Вы тут

На Гродзеншчыне пачалі будаваць аб'екты за кошт сродкаў Банка развіцця


Работы вядуцца за кошт сродкаў Банка развіцця, які выдзеліў 100 тысяч рублёў на гэтыя мэты. Выдаткі размеркаваны паміж 14 пераможцамі. Такім чынам, у сярэднім на адзін праект прыходзіцца каля 7 тысяч рублёў. Сродкі неабходна асвоіць да канца лістапада.


Менавіта на гэту акалічнасць падчас сустрэчы з пераможцамі конкурсу звярнуў увагу старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў Анатоль Нікіцін. Каб не было непаразуменняў, для заяўнікаў нават правялі невялікі фінансавы лікбез.

— Крыху грошы затрымалі, але яны прыйшлі, і сезон для іх асваення адпаведны, бо лета — галоўны будаўнік. За гэты час праекты можна рэалізаваць, а пры неабходнасці — папоўніць праектны бюджэт мясцовымі сродкамі ці выдаткамі ад спонсараў, — заўважыў Анатоль Нікіцін.

Фінансісты папярэдзілі, што сродкі мэтавыя і павінны выкарыстоўвацца непасрэдна на інфраструктуру і будаўнічыя матэрыялы. А вось інструменты і інвентар у расходныя артыкулы не ўваходзяць. Не прадугледжана траціць сродкі на ўзнагароджанні, прэміі ці заработную плату. Купляць абсталяванне лепш зыходзячы з канкурэнтнага кошту. Калі праект разлічаны на большае фінансаванне, трэба шукаць уласныя сродкі. Дагаворы будуць заключацца паміж асацыяцыяй і балансаўтрымальнікам тэрыторыі. Пералічаныя сродкі, напрыклад, у сельскі Савет ці УЖРЭП павінны пайсці толькі на дадзены праект. Мэтавае выкарыстанне правяраецца, у тым ліку, Дзяржкантролем.

Усе гэтыя дэталі насамрэч даволі важныя, бо падобны конкурс у вобласці праводзіцца ўпершыню. Ён арганізаваны ў чэрвені мінулага года ў адпаведнасці з праектам Указа «Аб рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў». А ўжо праз некалькі месяцаў у адрас абласной конкурснай камісіі паступіла 104 заяўкі па самых розных кірунках. Гэта і стварэнне дзіцячых пляцовак і вулічных спартыўных комплексаў, і добраўпарадкаванне тэрыторыі, і захаванне аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, і ачыстка прыродных вадаёмаў, і іншыя. Амаль трэцяя частка заявак паступіла з горада Гродна. У праектную дзейнасць актыўна ўключыліся ўсе раёны вобласці. Ініцыятывы зыходзілі як ад асобных дэпутатаў, так і сельскіх Саветаў, грамадскіх арганізацый, іншых устаноў. Камісія вызначыла 14 фіналістаў, чые праекты будуць рэалізоўвацца ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў.

Акцэнт быў зроблены на вырашэнне сацыяльна значных пытанняў, рэалізаваць якія бяруцца самі грамадзяне. І ў гэтым галоўны сэнс конкурсу. Месцічы будуць прыцягнуты да развіцця свайго краю, добраўпарадкавання тэрыторыі, відавочна, што яны будуць цаніць сваю працу. Да таго ж важна стымуляваць актыўнасць жыхароў.

Старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ЖЭСа № 15 Гродна Людміла Паўлючэнка расказала, што падлеткі з іх двара даўно просяць спартыўныя трэнажоры. Маўляў, для малых пляцоўкі ёсць, а для старэйшых дзяцей няма. Раней стаялі турнікі, потым іх спілавалі, на гэтым усё і заціхла.

— Адзін падлетак дайшоў да старшыні асацыяцыі, схадзіў на прыём, сказаў, што моладзь хоча займацца спортам, таму мы рашылі для іх стварыць такую спартыўную пляцоўку. Я доўга шукала ў інтэрнэце адпаведныя снарады. Нам падыдуць камбінаваныя турнікі з дошкай для адціскання, шчыты з кальцом для стрытбола, скалалазка, арэлі, для малодшых школьнікаў — спуск. Зараз вызначаемся з коштам, — паведаміла аб сваіх планах старшыня КТГС.

