Вы тут

Валянціна Быстрымовіч: Шкада ўвесь наш жаночы род


Новы калектыў паказаўся злосным. А магчыма, гэта мы, тры жанчыны, перакладзеные з іншай арганізацыі, здаліся ім змяюкамі падкалоднымі, толькі даймаць яны нас сталі па-чорнаму. Асабліва старалася эканамістка Мітрафанаўна, жанчынка з вострым і атрутным язычком. Яна давала ўстаноўку, астатнія трымаліся зададзенага ёю напрамку. Жанчыны сябравалі супраць нас, а мужчыны стараліся не ўмешвацца.


Фота: pixabay.com

Раней мы працавалi у дружны калектыве, але на жаль нашу арганізацыю расфармавалі, калег скарацілі, а я, Наташа і Любоў Сяргееўна не падлягалі скарачэнню: я — малады спецыяліст, Любові Сяргееўне год да пенсіі, а ў Наташы маленькае дзіця.

Наташу і Любоў Сяргееўну праз пару месяцаў вымусілі сысці. А я стаяла ў чарзе на атрыманне жылля, так што сыходзіць было нельга. Зліццё арганізацый пацягнула і зліццё чэргаў на жыллё — магчыма, гэта і была галоўная прычына імкнення выжыць пачаткоўца. Мяне люта ненавідзела бухгалтар Крысціна, яна апынулася ў чарзе за мной, а яе падтрымлівала ўся бухгалтэрыя. Нейтралітэт трымала толькі Лена, яна таксама працавала не так даўно.

— Не звяртай увагі — супакойвала яна. — Табе патрэбна кватэра? Цярпі.

Ігнаруючы нападкі, я працягвала працаваць. Паступова напружанне спадала. Мітрафанаўна радзей рабіла заўвагі аб маіх старых ботах або вязанай кофце. А галоўны бухгалтар не запярэчыла супраць налічанай мне надбаўкі ў памеры 10 рублёў. Нават Крысціна пачаставала мяне кавай.

Аднойчы гэтая Крысціна запрасіла ўсіх да сябе дадому на дзень нараджэння. Паклікала і мяне — значыць, палічыла «сваёй». Я папрасіла мужа забраць дзіця з садка, а сама надзела сукенку ў маленькіх ружаньках. Зрэшты, адчувала сябе ў ёй няўпэўнена і баялася трапіць у недарэчную сітуацыю.

Жыла Крысціна ў прыватным сектары ў хаце свякрухі. У двары лазня, побач садок. Муж Віктар — прыгажун, лётчык. Трое дзетак. Усё, што трэба для шчасця.

Прыйшлі і шасцёра калег Віктара, таксама лётчыкі. Гэта падбадзёрыла нашых дам. Свякроў Крысціны завіхалася, мужчыны заляцаліся да жанчын. З’явіўся баян, пачаліся танцы. Мітрафанаўна сыпала тостамі. Народ весяліўся.

Мяне запрасіў танчыць белабрысы лётчык, і я скурай адчула зласлівыя погляды жанчын. «У мяне ў калектыве адносіны толькі сталі наладжвацца. Лепш сысці крыху раней, каб не выклікаць раздражнення», — вырашыла я. Але нас зноў пасадзілі за сталы, і мне давялося застацца да наступнага перапынку на танцы.

Мяне не цікавіла асабістае жыццё калег, сваё б наладзіць. Але я звярнула ўвагу, што Крысціна на шчаслівую жанчыну не падобная, у вачах туга і страх, хоць, здавалася б, муж Віктар — прыгажун: валасы як смоль, блакітныя вочы, магутнае целаскладанне, ямачкі на цяжкім падбародку... і лётчык!

Рабілася шумна. Віктар за сталом апынуўся побач са мной. Ён сеў, як бы адгарадзіўшы мяне ад астатніх. Не адрываючы погляду, прапанаваў тост:

— За прыгожую!

Яго падтрымалі, а я з асцярогай глянула на калегаў. Пашанцавала — не пачулі. Наступіла тая ступень ап’янення, калі кажуць усе, але кожны слухае толькі сябе. Трэба было сыходзіць, пакуль Крысціна не заўважыла, як яе муж тарашчыцца на мяне.

Аднак выбрацца з-за стала было складана — Віктар загароджваў шлях. «П’яны да страты кантролю над сабой», — здагадалася я, прыкідваючы, як ўцячы. Кінула ўмольны позірк на белабрысага, і той запрасіў мяне на танец. Проста падняў і выцягнуў праз лаўку.

Калі танец скончыўся, я непрыкметна выслізнула ў сенцы, каб сысці па-англійску, але там мяне нечакана і дзёрзка падхапілі моцныя мужчынскія рукі. Віктар, нягледзячы на маё супраціўленне, хутка нёс мяне ў лазню.

— Адпусці! — закрычала я.

Віктар амаль бег, яго блакітныя вочы зрабіліся шклянымі.

— Крысціна, Крысціна! — крычала я, але дзверы лазні за намі зачыніліся і крук упаў.

Сітуацыя патавая.

— З розуму сышоў! — лямантавала я — У мяне муж, дзіця, у цябе жонка, дзеці. Як ты ім у вочы глядзець будзеш? Як я заўтра прыйду на працу? Мяне звольняць — спрабавала я яго абразуміць. — Неадкладна выпусці!

Віктар тупа глядзеў на мяне, потым схапіў у ахапак і пачаў цалаваць.

