Вы тут

Чаму польскія ўлады ашукваюць людзей?


Інфляцыя ў Польшчы ў красавіку дасягнула новага максімуму — 12,4 працэнта. У параўнанні з папярэднім месяцам цэны на тавары і паслугі ўзраслі на два працэнты, паведаміў польскі інфармацыйны партал радыё RMF24 са спасылкай на Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. У параўнанні з красавіком мінулага года цэны на прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі павялічыліся на 12,7 працэнта, а цэны на алкаголь і цыгарэты — на 5,9. Транспартныя паслугі падаражэлі на 21,1 працэнта. Наведванне рэстаранаў і гасцініц за год стала даражэйшае на 14,1 працэнта, забаўляльных і культурных мерапрыемстваў — на 9,3 працэнта. Палякі сталі больш плаціць за адзенне і абутак (3,7 %). Інфляцыя таксама закранула такія сферы, як ахова здароўя (6,5 %), адукацыя (6,3 %) і сувязь (2,6 %). Значна падаражэў прадуктовы кошык. У параўнанні з красавіком 2021-га цэны на цукар узраслі на 35 працэнтаў, на мяса птушкі — амаль на 47 працэнтаў, на ялавічыну — на 30 працэнтаў. Амаль на 26 працэнтаў падаражэлі масла і мука. Цэны на хлеб узраслі на 23,7 працэнта. Пры гэтым урад Польшчы не робіць рэальных захадаў для таго, каб спыніць інфляцыю ў краіне, якая скача галопам, а толькі спрабуе адсунуць справу на перыяд пасля выбараў. Пра гэта заявіў былы прэм'ер-міністр Польшчы, экс-кіраўнік Нацбанка краіны Марэк Бэлька ў інтэрв'ю тэлеканалу TVN24. Чаму польскія ўлады падманваюць людзей?


Як пражыць?

Жыхары Польшчы з-за імклівага росту цэн пачалі абмяжоўваць свае штодзённыя выдаткі, менш адкладваць і радзей карыстацца аўтамабілямі. Аб гэтым сведчаць вынікі апытання, праведзенага польскай аналітычнай кампаніяй ARC Rynek і Opіnіa. Згодна з апытаннем, 38 працэнтаў жыхароў Польшчы ў апошні час былі вымушаныя адмовіцца ад некаторых паслуг, напрыклад ад наведвання рэстаранаў. Столькі ж апытаных заявілі, што цяпер адкладваюць значна менш грошай у запас, паколькі з-за больш высокіх цэн ім даводзіцца больш траціць. Пры гэтым 13 працэнтаў рэспандэнтаў прызналіся, што ўвогуле адмовіліся ад зберажэнняў.

Больш за трэць палякаў прызнаецца, што ім даводзіцца абмяжоўваць свае штодзённыя выдаткі, каб хапіла грошай пражыць да канца месяца. Кожны чацвёрты сцвярджае, што не можа дазволіць сабе асноўныя выдаткі. Каля 35 працэнтаў рэспандэнтаў сказалі, што з-за высокіх цэн на бензін сталі радзей перамяшчацца на аўтамабілі. Пры гэтым пяць працэнтаў разглядаюць магчымасць продажу аўто.

Амаль кожны пяты паляк (18 працэнтаў) адмовіўся браць запланаваны крэдыт, а 26 працэнтаў прызналіся, што плануюць пагасіць крэдыт як мага хутчэй, бо апасаюцца, што працэнтныя стаўкі будуць працягваць расці. Шэсць працэнтаў апытаных заявілі, што не могуць дазволіць сабе больш высокія плацяжы па іпатэцы, таму думаюць аб продажы нерухомасці. Кожны пяты паляк прызнаецца, што аддае перавагу нешта купляць, а не трымаць грошы на рахунку, бо іх кошт змяншаецца. 17 працэнтаў апытаных заяўляюць, што шукаюць новыя варыянты ўкладання грошай.

