Вы тут

Чаму насенне не ўзыходзіць, кветкі не жадаюць цвісці?


Верагодныя прычыны няўдач можна падзяліць на некалькі груп — зыходзячы з таго, на якой стадыі дапушчаны памылкі.


Фота: pexels.com

1. Дрэнны пасадачны матэрыял

Калі не вырасла наогул нічога — хутчэй за ўсё, справа менавіта ў якасці пасадачнага матэрыялу.

Насенне пратэрмінаванае. Чым даўжэй захоўваецца пасадачны матэрыял, тым менш у ім застаецца жыццяздольнага насення. Пры гэтым тэрміны, на працягу якіх насенне захоўвае ўсходжасць, у розных раслін розныя. З кожным годам захоўвання ўсходжасць насення падае, але з рознай інтэнсіўнасцю ў розных відаў.

Пачатковая ўсходжасць, гэта значыць тое, колькі насення са 100 працэнтаў жыццяздольнага, у раслін таксама адрозніваецца. Напрыклад, у таго ж васілька пачатковая ўсходжасць вельмі нізкая — толькі 5 %, у флёкса — 48 %, у астры — 80 %, у настуркі — 84 %, у мальвы — 91 %. Усходжасць насення моцна залежыць ад умоў захоўвання: у якой тары — адкрытай або закрытай — яно знаходзіцца, ад вільготнасці і тэмпературы паветра. Пры няправільным захоўванні насенне можа страціць усходжасць раней за тэрмін. Пагрозу нясе як перасушванне, так і павышаная вільготнасць, якая небяспечная грыбковымі захворваннямі. Сапсаванае насенне можа змяніць колер, форму, стаць занадта лёгкім па вазе.

Цыбуліны і карэнішчы высахлі або падгнілі. Для цыбулін і карэнішчаў умовы захоўвання яшчэ важнейшыя. Але і пашкоджанні іх больш відавочныя. Здаровыя цыбуліны павінны захоўваць пругкасць, хоць і могуць быць крыху падсохлымі; на іх не павінна быць цвілі. Калі відавочных прыкмет пашкоджання няма, жыццяздольнасць цыбулін і карэнішчаў бывае вызначыць няпроста.

Карэнішчы падзелены занадта дробна. Часам здаровыя на першы погляд карэнішчы ўсё роўна не спяшаюцца прарастаць. Прычынай можа быць тое, што прарастаць няма чаму. Магчыма, кавалкі нарэзаныя занадта дробна, і роставыя пупышкі проста адсутнічаюць. Калі вы дзеліце карэнішча самастойна, лепш на кожным фрагменце захоўваць 2—4 пупышкі аднаўлення.

2. Няправільная падрыхтоўка да пасадкі

На вынік уплываюць не толькі якасць і ўмовы захоўвання пасадачнага матэрыялу. Часта яму неабходная папярэдняя падрыхтоўка. Не менш важна выконваць тэхналогію пасадкі.

Насенне не прайшло стратыфікацыю і скарыфікацыю. Гэта адна з самых частых прычын, напрыклад, чаму не ўзыходзіць лаванда з насення. Стратыфікацыя — гэта імітацыя працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе зімой, калі пад уплывам вільготнасці і халодных тэмператур вонкавая абалонка насення размякчаецца, а затым часткова разбураецца, што дазваляе яму прарасці. Таксама ў насення ссоўваецца баланс хімічных рэчываў і падрыхтоўваецца працэс росту.

Для розных відаў, у залежнасці ад асаблівасцяў іх развіцця і паходжання, стратыфікацыя праводзіцца халодным, цеплавым і камбінаваным метадамі.

Пры халоднай стратыфікацыі ў штучных умовах насенне размяшчаюць у вільготным асяроддзі — у пяску, грунце, торфе, вермікуліце, сфагнуме або проста ва ўвільготненай сурвэтцы — і пакідаюць на холадзе: часцей за ўсё неабходная тэмпература ад 1 да 5 градусаў вышэй за нуль. У хатніх умовах насенне можна змясціць у халадзільнік. Для засцярогі ад гніення і грыбкоў іх папярэдне апрацоўваюць фунгіцыдамі.

Пры цеплавой стратыфікацыі насенне звычайна замочваюць у цёплай вадзе.

Пры камбінаванай — чаргуюць перыяд утрымання ў цёплым і халодным асяроддзі. Часам такіх цыклаў чаргавання прамарожвання і прагравання патрабуецца некалькі.

Для раслін з асабліва цвёрдай абалонкай насення дадаткова патрабуецца скарыфікацыя: механічная, хімічная або тэрмічная.

Важна: Насенне, якое паступае ў продаж, часта працэс скарыфікацыі ўжо прайшло. Гэтая інфармацыя будзе пазначана на ўпакоўцы.

3. Памылкі ў тэхналогіі пасадкі

Занадта глыбока. Асабліва дадзены фактар уплывае на карэнішчавыя і цыбульныя расліны. У півоні і флёксаў верхняя частка карэнішча і пупышкі аднаўлення павінны знаходзіцца на глыбіні 4—5 см ад паверхні глебы.

Карэнішчы касача барадатага павінны размяшчацца яшчэ бліжэй да паверхні. Каб яны добра награваліся, іх укладваюць у баразёнкі глыбінёй 3—5 см. У вяргіні каранёвая шыйка павінна быць на 2—3 см ніжэй за ўзроўня глебы, а ў лілейнікаў яе размяшчаюць на паверхні глебы, прысыпаючы зверху 1—2 см торфу ці сухога перагною.

