Вы тут

Джэнтльменскі характар і магія фота


У маёй знаёмай ёсць брат — вельмі таленавіты, творчы малады чалавек. Апошнія месяцы яго як быццам падмянілі. Такое адчуванне, што Саша страціў інтарэс да ўсяго, што хвалявала раней. У выніку яго з-за прагулаў звольнілі з працы. Як аказалася, усяму віной — шызафрэнія, якая праявілася ў лёгкай форме. Пасля выпіскі з бальніцы хлопец цэлымі днямі ляжыць у ложку і нічога не хоча рабіць. На фоне апатыі і дэпрэсіі яго самаацэнка апусцілася ніжэй за плінтус. Сястра хоча яму неяк дапамагчы, выцягнуць з чатырох сцен. Але не ведае, як. Знаёмая параіла для пачатку паспрабаваць знайсці яму справу па душы, чымсьці зацікавіць. Нядаўна ў інтэрнэце натрапіла на старонку Брэсцкага Клубнага дома, які якраз займаецца рэабілітацыяй людзей з псіхічнымі асаблівасцямі. Там, адразу бачна, працуюць вельмі крэатыўныя людзі. Яны пастаянна фантануюць ідэямі — прыдумляюць незвычайныя сацыяльныя праекты, каб дапамагчы сваім падапечным павысіць самаацэнку і адчуць упэўненасць і сваіх сілах. Бо на шляху рэабілітацыі важны баланс: медыкаментознае лячэнне — гэта добра, але многае залежыць ад асяроддзя, у якім знаходзіцца чалавек. 


Адчуць сябе зоркай...

«GQ» — так называецца папулярны міжнародны мужчынскі часопіс. На вокладцы кожнага нумара — фота паспяховых і дагледжаных мужчын. 

— Менавіта стыльныя вокладкі гэтага часопіса і натхнілі нас на чарговы сацыяльны праект, які стартаваў на пачатку года, — распавядае псіхолаг Брэсцкага Клубнага дома Таццяна КАСЦЮК. — Мы яго так і назвалі «GQ» (або «Джэнтльменскі характар»). Сутнасць праекта ў тым, каб памяняць імідж людзям з псіхічнымі захворваннямі. Тым самым паказаць ім, як стрыжка можа палепшыць знешні від чалавека, як з яе дапамогай можна набыць упэўненасць і павысіць самаацэнку. У творчым эксперыменце прынялі ўдзел тры члены Клубнага дома — Арцём, Нікан і Валерый. Адмыслова выбіралі мужчын рознай знешнасці, рознага эмацыйнага стану, з рознымі дыягназамі, розных узростаў. Самаму малодшаму ўдзельніку 22 гады, старэйшаму — 54. 

Усё пачалося з таго, што супрацоўнікі Клубнага дома выпадкова пазнаёміліся з маладым барберам (мужчынскі цырульнік) з Брэста. Паўлу вельмі спадабалася ідэя па змене іміджу людзей з псіхічнымі расстройствамі. Таму ён, не раздумваючы, пагадзіўся зусім бясплатна дапамагчы героям праекта змяніць прычоску. Брэсцкая фотастудыя «Цыкларама» на дабрачынных пачатках дала ў арэнду памяшканне, дзе і адбываліся здымкі. Працэс змянення герояў фатаграфавала сама гаспадыня фотастудыі Алена. Акрамя таго, у здымках праекта прымаў удзел даўні сябар Брэсцкага Клубнага дома фатограф Сяргей Некрашэвіч. 

