Вы тут

Патрыятызм — алгарытм, які нельга перарываць


Сёлета Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначае дваццацігоддзе, і ў Магілёве да такой даты вырашылі стварыць кнігу «Гэта наша з табой біяграфія», каб пад адной вокладкай сабраць усе добрыя справы, якімі ганарыцца арганізацыя. Першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Уладзімір Паўлоўскі дэманструе напрацоўкі і адзначае, што ў кнігу ўвойдзе не толькі інфармацыя за два апошнія дзесяцігоддзі, а наогул больш чым за 100 гадоў, бо БРСМ — гэта пераемнік яшчэ савецкага УЛКСМ. Таму «нашу з табой біяграфію» магілёўскі абкам БРСМ піша разам з абласным Саветам ветэранаў, які ўзначальвае былы маладзёжны актывіст Анатоль Глаз.


Патрыятызм выхоўваецца на сімвалах.

— Спяшаемся падрыхтаваць выданне да юбілейнай даты 6 верасня, — удакладняе Уладзімір Паўлоўскі. — Яно ахопіць перыяд з 1918 года да сёння. Гэта будзе самая поўная інфармацыя па дзейнасці маладзёжнага саюза ў нашай вобласці.

— Не баіцеся, што на фоне БАМа і цаліны дасягненні сённяшняй моладзі будуць выглядаць сціпла?

— Цяперашняя моладзь нічым не горшая за тую, што была ў савецкія часы. Так, змяніліся выклікі, сама рэчаіснасць, у нас свае мэты і задачы, і мы з імі спраўляемся. Наша моладзь працуе ў будатрадах, на прадпрыемствах, у аграгаспадарках — і шмат хто выходзіць у лідары. У нас вялікая колькасць цікавых і сапраўды ўплывовых праектаў, усе яны накіраваныя на стварэнне. Напярэдадні 9 Мая мы займаліся добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў — прыбіралі тэрыторыю, рамантавалі помнікі, фарбавалі агароджы. А нехта палічыў, што мы проста прыйшлі і паклалі кветкі.

— А чым канкрэтна можа прывабіць сёння моладзь членства ў БРСМ?

— Грошы тут, вядома, не раздаюць, але калі актыўны чалавек з выразнай грамадзянскай пазіцыяй удзельнічае ў нашых конкурсах, мы яго заахвочваем. Запрашаем у цікавыя паездкі, напрыклад, нядаўна ездзілі ў Пскоў і Стаўрапаль. Апошнім разам на сямейны форум выязджала маладая сям’я, якая працуе ў холдынгу «Бабушкіна крынка». Сужэнцы вярнуліся натхнёныя, з жаданнем паўдзельнічаць яшчэ дзе-небудзь. Мы раскручваем таленты, якія потым заяўляюць пра сябе ў праекце «100 ідэй для Беларусі». А гэта вялікія магчымасці рэалізавацца. У нас ёсць кірункі для развіцця творчай моладзі, арганізоўваем стартапы. Хлопцы і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе маладзёжных ініцыятыў, чатыры праекты прайшлі экспертную ацэнку і атрымаюць гранты. Гэта, лічы, добрая прэферэнцыя для членаў БРСМ.

Летам праводзім маладзёжны сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар вёскі». Два апошнія гады яго вынікі падсумоўваліся на купальскім свяце ў Александрыі. Летась перамагла сям’я з Круглага. У якасці падарунка яны атрымалі магчымасць з’ездзіць у аквапарк «Лебядзіны». Вярнуліся вельмі ўражаныя.

А яшчэ мы развіваем міжнародныя сувязі. Летась падчас форуму «Ад Брэста да Уладзівастока» пабывалі ў сталіцы Прымор’я, пасябравалі з равеснікамі з іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Па выніках сустрэчы прайшоў тэлемост паміж Маладзёжным парламентам Прыморскага краю і нашым. Мы расказалі пра асаблівасці сваёй дзейнасці, яны — сваёй, дамовіліся, у якім кірунку будзем супрацоўнічаць.

— Як правіла ў рэгіёнах ажыццяўляюцца рэспубліканскія праекты. А ці ёсць ініцыятывы рэгіянальнага паходжання?

