Вы тут

Авантура з вучобай падоўжыла мне маладосць гадоў на 10


У 29 гадоў, маючы траіх дзяцей і будучы паспяховым выкладчыкам англійскай мовы, яна паступіла ў музычны каледж. Стаўшы мамай чацвярых дзетак, працягнула адукацыю ў Акадэміі музыкі. Выйшла на прафесіянальную сцэну ў 36 гадоў і дагэтуль лічыцца маладым спецыялістам!


Згадзіцеся, на такое здольныя нямногія. Але салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Вольга МАЛІНОЎСКАЯ не шукае лёгкіх шляхоў, не баіцца мяняць траекторыю руху і спрабаваць сябе ў новых якасцях.

Сямейны дуэт з царкоўнага хору

Вольга Антонава нарадзілася ў сям’і медыкаў. Бацька Аляксандр Іванавіч працаваў анестэзіёлагам-рэаніматолагам, па яго слядах пасля пайшоў старэйшы сын Дзмітрый. Маці Наталля Віктараўна была медсястрой. Аб рэдкіх дыягназах, складаных аперацыях, вялізнай адказнасці людзей у белых халатах Вольга чула з дзяцінства. Нядзіўна, што ў выпускных класах дзяўчына падумвала працягнуць дынастыю ўрачоў. Але бацькі катэгарычна сказалі «не». І тады яна падрыхтавала дакументы адначасова для музычнага вучылішча і для інстытута замежных моў.

— Нараўне з агульнаадукацыйнай я скончыла музычную школу № 5 па класе фартэпіяна, спявала ў аркестры народных інструментаў і ў царкоўным хоры, — распавядае Вольга Маліноўская. — У выпускных класах, калі ў школу прыязджалі замежнікі, спрабавала сябе ў якасці перакладчыка. У 16 гадоў дзякуючы добраму веданню англійскай зарабляла часам больш, чым бацькі за месяц. Вось і вырашыла пакараць лінгвістычны ўніверсітэт, а музычнае вучылішча разглядала як запасны варыянт на выпадак няўдачы.

Але запасны варыянт не спатрэбіўся. Вольга паспяхова здала экзамены і стала студэнткай МДЛУ. Ужо на першым курсе выйшла замуж. З Дзмітрыем Маліноўскім пазнаёмілася ў 14 гадоў — разам спявалі ў царкоўным хоры. Да часу заканчэння ВНУ Вольга не толькі свабодна гаварыла на англійскай і нямецкай мовах, але і нарадзіла дваіх дзяцей — Яўгена і Лізавету.

— У 2002 годзе мужа запрасілі ў ЗША на вучобу ў багаслоўскую семінарыю, — працягвае Вольга. — Па спецыяльнасці Дзмітрый — інжынер-механік. Але ён глыбока веруючы, сапраўдны хрысціянін. У тыя гады муж актыўна займаўся дабрачынным сельскагаспадарчым праектам, які фінансаваўся амерыканскім фондам. Маламаёмасным беларусам куплялі коз, кароў, свіней, каб яны маглі абзавесціся гаспадаркай і ўтрымліваць сем’і. Энтузіязм Дзмітрыя заўважылі, прапанавалі атрымаць адукацыю ў Канзас-Сіці.

Для Вольгі як дыпламаванага выкладчыка знаходжанне ў ЗША падарыла выдатную моўную практыку. У сям’і была магчымасць застацца ў Амерыцы, але яны вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Тут у іх нарадзілася дачка Лада.

Вольга не ўяўляла сябе хатняй гаспадыняй, хацела і прафесійнай рэалізацыі. Таму, нягледзячы на траіх дзяцей, уладкавалася ў школу замежных моў Streamline і дастаткова хутка ўзначаліла там адзін з аддзелаў. Нараўне з выкладаннем рэдагавала дапаможнікі, у якасці дыктара запісвала аўдыётрэнажоры.

