Вы тут

Фестываль прыгажосці і факельнае шэсце


Гасцінны горад са слаўнай гісторыяй, з адметнымі традыцыямі культурнага дыялогу, талерантнасці, побытавага шматмоўя зноў жыве ў прадчуванні вялікага свята.


Пасля «кавіднага» перапынку Гродна-такі сустрэне — на пачатку чэрвеня — Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур: ужо ў трынаццаты раз. Кавід, мы ведаем, парушыў ранейшыя планы, і ў 2020-м фестываль не адбыўся. Але ж — дачакаліся!

І адразу ўнясем яснасць: у Гродне па традыцыі, з 1996-га, раз на два гады быццам «зліваюцца рэкі» шматфарбнай нацыянальнай творчасці. Сыходзяцца ў «моры сяброўства», у вялікім заключным карагодзе прастаўнікі розных нацый ды нацыянальнасцяў Беларусі. Як паведамлялася ўжо, там чакаюць у госці больш за 800 чалавек: прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Пры тым арганізатары абяцаюць на трэці дзень святочную праграму для ўдзельнікаў на Аўгустоўскім канале: як тое было і ў 2018-м, на папярэднім, ХІІ фестывалі. Самі ж фэст-імпрэзы праходзілі па краіне ўжо з верасня 2021-га: тады Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адкрылі ў Мінску, на Дзень горада, з удзелам прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцяў. І амаль 9 месяцаў на канцэртных пляцоўках у рэгіёнах выступалі, адбіраліся для ўдзелу ў гродзенскім фэсце лепшыя нацыянальныя калектывы, салісты з раёнаў і абласцей. Так што ў Гродне дыяспары прадставяць найлепшае з таго, што маюць. Можна сказаць: сваіх зорак!

«Гэта вялікая, карпатлівая, творчая і надзвычай багатая па змесце падрыхтоўчая праца, якая ўрэшце і выводзіць усіх нас у заключны, святочны міжнацыянальны карагод: у Гродна! — гаворыць кіраўніца Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Шмат усяго будзе за тры дні: як кажуць, сачыце за праграмай. Выбірайце найбольш цікавыя для сябе імпрэзы ў раскладзе. Ну а знакавай падзеяй фестывалю стане, на мой погляд, і круглы стол «Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў», у падрыхтоўцы якога задзейнічаны Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Запрошаныя на свята два цікавыя творчыя гурты з замежжа: «Ретро-Хит» з горада Пушкіна, з-пад Санкт-Пецярбурга, і ансамбль «Надзея» — з Рыжскага беларускага таварыства «Прамень».

Запрашэнне такіх менавіта гасцей — цікавая фішка ад арганізатараў. Бо вакальны ансамбль «Надзея» акцэнтуе ў прасторы знакавага свята прысутнасць, «голас» беларускай дыяспары: а больш за тры з паловай мільёны нашых супляменнікаў жыве ў замежжы. Што да вакальнай групы «Ретро-Хит», то аснову яе рэпертуару складаюць хіты з 70-90-х: «залатога веку савецкай эстрады». А ў часе «Канцэрту памяці Уладзіміра Мулявіна» артысты, усе мужчыны, спяваюць хіты з рэпертуару Маэстра ў сцэнічных беларускіх строях. Яскравы штрышок у палітру фестывалю і пацвярджэнне: культура беларуская ёсць важная, значная і арганічная частка ў акіяне сусветнай.

І яшчэ пра ўдзельнікаў свята. Як вядома, у Беларусі зарэгістраваныя, вядуць працу дзясяткі нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, іх аргструктур, створаных прадстаўнікамі нацменшасцяў. Калі 18 мая ў Гродне праходзіла пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, то Ігар Петрышэнка, намеснік прэм’ер-міністра, казаў журналістам: «Нашы людзі засумавалі па гэтым фестывалі! Будзем яго праводзіць з 3 па 5 чэрвеня. У нас на канстытуцыйным узроўні зафіксавана роўнасць і рэалізацыя нацыянальных асаблівасцяў усіх народнасцяў, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У нас жывуць людзі 156 нацыянальнасцяў, з іх каля 25 дыяспар маюць 205 грамадскіх арганізацый. Гэта вельмі добры, цікавы аспект. У фестывалі культур прымаюць актыўны ўдзел амаль 30 дыяспар. Гэта людзі актыўныя ўсе, яны тут інкарпараваныя, і яны нашы: беларусы». Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што ў краіне прынята і рэалізуецца Нацыянальная праграма «Культура Беларусі», у якой ёсць пэўныя аспекты падтрымкі й развіцця розных дыяспар, ёсць адпаведныя інстытуцыйныя органы: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі ды іншыя структуры, арыентаваныя непасрэдна й на падрыхтоўку, якаснае правядзенне фестывалю.

