Вы тут

Прагуляцца па экалагічнай сцежцы да стаянкі першабытнага чалавека


Для большасці мінчан і гасцей сталіцы Цэнтральны батанічны сад адно з любімых месцаў адпачынку, куток жывой прыроды ў самым цэнтры мегаполіса. Штогод яго наведваюць больш як 200 тысяч чалавек. Нават у зімовы час года гасцям тут прапануюць розныя актыўнасці: для іх ладзяць экскурсіі па аранжарэях трапічных раслін, арганізоўваюць фестываль-конкурс лядовых і снежных скульптур, ліхтароў, адзначаюць на яго тэрыторыі Каляды і Масленіцу... Але з мая, калі ў садзе расцвітаюць сакура, магнолія, пладовыя дрэвы, рададэндраны і бэз, тут назіраецца сапраўдны аншлаг.


Дарэчы, калекцыя бэзу Цэнтральнага батанічнага сада атрымала міжнароднае прызнанне, цяпер яна налічвае больш за 200 сартоў. Асаблівую каштоўнасць складаюць сарты ўласнай селекцыі. Рададэндранаў у садзе — каля 80  відаў і больш як 140 сартоў. Ёсць сарты, якія расцвітаюць яшчэ ў красавіку, аапошнія завяршаюць сваё цвіценне ў пачатку жніўня. У апошнія гады калекцыя актыўна папаўняецца.

Размнажэнне ў прабірцы

Дырэктар Валянцін ШАТРАЎКА: «Мы пастаянна працуем над павышэннем прывабнасці сада для наведвальнікаў...»

— Хачу заўважыць, што Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук — гэта комплекснае навуковая і культурна-асветніцкая ўстанова, — расказвае яго дырэктар, кандыдат сельскагаспадарчых навук Валянцін ШАТРАЎКА. — Першы наш напрамак — навука: цяпер мы распрацоўваем і суправаджаем 47 навуковых тэм. Другі — захаванне калекцый. Большая частка раслін на тэрыторыі сада абвешчана нацыянальным здабыткам, і мы займаемся тым, што захоўваем іх для будучых пакаленняў. Гэта самы вялікі ў краіне цэнтр па захаванні біяразнастайнасці жывых раслін. На плошчы 93 гектары ў нас прадстаўлена 45 калекцый, якія налічваюць каля 15 тысяч розных відаў раслін.

Трэці напрамак — прамысловы: мы займаемся вырошчваннем раслін на продаж. Шмат намаганняў навукоўцаў скіравана на развіццё ягадаводства — новай для Беларусі экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай галіны. Стаўка зроблена на вырошчванне высакарослых буякоў, брусніц, буйнаплодных журавін, бружмелю. Гэтая прадукцыя экспартуецца ў Расію, Казахстан, іншыя краіны СНД. За 2021 год было рэалізавана імпартазамяшчальнай прадукцыі на 300 тысяч долараў.

У 2018 годзе быў цалкам уведзены ў эксплуатацыю біятэхналагічны комплекс Цэнтральнага батанічнага сада, які сумяшчае вытворчы і навуковы напрамкі дзейнасці. Сёння гэта адзін з найбольш перадавых комплексаў у краіне.

Па словах загадчыцы навукова-вытворчага аддзела комплексу Веранікі ФІЛІПЕНІ, да 2024 года тут плануецца вырошчваць паўмільёна саджанцаў у год:

— Па магчымасці будзем вырошчваць і больш прадукцыі, таму што яна запатрабаваная. Сёлета будзе выраблена не менш як 200 тысяч саджанцаў, летась было 100 тысяч. Мы развіваем тэхналогію кланіравання іn vіtro — гэта размнажэнне саджанцаў любых раслінных культур мікрачаранкамі ў прабірцы. Для гэтага бяром стэрыльны раслінны матэрыял. Шляхам тэхнічных маніпуляцый дзелім і высаджваем яго на спецыяльнае пажыўнае асяроддзе ў адмысловых стэрыльных боксах. Перавагі такой тэхналогіі ў тым, што саджанцы можна вырабляць круглы год. Для гэтага не трэба трымаць вялікія матачнікі кустоў, як пры звычайным чаранкаванні. У маленькім 200-грамовым слоічку на пажыўным асяроддзі вырошчваем ад 30 да 50 мікрасаджанцаў. Гэта дазваляе хутка і масава размножыць запатрабаваныя культуры. Адзін аператар можа пасадзіць за дзень да двух тысяч мікрачаранкоў.

