Вы тут

Марына Арцёменка: Падтрымка пажылых і інвалідаў павінна адпавядаць іх фактычным запатрабаванням


Падаўжэнне працоўнага жыцця і адаптацыя рынку працы да патрэб пажылых грамадзян, магчымасць навучання на працягу ўсяго жыцця, ўдзел людзей сталага веку ў грамадскім жыцці свайго горада ці раёна — гэта толькі некаторыя падыходы, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне ў адказ на ўсеагульную тэндэнцыю старэння насельніцтва. Сёння ў Беларусі кожны чацвёрты жахар — у пенсіённым узросце. Да 2030 года кожны пяты беларус перасягне мяжу 65-годдзя. Гэта патрабуе і перагляду падыходаў да сацыяльных паслуг пажылым. Як яны будуць мяняцца? Спецыялісты лічаць, што аб'ём падтрымкі павінен адпавядаць фактычным запатрабаванням сталага чалавека і інваліда на аснове прынцыпу «разам, а не замест». Мяркуецца замацаваць і агульны механізм падтрымкі для тых, хто клапоціцца пра старых. Пры гэтым пасяленне ў дом-інтэрнат мусіць быць крайняй мерай — старэць усё ж лепш дома. Важна і змяняць стаўленне ў грамадстве да старэйшага пакалення як да людзей «элегантнага ўзросту», якія з'яўляюцца носьбітамі мудрасці і вялікага жыццёвага вопыту. Пра падтрымку пажылых людзей і тое, як яна мусіць мяняцца, «Звязда» распытала намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыну АРЦЁМЕНКУ.


На сацыяльнае абслугоўванне ветэранаў — каля 8 мільёнаў рублёў

— Марына Барысаўна, сёлета да Дня Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, атрымалі матэрыяльную дапамогу. Ці шмат засталося людзей, якія маюць на яе права, і наколькі для іх значная гэта падтрымка?

— Ветэраны — гэта здабытак нашай нацыі. Дзякуючы іх подзвігу мы сёння жывём у суверэннай краіне, працуем, гадуем дзяцей. Аддаючы даніну глыбокай павагі ваеннаму пакаленню, па рашэнні Кіраўніка дзяржавы ўстаноўлена штогадовая выплата да Дня Перамогі. У бягучым годзе яна склала ад 750 да 1800 рублёў. Выплата матэрыяльнай дапамогі завершана да 9 мая.

Яе атрымальнікамі сталі 11,8 тысячы чалавек, агульная сума склала 10,4 мільёна рублёў. Сярод іх ветэранаў крыху больш за 2 тысячы, пераважная катэгорыя, каля 9 тысяч, —гэта былыя вязні фашысцкіх канцлагераў і гета.

Уручэнне матэрыяльнай дапамогі ветэранам, якія атрымліваюць яе дома або ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, было арганізавана ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам кіраўніцтва выканкамаў, грамадскіх аб'яднанняў, устаноў адукацыі, прафсаюзаў. Гэтыя традыцыі будуць працягнутыя, таму што матэрыяльная падтрымка — важна, але больш важныя ветэранам наш клопат і ўвага.

Усведамляючы, што ўдзельнікаў і сведкаў вайны становіцца ўсё менш, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў Год гістарычнай памяці ініцыявала дзве рэспубліканскія акцыі: патрыятычная акцыя-эстафета ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання «Ганаруся подзвігам ветэрана-земляка!» і акцыя сумесна з Міністэрствам інфармацыі «Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню».

Наша задача — зберагчы і перадаць цяперашнім і будучым пакаленням «жывыя» запаветы ветэранаў, іх звароты да моладзі. Бо Год гістарычнай памяці — не толькі памяць аб падзеях і героях, але перш за ўсё і трансляцыя маральных каштоўнасцяў.

Вынікам акцыі «Ганаруся подзвігам ветэрана-земляка!» стане электронная «Кніга памяці», у якую ўвойдзе 45 відэаролікаў з расповедамі ветэранаў. Плануем выпусціць яе да Дня народнага адзінства. Відэаролікі даступныя ў тэлеграм-канале міністэрства.

