Вы тут

Ключ без права перадачы: як патранатныя выхавальнікі дапамагаюць сіратам


Вось ужо больш за год жыццё 44-гадовай Лізаветы звязана з жыццём выхаванкі аднаго з дзіцячых дамоў Мінска Аліны. За гэты час жанчына зведала мноства самых розных эмоцый, але ні разу не пашкадавала аб тым, што вырашылася працягнуць «ніткі сяброўства».


Дырэктар Арцём Галавій, псіхолаг Вольга Галаўнёва, smm-менеджар Юлія Пятрова, сацыяльныя педагогі Вольга Камай і Дзмітрый Свірыдзенка

Няпростае рашэнне

Лізавета вырасла ў вялікай дружнай сям’і і заўсёды марыла стварыць такую ж. Але як вядома: «чалавек мяркуе, а Бог мае». Ёй пашанцавала з роднымі, сябрамі, прафесіяй, а вось з уласнай сям’ёй — не атрымалася.

Яе заўсёды захаплялі людзі, здольныя дапамагаць і падтрымліваць суграмадзян з абмежаванымі магчымасцямі, бяздомных, дзецей і жывёл, якія не па сваёй волі апынуліся ў адзіноце і бядзе. Велізарную павагу выклікалі мужчыны і жанчыны, якія ўсынаўляюць сірот. Але сама на такі крок вырашыцца не магла. Па сацсетках сачыла за дзейнасцю ўстановы па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніткі Сяброўства», лайкамі падтрымліваючы дарослых, якія станавіліся патранатнымі выхавальнікамі. Доўгі час лічыла — гэта нейкія асаблівыя, выдатныя, незвычайныя людзі.

— Патранатны выхавальнік — гэта не ўсынавіцель і не апякун, але ўсё роўна ён нясе адказнасць за дзіця, — адзначае Лізавета. — Для такіх адносін трэба знайсці і сілы, і час, мець пэўную маральную гатоўнасць і эмацыйную сталасць. Мне падабаецца дзяліцца ведамі і сацыяльным досведам, але я доўга сумнявалася, ці змагу зладзіцца з патранажам. У ліпені 2020 года ўбачыла запрашэнне жадаючым прыйсці на сустрэчу ў «Ніткі Сяброўства». Адгукнулася. Выйшла адтуль у змешаных пачуццях. Але запоўніла анкету для сумоўя з псіхолагам і падрыхтавала неабходныя дакументы.
Кваліфікаваныя спецыялісты тлумачаць дарослым асаблівасці дзяцей-сірот, папярэджваюць аб рызыках, якія маюць месца ў адносінах з імі. І псіхолаг, і сацыяльны педагог на працягу ўсяго перыяду навучання працавалі з Лізаветай. Яна не хавала сваіх сумневаў. Але ў адзін цудоўны дзень зразумела: калі не вырашыцца зараз, не вырашыцца ніколі. У лютым 2021 года жанчына стала патранатным выхавальнікам для 11-гадовай Аліны.

Ліза плюс Аліна 

— Якой бы ты ні ўяўляў карціну сваіх адносін з дзіцём, усё роўна жыццё абавязкова паднясе нечаканасці і сюрпрызы, — падкрэслівае мая суразмоўца. — Наша з Алінай гісторыя развівалася непрадказальна. Вось дамаўляемся з ёй аб сустрэчы загадзя. З іншага канца горада пасля працы накіроўваюся ў дзіцячы дом, спланаваўшы сумесны вольны час, перакроіўшы асабістыя планы. Прыязджаю і бачу — Аліна стаіць разам з групай дзяцей на парозе: вырашыла пайсці ў Макдональдс, куды іх запрасілі валанцёры. Падобныя сітуацыі паўтараліся не аднойчы. Першы час «крыўдзілася» на Аліну як малое дзіця. Але сама стала нагадваць сабе: «Я — дарослая, давер дзяўчынкі з няпростым лёсам трэба заваяваць». Што да ўласных чаканняў і спадзяванняў, за гэты год у мяне разбілася некалькі пар ружовых акуляраў, у тым ліку шклом унутр. Самае галоўнае, што трэба ўсвядоміць і прыняць — у гэтых адносінах бессэнсоўна чакаць падзякі, разлічваць на нейкі вынік. Важна настройваць сябе на безумоўную аддачу: рабі як трэба і будзь, што будзе.