Увогуле метад мікракланальнага размнажэння мае шэраг пераваг перад традыцыйнымі яго спосабамі. Гэта атрыманне генетычна аднароднага пасадачнага матэрыялу, захаванне чысціні сартоў, абароненасць ад вірусаў і паразітаў, скарачэнне працягласці селекцыйнага працэсу.

Праводзяць аналіз на наяўнасць вірусаў і сортаадпаведнасць у малекулярнай лабараторыі, якая дзейнічае ў складзе біятэхналагічнага комплексу. Дырэктар Батанічнага сада Валянцін Шатраўка заўважыў: у хуткім часе лабараторыя павінна прайсці акрэдытацыю, што дасць магчымасць рэалізоўваць сертыфікаваныя расліны.

У планах на будучыню — максімальна скараціць на біятэхналагічным комплексе ручную працу і там, дзе магчыма, перайсці на поўную аўтаматызацыю. Толькі ўявіце сабе, што 500 тысяч саджанцаў трэба будзе тройчы перасадзіць — атрымліваецца 1,5 мільёна такіх маніпуляцый, а ў цяпліцы працуюць толькі тры чалавекі...

Свая спецыфіка

Скульптура вучонага ХVІ стагоддзя на Алеі акадэмікаў. Гэта час, калі на тэрыторыі Беларусі пачалі развівацца садова-батанічнае мастацтва і ландшафтная архітэктура.

У 2017 годзе ў гонар Года навукі ў Цэнтральным батанічным садзе была закладзена Алея акадэмікаў. Колькасць пасаджаных таполяў адпавядала колькасці акадэмікаў у Нацыянальнай акадэміі навук на той час. Тады ж быў устаноўлены і памятны камень. А зусім нядаўна тут з'явілася скульптура вучонага ХVІ стагоддзя. Як вынікае з гістарычных звестак, менавіта ў гэтым стагоддзі на тэрыторыі Беларусі пачалі развівацца садова-батанічнае мастацтва і ландшафтная архітэктура. Прыкладна ў тыя ж часы быў закладзены і Нясвіжскі парк. Дарэчы, у розных беларускіх гарадах у парках захаваліся дрэвы з трохсотгадовай гісторыяй. Іх генафонд адбіраецца і вывучаецца спецыялістамі.

У адрозненне ад іншых навуковых устаноў, у Батанічнага сада ёсць свая спецыфіка: гэта і пастаянныя метэаралагічныя пагрозы, і ўзрост некаторых раслін. Самым старым дрэвам на тэрыторыі сада ўжо больш як 100 гадоў. Алеі, якія з'яўляюцца візітоўкамі Батанічнага, вельмі складана захоўваць, бо калі загінула нават адно дрэва, то алея ўжо страчвае свой ранейшы выгляд. Між іншым, з-за моцнага ветру ў студзені гэтага года на тэрыторыі сада было пашкоджана каля 250 кубаметраў драўніны.

Даводзіцца змагацца і з такой навалай, як кляшчы. Усе насаджэнні ўздоўж алей апрыскваюцца, каб засцерагчы наведвальнікаў ад непажаданай сустрэчы.

Дарога ў… бронзавы век

Адзін з апошніх рэалізаваных праектаў Цэнтральнага батанічнага сада — экалагічна-міфалагічная сцежка «Легенды беларускай флоры» агульнай працягласцю каля 400 метраў, якая пралягае ў лесапаркавай зоне паўднёвай часткі сада. Абраўшы гэты маршрут, можна далучыцца да гісторыі роднай зямлі — пазнаёміцца з абрадавымі і рытуальнымі традыцыямі, звязанымі з пэўнымі раслінамі, з легендамі і міфамі пра іх. На ўстаноўленых каля раслін этыкетках ёсць QR-коды. Ініцыіраваўшы код з дапамогай мабільнай праграмы на смартфоне, атрымліваеш доступ да звестак аб расліне. У шэрагу выпадкаў маюцца актыўныя спасылкі на шэсць тэматычных рубрык: «Гэта цікава», «Народныя легенды і міфы», «Гаспадарчае выкарыстанне» і іншыя.

Некаторыя з раслін нам добра знаёмыя. Асобныя мы ведаем «у твар», але не ведаем, як яны правільна называюцца. Некаторыя заўсёды побач з намі, але мы іх проста не заўважаем. А нейкія настолькі рэдкія, што нават не ўсе спецыялісты бачылі іх у месцах натуральнага асяроддзя.

