Вы тут

«З імі ніколі не бывае сумна» — Вольга Васецкая аб працы трэнерам коней


«Спорт — гэта жыццё», — пісаў калісьці ў «Одзе спорту» заснавальнік сучасных Алімпійскіх гульняў П'ер дэ Кубертэн. Доказам таго, што гэта не толькі прыгожая цытата, а сапраўднае крэда, служыць гісторыя Вольгі Васецкай, трэнера коней і інструктара па верхавой яздзе для замежнікаў Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы.


З самага дзяцінства маленькая Воля захаплялася высакароднымі, хуткімі і моцнымі жывёламі — коньмі. Бацькі нярэдка бачылі, як яна бегала па хаце на карачках. На здзіўленае «Што ты робіш?» дзяўчынка весела адказвала: «Гуляю ў конікаў». Зразумела, што калі ў дзіцяці ёсць моцны інтарэс і пэўныя здольнасці, а ў бацькоў магчымасці, то закладзеныя прыродай таленты будуць развівацца. А далей... Хто ведае, мабыць, гэта стане прызваннем?

Верагодна, так і адбылося ў Вольгі. Яна прыехала першы раз у Ратамку, калі ёй было восем, і засталася там на 15 гадоў. Спачатку гэта былі трэніроўкі па выхадных у пракаце, потым дзяўчына пайшла ў спартыўную навучальную групу, дзе правяла два гады, а пасля падрыхтоўкі трапіла ўжо ў прафесійны спорт. І толькі маючы за плячыма стаж верхавой язды 13 гадоў, пачала сама трэніраваць.

Не сталі перашкодай і моцныя мігрэні, ад якіх пакутавала дзяўчына. «Усе хваробы кудысьці знікаюць, — дзеліцца Вольга. — Становішся здаравей, нібыта гэта чараўніцтва, прычым ва ўсіх маіх сяброў так. Амаль ніхто сур'ёзна не хварэе».

Сёння Вольга займаецца з маладымі коньмі (ад трох да шасці гадоў). «Атрымліваецца, што спачатку «мацёрыя» коні вучаць спартсмена ездзіць, — кажа дзяўчына, — а потым ужо ён сам, набраўшыся досведу, трэніруе нявопытных маладых конікаў».

Вольга працуе інструктарам па верхавой яздзе для замежнікаў. Яна добра валодае кітайскай і англійскай мовамі. Сёлета выпускаецца з факультэта міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «Кітаязнаўства». Веданне замежных моў вельмі дапамагло дзяўчыне ў рабоце: «Неяк у мяне месяц трэніравалася амерыканка, якая прыехала да бабулі ў Беларусь на летнія канікулы, — успамінае дзяўчына, — па-руску яна амаль не размаўляла».

З кітайцамі — іншая гісторыя. Часам у Ратамку прыязджаюць жыхары Паднябеснай з жаданнем навучыцца ездзіць вярхом. Тых, хто не ведае рускую мову, адразу адпраўляюць да нашай гераіні. Цяпер яе кліенты — маладая пара кітайцаў, студэнты БДЭУ. Калі яны пабывалі першы раз у Ратамцы, то адначасова здзівіліся і ўзрадаваліся, што тут ёсць інструктар, які ведае іх мову. Самі яны ні рускай, ні англійскай мовай не валодаюць.

Аб звычайным рабочым дні ў Ратамцы Вольга расказвае наступнае: «Спачатку я прыходжу, пераапранаюся, затым іду да сваіх конікаў, частую іх цукрам або яблычкамі (трэба ж задобрыць), цалую ў носік, потым сядлаю, і мы ідзём працаваць».

Адначасова і мінусам, і плюсам сваёй дзейнасці дзяўчына называе работу з жывымі істотамі: «З коньмі ніколі не бывае сумна, ніводны дзень не падобны на іншы. Мы сябруем з імі, укладваем у іх часцінку сваёй душы. У адказ атрымліваем вялікую эмацыянальную аддачу ад гэтых цудоўных жывёл. Мінус у тым, што, нягледзячы на вялікія памеры і сілу, коні патрабуюць вельмі далікатных адносін — лёгка атрымліваюць траўмы. А яшчэ падчас спаборніцтваў бываюць розныя нечаканасці. Напрыклад, ты настроены на перамогу, а конь «не з тога капыта» ўстаў — не хочацца яму сёння вялікіх дасягненняў, або наадварот: ты памыляешся, а партнёр чатырохногі дапамагае».

У будучым Вольга марыць купіць уласнага каня і працягваць займацца конным спортам. На яе думку, дзейнасць у Ратамцы цудоўна разбаўляе шэрыя будні і кампенсуе сядзячую работу ў офісе.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».