Вы тут

Ангеліна Сарока: «У прамым эфіры складана і адказна»


Нядаўна на канале «Беларусь 2» завяршыўся другі сезон рэаліці «Хачу ў «ПІН_КОД». Дзесяць крэатыўных і таленавітых маладых людзей змагаліся за месца новага вядучага маладзёжнай праграмы. Сваімі ўражаннямі падзялілася адна з удзельніц праекта, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ Ангеліна Сарока.


— Як ты даведалася аб гэтым творчым спаборніцтве?

— На журфаку запісалася ў гурток «Канферанс», арганізатар якога адправіла спасылку ў агульную групу: «Паспрабуйце сябе ў «ПІН_КОД!» Вырашыла запоўніць анкету і пастаралася зрабіць тое крэатыўна. Неўзабаве са мной звязалася вядучая праграмы Наташа Паўшок, якая адбірала патэнцыяльных удзельнікаў. Я мала ведала аб праграме, але азнаёмілася з ёй у кароткія тэрміны. Для кастынгу прыдумала ўласную рубрыку пра DІY-упрыгажэнні. Мне заўсёды падабалася рабіць нешта сваімі рукамі, я займалася пляценнем з бісеру і трубачак, скрапбукінгам, дэкупажам, таксама малявала і нават у інтэрнаце ўпрыгожыла свой пакой.

— Што адбывалася на кастынгу? Ці было страшна?

— Насамрэч успаміны не вельмі прыемныя, бо заданне я не зразумела і «шыкоўна» яго праваліла! Але, на шчасце, настаўнік адной з камандаў Жан Сянкевіч вырашыў даць мне другі шанц. Хутчэй за ўсё, з-за маёй яркай знешнасці, а можа, убачыў патэнцыял. Ва ўсякім выпадку, Жан неаднойчы сцвярджаў потым, што не пашкадаваў аб сваім рашэнні.

— Магчыма, ты разгубілася перад камерай?

— Не, камеры я не баюся, я ж відэаблогер. Каля сямі гадоў вяду YouTube-канал Lіna Key, на якім у мяне больш за тысячу падпісчыкаў. З імі дзялюся яркімі момантамі свайго жыцця, абмяркоўваю падлеткавыя праблемы — забаўляльны кантэнт, так скажам. Памятаю, у самым пачатку расказвала пра вяселле хамякоў і здымала смешныя відэа, трэнды. Мне хацелася стасункаў, і людзі пакідалі свае каментарыі: і станоўчыя, і не вельмі. Стала збіраць на добрую камеру і ноўтбук. Дзякуючы каналу я і вырашыла пайсці ў журналістыку, мару весці інтэрактыўныя рубрыкі і размаўляць з аўдыторыяй. Цяпер з-за занятасці рэдка здымаю, але буду працягваць займацца відэахостынгам, гэта мая аддушына.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася падчас шоу?

— Спачатку мне было складана ўліцца ў каманду, бо на праект прыйшла пазней за астатніх. Гэта заўважалі і самі ўдзельнікі, і мой настаўнік, таму я неаднойчы станавілася намінантам на вылет. Але рук не апусціла, пачала старанна працаваць і, на думку каманды «ПІН_КОД», прыкметна вырасла. Маёй перавагай было тое, што я ўжо ўмела манціраваць ролікі. А за час праекта яшчэ больш павысіла свой узровень у апрацоўцы відэа.

— У якой ролі ты адчувала сябе больш камфортна: карэспандэнта ці вядучага?

— Я зразумела, што працаваць у прамым эфіры складана і адказна. Усведамленне таго, што нічога нельга будзе змяніць, запісаць нанава, скоўвае і дадае хвалявання. Таму мне прасцей загадзя прадумаць сцэнарый і зняць рэпартаж.

— Што табе даў удзел у рэаліці?

— Спадабаліся заняткі па сцэнічнай мове. Вядома, я і раней трэніравалася над пастаноўкай голасу і правільным вымаўленнем, але ў дадзенай справе практыка ніколі лішняй не бывае. Таксама цікавымі былі ўрокі па здымцы відэа, раскадроўцы, правільным ракурсе. У цэлым я зарадзілася энергіяй і набыла бясцэнны вопыт, які, упэўненая, спатрэбіцца мне ў далейшым.

— Што адчувала, сыходзячы з праекта за крок да фіналу?

— Крыўдна, вядома. Насамрэч яшчэ напярэдадні ў мяне было прадчуванне, што далей не прайду. Але надзея не памірала да апошняга. Я раней за ўсіх прыехала на пляцоўку і заспела працэс падрыхтоўкі да эфіру. Устанаўлівалі апаратуру, вядучыя паўтаралі тэкст, візажысты ўсіх фарбавалі. Я зразумела, як моцна хачу працаваць у гэтай сферы.

— Рэдакцыя праграмы казала аб тым, што адкрытая да новых ідэй і прапаноў. Ці не думаеш вярнуцца са сваёй рубрыкай?

— Цяпер планую адпачыць ад камер, але нядоўга. Хутка ў мяне пачнецца практыка, і хто ведае, можа, я прайду яе на канале «Беларусь 2».

Паліна ШЫНКЕВІЧ, вучаніца 10 класа гімназіі № 6 г. Маладзечна.

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.