Вы тут

Кузня чэмпіёнаў


Мазырская СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ з'явілася на карце і ў гісторыі Мазыршчыны 1 студзеня 1974 года. У той далёкі час не было сучасных спартыўных баз, якія ёсць у распараджэнні весляроў сёння. А вось выдатныя трэнеры ў Мазырскай СДЮШАР ужо былі, і менавіта ім абавязаныя сваімі высокімідасягненнямі мазырскія спартсмены.


Калі ў сярэдзіне 70-х трэнерскі цэх школы папоўніўся маладымі трэнерамі Уладзімірам Шантаровічам і Віталём Скрыганавым, пачалася новая эпоха ў развіцці мазырскага веславання на байдарках і каноэ. Сёння тут працуюць адны з найлепшых трэнераў Беларусі ў веславанні, распавяла начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Галіна Касцяшкіна.

— Веславанне як спартыўны кірунак выклікае ў Мазыры павышаную цікавасць у бацькоў, дзяцей і падлеткаў, — адзначае яна. — Напэўна, таму што ва ўсіх на слыху нашы трыумфатары — сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў у Токіа Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева і Надзея Папок. Або Раман Петрушэнка, алімпійскі чэмпіён і сяміразовы чэмпіён свету. За гады свайго існавання СДЮШАР выхавала цэлую плеяду выдатных спартсменаў: гуляючы па Мазыры, можна сустрэць алімпійскага чэмпіёна. І яны служаць добрым арыенцірам для падрастаючага пакалення.

Цяпер на базе школы трэніруецца мужчынская нацыянальная зборная па веславанні на байдарках і каноэ.

А трэніруе іх ужо мясцовая легенда — выдатны настаўнік Уладзімір Шантаровіч.

— Спорт вышэйшых дасягненняў — сэнс жыцця спартсменаў. Гэта як вера, — тлумачыць ён. — Спачатку трэба, каб у спартсменаў паверыў той, хто іх вядзе, трэнер. А далей яны самі пачынаюць верыць у сябе — і дасягаюць выдатных вынікаў. Таму што жывуць гэтым відам спорту. У нас касмічныя вынікі — на чэмпіянатах Еўропы, свету, Алімпійскіх гульнях. Толькі за апошнія 8 гадоў — 10 чэмпіёнаў свету па веславанні родам з Мазыра і выхадцы з нашай школы.

Калі хтосьці не стаў чэмпіёнам, гэта недапрацоўка трэнера, мяркуе Уладзімір Уладзіміравіч. Калі малады чалавек не застаўся ў спорце, кінуў займацца — значыць, настаўнік нешта да спартсмена не данёс, не здолеў знайсці правільны падыход да вучня.

Сёння ў Мазырскай СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ 270 юных спартсменаў. Прымаюць сюды з сямі гадоў. І самым галоўным у рабоце з дзецьмі Уладзімір Шантаровіч лічыць нават не вынікі і дасягненні. «Сыходзяць шкодныя звычкі, менш часу дзеці праводзяць, утаропіўшыся ў смартфон. Яны становяцца здаравейшыя і пачынаюць лепш вучыцца», — падкрэслівае ён.

— Пяцьдзясят гадоў я працую трэнерам. На маіх вачах змяняюцца пакаленні. І я не магу чуць, калі кажуць: «Цяпер дзеці не тыя» або «У наш час моладзь была лепшая». Няпраўда! І дзеці, і моладзь ад пакалення да пакалення становяцца больш цікаўныя, мэтанакіраваныя, працаздольныя. Усё залежыць ад педагога. Бо першапачаткова і дзіця, і падлетак прыходзіць не ў від спорту, а да трэнера. І ад трэнера залежыць, ці паверыць вучань у сябе настолькі, каб здолець стаць чэмпіёнам.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.