Цяперашняя эканамічная сітуацыя прымушае палякаў прымяняць розныя стратэгіі, звязаныя з інвеставаннем, зберажэннямі і спажываннем, адзначыла ARC Rynek і Opіnіa. Пры гэтым сярод спажыўцоў назіраюцца два падыходы. Першы з іх, які дамінуе, заснаваны на абмежаванні спажывання. Рэспандэнты заяўляюць, што ва ўмовах росту цэн, інфляцыі і павышэння працэнтных ставак яны найперш адмаўляюцца ад некаторых пакупак і паслуг. Спецыялісты адзначаюць, што такі падыход не ідзе на карысць эканоміцы. Другі падыход заключаецца ў павелічэнні спажывання, паколькі некаторыя людзі лічаць, што лепш патраціць грошы, чым чакаць, пакуль яны працягнуць абясцэньвацца. Палякі лічаць, што банкаўскія ўклады з невысокімі працэнтамі не абараняюць іх зберажэнні.

Смецце замест вугалю

Больш за палову жыхароў Польшчы (каля 50,7 працэнта) лічаць барацьбу з інфляцыяй найважнейшай задачай, якая стаіць у найбліжэйшыя месяцы перад урадам Польшчы. Аб гэтым паведаміла польская газета Rzeczpospolіta са спасылкай на вынікі апытання, праведзенага агенцтвам SW Research. Згодна з ім, 22 працэнты рэспандэнтаў лічаць, што ў найбліжэйшы перыяд польскія ўлады павінны разблакіраваць сродкі з Фонду рэканструкцыі ЕС, якія Еўракамісія замарозіла з-за крытыкі судовай сістэмы ў Польшчы.

Старшы менеджар праектаў SW Research Малгажата Бадзон распавяла, што барацьбу з інфляцыяй лічаць прыярытэтнай задачай урада амаль два з трох рэспандэнтаў (63 працэнты) ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Такі адказ часцей за іншых рэспандэнтаў давалі жыхары вялікіх гарадоў. Rzeczpospolіta адзначае, што ў апошнія месяцы польскі ўрад сутыкнуўся са шматлікімі крызісамі. Прыпыненне паставак расійскага газу, адмова Польшчы ад імпарту вугалю і магчымае эмбарга на нафту з Расіі прывядуць да росту цэн на энергарэсурсы, што выльецца ў павышэнне інфляцыі ў краіне. Пры гэтым улады краіны прынялі рашэнне аб павелічэнні выдаткаў на войска да трох працэнтаў ВУП. Гэта стане дадатковым цяжарам для бюджэту.

На фоне галапіруючай інфляцыі і імклівага росту цэн на бензін і камунальныя паслугі ўрад шукае спосабы папоўніць дзяржаўны бюджэт. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць абкласці насельніцтва новымі падаткамі, паведаміла Rzeczpospolіta. Паволе даных выдання, урад Польшчы, якому страшэнна патрэбныя грошы для выканання перадвыбарных абяцанняў, заняты распрацоўкай падатку на пустыя кватэры, а таксама на трэцяе і наступнае жыллё. Паводле неафіцыйных даных, Міністэрства развіцця і тэхналогій Польшчы ўжо вывучае рынак жылля і кансультуецца з экспертамі. Падобным аналізам таксама займаецца Міністэрства фінансаў.

Па словах польскага эканаміста Марэка Ляховіча, калі ў краіне інфляцыя перавышае 12 працэнтаў, ураду даводзіцца недзе шукаць фінансавыя сродкі. «Можна ўвесці новы падатак або збор, лепш невялікі, што закране невялікі працэнт насельніцтва, які, пажадана, не належыць да выбаршчыкаў кіруючай партыі. Таму тэма падатку на пустыя кватэры вярнулася», — заўважыў Марэк Ляховіч. Паводле яго слоў, увядзенне такога падатку можа змяніць рынак жылля ў Польшчы. Заможныя палякі, якія жадаюць купіць кватэру, каб укласці грошы, задумаюцца, ці варта тое рабіць. Бо за жыллё, дзе яны не плануюць пражываць, давядзецца плаціць падаткі. Чакаецца, што ўладальнікі кватэр пачнуць здаваць жыллё.

