Вы тут

Іван Кірчук у Ноч музеяў прадставіў адметныя монаспектаклі


Фалькларыст, адметны артыст і пісьменнік Іван Кірчук — ведаеце яго? Днямі, дарэчы, прэзентавалася ў мінскай «Акадэмкнізе» новае выданне «Кветка Перуна» — плён працы яго як навукоўца, выкладчыка, супрацоўніка Інстытута культуры Беларусі. Гэты ж каларытнай знешнасці чалавек, шчодра ўпрыгожаны талентамі, у росквіце гадоў і сіл (у 63-гадовага Івана Іванавіча малодшаму сыну Лаўру два годзікі) у старадаўняй Лошыцкай сядзібе зладзіў для ўсіх ахвочых у Ноч музеяў два монаспектаклі.


Іван Кірчук расказвае пра сакрэты беларускага вяселля. Пры тым грае на розных інструментах, спявае, паказвае інтэрмедыі з лялькамі.

Дарэчы: усе імпрэзы праходзілі на гэты раз у мінскай Лошыцы пад дэвізам «У віры традыцый». На паддашку сядзібнага дома (дзе месціцца выстава «Скарбонка памяці») Іван Кірчук паказваў днём «творчы тэт-а-тэт „Пра сакрэты беларускага вяселля“». А пазней, ужо ўночы, працавала яго ж «Майстэрня музыкі „Карагод жыцця“» — па сутнасці, гэта паказаны раней на розных сцэнічных пляцоўках, у тым ліку і ў Беларускай дзяржфілармоніі (2019), монаспектакль «Дарожка мая». Неяк Іван Кірчук прызнаўся, што матэрыялы да сцэнара збіраў гадоў дзесяць, і здолеў скампанаваць усё ў сцэнічную дзею. Аснова яе —песні з яго ж сольнага альбома «Спадчына загінуўшых вёсак». Выкарыстоўваў спадар Іван і акадэмічныя архівы, унікальныя радыёзапісы, што ўвабралі ў сябе народны досвед пра поры года, асноўныя стыхіі, глыбінны сэнс народных святаў, знакавых падзей на жыццёвых дарожках беларусаў. Гучала ў спектаклі можа з 40 песень, і граў музыка больш чым на 30-ці народных інструментах.

Абедзве дзеі, што прадставіў Іван Кірчук, — унікальныя. У «Вясельнай» аповеды пра глыбокія, патаемныя сэнсы беларускіх народных звычаяў, абрадаў і традыцый лёгка дапаўняюцца ігрой на розных і незвычайных інструментах, спевамі. Ды так арганічна ўсё спалучана, паяднана — дзіву даешся! І вобраз сівабародага, доўгавалосага фалькларыста, што віртуозна выконвае сінкрэтычную ролю і мудрага ведуна-чарадзея, і гусляра-спевака, і дудара — усіх заваражыў.

Дарослыя і дзеці акунуліся «у вір традыцый»! А дзіва ў чым? Што высокае мастацтва шчодра працінае жывымі токамі-гукамі фалькларыстычную навуку. І навука — веда! — нібы замешваецца на нашых вачах як цеста ў дзежцы (а дзежка ж ёсць на сцэне ў дзеі «пра вяселле»), цудоўным караваем падыходзіць на дражджах традыцый продкаў. Ды потым і нібы выпякаецца на нашых вачах чарадзеем з ліраю, акарынаю, гуслямі, жалейкамі, гармонікам... Толькі спажывай чарадзейны каравай ведаў, прыгожых вобразаў і гукаў — сабе на карысць ды ў радасць.

Амаль 40 гадоў займаецца Іван Іванавіч беларускім фальклорам. З матэрыялаў, назбіраных у экспедыцыях па Бацькаўшчыне, і сінтэзаваліся монаспектаклі.

Да таго ж ён добра вядомы аматарам спеваў і музыкі як кіраўнік музычных гуртоў «Дзіва» ды Тройца", якія паўдзельнічалі ў больш чым сотні розных фестываляў па ўсім свеце.

Атмасферу Ночы музеяў у Лошыцкай сядзібе цудоўна дапаўнялі і пахі-водары яблыневых садоў: яны стаяць у поўнай, позняй сёлета квецені. Яшчэ не асыпаліся кусты чаромхі, зацвітае бэз. А яшчэ спевы птушак... Проста райская мясціна! І хоць Ноч музеяў закончылася, але ж прыемныя ўспаміны пра яе — засталіся.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.