У адрозненне ад нас нашы продкі больш цесна кантактавалі з навакольным раслінным светам, ведалі пра карысныя ўласцівасці шматлікіх раслін, і гэтыя веды перадаваліся з пакалення ў пакаленне. У вуснай народнай творчасці рацыянальныя звесткі абрасталі легендамі і міфамі. У асобныя расліны продкі «ўдыхнулі» душу і звязалі іх з язычніцкімі багамі. Расліны прыйшлі ў магічныя рытуалы і святочныя абрады. Усім добра вядомая легенда аб папараці, у якой чароўная кветка распускаецца раз на год у ноч на Івана Купалу. У старажытных славян папараць лічылася магічнай раслінай.

Руны — гэта сімвалы, якія выконваюць функцыю літар і адначасова нясуць пэўную сэнсавую нагрузку. На паляне за стаянкай першабытнага чалавека размешчана сем камянёў з рунамі.

Прыкладна месяц таму побач з міфалагічнай сцежкай на паляне збудавалі стаянку старажытнага чалавека. Як расказаў Валянцін Шатраўка, ідэя яе стварэння з'явілася яшчэ ў 2016 годзе, аднак толькі ў лютым бягучага года быў заключаны дагавор з арганізацыяй, распрацаваны макет стаянкі, чарцяжы, якія ўзгадняліся з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Трэба было, каб усё адпавядала гістарычнай рэчаіснасці. Экспазіцыя пад адкрытым небам налічвае тры аб'екты, якія адпавядаюць бронзаваму веку. Гэта не пастаяннае паселішча старажытнага чалавека, а яго часовае жыллё і дапаможныя памяшканні, вырабленыя з падручнага прыроднага матэрыялу, у дадзеным выпадку чароту. У далейшым плануецца ўстанавіць крыты трыснягом пчаліны вулей. Таксама будзе выканана агароджа стаянкі з выкарыстаннем драўняных калоў. размесцяць і новыя элементы малой архітэктурнай формы. Таксама плануецца інтэрактыўнае выкарыстанне аб'екта ў экскурсійных маршрутах. Гасцей збіраюцца частаваць тут гарбатай з траў, якія раслі здаўна на тэрыторыі нашай краіны. Ёсць і іншыя ідэі, якія супрацоўнікі навуковай установы пакуль не спяшаюцца раскрываць.

 Стаянка старажытнага чалавека налічвае тры аб’екты, якія адпавядаюць бронзаваму веку. Яны выраблены з падручнага прыроднага матэрыялу.

Бясконцы працэс

А яшчэ ў Цэнтральным батанічным садзе павінен з'явіцца Музей пчалярства. «Мы ўваходзім у кластар па пчалярстве, створаны ў Акадэміі навук. На пчальніку Батанічнага сада ўтрымліваюцца 20 пчоласем'яў, кожная з якіх за мінулы год прынесла па 15 кілаграмаў мёду. У планах — далейшае развіццё пчальніка да 30 пчоласем'яў, — расказвае Валянцін Шатраўка. — Праводзяцца ў нас і навуковыя даследаванні. Цяпер працуем над стварэннем музея, які стане яшчэ адным экскурсійным аб'ектам. Пакуль зрабілі першыя крокі, адрамантавалі знадворную частку будынка. Далей будзем напаўняць яго прыстасаваннямі і прадметамі, якія выкарыстоўваюцца менавіта для пчалярства, рознымі цікавінкамі. Спадзяюся, што да наступнага сезона асноўная экспазіцыя ўжо адкрыецца».

Спецыялісты біятэхналагічнага комплексу размнажаюць саджанцы мікрачаранкамі ў прабірцы.

Таксама сёлета ў батанічным садзе плануюць добраўпарадкаваць азёрны комплекс. Асноўныя работы па рэканструкцыі закрануць набярэжную і масток. «Там рамонт праходзіў даўнавата, таму некаторыя драўляныя элементы падгнілі, — растлумачыў дырэктар. — Акрамя таго, на тэрыторыі батанічнага сада працягнуць устанаўліваць новыя архітэктурныя формы і альтанкі. Увогуле, развіццё сада — працэс бясконцы. Навукова-даследчая, адукацыйная і асветніцкая работа ідуць паралельна з павышэннем прывабнасці сада для наведвальнікаў. Хутка ў нас з'явіцца таджыкскі куток. Цяпер вядзём будаўніцтва пляцоўкі, дзе будуць высаджаны расліны, характэрныя для флоры Таджыкістана. Гэты куток дапоўніць адзін з сектараў, прысвечаных Сярэдняй Азіі. На гэтай тэрыторыі ўжо растуць некаторыя драўнінна-хмызняковыя расліны, кампазіцыю дапоўняць культуры, прывезеныя непасрэдна з Таджыкістана. Адкрыццё плануецца да сярэдзіны лета».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.