Калі мы прапанавалі мужчынам змяніць прычоску, чэсна скажу, сумненні ў іх усё ж такі былі, — працягвае Таццяна. — Бо не часта яны мяняюць штосьці ў сваім свеце, у тым ліку і ў знешнасці. Спачатку да пераменаў скептычна аднесліся бацькі аднаго з герояў праекта. Бо мы нікому не казалі, якім будзе новы вобраз. І яны баяліся, што сыну заплятуць дрэды ці пафарбуюць валасы ў іншы колер. Але ў выніку хлопец сказаў, што давярае нам: «Ведаю, што ў Клубным доме не зробяць так, каб мне было непрыемна». Вынік усіх вельмі парадаваў. Мы са здзіўленнем і захапленнем назіралі буру эмоцый на іх тварах, калі мужчыны глядзелі ў люстэрка і бачылі сябе ў іншым вобразе. Атмасфера падчас стрыжкі панавала неверагодная. Дзякуючы змене іміджу людзі з ментальнымі асаблівасцямі ўбачылі сябе з іншага ракурса, адчулі штосьці новае. Гэта важна падчас рэабілітацыі. Мы, вядома, пачалі пытацца ў герояў праекта: «Як ты сябе зараз адчуваеш, што новае ўзнікла ўнутры?» Арцём зараз шукае працу. «Я сам сабе падабаюся! Хоць цяпер гатовы ісці на сумоўе». Я як псіхолаг бачу, што ў яго імгненна павысілася самаацэнка, з’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах. Нікан сказаў, што адчуў сябе зоркай тэлешоу. «Такога са мной яшчэ не было. Адчувае маё сэрца, што хутка пачнецца новы этап у маім жыцці». Самы старэйшы ўдзельнік эксперыменту Валерый сказаў, што ўпершыню быў у сапраўднага барбера. У звычайнай цырульні яго стрыглі стандартна, як усіх. Ніхто не прыдумваў вобраз. А тут ён адчуў клопат, увагу да сябе ад зусім незнаёмага чалавека. Гэта было так кранальна. Да слёз. 

Калі мужчыны вярнуліся з новымі прычоскамі ў Клубны дом, усе глядзелі на іх неадрыўна. У Арцёма да эксперыменту, напрыклад, былі дастаткова доўгія кучаравыя валасы, а сталі кароткія, па-іншаму ляглі. Нават паверыць цяжка, што гэта ён. «Арцём, гэта ты? Мы цябе нават адразу не пазналі, табе пасуе, працягвай падтрымліваць гэты стыль». А жаночая палова Клубнага дома пыталася, ці будзе падобны праект для іх. 

Фінальным акордам «Джэнтльменскага характару» стане фотавыстава Сяргея Некрашэвіча. Сваімі фотаздымкамі ён хоча развеяць стэрэатып, што ў людзей з псіхічнымі захворваннямі ў сувязі з ужываннем таблетак адсутнічаюць непадробныя эмоцыі і яны ходзяць з каменнымі тварамі. 

— Мы хацелі праз паляпшэнне знешняга выгляду дапамагчы людзям з ментальнымі асаблівасцямі адчуць сябе прыцягальнымі і значнымі, — працягвае Таццяна. — Даць ім магчымасць убачыць свой унутраны патэнцыял і раскрыць нерэалізаваныя магчымасці. Адзенне, падабранае па памеры, прычоска — выдатны рэсурс для павышэння самаацэнкі, які часта недаацэньваецца. Акуратны знешні выгляд садзейнічае ўпэўненасці ў сабе, дапамагае адчуць сябе расслаблена. А з самаацэнкай у людзей з псіхічнымі захворваннямі, як правіла, праблемы. Не сакрэт, што чалавек можа падацца нецікавым толькі таму, што ён сам так лічыць і ад таго адчувае няёмкасць. Таму вельмі важна развіваць упэўненасць у сабе. Цяпер нашы героі могуць прыйсці ў кампанію сяброў і распавесці не толькі пра тое, што выпісалі новыя лекі, але і што вырашыліся на кардынальныя змены знешняга выгляду. А хто ведае, можа, потым яны натхняцца на штосьці большае...

...і выступіць у ролі эксперта 

Яшчэ адзін цікавы праект Брэсцкага Клубнага дома звязаны з пінхол-фатаграфіяй. Усе, напэўна, чулі пра камеру-абскура — папярэднік сучасных лічбавых «мыльніц» і люстэркавых фотаапаратаў. Гэта прыбор (святлонепранікальная скрыня з маленькай адтулінай у цэнтры адной са сценак), які дае магчымасць узнаўляць у паменшаным выглядзе прадметы, якія перад ім знаходзяцца. У прыватнасці, Леанарда да Вінчы актыўна выкарыстоўваў камеру-абскура для сваіх замалёвак. Бліжэй да нашага часу для камеры-абскура з’явілася новая назва — пінхол (ад англійскай pinhole — адтуліна, зробленая шпількай). 