Трое дзяцей, адказная работа, хваляванні, нагрузкі. У нейкі момант усё гэта дало аб сабе знаць, адбіўшыся на здароўі. Вольга трапіла ў бальніцу з сур’ёзным дыягназам.

Ніколі не позна пачынаць

Вядомая ісціна: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Крызісы нярэдка падахвочваюць да пераасэнсавання жыцця, яго каштоўнасцяў і прыярытэтаў. Вось і Вольга Маліноўская за час хваробы прыйшла да высновы: ёй варта атрымаць музычную адукацыю, паспрабаваць сябе ў якасці вакалісткі. Сябар сям’і, рэгент царкоўнага хору даўно ўжо раіў заняцца спевамі прафесійна. Падтрымаў Вольгу ў яе намеры і муж. Так у 29 гадоў яна паступіла на бюджэт у МДМК імя М. І. Глінкі.

— Гэтая авантура з вучобай падоўжыла мне маладосць гадоў на 10, — перакананая мая суразмоўніца. — Я апынулася ў асяроддзі 18-гадовых юнакоў і дзяўчат, першы час яны звярталіся да мяне на «вы». На 2-м курсе трапіла да таленавітага педагога Вольгі Аляксандраўны Косаравай, пад яе чулым кіраўніцтвам стала пераможцай Адкрытага конкурсу імя С. Манюшкі «Убельская ластаўка».

Дзякуючы маме, якая дапамагала з дзецьмі, фінансавай падтрымцы, якую забяспечыў муж, Вольга паспяхова адольвала праграму каледжа. І тут высветлілася — яна зноў цяжарная. Чакаючы малога, яна была ўпэўненая — на гэты раз ад далейшай вучобы і кар’ерных памкненняў сапраўды прыйдзецца адмовіцца. Мастацтва без яе абыдзецца, а вось дзеці і муж — ніяк.

— Але на выпускным экзамене мяне пачула народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, — успамінае Вольга Маліноўская. — Падышла і параіла: калі я маю намер працягваць адукацыю ў Акадэміі музыкі і хачу трапіць у яе клас, трэба цяпер пісаць заяву. Як устаяць супраць прапановы такога прафесіянала? На сямейнай нарадзе вырашылі — буду паступаць у БДАМ. І зноў стала студэнткай.

Аднак першыя апладысменты ў тэатры Вольга заслужыла не ў якасці салісткі. Якраз праходзіў чарговы Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў, і ў Вялікі тэатр Беларусі патрэбны быў перакладчык. Кіраўнік Streamline парэкамендаваў звярнуцца да Вольгі Маліноўскай.

— Калі мяне запрасілі на вакансію вядучага спецыяліста міжнароднага аддзела, паспрабавала адмовіцца, матывуючы тым, што чацвёра дзяцей, вучоба ў акадэміі і ёсць жаданне трапіць у тэатр у якасці выканаўцы, — заўважае суразмоўніца. — Але ўгаварылі. І я з галавой паглыбілася ў працу. Перакладала выступленні на прэс-канферэнцыях з замежнікамі, праводзіла экскурсіі па тэатры для дэлегацый.

У 36 гадоў Вольга Маліноўская ўпершыню выйшла на сцэну. З таго часу праспявала цэлы шэраг партый: хлопчыка і Папагена ў «Чароўнай флейце», Керубіна ў «Вяселлі Фігаро», Мерседэс у «Кармэн», Сабураву ў «Царскай нявесце», Лаўру і Іаланту ў «Іаланце». Яе амплуа — характэрныя персанажы.

— Мне дарагія ўсе ролі, — падкрэслівае Вольга. — Але самая любімая, мабыць, Цвыркун у «Пінокіа»: у пастаноўцы ўдзельнічала з першага дня і спаўна адчула радасць ад стварэння новага спектакля. Некалькі разоў даводзілася вучыць партыі ў вельмі сціслыя тэрміны. Так было, напрыклад, з партыяй першага хлопчыка ў «Чароўнай флейце». Вельмі выручала веданне нямецкай.

