Вы тут

Хто аўтар верша «Маці-Беларусі»?


Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала новы віртуальны праект у рамках сумеснай ініцыятывы з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Выдавецкім домам «Звязда» («На хвалі часу, у плыні жыцця»), прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і перакладчыка Алеся Гурло.


Нарадзіўся Аляксандр Кандратавіч Гурло (1892—1938) у Капылі Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Мінская вобл.). Капыльская зямля славіцца знакамітасцямі. Летась у горадзе праходзіў ХХVIII Дзень беларускага пісьменства, да святкавання якога быў падрыхтаваны цікавы праект — Алея пісьменнікаў. Яна прадстаўлена лавачкамі з QR-кодамі пра жыццё і творчасць ураджэнцаў краю. Адна з іх прысвечана Алесю Гурло і Цішку Гартнаму. 

Абодва пісьменнікі актыўна працавалі на літаратурнай ніве ў 1910—1930-я гг. Паводле ўспамінаў Алеся Гурло, яны сябравалі, а знаёмства пачалося яшчэ ў Капылі ў двухкласным вучылішчы, якое абодва наведвалі. Пазней пісьменнікаў аб’яднала Капыльская сацыял-дэмакратычная арганізацыя, у якую ў 1909 г. уступіў А. Гурло. Акрамя падпольнай агітацыйнай работы, арганізацыя выдавала рукапісныя часопісы, у падрыхтоўцы якіх браў удзел пісьменнік: «Заря» і «Голос низа» (на рускай мове), «Вольная думка» (на беларускай мове). 

Іх сумесная дзейнасць працягнулася ў Санкт-Пецярбургу, дзе Зміцер Жылуновіч стаў рэдактарам першай беларускамоўнай газеты «Дзянніца», якая пачала выходзіць у 1916 г., а ў 1918 г. яе выхад аднавіўся ў Маскве. У «Дзянніцы» выходзілі вершы і Алеся Гурло, напрыклад, «Чайка» (1918, 23 сак.):

Хоць цяжка парою змагацца з вадою

І супраці ветру хоць цяжка лятаць,

Усё ж чайка зжылася з марамі, з валною,

І можа хто чайку ад мора сагнаць…

Многія яго вершы былі звязаны з морам, і тлумачыцца гэта тым, што падчас Першай сусветнай вайны ён быў унтэр-афіцэрам Рускага імператарскага флоту, членам экіпажа крэйсера «Богатырь», пазней — мінаносца «Забияка». На Беларусі, якая знаходзіцца далёка ад марскіх шляхоў, з’явіўся паэт, які захоплена распавядаў пра невядомыя марскія абшары: Алесь Гурло стаў першым беларускім пісьменнікам-марыністам. Ужо ў першым зборніку пісьменніка «Барвёнак» (1924) змешчаны раздзел «Гоман мора», які складаюць вершы, прысвечаныя старонкам жыцця паэта, звязаным з морам. Найбольш яскрава пачуцці аўтара перадаюцца ў вершы «Думкі марака»:

Палюбіў я мора, палюбіў я хвалі:

Вольная іх воля — то маё жыццё…

Сэрца неспакойна, погляд ловіць далі…

Грозная стыхія — маё пачуццё… 

Некаторыя моманты з творчай біяграфіі пісьменніка пры падрыхтоўцы праекта спецыялістамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выклікалі неабходнасць правядзення даследчай працы па выяўленні памылак, якія часта ўзнікаюць пры рабоце з бібліяграфічнымі крыніцамі.

Згодна з даведнікам «Беларускія пісьменнікі» (т. 2, 1993), першы верш паэта «Маці-Беларусі» быў надрукаваны ў 1907 г. Калі складальнік раздзела пра пісьменніка працаваў над бібліяграфіяй аўтара, то мог праглядаць газету «Наша Ніва» за 1907 г., якая знаходзіцца ў фондах НББ. Як можна пераканацца, прозвішча трапіла пад абрыў, засталася толькі адна літара, якая магла падказаць, хто з’яўляецца аўтарам.