— Як яшчэ ажыццяўляецца падтрымка ветэранаў? Якія льготы яны маюць?

— Ветэраны ў нашай краіне маюць сацыяльныя льготы ва ўсіх сферах. Гэта ахова здароўя, жыллё, пенсійнае забеспячэнне, сацыяльнае абслугоўванне. Так, для іх прадугледжана бясплатнае забеспячэнне лекамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэннем, бясплатны праезд у пасажырскім транспарце і іншае.

Да пенсіі ветэранам устаноўлены спецыяльныя даплаты. Гэта дадатковая штомесячная выплата, штомесячная «ўзроставая» даплата асобам, старэйшым за 75 гадоў (якія атрымліваюць пенсію ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне), надбаўка на догляд асобам ва ўзросце старэйшым за 80 гадоў. Сумарны памер штомесячных даплат да пенсіі ўдзельнікам і інвалідам вайны з 1 мая складае ад 311 да 467 рублёў.

Мясцовыя органы ўлады на пастаяннай аснове патрануюць ветэранаў, аператыўна выяўляючы іх патрэбы, вырашаючы надзённыя пытанні. Сацыяльныя службы і валанцёры аказваюць дапамогу ў бытавым абслугоўванні, рамонце жылля, навядзенні парадку дома і ў двары.

Усе, хто мае патрэбу ў доглядзе, сацыяльных паслугах, ахоплены сацыяльным абслугоўваннем. Напрыклад, сацыяльнымі паслугамі дома (а гэта паслугі сацыяльных работнікаў па куплі лекаў, прадуктаў, прыборцы, прыгатаванні ежы і г. д., паслугі сядзелак) карыстаецца 1,9 тысячы ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, якія ажыццяўляюць стацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне, сацыяльную і медыцынскую дапамогу атрымліваюць 127 ветэранаў.

Акрамя таго, за 493 ветэранамі даглядаюць іх члены сям'і і іншыя асобы, якім выплачваецца штомесячная дапамога па доглядзе ў памеры 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). У гэтым годзе расходы на сацыяльнае абслугоўванне і дапамогу ветэранам і пацярпелым ад наступстваў вайны складуць каля 8 мільёнаў рублёў.

Самыя запатрабаваныя — паслугі сацыяльных работнікаў і сядзелак дома

— У існуючых дэмаграфічных умовах узрастае попыт на сацыяльныя паслугі. Якія з іх найбольш запатрабаваныя сёння і як яны будуць мяняцца?

— Сёння сацыяльныя паслугі шырокага спектра аказвае 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у кожным адміністрацыйным раёне ёсць такі цэнтр. Сістэму дапаўняюць 83 дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў. У сельскай мясцовасці даступнасць сацыяльных паслуг забяспечваюць 1168 сацыяльных пунктаў і 28 філіялаў.

Трэнды старэння насельніцтва, безумоўна, уплываюць на змену структуры атрымальнікаў сацыяльных паслуг. За апошнія тры гады колькасць непрацаздольных грамадзян і інвалідаў, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі, павялічылася на 6,2 % і дасягнула больш як 150 тысяч чалавек. Найбольшым попытам карыстаюцца сацыяльныя паслугі дома — гэта дапамога сацыяльных работнікаў і сядзелак. Імі сёння карыстаецца каля 100 тысяч чалавек.

Аднак сістэма ўвесь час развіваецца. Толькі летась мы ўвялі новыя паслугі — гэта дзённы нагляд за асобамі з кагнітыўнымі парушэннямі, гуртковая праца для інвалідаў дома, навучанне членаў сям'і навыкам догляду непрацаздольных.

— Адной з новых форм догляду з'яўляецца замяшчальлная сям'я. Наколькі запатрабаваная такая паслуга?