Новая прафесія дорыць Вользе Маліноўскай ні з чым непараўнальныя эмоцыі. Яе неверагодна натхняюць апладысменты, словы падзякі і шчаслівыя вочы гледачоў. Але і педагагічны досвед не-не, ды і просіць выхаду. У Вольгі ёсць вучні, якім яна дапамагае раскрываць вакальныя магчымасці. Не выключае, што ў будучыні прысвеціць сябе выкладанню.

Незапланаванае шчасце

41-гадовая Вольга Аляксандраўна Маліноўская ўсё яшчэ малады спецыяліст. І гэта ў той час, як яе старэйшы сын — 22-гадовы праграміст Яўген — ужо жанаты, 20-гадовая Лізавета вучыцца ў БДУІР, 16-гадовая Лада — у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры БДАМ па класе віяланчэлі, а 8-гадовы Давід там ж на аддзяленні харавога дырыжыравання.

Вольгу саму часам здзіўляе, што ў яе атрымалася такая вялікая сям’я.

— На старце нашых адносін мы не планавалі з Дзмітрыем чацвярых дзяцей, — прызнаецца Вольга Маліноўская. — Лічылі, трое дзетак — гэта мяжа. Але жыццё для нас святое. Давід стаў для нас вялікім благаславеннем, дазволіў раскрыць і рэалізаваць увесь бацькоўскі досвед.

Вольга прызнае: тыя ідэалістычныя правілы выхавання і развіцця, якіх яны з мужам першапачаткова збіраліся прытрымлівацца, не заўсёды спрацоўвалі, сутыкаючыся з асаблівасцямі сыноў і дачок.

— Мы нічога не забараняем дзецям, але імкнёмся тлумачыць «што такое добра, а што такое дрэнна», — дзеліцца Вольга Маліноўская. — Усіх з ранніх гадоў вадзілі ў царкву, вучылі хрысціянскім запаведзям. Старэйшым не навязваем сваіх поглядаў, хоць і нагадваем пра наступствы тых ці іншых учынкаў.

Сёння сабраць усю сям’ю разам няпроста. Яўген і Лізавета жывуць асобна. Дзмітрый шмат часу праводзіць у фермерскай гаспадарцы «Дзіяна» — ужо больш за тры гады ён займаецца вырошчваннем бульбы па новых тэхналогіях. І ўсё ж сямейныя ўрачыстасці для Маліноўскіх — гэта святое. Ёсць і рытуалы, якіх яны стараюцца прытрымлівацца. Так у суботу раніцай Вольга становіцца каля пліты і гатуе бліны. І няхай усё астатняе пачакае.

Вольга разумее: ёй фантастычна пашанцавала з блізкімі, роднымі, якія падстаўлялі плячо і стварылі ўмовы для прафесійнай рэалізацыі.

— Маючы чацвярых дзяцей, я прывыкла да сітуацыі, калі штосьці з запланаванага можа пайсці не па плане. Нярэдка даводзіцца перастройвацца на хаду, тэрмінова мяняць парадак дня, — кажа Вольга Маліноўская. — Таму даўно прывучыла сябе жыць «у адсеку сённяшняга дня», як раіў Дэйл Карнегі. Са сваімі праблемамі мы як-небудзь справімся. Хочацца большай гармоніі і прадказальнасці ад навакольнага свету.

— А яшчэ адно дзіця хочацца? — развітваючыся са сваёй гераіняй, задаю ёй правакацыйнае пытанне.

— Калі Бог дасць, мы, вядома, прымем і пятага. Але ўсё часцей апошнім часам лаўлю сябе ўжо на думках аб унуках, — смяецца Вольга.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ, фота прадстаўлена Вялікім тэатрам Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».