Вы тут

Перформанс, шмат харэаграфіі, спецыяльны відэа-кантэнт


У гэтым годзе XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022» пройдзе 10 і 11 чэрвеня на базе амфітэатра, палаца культуры і іншых устаноў горада. Аб гэтым паведамілі на прэс-канферэнцыі напярэдадні мерапрыемства. 


Арганізатарамі аднаго з найбуйнешых творчых форумаў з’яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі выканаўчы камітэт, Маладзечанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай музыкі і Белтэлерадыёкампанія. 

Людміла Манакова, кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры адзначыла, што ў аснове канцэпцыі музычна-паэтычнага форуму пакладзены такія падзеі, як Год гістарычнай памяці, 140-годдзе беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 75-годдзе народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга:

— Традыцыйна цэнтральнай падзеяй першага дня стане Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні — у спаборніцтве возьме ўдзел 21 канкурсант. Удзельнікі павінны будуць выканаць два музычных творы беларускіх аўтараў. 

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель паведаміла, што ў фестывалі актыўны ўдзел прымуць творчыя саюзы рэспублікі — пісьменніцкі, кампазітарскі і мастацкі. 

Распачне святкаванні выстаўка работ саюза мастакоў «Памяць пакаленняў» да Года гістарычнай памяці, якая прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Таксама 10 чэрвеня адбудзецца адкрыццё выставы «Песняры роднага краю», прысвечаная зоркам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу. Наведаць яе можна будзе ў абласным краязнаўчым музеі. Чакаюць нас і паэтычныя чытанні паэтаў, сябраў Саюза пісьменнікаў Беларусі — мерапрыемства пройдзе пад назвай «Люблю цябе, мой родны край». Маладзечна на два дні ператворыцца ў тэатральны цэнтр — Драматычны тэатр і Тэатр лялек пакажуць спектаклі ў першы і другі дзень. Прыедзе і тэатр Янкі Купалы з п’есай «Чорная панна Нясвіжа», п’есу пакажуць 11 чэрвеня. 

Таксама падчас правядзення форуму адбудзецца «Музычны алімп» — уручэнне ўзнагарод беларускага саюза кампазітараў за захаванне нацыянальных песенных традыцый і стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў. 

Жыхарам і гасцям Маладзечна прэзентуюць фільм «Імправізацыя», прысвечаны памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, які стаяў ля вытокаў фестываля беларускай песні і паэзіі. 

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага аркестра Беларусі Максім Рассоха адзначыў, што праграма XXI фестываля цікавая тым, што ў адкрыцці форуму прымуць удзел як салісты аркестру, так і вядомыя выканаўцы — народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаная артыстка Ірына Дарафеева. Удзельнічаць у канцэрце будуць і маладыя таланты Елісей Касіч і Ганна Трубецкая — яны таксама прадставяць нашу краіну на Славянскім базары:

— Мы захаваем традыцыю беларускай паэзіі і музыкі, але праграму падбіралі так, каб яна адрознівалася ад папярэдніх фестываляў. Упершыню ў нас адбудзецца невялікі перформанс, каб адлюстраваць шматграннасць аркестру — падчас урачыстага адкрыцця форуму выканаўцы будуць не проста сядзець, а выйдуць па групах і выканаюць сваю частку музычнага твора. 

Рэжысёр цырымоніі адкрыцця фестываля Ніна Осіпава засяродзіла ўвагу на тым, што свята мае глыбокія традыцыі, якія неабходна захоўваць і развіваць:

— Форум будзе асаблівы, бо ён упершыню пройдзе без маэстра Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Таму нашай мэтай было максімальна данесці тое, што было ім створана. Вядома, што будуць і ўласныя падыходы — наведвальнікі ўбачаць шмат харэаграфіі, а таксама спецыяльны відэа-кантэнт. 

 архіў БелТА

У сваю чаргу рэжысёр цырымоніі закрыцця Вольга Брылон распавяла, што падчас канцэрту акцэнт будзе зроблены на ветэранах беларускай эстрады — нумары канцэртаў прадставяць старонкі кнігі, якая распавядае аб жыцці і творчасці выдатных артыстаў:

— На сцэну выйдзе сузаснавальнік «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч. Узгадаем мы і творчаць ансамбля «Сябры», рок-групы «Сузор’е», ансамбля «Чараўніцы». Сучасную эстраду прадставяць Алёна Ланская, Уладзімір Громаў, Юлія Быкава. 

Акрамя канцэртаў адкрыцця і закрыцця, запланаваны канцэрты «Музыка беларускіх кампазітараў-майстроў мастацтва — пакаленню XXI стагоддзя» і «Джазавы калейдаскоп». Навінкай сезона стане творчы праект «Сустрэча ля раяля. Беларускі раманс» з удзелам беларускіх кампазітараў, а таксама салістаў Вялікага тэатра Беларусі.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.