Вы тут

«Вытокі» даказалі, што роднае — самае моднае


Яркаму лету — быць. Другі сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» стартаваў у мінулыя выхадныя. Першай свята прыняла Гомельшчына, а дакладней, старажытная і цікавая Рэчыца. Фестываль аб'яднаў насычанае мінулае гэтага горада і яго актыўнае сённяшняе.


Каб лепей адчуць каларыт Рэчыцы, варта пазнаёміцца з яго гісторыка-культурнай спадчынай. Менавіта з гэтай мэтай быў арганізаваны прэс-тур для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, а таксама для арганізатараў фестывалю. У мясцовым краязнаўчым музеі мы змаглі адчуць сябе сапраўднымі археолагамі. Супрацоўнікі музея правялі майстар-клас па гэтай, як аказалася, няпростай справе. Тэма абрана невыпадкова. Адзін з брэндаў рэгіёна — мілаградская археалагічная культура, якая датуецца VІІ—І стст. да нашай эры. На тэрыторыі Рэчыцкага раёна знойдзена мноства артэфактаў тых часоў. І хоць годам заснавання Рэчыцы лічыцца 1213, гісторыкі мяркуюць, што людзі тут жылі яшчэ ў восьмым стагоддзі. Дакладна вядома, што праз старажытную Рэчыцу праходзіў буйны гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі». Таму гэтая зямля можа многае расказаць пра падзеі мінулага, толькі варта навучыцца яе разумець.

Удзельнікі прэс-тура пабачылі і адну з самых знакамітых славутасцяў Рэчыцы — капліцу святой Еўфрасінні Полацкай. Гэта не проста помнік, а вельмі знакавы для горада аб'ект. Менавіта ў гэтым месцы ў 1910 годзе быў вялікі прыпынак параходаў, якія везлі мошчы прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. У знак святасці гэтага месца жыхары ўсталявалі дубовы крыж, які пасля замяніла капліца. Увогуле, гэтая капліца адлюстроўвае сабой усю беларускую гісторыю. Яна была адкрытая ў 1995 годзе. Гэта было прысвечана 1000-годдзю хрышчэння Русі, 50-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў і ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Чатыры апоры 24-метровай капліцы сімвалізуюць развіццё жыцця і думкі па спіралі. На іх упісаны лікі 12 беларускіх святых і асветнікаў: епіскапаў Полацкіх Міны і Дзіянісія, Кірылы Тураўскага, Елісея Лаўрышаўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, Льва Сапегі, Гаўрылы Беластоцкага, Францыска Скарыны, Івана Фёдарава. Вянчае кампазіцыю крыж Еўфрасінні Полацкай. Помнік стаіць на скрыжаванні вуліц Набярэжнай з Чапаева на высокім беразе Дняпра. Месца надзвычай маляўнічае.

Каб адчуць разнастайнасць рэчыцкіх славутасцяў і задаволіць гасцей горада з розным густам, варта ўключыць у сваё падарожжа Музей цвіка. Адзіны ў Беларусі падобны музей знаходзіцца на тэрыторыі Рэчыцкага метызнага завода. Гэта найбуйнейшае ў краіне падобнае прадпрыемства. А заснаваны завод аж у 1912 годзе братамі Барысам і Уладзімірам Рыкамі. У экспазіцыі музея цівіка прадстаўлены першыя металічныя вырабы, якія выпусціў завод. Такім чынам, на прыкладзе звычайнага цвіка можна прасачыць, як мянялася жыццё, удасканальваліся тэхналогіі. Ну і аматарам вытворчага турызму будзе цікаваць наведаць такую экскурсію і паглядзець, як чалавек падпарадкоўвае сабе метал.

Ва ўсёй красе рэчыцкую гасцінасць удзельнікі прэс-тура змаглі адчуць у аграсядзібе Велес, што недалёка ад горада. Тут і прырода, і смачная беларуская кухня, і міні-заапарк. А клуб гістарычнага фехтавання і рэканструкцыі Terra паказаў гасцям сапраўдную, «жывую» гісторыю. Дарэчы, гэта найстарэйшы падобны клуб у Беларусі: заснаваны ў 1993 годзе.

Ад спорту да мастацтва...

Адпачынак адпачынкам, але абмеркаваць надзённыя пытанні таксама трэба. Паколькі «Вытокі» яшчэ і спартыўны фестываль. Таму семінар «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэнняў» стаў важным пунктам у праграме фестывалю. «Не кожная вобласць можа пахваліцца такой матэрыяльна-тэхнічнай базай. Але праблем па-ранейшаму хапае. Найважнейшым напрамкам галіны па-ранейшаму застаецца дзіцячы спорт», — адзначыў Павел Старасвецкі, начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама. Спецыялісты абмеркавалі якасць падрыхтоўкі спартсменаў, вучэбныя праграмы, арганізацыю трэніровачнага працэсу і іншыя важныя спартыўныя пытанні. А прадстаўнікі Беларускай алімпійскай акадэміі правялі семінар-практыкум па алімпійскай адукацыі.

Традыцыйна фестываль «Вытокі» прапаноўвае нешта цікавае і аматарам мастацтва. Сёлета мастацкая галерэя «АртХаос» правяла майстар-клас па набойцы маляваных дываноў, унікальным беларускім рамястве. «Вытокі — тое, на чым заснавана наша жыццё. Таму сёлета мы вырашылі правесці майстар-клас па нашым самабытным, народным багацці. Маляваныя дываны ўключаны ў Спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Мне здаецца, апошнім часам узнікае попыт на старое, самабытнае, наша — беларускае. І мы падумалі, што майстар-клас — аптымальны варыянт. Калі сам удзельнічаеш у творчым працэсе, усё лепей запамінаецца і застаюцца больш яркія ўражанні», — расказала дырэктар мастацкай галерэі «АртХаос» Лілія Лукашэнка.