Вельмі складана вызначыць месца пінхола ў сучаснай фатаграфіі: для кагосьці здымаць самаробнай камерай з адтулінай замест аб’ектыва — гэта забаўка, для кагосьці — даніна караням фатаграфіі, а для кагосьці — чароўны кантакт з рэальнасцю і шырокае поле для творчых эксперыментаў. Для людзей жа з псіхічнымі захворваннямі — гэта новы спосаб рэабілітацыі.

Мы далі магчымасць членам Клубнага дома навучыцца рабіць такія фотаздымкі, -распавядае мая суразмоўніца. — У гэтым нам дапамаглі валанцёры — брэсцкія пінхалісты. Яны навучылі рабіць сваімі рукамі з падручных матэрыялаў (з запалкавых пушак, кардонных каробак, алюмініевых бляшанак з-пад кавы) пінхол-камеру. Мы запраўлялі туды фотапаперу і адпраўляліся на фотапаляванне. 

Каб зрабіць здымак, трэба ўсталяваць камеру на штатыў, накіраваць на аб’ект і адсунуць затвор. Аптымальную вытрымку можна вылічыць на практыцы або даведацца з дапамогай спецыяльных мабільных дадаткаў, прысвечаных пінхол-камерам. У адрозненні ад фотаапаратаў з лінзамі, выява атрымліваецца крыху размытай. Ступень размытасці рэгулюецца памерам адтуліны. Здымкі на такія камеры непрадказальныя, але гэта якраз і лічыцца адной з прывабных асаблівасцяў пінхол-фатаграфій. 

Стартаваў праект з канца мінулага года. За некалькі месяцаў людзі з псіхічнымі захворваннямі набылі новыя веды і навыкі па стварэнні пінхол-фотаздымка: ад вырабу пінхол-камеры да праяўкі здымкаў у «хімічнай лабараторыі». З пачатку года прайшло ўжо дзве выставы-фотасушкі «Нябачныя». 

— На іх паказвалі пінхол-фатаграфіі, створаныя падчас гэтага праекта. Акрамя таго, мы раздрукавалі 300 паштовак з фотапейзажамі Брэста — работамі членаў Клубнага дома — і раздаём іх усім ахвотным. Людзям вельмі падабаецца, бо гэтыя паштоўкі вельмі арыгінальныя і іх можна падпісаць ды адправіць па пошце сябрам. На фотасушках мы паказвалі наведнікам чамадан пачынаючага пінхаліста, у тым ліку і самаробныя пінхол-камеры. І запрашалі ўсіх далучацца да праекта. 

Супрацоўнікі Клубнага дома распрацавалі навучальны курс на год па пінхол-фатаграфіі. Цікава, што людзей ужо будуць абучаць не валанцёры, а непасрэдна людзі з ментальнымі асаблівасцямі. Вынікам фотапаляванняў па дворыках Брэста будзе яшчэ адна інклюзіўная выстава. 

Тут самае галоўнае — занятасць людзей, даць ім магчымасць навучаць іншых, адчуць сябе ў ролі экспертаў, — кажа псіхолаг. — Бо набыццё новых уменняў і навыкаў надае любому чалавеку, у тым ліку і з псіхічным захворваннем, упэўненасць у сабе. Дыягназ — гэта не прысуд. Ёсць багата прыкладаў, калі людзі з псіхічнымі захворваннямі знаходзяць сябе, шмат чаго робяць на карысць іншых. Некаторыя, пахадзіўшы на арт-тэрапію, рэалізуюць сябе ў мастацтве, пішуць цудоўныя каріцны. Многія займаюцца іншымі відамі творчасці, рамесніцтвам. Ёсць людзі, якім удаецца знайсці працу. Некаторыя з іх займаюцца псіхаактывізмам і на сваіх асабістых блогерскіх каналах адкрыта расказваюць пра сваё захворванне, тым самым руйнуюць стэрэатыпы пра людзей, якія маюць псіхічнае расстройства. Ведаеце, у іншых трэба адкрываць скарбы, а не шукаць дэфіцыты. Навучыцца глядзець на чалавека, а не на яго дыягназ, звяртаць увагу на яго моцныя бакі і патэнцыял. І гэта датычыцца любых людзей. Значна прадуктыўней заўважаць і хваліць за добрыя ўчынкі і якасці, чым акцэнтавацца на недахопах. Гэта не толькі ўмацоўвае адносіны, але і натхняе вашых блізкіх станавіцца лепшымі. 

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота прадстаўлены Брэсцкім Клубным домам

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.