А вось на тэрыторыі ясляў-сада ў Гродне збіраюцца ўстанавіць метэастанцыю для назірання за надвор'ем. Аб'ект папоўніць экалагічную сцежку, дзе ўжо ёсць дарожка з прыродных матэрыялаў — шышак, каменьчыкаў і нават невялікіх бярвенняў. Ёсць птушыная сталоўка: дзеці кормяць птушак і назіраюць за імі, ёсць імправізаваны «дзікі лес». Гэту сцежку, па словах загадчыцы садка Алены Шуцікавай, тут пачалі рабіць два гады таму з дапамогай бацькоў. Купілі саджанцы, азелянілі. Летам дзеці выходзяць сюды для заняткаў. З'яўленне метэастанцыі значна папоўніць іх кругазор, лічыць куратар праекта.

Гаючы мінеральна-крынічны парк прапануе стварыць на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Гродзенская пушча» кіраўнік грамадскага аб'яднання «Крыніца» Тэрэза Белавусава. Яна расказала, што за сродкі фонду прадугледжваецца правесці мерапрыемствы па абарона крыніц ад забруджвання, добраўпарадкаваць тэрыторыі, размясціць інфармацыйныя стэнды, указальнікі, творы рамеснікаў і народных майстроў. Увогуле, ёсць планы па арганізацыі турыстычных і краязнаўчых сцежак, веладарожак, аглядальных пляцовак і зон адпачынку.

Старшыня Любчанскага сельскага Савета Сяргей Кавецкі сумесна з дэпутатам сельскага Савета Алегам Бедункевічам выйшлі з ініцыятывай абсталяваць вясковы кірмаш для гандлю і правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Месцічы гатовы актыўна ўключыцца ў яго стварэнне.

— Праект даўно выспяваў. У пасёлку няма рынку, і людзям няма дзе разгарнуць сельскагаспадарчы гандаль. Раней мы рабілі гэта на плошчы, перакрывалі вуліцы, што патрабавала ўзгадненняў з ДАІ і стварала нязручнасці для кіроўцаў, — распавёў старшыня Любчанскага сельсавета. — Нядаўна на плошчы знесены аварыйны будынак былога Дома быту. І цяпер на гэтым месцы плануем зрабіць кірмаш. Пляцоўку агародзім. Там будзе не толькі рынак, але і месца правядзення розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Да нас прыязджае шмат музычных калектываў. Цяпер ім будзе зручна выступіць, а слухачам —сабрацца іх паслухаць.

Да праекта далучыцца таксама райвыканкам, лясгас, мясцовае ЖКГ, сельскагаспадарчае прадпрыемства, зазначыў Сяргей Кавецкі. А пачнецца праект з асваення сродкаў, якія выдзеліў Банк развіцця.

Дарэчы, першая ініцыятыва будзе мець працяг.

— Зараз у нас у рабоце праект па рэалізацыі ініцыятыў на сродкі, якія выдзелены непасрэдна абласнымі ўладамі. Мяркуецца, што выдаткі на адзін праект будуць значна большыя, чым тыя, якія атрыманы ад Банка развіцця, — паведаміў Анатоль Нікіцін. — Цяпер асацыяцыя знаёміцца з тымі праектамі, якія прадстаўлены на абласны тур. Іх каля 20. Для рэалізацыі будзе абрана 4-5 праектаў, кожны з якіх атрымае да 50 тысяч рублёў. Гэта эксклюзіўныя праекты ў рэгіёне.

Па словах старшыні асацыяцыі мясцовых Саветаў, такія конкурсы мяркуецца праводзіць штогод, а да іх удзелу прыцягваць яшчэ больш людзей, каб абудзіць ініцыятыву месцічаў, зацікавіць людзей у справах сваёй тэрыторыі. Фонд грамадзянскіх ініцыятыў дазволіць падтрымаць і стымуляваць ініцыятывы грамадзян, органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання, сельскія Саветы, грамадскія арганізацыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Прыцягнуць месцічаў да развіцця свайго краю»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?