— Напярэдадні Дня Перамогі мы запусцілі вялікі праект патрыятычнай накіраванасці «Дарогамі памяці і славы». Ён уключаў наведванне кожнага раёна Магілёўскай вобласці. Два тыдні перад святам наша аўтакалона разам з перасовачнай палявой кухняй і двума музеефікаванымі аўтобусамі аб’язджала населеныя пункты. Адна мабільная выстава прысвячалася гісторыі вобласці, другая — Вялікай Айчыннай вайне. Было шмат ахвотных паглядзець экспазіцыі. У населеных пунктах, дзе прыпыняліся, арганізоўваліся дыялогавыя пляцоўкі, дзе мы ў нефармальнай абстаноўцы сустракаліся з моладдзю, размаўлялі на хвалюючыя тэмы. У нашых радах шмат працуючых маладых людзей. І многія знаходзяць час для грамадскай работы. У кожным раёне ёсць паркі сямейных дрэў. Стала ўжо добрай традыцыяй, калі маладая сям’я саджае дрэва, а потым даглядае яго. Вельмі папулярная наша магілёўская ініцыятыва — «Бітва двароў». Двор, які перамагае, атрымлівае ў падарунак спартыўную пляцоўку. Летась такім чынам мы зрабілі спартыўную пляцоўку каля школы № 28. Самі знаходзім спонсараў, дзесьці дапамагае горад. Яшчэ адзін даволі гучны праект — «Аднаўленне святынь» — нарадзіўся менавіта на Магілёўшчыне. Цяпер гэта акцыя рэспубліканская. Але мы па-ранейшаму самі вырашаем, што будзем рабіць на тэрыторыі вобласці. Летась, напрыклад, аднаўлялі крыніцы, сёлета добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол храмаў. Нашы актывісты працавалі ў аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна, каля храма ў Палыкавічах, у Магілёве. Летась выязджалі ў Горкі, дапамагалі будаваць капліцу.

Праекты «Уладар вёскі», «Звон смутку» — таксама магілёўскія. Першапачаткова «Звон смутку» праводзіўся толькі ў нас, гэта была наша ініцыятыва, і яе падтрымалі ўлады і грамадскасць. На досвітку 22 чэрвеня мы збіраліся ў нашых гераічных Буйнічах, каб ушанаваць памяць тых, каго забрала вайна. Летась гэта традыцыя стала ўжо рэспубліканскай. Вельмі часта вось такія брэндавыя праекты фарміруюцца менавіта ў рэгіёнах, а калі становяцца рэспубліканскімі, складваецца ўражанне, што «рэгіянальшчыкі» нічога арыгінальнага самастойна і прыдумаць не могуць. Насамрэч, у нас шмат цікавых мерапрыемстваў рэалізоўваецца ў раёнах.

Калі бачым, што ад іх ёсць эфект, бяром на ўзбраенне і распаўсюджваем на ўсю вобласць.

— Адзін з вашых кірункаў — працаўладкаванне. Раскажыце пра яго падрабязней...

— Гаворка ідзе выключна пра студэнцкія атрады, у якіх у канікулярны час моладзь можа папрацаваць і адпачыць. Летась мы такім чынам працаўладкавалі 3,5 тысячы чалавек. Нашы байцы працавалі на будаўніцтве трасы М1 у Падмаскоўі, выязджалі на работу ў Анапу — у парк-атэль «Усход», дзе жылі па графіку: два дні працуеш, два — адпачываеш. У выніку і грошай падзарабілі, і адпачылі, а ў Анапе, дзе працавалі студэнты Магілёўскага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, яшчэ і вопыту набраліся па арганізацыі харчовага бізнесу. Наогул у будатрадаўскага руху вельмі моцны прафарыентацыйны пачатак. Маладыя людзі бліжэй знаёмяцца з асаблівасцямі розных прадпрыемстваў, што потым вельмі дапамагае ім вызначыцца з месцам работы.

— Якую частку моладзі аб’ядноўвае ў Магілёўскай вобласці арганізацыя?

— Чвэрць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, хоць народ вельмі часта асацыіруе ўсю моладзь з БРСМ. Але ў статуце БРСМ выразна прапісана, што членам арганізацыі можа стаць толькі той, хто строга прытрымліваецца нашых мэт і задач. Мы ў свае рады нікога пад прымусам не заганяем. Але ў нас ёсць пэўныя праекты, кірункі дзейнасці, якія цікавыя ўсім. І мы, па сутнасці, не дзелім моладзь на сваіх і чужых, вядзём работу з усімі. Гэта робіцца для таго, каб чалавек, які нават не з’яўляецца членам нашай арганізацыі, ацаніў тыя праекты і захацеў іх прасоўваць.

Уладзімір Паўлоўскі дэманструе асабісты знак «За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку».

— Адна з задач саюза моладзі — выхаваць патрыёта. Што асабіста для вас азначае дадзенае паняцце?