Таксама такая інфармацыя падаецца ў асобных друкаваных выданнях: «Беларускія пісьменнікі» (уклад. А. К. Гардзіцкі; 1994) і «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 т. (т. 2; 1997). У энцыклапедыі «Культура Беларусі» (т. 3; 2012) аўтарамі зусім не адзначана, калі пачаўся творчы шлях паэта, з мэтай пазбегнуць памылак. У «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва» (т. 2; 1985) чытаем: «Друкавацца пачаў у газеце “Наша Ніва” ў 1909 годзе», але не названы першы твор Алеся Гурло.

Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы, якія звычайна таксама спасылаюцца на энцыклапедычныя выданні, інфармуюць пра першы твор паэта, якім з’яўляецца верш «Маці-Беларусі». Найбольш значныя з іх, такія як анлайн-энцыклапедыя «Беларусь у асобах і падзеях», распрацаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Вікіпедыя, старонка «Известные копыляне».

Такая неадпаведнасць у падачы інфармацыі патрабавала разабрацца: які ж першы твор Алеся Гурло і калі ён выйшаў? Паглыбляючыся ў старонкі лёсу пісьменніка, даведваемся, што пачынаў ён з працы ў рукапісных часопісах. Падказку для пошукаў знаходзім у аўтабіяграфічным нарысе «З майго жыцця», надрукаваным у часопісе «Полымя» (№ 5—6, 1923): «Вось выпадак, які штурхнуў мяне да літаратурнай працы. Прыходзіць да мяне ў гумно, дзе я малаціў, Хведар Чарнушэвіч і кажа: “Вось я напісаў некалькі вершаў па-беларуску і думаю паслаць у “Нашу Ніву”; можа, ты што-небудзь напішаш і разам пашлём”.

Я напісаў празаічны жарт “Ласун”, які можа праз тыдзень быў надрукаваны ў № 52 “Нашае Нівы” за 31 снежня 1909 года. З гэтай пары пачынаецца пастаяннае супрацоўніцтва ў “Нашай Ніве” раней прозай, а пасля паэзіяй, і наогул літаратурная праца ў беларускай прэсе».

Ці мог усё ж памыліцца пісьменнік ва ўспамінах пра свой першы твор? Звычайна такое не забываецца, і кожны аўтар заўсёды згадае год, выданне, якое яго надрукавала, а таксама што гэта быў за тэкст. Магчыма яшчэ паразважаць над тым, што ў 1907 г. пісьменніку было 15 гадоў, пачынаў ён з празаічных апавяданняў, што друкаваліся ў «Нашай Ніве»: «Ласун», «Вясна», «Ахвяра», «Восень» і іншыя. Першыя вершы пісьменніка пачалі выходзіць толькі ў 1911 г., нашмат пазней за ўказаны год. Верш жа «Маці-Беларусі» напісаны ў іншым стылі, што давала падставу меркаваць: ён мог належаць іншаму аўтару.

Падказку дало факсімільнае выданне «Наша ніва: першая беларуская газета 

з рысункамі» (1992): гэта быў нумар за 21 чэрвеня 1907 года. Аўтарам верша з’яўляецца Алесь Гарун, які на той час таксама толькі пачынаў свой творчы шлях. Яго паэзія па матывах блізкая да творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

* * *

Прэзентацыя праекта, прысвечанага юбілею Алеся Гурло, адбылася на навукова-практычным семінары «Ураджэнцы роднага краю», прысвечаным ушанаванню памяці маладнякоўцаў на радзіме. Віртуальны праект змяшчае 5 алічбаваных кніг пісьменніка, якія можна спампоўваць для карыстання. У «Фотагалерэі» — асобныя фатаграфіі з дарчымі надпісамі, а таксама каштоўны рукапіс верша «Кастусь Каліноўскі». 

Таццяна ЛАЎРЫК 
Фота з фондаў НББ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?