Вы тут

Ідуць праз TіkTok у салдаты


У сучасным свеце існуе вялізная колькасць розных сацыяльных сетак, адной з самых папулярных сярод моладзі з'яўляецца TіkTok. Гэта пляцоўка, на якой размяшчаюцца ў асноўным кароткія відэа гумарыстычнага і забаўляльнага характару. Аднак ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Руслан Шкодзін здолеў не толькі набраць больш за 500 тысяч падпісчыкаў, але і прыцягнуў увагу моладзі да патрыятычнага выхавання, развеяў страхі і вайсковыя міфы ў прызыўнікоў.


Тое, што наш герой будзе вайскоўцам, ён ведаў з самага дзяцінства. Яго бацька быў ваенным, і Руслан з малых гадоў ездзіў з ім па гарнізонах і натхніўся гэтай прафесіяй. З-за таго, што час быў складаны, яму давялося павучыцца ў двух ваенных вучылішчах і Мажайскім ваенным тэхнічным інстытуце. А сёння ён з'яўляецца ваенным камісарам Віцебскай вобласці.

— Ідэя стварыць акаўнт voenkom.pro ў інтэрнэце ўзнікла крыху больш за год таму. Галоўнай нашай мэтай было жаданне наладзіць камунікацыю з хлопцамі — будучымі прызыўнікамі, каб з дапамогай гумару мы маглі данесці да моладзі сур'ёзныя рэчы, а таксама развейваць асноўныя міфы і страхі, якія датычацца арміі. Даволі доўга выбіралі сацыяльную сетку, у якой будзем весці свой профіль.

Спачатку я даў сваім падначаленым указанне зрабіць аналіз усіх сацыяльных сетак і адначасова з імі праводзіў уласнае вывучэнне, каб хутчэй уліцца ў інфармацыйнае асяроддзе. Вывучыўшы велізарную колькасць сацыяльных сетак, прыйшлі да высновы, што неабходны для нас кантынгент знаходзіцца менавіта на папулярнай пляцоўцы TіkTok. Што б мы ні казалі, але ў моладзі цяпер зусім іншае мысленне, гэта пакаленне візуалаў, ім падабаецца атрымліваць інфармацыю праз відэа, і названая сацыяльная сетка накіравана менавіта на гэта.

Выбраўшы патрэбную пляцоўку, Руслан Шкодзін узяў усё ў свае рукі і пачаў здымаць першыя відэа. Паводле яго слоў, спачатку яму патрабаваўся час, каб прыстасавацца да такога фармату, бо да акаўнта ў TіkTok у яго была толькі старонка ў «Аднакласніках». Палкоўнік прызнаецца, што ён не чакаў такой папулярнасці, першапачаткова разлічваў на мінімальную колькасць падпісчыкаў, а ў выніку мае больш за пяцьсот тысяч гледачоў, з іх, паводле статыстыкі сацыяльнай сеткі, прыкладна 70 працэнтаў людзей мужчынскага полу. Усе падпісчыкі з розных краін: Беларусі, Расіі, ёсць і з Казахстана, наогул практычна з усёй постсавецкай прасторы.

— Першапачаткова планавалася, што мы будзем здымаць тэматычныя ролікі і відэаадказы на пытанні падпісчыкаў. Прычым у залежнасці ад таго, да якой сферы адносіцца пытанне, будзе выбірацца спецыяліст, які дасць разгорнуты пісьмовы адказ. Таксама планавалася здымаць ролікі аб жыцці ў войску. Пакуль рыхтавалі базу для здымак, я яшчэ раз прааналізаваў гэтую сацыяльную сетку і зразумеў, што яе кантэнт у асноўным гумарыстычнага характару. Тады вырашыў зняць сам першае відэа-дуэт, на якім проста паківаў галавой на ролік, зняты раней. На маё здзіўленне, людзям гэта спадабалася, яно набрала
600 тысяч праглядаў.

Працягваючы асвойваць сацыяльную сетку, наш герой зразумеў, што ў яе ёсць свае асаблівасці і прынцыпы дзейнасці. Каб і далей набіраць вялікую колькасць праглядаў і наладжваць камунікацыю з будучымі прызыўнікамі і людзьмі, якія цікавяцца армейскімі пытаннямі, палкоўнік Шкодзін звярнуўся па дапамогу да некалькіх папулярных блогераў-мільённікаў.