Фестываль у Гродне за чвэрць стагоддзя набыў, напрацаваў нямала цікавых традыцый, аднак штораз ён паднаўляецца. Прыўносяцца новыя элементы ў цырымонію адкрыцця: кажуць, сёлета будзе тэатралізаванае факельнае шэсце. Знаходзяцца крэатыўныя хады ў плыні гала-канцэрта (у дзень адкрыцця фестывалю), у працы этнападворкаў — а на іх кожны зможа паглыбіцца ў адметнасці розных культур, касцюмаў, кухняў, рамёстваў... Не чужых для нас: носьбіты традыцый жывуць з намі побач.

Як расказвала журналістам начальніца ўпраўлення культуры Гродзенскага аблыканкама Алена Клімовіч, у першы дзень фестывалю пройдзе ўрачыстае адкрыццё Дома рыбака па вуліцы Замкавай. А там жа і бацька-Нёман зусім недалёка. Прычым будзе гэта своеасаблівая гістарычная рэканструкцыя. Запланавана і адкрыццё чарговай тэматычнай скульптуры ў гонар фестывалю.

Прадстаўнікі больш чым паўтары сотні нацыянальнасцяў жывуць у нашай краіне — у міры ды згодзе. Гэты каштоўны досвед беларуская нацыя, продкі нашыя выпакутавалі на сваім гістарычным шляху. Мы, як кажуць, з малаком маці ўпітваем у сябе прадаўнія традыцыі талерантнасці, верацярпімасці, міжнацыянальнай згоды. І хоць гаворым часам на розных мовах — але ж умеем знаходзіць паразуменне! Бо ведаем, як важна зберагаць мір, спакой, стабільнасць у грамадстве. І як важна, нягледзячы на ўсе выклікі сучаснасці, генераваць пазітыўны настрой у нашай шматнацыянальнай сям’і. Мяркую, кожны з удзельнікаў свята можа шмат расказаць і пра свой род, і свой шлях у Беларусь. А некаторыя — і пра тое, як на іх вачах адбывалася станаўленне самога фестывалю.

З ліку тых, каго можа ўжо лічыць ветэранамі фестываляў, і Георгій Егіазаран: кіраўнік Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства «Аястан» (створана ў 1990-м), да таго ж нязменны кіраўнік (з 2006-га) Кансультатыўнага міжэтнічнага савета, што дзейнічае пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Дарэчы, дзесяць гадоў таму за сваю актыўную грамадскую дзейнасць Георгій Анушаванавіч быў адзначаны медалём Францыска Скарыны. Ён, былы ерэванец, з 1979 года жыве ў Беларусі: працаваў па спецыяльнасці пасля заканчэння Кіеўскага інстытута інжынераў грамадзянскай авіяцыі. Толькі сёлета, месяц таму 68-гадовы былы супрацоўнік «Белавія» пайшоў на заслужаную пенсію, папярэдне падрыхтаваўшы сабе замену.

«Для ўсіх, хто далучаны да грамадскай дзейнасці ў нацыянальных суполках, да фестываляў нацыянальных культур гэтыя гродзенскія сустрэчы — надзвычай важныя! — адзначае Георгій Егіазаран. —Сёлета, напрыклад, быў ініцыяваны „фестываль прыгажосці“ сярод удзельніц фестывалю. І выказалі жаданне ў ім паўдзельнічаць ужо13 дзяўчат: розных нацыянальнасцяў. Мы рыхтуемся да святочнага шэсця, маем намер павялічыць колькасць гандлёвых кропак са стравамі армянскай кухні. Мы гатуем іх і для конкурсу, і каб частаваць гасцей. Тым займаецца, дарэчы, Нэла Грыгаран (прафесійны кухар, працуе ў сферы грамадскага харчавання), а таксама яе дочкі й сяброўкі. Усяго ж у Гродна паедзе каля 40 прадстаўнікоў, таленавітых людзей з армянскай дыяспары: як з Мінска, так і з рэгіёнаў — будуць спевакі з Бабруйска, Магілёва, Гомеля, Гродна. У чарговы раз едзе на фестываль танцавальны ансамбль „Эрэбуні“ на чале з Рузанай Аванесян. І спявак Ваграм Карапецян — даўні ўдзельнік фестываляў. Увогуле армянская дыяспара ўдзельнічае ў фэстах амаль ад пачатку: з 1998 года. Ёсць у дэлегацыі нашай і маладзейшыя: можна сказаць, равеснікі фестывалю».

Усяго ж у Беларусі цяпер жыве, адзначае Георгій Егіазаран, каля 10 тысяч армян. Працуюць у розных сферах. Сярод іх шмат педагогаў, урачоў, музыкантаў — прыкладам, згаданая Рузана Аванесян працуе ў Беларускай дзяржкансерваторыі. А на пытанне, што са страў армянскай кухні ён раіць пакаштаваць гасцям на свяце, Георгій Анушаванавіч адказвае адразу: «Далму! Гэта вельмі смачна! Нібы такія галубцы — але ў вінаградным лісці, да таго ж мо ў пяць разоў меншыя. Бярэш — і адразу цалкам у рот... Іх не трэба й разразаць, што ў фестывальным фармаце — вельмі зручна і смачна».

Спадзяемся, на ўсе густы знойдзецца цікавых імпрэз ды смачных страў з самых розных этнападворкаў на чарговым, трынаццатым Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.