— Для мяне патрыятызм заключаецца ў любові да той мясціны, дзе я нарадзіўся і жыву. Гэта, па сутнасці, уся Магілёўская вобласць і асобна ўзятая вёска Каменка ў Горацкім раёне — туды я заўсёды вяртаюся з задавальненнем. Тут я пайшоў у дзіцячы садок, потым у школу. З трох гадоў, пасля таго як трагічна загінулі мае бацькі, мяне выхоўвала сям’я дзядзькі. На жаль, нядаўна яго таксама не стала, але засталася цётка, якую я больш прывык называць маці. І яна мяне заўсёды чакае. З дзяцінства добра ведаю, што такое вясковае жыццё. У нас была гаспадарка і дзеці заўсёды дапамагалі дарослым. З дзяцінства запомнілася і тое, як мы, школьнікі, хадзілі на брацкую магілу, прыбіралі яе і ўскладалі кветкі. Як шчыра перажывалі, калі малады хлопец, які служыў у Афганістане, вярнуўся дамоў у цынкавай труне. Сёння яго імя носіць тамтэйшая піянерская дружына. Гэта тыя дамінанты, на якіх загартоўваўся наш агульны з аднагодкамі і мой асабісты патрыятызм. Без блізкіх, родных, знаёмых, без мясцін, з якіх пачынаецца асабісты шлях у самастойнасць, могілак, дзе ляжаць родныя сэрцу людзі, жыццё ніколі не будзе поўным.

Цяпер у нас праходзіць шмат дыскусійных пляцовак з моладдзю, дзе мы размаўляем у тым ліку і наконт патрыятызму. Ім крыху цяжэй зразумець нас, бо ўсё менш застаецца ветэранаў вайны, яны не маюць магчымасці гутарыць з імі, сустракацца, як гэта было ў нас. Ад тых зносін мы яшчэ доўгі час заставаліся пад уражаннем, быццам самі бачылі тое, пра што нам расказвалі.

— На вашу думку, патрыятызм — пачуццё прыроджанае або яго трэба выхоўваць?

— На мой погляд, патрыятызм менавіта выхоўваецца, прычым у шматлікіх аспектах. Я ў свой час, калі вучыўся ва ўніверсітэце, у складзе маладзёжнага атрада «Сокал» дапамагаў міліцыі лавіць злачынцаў. Тады вельмі актуальнай была праблема распаўсюджвання спайсаў. Дагэтуль з гонарам захоўваю нагрудны знак «За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку», якім быў адзначаны асабіста. Маёй дачцэ Еве ўсяго чатыры гады, шлі з ёю нядаўна ў дзіцячы садок, і яна звярнула ўвагу на беларускі сцяг: маўляў, калі ён ёсць на будынках, значыць, мы ў сваёй краіне. Іх так у садку навучылі. Я быў вельмі ўзрушаны. А аднойчы яна спыталася, што за дзядзя на партрэце ў маім кабінеце. Я сказаў ёй, што гэта Прэзідэнт. І цяпер яна пазнае яго, калі мы глядзім тэлевізар. У працэсе выхавання павінны быць задзейнічаны ўсе — бацькі, выхавальнік у дзіцячым садку, настаўнік у школе, дэпутат у сваёй акрузе. З маленькіх пазлаў потым выбудоўваецца агульная карціна. Правільна выхаванае дзіця не будзе чакаць, калі нехта прыйдзе і навядзе парадак каля яго дома. Наадварот, яшчэ і прыклад падасць іншым. Заўсёды трэба пачынаць з сябе. Ёсць людзі, якія скардзяцца, пішуць лісты ва ўсе інстанцыі з-за таго, што ім дзесьці нешта не зрабілі, не пафарбавалі. Па сутнасці, пустая справа: паклікаў суседзяў ці пайшоў сам пафарбаваў. Ты ж тут жывеш. Акрамя канкрэтных спраў, павінна весціся і тлумачальная работа. Узяць, напрыклад, Буйніцкае поле пад Магілёвам. Адкуль яно ўзнікла? Трэба расказваць дзецям, што была вайна, адступленне, цяжкія страты. Тлумачыць, навошта мы адзначаем 9 Мая, кветкі ўскладаем да помнікаў, што стаіць за гэтай датай. Калі наладзіць паўнавартасную інфармацыйную работу, маладыя людзі будуць прыходзіць у такія месцы свядома. Выхаванне — гэта алгарытм, які, калі недзе перарываецца, разбураецца ўся сістэма. Адзінага меркавання ўжо не будзе. Кажу гэта як фізік-матэматык.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.