзе кухарам, сярэдні брат Віктар лічыўся ад'ютантам камандзіра разведкі, Мікалай — радавым байцом. Праз некалькі месяцаў пасля стварэння атрад налічваў каля 500 чалавек. Не хапала зброі, але народныя мсціўцы паспяхова грамілі варожыя гарнізоны.

— Застаўся яшчэ адзін, — успамінае тыя падзеі ветэран. — Даных, колькі там немцаў, паліцаяў, не было. Даведацца гэтую інфармацыю даручылі мне. Прывезлі на ўзлесак, далі кошык з грыбамі, паклалі туды гранату. Я ведаў, як з ёй у іншым выпадку абыходзіцца. Але навошта мне паклалі ў кішэню замежны пісталет, я не разумеў. Мне загадалі зайсці ў дзясяты дом і спытаць: «Ці можна папіць вадзічкі?» Іду, лічу хаты, а тым часам па вёсцы ходзяць паліцэйскія, немцы. Зайшоў у патрэбны дом, там мне сказалі, што я не на той вуліцы, і паказалі дарогу. Нарэшце, сустрэўся з патрэбным чалавекам. Праз два дні партызаны знішчылі гарнізон.

З падобнымі заданнямі Мікалай Ількевіч хадзіў неаднойчы. Былі і іншыя. «Я нават не ведаў, што нашу ў Вілейку міны, — здзіўляецца ён. — Пакладуць нешта ў торбачку і кажуць, што ў горадзе мяне сустрэнуць падпольшчыкі. Усё праносіў без перашкод. Толькі адзін раз пры ўваходзе ў Вілейку стаяў патруль: немец і паліцэйскі. Толькі я перайшоў дарогу, як чую: «Пацан, ідзі сюды». Сэрца пачало калаціцца. Абышлося».

— Не страшна было? Вы ж былі яшчэ дзіцём! — пытаюся ў партызана.

— Адразу не, — прызнаецца ён. — А вось калі ў Мядзеле забілі майго напарніка, стала страшна...

Пра адзін з подзвігаў юнага разведчыка нават напісана ў кнізе «Партызаны Вілейшчыны». Разам са сваімі напарнікамі яму ўдалося ўцерціся да немцаў у давер — стаць членам Саюза беларускай моладзі, куды ўваходзілі здраднікі Радзімы. Галоўнай задачай падпольшчыкаў было ўзарваць будынак семінарыі, дзе вучыліся члены арганізацыі. І ў іх гэта атрымалася. Аяшчэ, дзякуючы гэтым маладым людзям, з 345 навучэнцаў семінарыі засталіся 203 чалавекі. У асноўным моладзь разбеглася, 11 юнакоў па рэкамендацыі камсамольскай арганізацыі ўступілі ў партызанскі атрад.

Малады міліцыянер.

Не вярнуўся з фронту

Не ўсе партызаны змаглі перажыць блакаду. Супраць малаўзброеных людзей выступілі рэгулярныя часці нямецкай арміі. «Мы ведалі, што акупанты рыхтуюць супраць нас наступленне, — расказвае Мікалай Ільіч. — Сталі рыхтавацца: пілілі дрэвы, каб танкі не прайшлі. Спыніліся, калі атрымалі інфармацыю аб тым, што нас збіраюцца бамбіць зверху, а дрэвы вельмі былі патрэбныя ў якасці прыкрыцця».

Амаль тыдзень без ежы і адпачынку партызаны сядзелі ў балоце. Колькі гэта будзе працягвацца, не ведаў ніхто. Адпраўлялі на разведку людзей, але ніхто не вяртаўся. Аднойчы паслалі і Мікалая. «Выйшаў з лесу, бачу: цётка на полі корпаецца, а ў далечыні вёска дыміцца, толькі коміны стаяць, — расказвае ветэран. — У яе і спытаўся, ці паехалі немцы». Ён адзін з нямногіх, хто вярнуўся ў атрад.

Аднойчы Мікалая Ількевіча маглі забіць і свае. Яго, а таксама двух дарослых партызан пакінулі на пасту — ахоўваць лагер. «Галодныя, спаць хацелі, драмалі па чарзе, — сведчыць ветэран. — На досвітку заўважыў каля штаба агеньчык, ледзь-ледзь дымок ішоў. Зразумеў: нешта гатуюць. І хоць бы разбудзіў напарнікаў, якія заснулі! Схапіў сваю вінтоўку — і ў той бок. У кацялку каліну гатавалі. Дзве ложкі з'еў і пабег назад. Нехта ж далажыў начальству!»

За пакіданне без нагляду паста яго маглі расстраляць — такое правіла ваеннага часу. Пашкадавалі — малы, ды яшчэ брат камандзіра разведкі. Калі скончылася блакада, Мікалая Ількевіча выносілі з балота на руках. Ад голаду і абязводжвання хлопчык ужо не мог хадзіць. Аднак у сваёй хаце, куды вярнуліся з лесу, паправіўся хутка. Тут даведаліся аб вызваленні. У родных сценах дачакаліся і Перамогі.

— Гэта быў адначасова і радасны, і страшны дзень для нашай сям'і, — дзеліцца ветэран. — У вёску вярталіся з фронту мужчыны. Многія — інвалідамі. Аднак іх усё роўна сустракалі з радасцю. Маці наша ўвесь час плакала, проста галасіла: яе ж сын не вярнуўся! Усё жыццё яна не магла змірыцца з гэтым. Вось і памерла рана — усяго ў 60 гадоў.