— Хлопцы дастаткова моцна нам дапамаглі. Яны растлумачылі, што трэба публіцы, якія відэа будуць «залятаць», а якія не знойдуць водгуку. Пасля кантактавання з імі мы зразумелі, што кантэнт павінен быць лёгкім і гумарыстычным, таксама ў кадры мусіць быць адзін чалавек, каб запамінаўся вобраз. Акрамя таго, яны паглядзелі маё першае відэа і сказалі, што такі фармат можа «зайсці» аўдыторыі. Прааналізаваўшы ўсе парады, вырашыў і далей здымаць у фармаце дуэтаў. Гэта калі я знаходжу ўжо апублікаванае кім-небудзь відэа і здымаю на яго рэакцыю. Цяпер ролікі выкладваю штодня, асабліва шмат часу, каб зняць і вылажыць відэа, не патрабуецца, літаральна некалькі хвілін. Звычайна раблю тое ў абед ці пасля работы. Прыемна назіраць, што людзям сапраўды падабаецца, яны нават самі прапануюць, на чыё відэа зрабіць наступную рэакцыю, адзначаючы мяне пад рознымі ролікамі. Як правіла, выбіраю тыя, дзе назбіралася больш за ўсё рэакцый.

Руслан Шкодзін распавёў, што ў першы час усе ўспрымалі ваенкама як вобраз, не верылі, што сапраўдны палкоўнік здымае ролікі для TіkTok. Для іх гэта было проста забаўкай. Аднак калі наш герой пачаў адказваць ім на пытанні, падпісчыкі ўсвядомілі, што гэта не проста забаўляльны кантэнт.

— Для таго каб адказваць людзям, я завёў акаўнт у Іnstagram, цяпер там ужо больш за 2700 чалавек. Шчыра прызнаюся, што гэта адымае больш часу. За ўвесь перыяд адказаў ужо на некалькі тысяч паведамленняў. Першапачаткова, як я згадваў раней, мы думалі, што рабіць тое будуць розныя людзі ў залежнасці ад спецыфікі, але гэтага не адбылося. Бывае, што задаволіць інтарэс магу адразу, а часам даводзіцца пагаварыць з калегамі ці звярнуцца да дакументацыі і законаў, каб даць максімальна падрабязны і кваліфікаваны адказ.

Для сябе палкоўнік вылучыў некалькі катэгорый пытанняў. Самыя распаўсюджаныя датычацца прызыўнікоў — як правіла, іх задаюць юнакі прыкладна з 12 да 18 гадоў. Яны даведваюцца аб медыцынскіх абследаваннях, як яны праводзяцца, пра крытэрыі для адбору ў тыя ці іншыя войскі, аб навучанні, атрыманні правоў у ДТСААФ, цікавяцца кантрактнай службай. Таксама ўзнікаюць пытанні аб паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці ваеннага профілю. Старэйшыя мужчыны цікавяцца парадкам праходжання ваенных збораў. Таксама палкоўнік адзначае, што дастаткова часта яму пішуць маці хлопцаў, задаюць пытанні, часам проста хочуць развеяць свае перажыванні.

— Наша работа ў TіkTok і Іnstagram — толькі малая доля таго, што мы робім, каб наладзіць камунікацыю з прызыўнікамі. Акрамя таго, праводзіцца работа ў школах, ствараюцца Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, у функцыі якіх уваходзіць не толькі навучанне асновам ваеннай справы, але і патрыятычнае выхаванне. Цяпер у нашай вобласці ўжо створаны васямнаццаць цэнтраў. Я лічу, што мы займаемся высакароднай і несумненна важнай справай, бо любоў да сваёй Радзімы і разуменне значэння слова «патрыятызм» адыгрываюць велізарную ролю ў фарміраванні чалавека як асобы. Не хочацца казаць гучнымі і збітымі фразамі, таму проста хачу пажадаць нашай моладзі, каб у век, калі інфармацыі вельмі шмат, яны заўсёды звярталіся да афіцыйных крыніц, больш чыталі літаратуры і ведалі гісторыю сваёй дзяржавы.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?