Лілеі высаджваюць на глыбіню 12—15 см, а сцеблакаранёвые — на 20—25 см. Глыбіня пасадкі іншых цыбульных раслін, асабліва відаў, якія маюць мноства разнастайных сартоў, залежыць ад велічыні цыбуліны і канчатковага памеру расліны. Напрыклад, цыбуліны цюльпанаў звычайна высаджваюць на глыбіню, роўную тром вышыням цыбуліны. На цяжкіх глебах глыбіня павінна быць крыху меншай. Занадта глыбокая пасадка прыводзіць да здрабнення цыбулін і памяншэння колькасці «дзетак».

Занадта блізка. Акрамя глыбіні пасадкі трэба выконваць пасадачныя адлегласці, пакідаючы месца для разрастання і жыўлення. Пры цеснай пасадцы расліны з часам пачынаюць пакутаваць ад недахопу пажыўных рэчываў, вільгаці, ад захворванняў і паразітаў, якія актыўна развіваюцца ў скучаных умовах.

Няроўна. Важнае і размяшчэнне цыбуліны ці карэнішча. Донца цыбуліны павінна быць арыентавана ўніз ці ўбок. Карэнішчы размяшчаюць так, каб большая частка роставых пупышак была накіравана ўверх або ў бакі. Так парасткам будзе прасцей выбрацца на паверхню.

Несвоечасова. Гэта важны фактар, асабліва для паўночных рэгіёнаў. У сваім развіцці расліны праходзяць некалькі этапаў, працягласць якіх адрозніваецца ў розных відаў. Ды і ўмоў яны патрабуюць розных.

Напрыклад, півоні высаджваюць восенню, касачы барадатыя дзеляць пасля цвіцення — у другой палове лета, а вось лілейнікі лепш дзяліць ранняй вясной, калі яны толькі пайшлі ў рост. Цыбульныя павінны ўкараніцца да маразоў, але не паспець пайсці ў рост, таму іх высаджваюць увосень.

4. Неадпаведнасць умоў

Умовы, у якіх расце расліна, вельмі важныя. Так, многія віды даруюць вам хібы агратэхнікі, іншыя нібыта і вырастуць, але цвісці будуць слаба, а некаторыя загінуць яшчэ на этапе парасткаў. Самыя важныя ўмовы для развіцця — асветленасць, якасць, урадлівасць, пранікальнасць і кіслотнасць глебы, утрыманне ў ёй пэўных пажыўных рэчываў, вільготнасць.

Вельмі частая памылка — высадзіць у кветніку ўсе ўпадабаныя віды, не беручы да ўвагі іх патрэбнасці. У выніку палова раслін прыгнятаецца ці гіне. Але правільнае суседства важнае не толькі з такой прычыны. Некаторыя віды выпрацоўваюць рэчывы, якія тармозяць рост іншых раслін.

Акрамя фітанцыдаў, якія выдзяляюцца раслінамі, некаторыя прыгнятаюць суседзяў, захопліваючы тэрыторыю літаральна: паўзучымі парасткамі або магутнай каранёвай сістэмай. Такім уздзеяннем вызначаюцца многія сцелістыя віды.

5. Няправільны догляд

Догляд на пачатковай стадыі пасля пасадкі вырашальным чынам уплывае на прыжывальнасць раслін і з'яўленне ўсходаў. А ў далейшым вызначае дэкаратыўнасць кветніка. Якія памылкі тут могуць быць?

Перапаліў і перасушванне крытычныя для маладых раслін. Тонкія карані вельмі адчувальныя і лёгка загніваюць або пашкоджваюцца, здушаныя часцінкамі сухой зямлі. Юны парастак не мае дастатковага запасу вільгаці, каб перажыць засуху.

Перапады тэмператур — яшчэ адна напасць, ад якой часта пакутуюць маладыя расліны. Нівеліраваць тэмпературныя кантрасты дапамагае вырошчванне расады ў ахаваным грунце.

Выкарыстанне пры паліве занадта халоднай вады адразу са студні або свідравіны можа быць пагібельным для цеплалюбівых відаў раслін.

Незахаванне рэжыму падкормак адаб'ецца на вонкавым выглядзе раслін. Прычым негатыўны ўплыў можа аказаць не толькі недахоп пажыўных рэчываў, але і іх лішак. Неабходны баланс элементаў і мікраэлементаў у прыдатнай прапорцыі.

Напрыклад, азот стымулюе развіццё зеляніны, але затрымлівае цвіценне. Пры яго лішку некаторыя віды, напрыклад, гваздзікі або казяльцовыя прыгнятаюцца і слаба цвітуць. Пры недахопе азоту ў большасці раслін запавольваецца рост, драбнее лісце, на ім з`яўляюцца плямы (хлароз), лісты жоўкнуць. Пры недахопе фосфару расліна не цвіце, а на лісці з`яўляюцца цёмныя плямы. Недахоп калію можна заўважыць, калі расліны нібыта збіраліся зацвісці, але бутоны так і не развіліся, кончыкі лісця жоўкнуць, лісты загінаюцца па краях. Недахоп мікраэлементаў, хоць расліна і спажывае іх у мізэрных колькасцях, таксама вельмі заўважны, але і лішак іх можа быць шкодны.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.