— Ды пусці ты! — я з сілай адштурхнула яго і зарыдала ў голас, горка, па-бабску, як галосяць на пахаванні.

Віктар застыў у нямым здзіўленні, а потым у яго поглядзе нешта мільганула, і ён сеў на лаўку, абхапіўшы рукамі галаву.

— Э-эх — выдыхнуў з горыччу.

Як апараная я выскачыла з лазні. Насустрач мне беглі Крысціна, яе свякроў і белабрысы лётчык.

— Дзе ён? — крыкнула Крысціна, чырвоная ад абурэння.

— Там, — матнула галавой я.

Ногі самі выносілі мяне прэч. Здавалася, усё гэта страшны сон, са мной такога не магло адбыцца.

Віктар відавочна быў не ў сабе. Я ўспомніла зашклёныя вочы! Хіба спіртное здольна так зацямніць розум? Але калі ён такі п’яны, чаму так лёгка нёс мяне?

Цяпер на працы мяне з’ядуць жыўцом, ясна як божы дзень. І чым далей я выдалялася ад хаткі Крысціны, тым больш трагічнай і недарэчнай здавалася сітуацыя.

Я нічога не сказала мужу, не хапала яшчэ аднаго скандала. Раніцай на працу ногі не ішлі, але чарга на кватэру...

Мяне чакаў калектыў, у якім я і раней лічылася адшчапенкай, а цяпер і зусім «праславілася». Насмешлівыя, злыя, пагардлівыя, але ў асноўным дапытлівыя погляды. Як я ішла па калідоры? Сказаць, што з высока паднятай галавой і пачуццём уласнай праваты, — значыць схлусіць.

Ленка з цікаўнасцю падняла вочы.

— Як ты?

— Жудасць, — адказала я, — ён нечакана схапіў мяне і панёс. Я крычала.

— Ведаю. Трымайся, — шапнула яна.

У аддзел зайшла Мітрафанаўна.

— Не магла заняцца белабрысым лётчыкам? Гаспадара табе падавай! У Крысціны сям’я можа распасціся. Хоць бы папрасіла прабачэння у яе.

— Ён сам схапіў мяне! — паспрабавала апраўдвацца я.

— Чаму не крычала?

— Я крычала.

— І што ты крычала? «Крысціна»? Нічога лепш не прыдумала, чым жонку клікаць, калі яе муж цябе на руках нясе.

Вочы Мітрафанаўны гарэлі, нос зморшчыўся так пагардліва, што нават сагнуўся.

Я выскачыла з аддзела. У такой сітуацыі, якi бы бязвінны ні быў, усё роўна вінаваты. Уляцеўшы ў бухгалтэрыю, натыкнулася на пяць пар вачэй, прапальваушых мяне. Але было не да іх.

— Я прыйшла папрасіць прабачэння, — звярнулася я да Крысціны. — Растлумачыць. Твой муж не разумеў, што рабіў.

Крысціна не дала дагаварыць, як каршун накінулася на мяне з пагрозамі:

— Калі мая сям’я распадзецца, я і тваю разбуру!

Я ўбачыла яе твар, апухлыя ад слёз вочы, і мне стала шчыра шкада і яе, і сябе, і ўвесь наш жаночы род.

Зачыніўшыся ў прыбіральні, я правяла ўвесь дзень у слязах. Ленка стукала ў дзверы і спрабавала мяне супакоіць.

Вядома, пасля такога выпадку мяне б абавязкова выжылі. Пашанцавала — патэлефанавала сяброўка і запрасіла перайсці да іх.

— Мы ў падпарадкаванні таго ж трэста, чарга на жыллё захоўваецца, — сказала яна.

Я з радасцю пайшла. Час ад часу перасякалася па працы з былымі калегамі. Як ні дзіўна, яны на мяне не злаваліся, апынуліся прыемнымі і ветлымі людзьмі.

У Крысціны і Віктара нарадзілася чацвёртае дзіця, значыць, у сям’і ўсё добра. Гэта мяне парадавала. Неўзабаве і Лена перайшла на іншую працу, пасварыўшыся з Мітрафанаўнай.

Прайшло 20 гадоў. Учора я сустрэла Лену, яна сказала, што Мітрафанаўна сур’ёзна хворая.

— Усе лічылі яе вельмі шкоднай і зусім адвярнуліся.

— Гэта было даўно, — спыніла я яе. — І не заўсёды чалавек кантралюе сітуацыю. Ты памятаеш маю гісторыю з лазняй? Давай наведаем хворага чалавека.

Лена катэгарычна адмовілася.

Я патэлефанавала Мітрафанаўне. Па праўдзе кажучы, не думала, што гэта будзе для яе стрэсам. Але яна вельмі расхвалявалася.

— Прабач нас, прабач! — паўтарала яна. — Сама не ведаю, чаму мы тады былі такімі сцервамі, чаму на цябе нападалі.

— Забудзьцеся, — сказала я. — Трэба памятаць толькі добрае, а маладосць — гэта заўсёды добра. Раскажыце, як вы. Можа, патрэбна дапамога? Наведаць вас?

Я ўгаварыла Лену паехаць да Мітрафанаўны.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свінец паўсюль? Як гэты цяжкі метал забрудзіў планету і хто вінаваты

Свінец паўсюль? Як гэты цяжкі метал забрудзіў планету і хто вінаваты

Таксічныя рэчывы можна знайсці ва ўсім, што нас акаляе.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.