Тым часам жыхары Польшчы вымушаныя спальваць смецце, каб ацяпліць дамы, бо з-за падаражання вугалю не могуць сабе яго дазволіць, паведаміла Gazeta Wyborcza. Адзначаецца, што за апошнія некалькі месяцаў вугаль у краіне падаражэў больш чым на 100 працэнтаў. Менш забяспечаная частка насельніцтва Польшчы больш не можа сабе дазволіць яго набыць. Каб абагрэць сваё жыллё, людзі цяпер вымушаныя спальваць смецце, газеты і ўсё, што ёсць пад рукой. Так, адзін з жыхароў невялікага мястэчка пад Варшавай Яцэк расказаў карэспандэнтам выдання, што цяпер, калі падаражала літаральна ўсё, пачынаючы ад ежы і заканчваючы вугалем, яго сям'я вымушаная эканоміць, таму адмовілася ад ацяплення дома. З надыходам цёплага надвор'я стала прасцей, аднак ёсць праблемы з падагрэвам вады. Яцэк падзяліўся, што з трывогай чакае надыходу наступнай зімы, бо пра запасы вугалю трэба думаць ужо цяпер.

Злачынныя рашэнні

Як растлумачыў Марэк Бэлька, інфляцыя мае ўласцівасць паскарацца, дэстабілізаваць эканоміку і, як вынік, можа прывесці да эканамічнага калапсу. «Рана ці позна ўладам давядзецца мець справу з інфляцыяй і змагацца з ёй балючымі метадамі», — заўважыў эксперт. Паводле яго слоў, інфляцыя больш за ўсё ўдарыць па маламаёмасных, таму што цэны на тавары першай неабходнасці, у тым ліку прадукты харчавання, растуць хутчэй за астатнія. «У гэтых людзей няма рэсурсаў, каб перажыць складаны перыяд. Таму мае сэнс абараніць самых бедных ад наступстваў інфляцыі. Гэта азначае, што грамадству ў цэлым давядзецца несці цяжар барацьбы з інфляцыяй», — сказаў экс-прэм'ер.

Былы прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заклікаў цяперашні ўрад краіны перастаць ашукваць простых палякаў і ўвесь Еўрапейскі саюз, паведаміла газета Rzeczpospolіta. Польшча каторы месяц не можа атрымаць сродкі з Фонду рэканструкцыі ЕС, бо Еўракамісія выступае супраць судовай рэформы ў краіне. Акрамя таго, па распараджэнні Еўрапейскага суда Варшава абавязаная выплачваць штраф за пратэрміноўку ліквідацыі Дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда. Па словах Дональда Туска, замест таго каб атрымліваць грошы ад Еўропы, краіна вымушаная выплачваць ёй штрафы. «Ужо шмат-шмат месяцаў уся Польшча чуе запэўніванні ад прэм'ера, ад міністраў гэтага ўрада, што заўтра-паслязаўтра яны зробяць неабходныя крокі, каб гэтыя мільярды трапілі ў Польшчу», — заявіў Туск.

Па словах колішняга прэм'ера, неабходна як мага хутчэй аднавіць разбураную цяперашнім урадам сістэму правасуддзя ў Польшчы. Такім чынам, грошы з еўрапейскіх фондаў, што належаць Польшчы, будуць разблакіраваны. Туск дадаў, што людзі жадаюць бачыць вырашэнні праблемы, а не слухаць абяцанні ўладаў. Цяперашнія рашэнні, якія прымае польскі ўрад, ён назваў тымі, якія «супярэчаць жыццёвым інтарэсам Польшчы і палякаў», а таксама злачынствам супраць інтарэсаў краіны і польскіх сем'яў.

Перспектывы зусім не абнадзейваюць. Польскі эканамічны інстытут прагназуе, што ў найбліжэйшыя месяцы рост цэн на прадукты харчавання яшчэ больш паскорыць інфляцыю ў краіне. Канфлікт ва Украіне ўжо прывёў да павышэння цэн на пшаніцу, масла і мяса. Акрамя таго, Еўропа зноў змагаецца з праблемай засухі, што прывядзе да падаражання гародніны і садавіны. «Нельга выключаць, што пасля летніх канікулаў цэны на прадукты харчавання будуць амаль на 20 працэнтаў вышэйшыя, чым летась», — спрагназавалі эксперты Польскага эканамічнага інстытута.

