Вы тут

Магчымасць для тых, хто абмежаваны


База адпачынку ў вёсцы Прыбар Бялыніцкага раёна сёлета рыхтуецца прыняць дзяцей ужо ў 25 раз. Дарэчы, зімой яна таксама не пустуе, з сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны красавіка база становіцца прытулкам для адзінокіх пенсіянераў з Бялыніцкага раёна.


— Дзяржава размясціла ў нас сацыяльны заказ ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бялыніцкага райвыканкама, які так і называецца — пансіянат сезоннага пражывання для пажылых і адзінока пражываючых людзей, — удакладняе дырэктар базы адпачынку для дзяцей, падлеткаў і асобных катэгорый грамадзян у вёсцы Прыбар Ірына Дзямідава. — Мы можам прыняць і абслужыць максімум 12 чалавек. І жадаючых таксама хапае.

Летам тут адначасова могуць адпачыць 60-70 дзяцей. Змена ў 10-12 дзён пралятае як адно імгненне: заняткі, гульні, творчыя вечары з песнямі пад гітару... Побач рака — Друць. А яшчэ лес з яго птушыным рознагалоссем і яловым пахам...

Гэтая база не ўваходзіць у спіс аб'ектаў Цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Яна належыць магілёўскай дабрачыннай арганізацыі «Табея» і існуе дзякуючы фінансавай падтрымцы спонсараў. «Спачатку ў нас аздараўляліся дзеці з чарнобыльскіх раёнаў, а цяпер акцэнт робім на тых, якія растуць у малазабяспечаных сем'ях ці маюць праблемы са здароўем, — расказвае кіраўнік дабрачыннай арганізацыі Павел Бродаў. — Мы плённа супрацоўнічаем з гарадской арганізацыяй інвалідаў. Пры неабходнасці дзеці з абмежаванымі магчымасцямі знаходзяцца ў нас разам з бацькамі».

За час існавання лагера праз яго, па падліках Паўла Бродава, прайшло каля сямі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх сёння прывозяць сюды сваіх дзяцей.

Ірына Дзямідава адзначае, што шанц пабываць у лагеры ёсць у кожнага дзіцяці, для якога бацькі не знайшлі грошай на аздараўленне.

— Пуцёўка бясплатная, — кажа яна. — Наша база трымаецца на валанцёрах і спонсарах. Таму і змены пачынаюцца ў першай-другой дэкадзе ліпеня. Чакаем, калі моладзь вызваліцца ад вучобы і зможа дапамагаць. Адзін з нашых былых выхаванцаў, Марк Батурэвіч, заўсёды прыязджае ў якасці памочніка выхавальніка.

Ірына падкрэслівае, што стаць валанцёрам можна толькі пры ўмове адсутнасці схільнасці да моцных напояў і цыгарэт. І кантроль наконт гэтага строгі.

Летась тут за чатыры змены аздаравілі 210 дзяцей. Як будзе сёлета, пакуль не загадваюць. З кожнай зменай звычайна працуюць розныя групы валанцёраў. Яны загадзя распрацоўваюць сваю праграму адпачынку. Сплавы на лодках па Друці, калі пашчасціць з надвор'ем, квэсты, спартыўныя мерапрыемствы — сумаваць не прыходзіцца.

У дзяцей савецкага перыяду лагер заўсёды асацыіраваўся з вогнішчам, якое абавязкова ладзілі на развітанне. Тут вогнішча, як той казаў, стацыянарнае, зробленае з улікам усіх патрабаванняў ратавальнікаў. Так званая чаша для агню абкладзена камянямі. Дзятва з задавальненнем праводзіць тут вечары, спявае пад гітару.

Кожны дзень адпачынку распісаны па хвілінах. Пад'ём у восем гадзін, зарадка, а дзявятай — сняданак, а палове дзясятай — заняткі па інтарэсах, потым агульналагерная гульня накшталт папулярнай у дзяцей «Захоп сцяга». Пасля абед, ціхая гадзіна, падвячорак.

— Харчаванне ў нас выдатнае, — заўважае Ірына Дзямідава. — Мы складаем меню так, каб было смачна дзецям. Калі нехта не есць катлеты з цыбуляй, робім без цыбулі або пераціраем яе цалкам. Шмат выпечкі, рабіць якую дапамагаюць таксама валанцёры.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва летніка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.