— Замяшчальная сям'я — форма сацыяльнага абслугоўвання адзінокіх інвалідаў І і ІІ групы і пажылых грамадзян ва ўзросце, старэйшым за 70 гадоў, ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі. Калі догляд у замяшчальнай сям'і аказваецца інваліду І групы з рэзка выяўленымі парушэннямі, то памочніку выплачваецца ўзнагароджанне у 100 % БПМ. Такая форма асабліва актуальная для сельскай мясцовасці, дзе адзінокіх пажылых шмат, а магчымасці па іх штодзённым абслугоўванні абмежаваны. Сёння ў 308 замяшчальных сем'ях пражываюць 312 чалавек сталага веку.

— Як ажыццяўляецца дапамога грамадзянам, якія маюць патрэбу ў кругласутачным доглядзе?

— Кругласутачны догляд арганізаваны ва ўмовах стацыянарных устаноў. Гэта дамы-інтэрнаты і аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання. Сёння дом-інтэрнат — шматфункцыянальная ўстанова, якая не абмежавана толькі арганізацыяй догляду і медыцынскай дапамогі. Гэта і рэабілітацыя, і вольны час, і падрыхтоўка інвалідаў да самастойнага жыцця за межамі інтэрната, і сацыяльная перадышка для сем'яў, дзе ёсць дзіця з інваліднасцю або пажылы чалавек. Каля 19 тысяч грамадзян сёння атрымлівае паслугі ва ўмовах стацыянара.

Дзяржава таксама падтрымлівае асоб, якія самастойна даглядаюць інвалідаў І групы або асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, праз выплату дапамогі па доглядзе. Такі нефармальны догляд атрымліваюць 29 тысяч грамадзян.

Што плануецца змяніць?

— Сёлета плануецца ажыццявіць перагляд падыходаў да сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Што найперш плануецца змяніць?

— Клопат аб старэйшым пакаленні становіцца выклікам як для многіх сем'яў, так і ў цэлым для грамадства. У дэмаграфіі ёсць такі тэрмін, які ўведзены сацыяльнымі работнікамі, — «сіндром сэндвіч-пакалення». Гэтае пакаленне сярэдніх гадоў, «заціснутае» з двух бакоў абавязальніцтвамі: з аднаго боку — доглядам пажылых бацькоў, з другога — сваіх дзяцей, якія яшчэ не выраслі. І гэта ва ўмовах інтэнсіўных працоўных нагрузак і тэмпу жыцця, які імкліва паскараецца. Адкладванне мацярынства на пазнейшы ўзрост (а ў Беларусі сярэдні ўзрост пры нараджэнні дзіцяці ўжо наблізіўся да 30 гадоў) і старэнне насельніцтва будуць пагаршаць гэтыя працэсы.

Стратэгічна важна развіваць новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, аблягчаючы гэтую нагрузку для сваякоў і адначасова захоўваючы хатняе асяроддзе для тых, хто ўжо не можа самастойна пра сябе клапаціцца. Падкрэслю, што пасяленне ў дом-інтэрнат павінна быць крайняй мерай, калі вычарпаны ўсе сродкі па арганізацыі догляду дома.

Важны крок у гэтым напрамку — змяненне падыходаў да вызначэння патрэбы ў сацыяльных паслугах. Аб'ём падтрымкі пажылых людзей і інвалідаў павінен адпавядаць іх фактычным запатрабаванням, на аснове прынцыпу «разам, а не замест». З гэтай мэтай плануецца ўвесці механізм ацэнкі патрэбы ў сацыяльным абслугоўванні — праз набор не толькі медыцынскіх, але і сацыяльных паказанняў.

Другі напрамак — замацаванне механізму падтрымкі асоб, якія ажыццяўляюць догляд пажылых і інвалідаў. Гэта выплата ўзнагароджання, навучанне навыкам догляду, псіхалагічная падтрымка, сацыяльная перадышка.

Трэцяе — перагляд падыходаў у арганізацыі дзейнасці стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Гэта спрашчэнне працэдуры пасялення, вызначэнне крытэрыяў камфортнасці пражывання, стварэнне гнуткай сістэмы аказання сацыяльных паслуг.