Нават у адносінах з роднымі дзецьмі далёка не заўсёды атрымліваецца наладзіць эмацыйную сувязь, дабіцца жаданых вынікаў, дачакацца падзякі. Што ж казаць аб сацыяльных сіротах з іх негатыўным, траўматычным досведам, атрыманым у сваіх сем’ях? Таму для дапамогі выхавацелям, педагогам дзіцячых дамоў і патрэбны «дадатковыя сілы» неабыякавых, зацікаўленых дарослых: неабходна праявіць да кожнага хлапчука і дзяўчынкі індывідуальны падыход, падрыхтаваць іх да жыцця ў складаным знешнім свеце, сацыялізаваць, пераканаць у тым, што на іх падтрымку у любой сітуацыі можна разлічваць.

— Аліна па прыродзе сваёй добрая і спагадлівая, — тлумачыць Лізавета. — Яна заўсёды дзеліцца са сваімі братамі і дзецьмі ў групе тым, што я ёй купляю. Дзяўчынка вучыцца слухаць і прыслухоўвацца, праяўляе цікавасць, калі нешта не зразумела. Але для сацыялізацыі, асабістага развіцця ёй патрэбна дапамога. Першы час дарыла Аліне што-небудзь і пыталася: «Ну як табе?» І чула ў адказ традыцыйнае: «Нармальна». «Аліна, ну што ўвесь час нармальна ды нармальна?» — не вытрымлівала я. Пачынала прапаноўваць варыянты: «Можна адказаць: выдатна, цудоўна, прыгожа». Або гуляем па лесе, і я пачынаю апісваць яго, каб дзіця чула: «Гэты лес зялёны, густы, змяшаны». Гуляючы ў горадзе, расказваю пра вуліцы,пра цікавыя падзеі, якія тут адбываліся. Чытаем казку «Каралеўства крывых люстэркаў» і высвятляецца, што кожнае трэцяе слова Аліне не вендае. Выпісваем, высвятляем, запамінаем«.

11-гадовая дзяўчынка, апынуўшыся ў вёсцы ў сваякоў Лізы, упершыню ўбачыла, як і дзе растуць арэхі і вельмі здзівілася. І такіх адкрыццяў за час зносін з патранатным выхавацелем у Аліны было мноства. Разам яны хадзілі ў грыбы, сеялі насенне, даглядалі кветкі, кансервавалі нарыхтоўкі на зіму, знаёміліся з цікавымі людзьмі, глядзелі на Мінск з вышыні агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, любаваліся адкрыццём сезона гарадскіх фантанаў, каталіся на катамаране. З цягам часу ў братоў Аліны таксама з’явіліся патранатныя выхавальнікі. І зараз ужо вялікай кампаніяй дарослыя з дзецьмі адпраўляюцца часам у Батанічны сад, аквапарк, на боўлінг ці на экскурсію.

Перыядычна Ліза імкнецца запрашаць Аліну на выходныя з начлегам да сябе дадому. Там знаёміць дзяўчынку са штодзённым побытам, далучае яе да ўборкі, расказвае пра тое, як размяркоўвае свой бюджэт.

Лізавета адзначае: многаму ёй самой даводзіцца вучыцца, праяўляць гнуткасць у адносінах з Алінай, лічыцца з яе асаблівасцямі. Напрыклад, пастаянныя напамінкі Аліне аб важнасці і неабходнасці вучобы прывялі да таго, што дзяўчынка стала пазбягаць кантактаў. Каб аднавіць разуменне, Лізавета змяніла тактыку, і адносіны наладзіліся. Пахвала, рэгулярнае заахвочванне, калі ў дзіцяці нешта атрымліваецца, уплывалі значна больш эфектыўна, чым чытанне натацый.

