Вы тут

У Мар’інай Горцы прайшоў вечар памяці Генадзя Кляўко


Пухавіцкі край — сапраўдная песенна-паэтычная прастора. Адсюль, з раённага цэнтра — Мар’інай Горкі, з вёсак, мястэчак Пухавіцкага раёна, у вялікі свет мастацтва выправіліся паэты, празаікі, літаратуразнаўцы Анатоль Вольны, Уладзімір Хадыка, Міхась Чарот, Таіса Бондар, Алесь Бачыла, Уладзімір Ляпёшкін, Алесь Цвях, Анатоль Дзерах, Макар Паслядовіч... Тут жылі, працавалі Аляксандр Ельскі, Васіль Гарбацэвіч, Алесь Пальчэўскі, Кастусь Цвірка, Янка Казека, Алесь Макарэвіч, Уладзімір Ляўданскі, Браніслаў Зубкоўскі, Алесь Пісарык... Тут і зараз жывуць і працуюць паэты — Вольга Савасцюк, Уладзімір Рунцэвіч...


Адна з яркіх зорак беларускай паэзіі — Генадзь Кляўко (1932 — 1979), які нарадзіўся ў вёсцы Варонічы. Аўтар кніг «Абветраныя далягляды», «Сто крокаў», «Прыстань», «Плуг», «Падкова над парогам», «Вязьмо», «Першы салют», «Лайдак і кнопкі», «Каб не сурочыць», «Што праўда, то не грэх...» Пераклаў зборнік вершаў паўднёваасецінскай паэзіі «Трубіць алень», зборнік вершаў Косты Хетагурава «Паўднёваасецінская ліра». 

У карціннай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея днямі прайшоў вечар у знак 90-годдзя з дня нараджэння вядомага паэта. Пра жыццё і творчасць Генадзя Кляўко гаварылі дырэктар Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ала Андросава, супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, намеснік старшыні Пухавіцкай раённай арганізацыі ветэранаў Ірына Васілеўская, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Уладзімір Мазго. Але, пэўна, самым эмацыянальным, насычаным было выступленне Артура Генадзьевіча Кляўко — сына паэта, палкоўніка міліцыі ў адстаўцы, руплівага захавальніка творчай спадчыны свайго бацькі. 

Мастацкую, ды і пазнавальную частку юбілейнага вечара склала літаратурная праграма, падрыхтаваная навучэнцамі Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Юнакі і дзяўчаты чыталі вершы з розных кніг паэта. А выкладчыца каледжа Алена Свірыдава расказвала найболей важкія старонкі з творчай і жыццёвай біяграфіі Генадзя Кляўко. Дарэчы, у ранейшыя дзесяцігоддзі ў аграрна-тэхнічным каледжы вучыліся, працавалі такія літаратары, як лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Глушакоў, паэт-сатырык Захар Бірала, празаік Ганна Новік. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.