Акрамя таго, у сувязі з ростам попыту рынак сацыяльных паслуг папаўняецца бізнес-сектарам. Пры гэтым бяспека грамадзян — наш агульны клопат. Таму плануецца фарміраваць рэестр пастаўшчыкоў сацыяльных паслуг, у які ўвойдуць камерцыйныя арганізацыі.

Усе гэтыя навацыі будуць улічаныя ў новым законапраекце.

Змяніць стаўленне да людзей «элегантнага ўзросту»

— Якія яшчэ меры прымаюцца для змякчэння дэмаграфічнай сітуацыі? Якія напрамкі стратэгіі «Актыўнае даўгалецце» могуць у гэтым дапамагчы?

— Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030» — першы праграмны дакумент, які комплексна вызначае дзяржаўную палітыку ў інтарэсах пажылых грамадзян па розных напрамках. Вельмі важнымі з'яўляюцца пытанні стымулявання падаўжэння працоўнага жыцця і адаптацыі рынку працы да запатрабаванняў пажылых грамадзян. Гэта і магчымасць павысіць кваліфікацыю, атрымаць новую прафесію, адкрыць уласную справу.

Магчымасць навучання на працягу ўсяго жыцця, у тым ліку праз нефармальную адукацыю, — яшчэ адно звяно актыўнага даўгалецця. Сёння запатрабаваны адукацыйныя паслугі Універсітэта залатога ўзросту ў Гродне, Інстытута трэцяга ўзросту ў Брэсце, Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту, Кобрынскага ўніверсітэта залатога ўзросту.

У 2021 годзе запушчаны анлайн-універсітэт трэцяга ўзросту, які прапануе пажылым людзям 18 анлайн-курсаў. Самыя папулярныя сярод іх — «Школа здароўя», «Сакрэты пераўвасаблення», «Культурныя будні», «Фітнес для мозгу», «Падтрымка і догляд». Галоўная перавага новага праекта — магчымасць вучыцца з любога населенага пункта.

На базе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі адкрыта перападрыхтоўка педагагічных работнікаў па спецыяльнасці «Адукацыя дарослых» з прысваеннем кваліфікацыі «Андрагог». Прафесія спецыяліста-андрагога прадугледжвае праекціроўку і рэалізацыю розных відаў адукацыйных праграм з улікам фізіялагічных, псіхалагічных і ўзроставых асаблівасцяў дарослых.

Для арганізацыі ўдзелу пажылых людзей у грамадскім жыцці свайго горада ці раёна пры выканкамах створана 140 саветаў пажылых грамадзян, якія аб'ядноўваюць больш як 1,3 тысячы актыўных людзей сталага веку. А валанцёрскія атрады «сярэбранага ўзросту» пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо налічваюць больш за 2 тысячы чалавек.

Велізарную ролю адыгрываюць пытанні, звязаныя са здароўем. Ва ўстановах аховы здароўя арганізавана дзейнасць «Школ актыўнага даўгалецця». Узяты курс на стварэнне герыятрычнай службы. Дзейнічаюць Рэспубліканскі геранталагічны цэнтр і 7 рэгіянальных герыятрычных цэнтраў.

Трэба сказаць, што нацыянальная стратэгія накіравана на ўсё насельніцтва нашай краіны, а не толькі на пажылых людзей, паколькі жыццёвы багаж, з якім мы ўваходзім у пажылы ўзрост, фарміруецца на працягу ўсяго жыцця.

Мінулы год — гэта толькі першы год рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі. Задач і ідэй шмат. А самае галоўнае — важна змяняць стаўленне да старэйшага пакалення як да людзей «элегантнага ўзросту», у якіх ёсць вялікі патэнцыял дзякуючы іх жыццёваму вопыту і мудрасці. Як кажуць, разумны ведае, як выйсці з цяжкага становішча, у якое мудры ніколі не трапляе. І гэтая мудрасць мусіць быць запатрабавана грамадствам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.