Вось ужо амаль год жыхары вёскі Коматава Гродзенскага раёна звяртаюцца ў мясцовы сельвыканкам з просьбай адрамантаваць калодзеж. На першы погляд, сітуацыя не такая праблемная, бо аб'ект невялікі — усяго толькі зрабіць навес. А між тым для вяскоўцаў ён важны, бо многія карыстаюцца менавіта гэтай вадой.
Сапраўды, калодзеж патрабуе рамонту. Асабліва — навес, праз які відаць неба. Па словах старасты Тамары Кузьміцкай, калодзежы ў вёсцы яшчэ даваенныя. На некаторых падворках ёсць свае, уласныя, але не ва ўсіх. Таму частка вяскоўцаў карыстаецца агульным. Магчыма, ён абнаўляўся, бо аснова яшчэ моцная — і драўляная абшыўка, і слупы, і калаўрот. А вось накрыўка і навес знасіліся. Накрыўку вяскоўцы адрамантавалі самі — збілі некалькі дошак, выраўнавалі і паклалі на калодзеж замест старой, каб у ваду не трапляла лісце і ападкі. А вось навес без спецыяльнай падрыхтоўкі і будаўнічых матэрыялаў не асіліць.
— Ва ўсіх вёсках такія калодзежы за кім-небудзь замацаваны, а ў нас даваенныя, яны ні на чыім балансе не лічацца, таму і адрамантаваць іх складана, — адзначыла стараста.
Наступны адказ жанчына атрымала ў мясцовым сельсавеце. Маўляў, гэта адкрытая крыніца для карыстання, хто-небудзь ваду забрудзіць, а адказваць прыйдзецца сельвыканкаму. Агучваўся і такі варыянт — засыпаць калодзеж, каб закрыць пытанне.
Аргументы слушныя, але і людзей можна зразумець. Калодзеж для некаторых вяскоўцаў — адзіная водная крыніца, іншай у іх няма. Таму на крайні варыянт людзі не пагадзіліся.
Дапамогу ў мясцовай гаспадаркі жыхары пакуль не прасілі. Ды і ў сельвыканкаме не сталі падключаць СВК — і без таго часта звяртаюцца да кіраўніцтва па дапамогу. Такім чынам, «калодзежнае» пытанне пачало прабуксоўваць, у асноўным — з-за адсутнасці аб'екта на чыім-небудзь балансе.
Але месцічы не супакоіліся. Знайшлі на калодзежы інвентарны нумар. Аказалася, што аб'ект усё ж такі лічыцца на балансе сельскага Савета, праўда, як дэкаратыўны. Прасцей кажучы, гэта малая архітэктурная форма, рамантаваць якую за бюджэтныя сродкі не забаронена.
— У сельсавеце мне сказалі, што ёсць і спонсар для такой мэты, — паведаміла Тамара Кузьміцкая. — Але калі ён распачне работу, невядома. Нібыта гэта дорага, бо аб'ект няпросты. Але ж калі паабяцалі, значыць, зробяць. Вось мы і чакаем.
А што з якасцю вады? Ці правяраюць калодзеж санітарныя службы? Стараста адказала, што вельмі рэдка, хацелася б, часцей.
Сапраўды, як ажыццяўляецца праверка вады ў грамадскіх калодзежах?
У аддзеле камунальнай гігіены Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі маё пытанне выслухалі і параілі адправіць пісьмовы запыт кіраўніцтву цэнтра. Магчыма, яго разгледзяць і дадуць пісьмовы адказ. Але гэта ўжо будзе іншая тэма — пра якасць пітной вады.
З павагай ставіцца да пакупнікоў.
Наперад да актыўнага даўгалецця.
«Мы не можам расчараваць сваіх вучняў».