Акрамя майстар-класа, супрацоўнікі галерэі арганізавалі выстаўку маляваных дываноў. Прадставілі работы як сучасных майстроў, так і рэпрадукцыі майстроў старэйшага пакалення, самы вядомы з якіх — Язэп Драздовіч.

У Рэчыцы на майстар-клас запісалася столькі ахвотных, што іх прыйшлося дзяліць на дзве групы. Спачатку маляваныя дываны набівалі дзеці, затым — дарослыя. Кожная група зрабіла агульны дыван, а затым удзельнікі зрабілі па невялікай сурвэтцы. Лілія Лукашэнка адзначыла, што гэта стане добрым сувенірам і напамінам пра фестываль «Вытокі». Да майстар-класа па набойцы маляваных дываноў далучыўся і алімпійскі чэмпіён па кулявой стральбе Сяргей Мартынаў. «Цікавы майстар-клас, галоўнае — дзецям спадабалася. Любы від творчай дзейнасці карысны, і калі атрымліваецца — трэба займацца. Даўно не быў на такіх мерапрыемствах», — падзяліўся ён. Скончыўся першы дзень фестывалю традыцыйна — канцэртам арганнай музыкі ў выкананні Валерыя Шмата.

...І зноў да спорту

У гэтым годзе захавалася і самая яркая, самая актыўная традыцыя фестывалю «Вытокі» — алімпійскі квэст. Адкрыў яго алімпійскі чэмпіён 1992 года, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Дзмітрый Даўгалёнак. «Найперш трэба павіншаваць жыхароў Рэчыцы, бо менавіта ім выпала права першымі сёлета адкрываць «Вытокі». Калі мы пачыналі першы сезон фестывалю, не да канца ўсведамлялі яго маштаб. За год праехаліся па ўсёй краіне і атрымалі бясцэнны вопыт. Думаю, што сёлета з улікам напрацовак фестываль будзе яшчэ больш маштабны», — сказаў ён. У Рэчыцу НАК Беларусі прыехаў з падарункамі. Самым каштоўным стаў сертыфікат на 100 тысяч рублёў на развіццё спорту ў раёне.

Для алімпійскага квэсту на цэнтральнай плошчы Рэчыцы было прадстаўлена больш чым 30 пляцовак. Сярод іх нават такія незвычайныя, як кіданне нажоў ці гоначны аўтамабіль каманды «МАЗ-Спортаўто». Сяргей Мартынаў на пляцоўцы кулявой стральбы прадэманстраваў усім сваё алімпійскае «золата». Па кожным відзе спорту свая праграма. Па тэнісе, баскетболе, футболе былі праведезны міні-трэніроўкі. На хакейнай пляцоўцы — спаборніцтвы па аэрахакеі з прафесійным хакеістам, гульцом «Гомеля» і нацыянальнай зборнай Паўлам Воранавым. А ў спецыяльнай фотабудцы можна было памерыць хакейную амуніцыю, джэрсі «Гомеля» ці нацыянальнай каманды. Задача алімпійскага квэсту простая: выконваць заданні на спартыўных пляцоўках, атрымліваць штампы на спецыяльных картках і збіраць каштоўныя падарункі. Але ж галоўнае пры гэтым — актыўна правесці выхадны дзень і атрымаць незабыўныя ўражанні.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў паведаміў, што ў фестывалі «Вытокі» ў Рэчыцы прыняло ўдзел да 25 тысяч чалавек. «Любое мерапрыемства, якое праходзіць на тэрыторыі Гомельшчыны, заўсёды хвалюючае, і мы вельмі адказна падыходзім да яго арганізацыі. Асабліва калі яно звязана са спортам. Наш рэгіён ужо другі раз прымае «Вытокі». Летась спартыўнае свята прайшло ў Мазыры. Дзякуем Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і іншым арганізатарам за аказаны высокі гонар прыняць фестываль на сваёй зямлі яшчэ раз», — падкрэсліў ён.

Пакуль адны захапляліся спортам, другія натхняліся модай і музыкай. Новай лакацыяй фестывалю стала прэзентацыя калекцый адзення «Роднае моднае» ад беларускіх дызайнераў і прадпрыемстваў. А на галоўнай сцэне свята зноў выбіралі найлепшых вакалістаў. Лаўрэаты атрымалі прызы і магчымасць у будучыні папрацаваць з вядучымі настаўнікамі краіны. Дырэктар канцэртнай праграмы фестывалю Алеся Кузняцова расказала, што Андрэй Панісаў, пераможца мінулага года па Гродзенскай вобласці, перамог і на «Х-фактары». А Соф'я Рустамава атрымала аўтарскую песню, якую прэзентавала ў навагоднюю ноч на тэлеканале «Беларусь-1».

Фестываль «Вытокі» ў Рэчыцы прайшоў ярка і ярка скончыўся — гала-канцэртам з удзелам зорак беларускай эстрады і святочным салютам. А да наступнага свята ўжо на ўсю моц рыхтуецца Брэсцкая вобласць. Яе святочнай сталіцай 3—4 чэрвеня стане Столін.

 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Рэчыца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.