Заложнікі геапалітыкі

Палітыка Польшчы дэструктыўная, і гэта ўжо адчуваюць на сабе ўсе польскія хатнія гаспадаркі, заявіў БелТА палітолаг Вадзім Баравік. Ён канстатаваў, што Польшча сёння знаходзіцца пад поўным кантролем ЗША. «Іх знешняя палітыка шмат у чым дыктуецца Вашынгтонам, пачынаючы ад разгортвання ваенных баз на тэрыторыі Польшчы, заканчваючы тым, што ўрад прымае абсалютна нявыгадныя для Польшчы рашэнні, — сказаў Вадзім Баравік. — Польшча губляе на транзіце, на тым, што растуць цэны на энерганосьбіты». А цэны на энерганосьбіты — гэта заўсёды рост сабекошту вытворчасці, гэта значыць, любы канчатковы прадукт, выраблены ў Польшчы, будзе каштаваць даражэй і будзе менш канкурэнтны на сусветных рынках, будзе назірацца дэфіцыт харчавання ў Польшчы па шэрагу таварных груп. Зноў жа ўраджайнасць будзе ніжэйшай, будзе дэфіцыт».

«Жыроўкі растуць, асабліва прыватных дамоў, ацяпленне будзе дорага каштаваць зімой. Гэта яны яшчэ мінулую зіму перажылі па нармальных цэнах, а наступная зіма іх чакае вельмі суровая, — працягнуў палітолаг. — Паліва даражэе ў Польшчы і назіраецца дэфіцыт пэўных таварных груп. Жыллё сёння для нашых так званых палітычных мігрантаў непад'ёмнае. Сёння яны вымушаныя выязджаць са сталіцы ў больш маленькія гарады, таму што не могуць сабе дазволіць з тымі даходамі, якія яны атрымліваюць у Польшчы, аплачваць якаснае жыллё ў буйных гарадах. Гэта тое, што яны публікуюць у сваіх блогах, на YouTube-каналах, скардзяцца на жыццё ў Польшчы, бо яны могуць сабе дазволіць сёння толькі трэцясортнае жыллё для таго, каб там неяк пражыць».

Польшча зрабіла ўласных грамадзян заложнікамі сваёй мілітарысцкай геапалітыкі, заявіў БелТА эксперт грамадскага аб'яднання «Белая Русь», палітолаг Пётр Пятроўскі. «Сёння ў плане энергетычнай палітыкі Варшава ператвараецца ва Украіну. Я нагадаю, што менавіта недзе гадоў 5 таму ва Украіне таксама з-за вось гэтага бессэнсоўнага супрацьстаяння з Расіяй павялічылі цану для ўласных грамадзян на камунальныя паслугі ў некалькі разоў», — адзначыў Пётр Пятроўскі. Палітолаг падкрэсліў: усе цудоўна разумеюць, да чаго тое прывядзе. «Так, пэўнае павышэнне людзі яшчэ стрываюць, будуць менш купляць, зменшыцца базавы камфорт грамадзян Польшчы. Але відаць, што польскі ўрад накіраваны на тое, каб і надалей пагаршаць гэты ўзровень жыцця, што прывядзе ў канчатковым выніку да такіх жа сумных наступстваў як і ва Украіне. Гэта значыць да таго, што проста грамадзяне Польшчы паступова будуць адмаўляцца аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі. І пытанне толькі ў тым, навошта гэта польскаму кіраўніцтву і ці з'яўляецца Польшча тут суверэннай краінай. Гэта выклікае вялікія сумненні, — дадаў Пётр Пятроўскі. — Таму што на фоне той жа Венгрыі, якая праводзіць зусім альтэрнатыўную палітыку, абараняе інтарэсы грамадзян ад санкцыйнага вар'яцтва калектыўнага Захаду, Польшча, наадварот, чамусьці знаходзіцца ў авангардзе гэтых шалёных дзеянняў і вымушае ўласных грамадзян цягаць каштаны з тарыфнага агню жыллёва-камунальных паслуг, расплачваецца іх дабрабытам і ўзроўнем жыцця».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.