Адкрыць сябе

Не ўсе з акружэння Лізаветы зразумелі і падтрымалі яе крок. Аднак зараз многія знаёмыя ўжо шчыра цікавяцца адносінамі з падапечнай.

— Не-не, ды і пытаюся ў сябе: наколькі я патрэбна Аліне, ці магу нечаму навучыць яе, ці з’яўляюся прыкладам для яе ў жыцці, — прызнаецца Лізавета. — Часам бачу абнуленне сваіх намаганняў, і рукі апускаюцца. Але значна часцей усё ж рада, што вырашылася і прыйшла ў «Ніткі Сяброўства». Вось я хварэла, і Аліна намалявала для мяне дыназаўрыка, а неяк змайстравала бранзалет. Бясконца даражу гэтымі падарункамі. Як бы там ні было, гэтая дзяўчынка ўзбагаціла маё жыццё. Такое задавальненне дзяліцца з ёй ведамі, досведам, даведвацца нешта новае і пра яе, і пра сябе. Часам еду на сустрэчу з Алінай пасля працы, стомленая, з кучай уласных праблем, якія трэба «разруліць». Потым пагавару з ёй, пасмяемся разам, і мне становіцца так цёпла на душы. Еду дадому ўжо ў выдатным настроі. 

Ніткі сяброўства, ніткі даверу... Каб іх працягнуць, заўжды трэба папрацаваць. Лізавета заўсёды захаплялася тымі, хто знаходзіць сілы і час клапаціцца аб іншых. Ёй здавалася, што людзі, здольныя бескарысліва рабіць дабро — нейкія выключныя. Пазнаёміўшыся з патранатнымі выхавацелямі, стаўшы адным з іх, зразумела: гэта адначасова звычайныя і незвычайныя дарослыя. Не героі, але яркія і глыбокія асобы, якія апроч сябе і сваіх праблем, бачаць тых, каму павезла менш. «Не Богі гаршкі абпальваюць». Часам усяго і трэба — зрабіць крок наперад, выйсці з зоны ўласнага камфорту, праявіць волю да таго, каб прымножыць дабро. І няхай твае намаганні не заўсёды маральна акупляюцца, няхай табе не заўсёды гавораць «дзякуй». Ты творыш дабро, а значыць удасканальваеш свет, становішся лепшай версіяй сябе самога. А гэта ўжо — вялікая справа.


Даведка:

Установа па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніткі Сяброўства» зарэгістраваная ў ліпені 2014-га. Сэнс яго дзейнасці ў тым, што да падлеткаў-сірот прымацоўваюцца патранатныя выхавальнікі, якія дапамагаюць у традыцыйна складаны пубертатны перыяд знайсці ў жыцці апору, не згубіцца ў такім няпростым свеце. За гады сваёй дзейнасці 45 патранатных выхавальнікаў (гэты статус у Беларусі замацаваны заканадаўча — заўв. аўтара) сталі сябрамі для 48 хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў.

Патранатнымі выхавальнікамі становяцца людзі самых розных прафесій, сямейныя і адзінокія, у асноўным ва ўзросце 25-45 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, пераважна жанчыны. Для паспяховых адносін даросламу і падлетку неабходна мець зносіны не менш за 2 гадзіны ў тыдзень на працягу мінімум года. Усе патранатныя выхавальнікі праходзяць сумоўе з псіхолагам і навучальны трэнінг, атрымліваюць заключэнне ад Упраўленняў па адукацыі і заключаюць дагавор з дзіцячым домам. Абавязковыя патрабаванні да дарослых — адсутнасць судзімасцяў, залежнасцяў, наяўнасць жыллёвых умоў, куды можна было б запрашаць сірот.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».