Вы тут

На арэлях юнацтва


Даруйце. Трохі аб асабістым. Перад Радаўніцай пашчасціла з выхаднымі. Змог дапамагчы маці прыбіраць могілкі. Гэта святое. Адчуваеш раскідзістыя шаты свайго радаслоўнага дрэва. Прыемныя ўспаміны пра тых, каго няма, але засталіся ў душы і сэрцы — жывой памяці. А яшчэ менавіта перад Радаўніцай можна сустрэцца з землякамі. Тымі, каго даўно не бачыў і не ведаеш, калі яшчэ ўбачыш.


Каля сцежкі пад грузам смецця, галля і спудам забыцця стаяў крыж. Гэта магіла бабулі, у якой вайна адняла сына. Пакуль мы наводзілі парадак, маці распавяла і пра жыццё гэтай бабулі, і пра тое, як яны, піянеры, прыходзілі і дапамагалі ёй па гаспадарцы. Чырвоныя гальштукі і марш на словы Жарава ды музыку Дзёшкіна — былі толькі атрыбуты. Галоўнае — гэта работа на карысць школы, грамадства, дзяржавы, работа над сабой. Менавіта «дзеці рабочых» сталі дзецьмі эпохі. На «чэсным піянерскім» трымаліся любоў да Радзімы, павага да старэйшых, сапраўднае сяброўства. Як бы там хто пагарадліва ні ўхмыляўся, але пад словы: «Взвейтесь кострами, синие ночи! Мы пионеры — дети рабочих» пад гукі барабана і горна ў дарослае жыцце, у вялікі свет маршыравалі будучыя Мараты Казеі, маладагвардзейцы, Гагарыны, будаўнікі БАМа, геолагі Сібіры, даследчыкі Арктыкі, альпіністы Казбека, навукоўцы фізікі лазераў, выканаўцы «Спадчыны» і волі народа. Усе яны ў свой час былі піянерамі.

Цяпер паўсюль — валанцёры. Нават модна быць валанцёрам. Добра. Моладзь прывучаецца дапамагаць. Не быць эгаістамі. Бо як кажуць нават самі настаўнікі, эгаізм прапісаны ў адукацыйных праграмах. Дзяцей узнялі на пастамент асаблівасці. Паставіць — паставілі. А зняць забылі....

Ну добра, хоць бы валанцёры. Але чаму не піянеры? Я зразумеў. Валанцёр — гэта часовае становішча. Сёння — валанцёр, пакуль не надакучыла, заўтра — фрык. А вось піянер — гэта ўжо сур’ёзна. Нават «чыліцца» (па-маладзёжнаму — адпачываць) няма калі. Ды і з гальштукам тату не пасуе. Піянер — гэта ўжо сталы выбар. Шкаляры звычайна мараць аб даросласці. А тут насамрэч хапае адказнасці.

Сёння быць піянерам — не тое, што раней. Раней гэта была звычайная справа. Дзеці з чырвонымі гальштукамі — мэйнстрым савецкай рэчаіснасці. Цяпер на дзяцей з чырвона-зялёнымі гальштукамі аглядаюцца. Маўляў, ледзьве не рудымент. А быў час — нават кпілі, адварочваліся. На звалку гісторыі. Савецкае — значыць дрэннае. Таму, маўляў, пад корань гэтае дрэва пераемнасці пакаленняў. Піянеры — дрэнна, а пахабныя фільмы не першага сорту ў вячэрнім прам-тайме альбо ў нядзелю днём — добра? Замест піянерскай прынцыповасці — «блакітны экран». Экраны ў гаджэтаў — нібы вясёлкавая палітра. У гэтых экранах нават бацькі. А дзеці дзе? Зноў страчанае пакаленне?

Таму і ў свой стагадовы юбілей піянерскае вогнішча не згасла. Адчуваю, вось пачнуцца абвінавачанні: ідэалогія, прапаганда — навошта залішняя занятасць моладзі? Вядома, хай моладзь у айфонах паглынае чужаземную ідэлогію і заморскую прапаганду. Хай тая заходзіць, як кажуць зумеры, «на ізі». А чаму ж нам так не паспрабаваць?

Зразумела, прывіць прымітыўныя, сцёбныя паводзіны лягчэй, чым закласці ў падлетка штосьці святое і светлае. А гады юнацтва — гады выпрабавання. Нібыта тое дрэўца цягнецца ў вышыню, прагна назапашвае сацыяльны вопыт. А ён можа быць які заўгодна, гэты вопыт. І, на жаль, без падтрымкі бацькоў, школы ды грамадскага згуртавання — адмоўным. Некалі думалі, што зямля трымаецца на трох кітах. Дык вось, тры кіты выхавання падлеткаў (здаровага чалавека) — гэта бацькі, школа і пазітыўная суполка. І тады ніякі «сіні кіт» ужо не праглыне ў сваю бязлітасную прорву нашу моладзь.

Чаму піянерская арганізацыя? А чаму не? Няўжо такія модныя скаўты лепш? Пачакайце абурацца. Маўляў, тое ж не палітычны саюз, а наднацыянальны. Давайце прыгадаем, чаму скаўтаў навучалі польскія дыпламаты ў Брэсце. І што сёння азначае наднацыянальны саюз. Той, які адпавядае мэтам сучаснай глабалізацыі. А пра тое, што такое сучасная глабалізацыя, кіраўнік дзяржавы яскрава распавёў падчас выступлення ў месцы нашай сілы — на плошчы Перамогі. Там, дарэчы, прысутнічалі і піянеры Беларусі.

Першапачатковы сэнс слова «піянер» — гэта першапраходзец. А яны — маладыя — і насамрэч на скрыжаванні. Памятаеце, як у Коласа — стаяць на ростанях. У час, калі штодня праз чалавека праходзіць больш інфармацыі, чым некалі за год, вельмі цяжка не збочыць у дрыгву постгуманізму. Дзе замест бацькоў і Радзімы на першым плане — ідэалогія лічбы. І ў літаральным сэнсе — а колькі гэта каштуе і колькі мне прынясе? І ў сацыяльным плане — лічбавы светапогляд. Прыгадаем песню няўкрадзенага тэхналогіямі дзяцінства — «Крылатые качели». Дайсці ж да «цудоўнага далёка» разам — піянерскім маршам — значна лягчэй.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».