Брат Уладзімір, камандзір разведкі партызанскага атрада «За Савецкую Беларусь», не раз вісеў на валаску ад смерці, змагаючыся з ворагам на роднай зямлі. Аднак загінуць давялося на чужыне — пад Кёнігсбергам, куды ён трапіў у складзе рэгулярных войск. Пасмяротна Уладзімір Ількевіч узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» ? ступені, ордэнам Чырвонага Сцяга. Яго брат, Мікалай Ількевіч, уганараваны медалём «Партызану Айчыннай вайны» II ступені.

На варце правапарадку

У 1946 годзе партызанская сям'я пераехала ў Ашмяны. Брат Мікалая, Віктар, прыехаў на Гродзеншчыну першым. Калі сям'я ўз'ядналася, ён ужо служыў раённым участковым. У Ашмянах уладкаваўся ў міліцыю і Мікалай Ільіч. Праўда, перад гэтым скончыў пяты і шосты класы.

Першае месца яго службы было ў невялікім населеным пункце пад назвай Каменка, што на Гродзеншчыне. Сюды маладога міліцыянера накіравалі ўчастковым. Старшыня сельскага Савета ўжо падчас першай сустрэчы папярэдзіў, што абстаноўка складаная — паўгода таму на ганку сельсавета застрэлілі следчага. Нягледзячы на тое, што вайна скончылася, яшчэ доўгі перыяд людзі не маглі расслабіцца. Здраднікі, у асноўным былыя нямецкія памагатыя, аб'ядноўваліся ў банды і здзяйснялі расправы над прадстаўнікамі савецкай улады, усяго хапіла і звычайным жыхарам. Менавіта міліцыянеры ўзялі на сябе асноўную нагрузку па ліквідацыі бандыцкіх фарміраванняў.

— Аднойчы брыгадзір запрасіў на паляванне, кампанія сабралася з чатырох-пяці чалавек, — расказвае Мікалай Ількевіч. — Перад тым, як разысціся, дамовіліся, што, калі нехта заблудзіцца, будзем страляць уверх. Заблудзіўся менавіта я. Гляджу, а ўжо нават сонца не відаць. Балота, лес вакол, думаю, як выбрацца. Бачу хутар. Заходжу. Сядзяць два мужыкі, выпіваюць. Папрасіў вады, запытаў, як адсюль выйсці. Толькі накіраваўся ў напрамку свайго сельсавета, як адзін з іх выскачыў з акна — і на ўцёкі. Я пальнуў са стрэльбы і трапіў яму па назе. На выстрал сышліся іншыя паляўнічыя. Другі з хутара ўцёк.

Потым высветлілася, што затрыманы — былы нямецкі памагаты. Праз некаторы час міліцыянеры выйшлі і на астатніх бандытаў.

У Каменцы Мікалай Ількевіч служыў нядоўга. Затым яго перавялі ў Ашмяны сышчыкам — такая была пасада. На працягу многіх гадоў займаўся раскрыццём асабліва цяжкіх злачынстваў. За паспяховае расследаванне аднаго з іх быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і датэрмінова атрымаў званне падпалкоўніка міліцыі.

Летам 1976 года каля вёскі Каменны Лог на мяжы з Літвой была выяўлена абгарэлая аўтамашына «КАЗ» з паўпрычэпам, у кабіне якой знайшлі труп кіроўцы. Як высветлілася падчас следства, загінулым быў грамадзянін Украіны. Дзякуючы зладжаным дзеянням начальніка крымінальнага вышуку маёра міліцыі Мікалая Ількевіча, а таксама іншых супрацоўнікаў, была раскрыта арганізаваная злачынная група з пяці жыхароў Літвы, якая здзейсніла гэтае злачынства. Усе яны паўсталі перад судом. Траіх прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання.

— Служба мая ў міліцыя выпала ў неспакойны час, — расказвае ветэран вайны і органаў унутраных спраў. — Даводзілася спаць на крэслах у кабінеце, суткамі не мець магчымасці паесці. З сучаснай міліцыяй не параўнаць! Як зямля і неба. Тады ў нас ні транспарту не было, ні тэлефонаў — нічога. Цяпер з кожным днём міліцыя развіваецца: сучасная тэхніка, хлопцы ўсе прыгожыя, адукаваныя, абмундзіраваныя. У нас добрая змена, якая годна выконвае свой службовы абавязак. Я жадаю ім толькі аднаго — ніколі не ведаць, што такое вайна.

З выхадам на пенсію Мікалай Ількевіч пераехаў жыць у Магілёў, дзе былі яго самыя блізкія людзі. За гэты час горад стаў яму родным. Нягледзячы на ўзрост, Мікалай Ільіч з задавальненнем сустракаецца з моладдзю, будучымі праваахоўнікамі. Яны, у сваю чаргу, атрымліваюць задавальненне ад зносін з гэтым унікальным чалавекам. А яшчэ ў ветэрана — надзейны тыл. Нягледзячы на тое, што жыве ён адзін (жонка, з якой пражылі 76 гадоў, памерла не так даўно), ён акружаны клопатам дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія сваімі адносінамі толькі працягваюць век свайго легендарнага продка.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Мікалая Ількевіча і прэс-службы МУС

Загаловак у газеце: Партызанскімі і міліцэйскімі сцежкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».