Вы тут

Андрэйчанка: Усе спробы задушыць нас, робяць нас толькі мацнейшымі


З прыходам вясны работы ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў значна прыбавілася. Пасля прыняцця на рэферэндуме абноўленай Канстытуцыі на іх плечы лягла работа па прывядзенні ў адпаведнасць з ёй усяго заканадаўства краіны. Асаблівую значнасць і актуальнасць рабоце дадае напружаная сітуацыя ва ўсім свеце і вакол Беларусі. Перапрацоўка нормаў закранула ўсе сферы жыцця грамадства і змяніла традыцыйны план работы дэпутатаў: скарэкціраваны графікі работы ў акругах, асабістых прыёмаў і нават тэрміны водпускаў. Але, нягледзячы на гэта, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА знайшоў час, каб даць эксклюзіўнае інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды». У ім ён расказаў пра няпростую палітычную і эканамічную сітуацыю вакол краіны і падзяліўся, чаму ўпэўнены, што беларусы вытрымаюць усе цяжкасці.


— Уладзімір Паўлавіч, вы адзін з самых паважаных і вопытных палітыкаў Беларусі. Вы бачылі на ўласныя вочы падзеі станаўленне суверэнітэту нашай краіны. Ці згодны з тым, што апошнім часам Беларусь перажывае самыя няпростыя часы ў сваёй найноўшай гісторыі?

— У найноўшай гісторыі краіны былі не менш складаныя перыяды. У 90-я гады ХХ стагоддзя гаворка ішла аб самім існаванні Беларусі як самастойнай дзяржавы. Неабходна было накарміць людзей і задаволіць іх базавыя патрэбнасці, захаваць вытворчасці і калектывы, выбраць шлях развіцця і рэалізаваць яго на практыцы, гарантаваць нацыянальную бяспеку. Дзесяцігоддзі мы жылі ва ўмовах разнастайных абмежаванняў і санкцый, але паслядоўна будавалі краіну.

Сёння няпросты перыяд для ўсяго свету ў цэлым і Беларусі як яго часткі. Адбываецца перафарматаванне сусветнай палітыкі, трансфармацыя фінансавых і эканамічных інстытутаў, рэвізія культурных і грамадскіх каштоўнасцяў. Аднак і мы іншыя. Наша краіна адбылася як незалежная дзяржава, дынамічна функцыянуюць усе інстытуты кіравання, эканоміка і сельская гаспадарка. Актыўна фарміруецца грамадзянская супольнасць і ўдасканальваецца палітычная сфера. Беларускі народ падтрымаў Прэзідэнта і прыняў абноўленую Канстытуцыю краіны. Дзяржава адстойвае ўласныя інтарэсы ва ўмовах глабальных змяненняў, дастаткова паспяхова процідзейнічае санкцыйнаму ціску і прадаўжае развівацца, адаптуючыся да сучасных умоў.

— Вы адзначалі, што Канстытуцыя была напісана разам з народам, таму простыя беларусы павінны далучыцца і да напісання законаў, што яе развіваюць. Якім чынам плануецца прыцягваць насельніцтва да гэтай працы?

— Гэты механізм адпрацаваны дзесяцігоддзямі парламенцкай практыкі. Круглыя сталы, семінары, выязныя і сумесныя пасяджэнні пастаянных камісій з запрашэннем вучоных, практыкаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, непасрэдныя сустрэчы з выбаршчыкамі і грамадскае абмеркаванне найбольш значных законапраектаў — гэта элементы заканатворчага працэсу. Яго мэта — выпрацаваць правілы паводзін фізічных і юрыдычных асоб, грамадства і дзяржавы ў канкрэтнай сферы, максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў і замацаваць іх заканадаўча. Гэта магчыма толькі падчас сумеснай працы парламентарыяў і грамадзян, якім жыць паводле гэтых законаў. Справядлівасць, адказнасць, клопат — прынцыпы беларускай дзяржаўнай палітыкі, якія практычна рэалізоўваюцца Палатай прадстаўнікоў.

— Складаная знешнепалітычная сітуацыя вакол Беларусі, безумоўна, адлюстравалася і на парламенцкай супольнасці. Голас беларускіх дэпутатаў застаўся не пачуты на некаторых міждзяржаўных парламенцкіх пляцоўках. Як, улічваючы гэта, парламентарыі мусяць далей працягваць сваю міжпарламенцкую дзейнасць?

— Супраць нашай краіны вядзецца гібрыдная вайна, элементамі якой з’яўляюцца інфармацыйны і палітычны ціск. Аб’яднаны Захад пад кіраўніцтвам ЗША адзіным фронтам спрабуе задушыць іншадумства і захаваць уласнае дамінаванне, заснаванае на рабаванні і эксплуатацыі. Аднак сітуацыя істотна змянілася. Сфарміраваліся новыя цэнтры сілы, сотні дзяржаў свету не жадаюць быць чужымі калоніямі. Сутыкнуўшыся з агрэсіўнымі паводзінамі Еўрапейскага саюза, мы пашыраем узаемадзеянне з нашымі стратэгічнымі партнёрамі: Расійскай Федэрацыяй і Кітайскай Народнай Рэспублікай, з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу, выкарыстоўваем пляцоўкі БРІКС, АДКБ, іншых арганізацый.

Еўропа — гэта не больш чым адзін з рэгіёнаў свету, не самы вялікі, не самы багаты і не самы перспектыўны, улічваючы палітычныя працэсы, якія ў ім адбываюцца. Міжпарламенцкае ўзаемадзеянне паспяхова прадаўжаецца з тымі, хто настроены на канструктыўны і раўнапраўны дыялог, а гэта дзясяткі дзяржаў свету. Мы паслядоўна адстойваем свае інтарэсы на міжнародных пляцоўках, улічваючы рэальныя ўмовы абстаноўкі.

— Палітычны ціск на Беларусі ўзмацніўся і санкцыйнай палітыкай. Каб падтрымаць эканоміку, дэпутаты прымаюць законапраекты для дапамогі пераадольвання гэтай сітуацыі. Якая сутнасць закладзена ў гэтых законапраектах?

— Сутнасць законапраектаў вельмі простая — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для работы нацыянальнай эканомікі, пераадолення наступстваў санкцыйнага ціску на дзяржаву і захавання дастойнага ўзроўню жыцця беларускіх грамадзян. Наша краіна не адмаўляецца ад рэалізацыі сацыяльна арыентаванай палітыкі, робіць усё магчымае, каб захаваць стабільнасць у грамадстве і забяспечыць патрэбы людзей. Дэпутацкі корпус, як галіна дзяржаўнай улады, аператыўна рэагуе на запыты эканомікі, бізнесу, фінансавага і сельскагаспадарчага сектараў.

Аб устойлівасці і эфектыўнасці створанай у краіне сістэмы кіравання сведчыць тое, што паліцы ў магазінах не апусцелі, прадпрыемствы працуюць, сацыяльныя аб’екты і медустановы функцыянуюць у звычайным рэжыме, паспяхова завершана пасяўная кампанія. Для грамадзян нашай краіны створаны ўсе ўмовы для дастойнага жыцця.

— Санкцыйны ціск, палітычнае ігнараванне пазіцыі Беларусі, узмацненне ваеннай пагрозы. У такіх рэаліях сёння жыве наша краіна. Як вы думаеце, беларусы здолеюць годна вытрымаць выклікі?

— На долю беларускага народа за стагоддзі нашай гісторыі выпала мноства выпрабаванняў. Адно з самых страшных — Вялікая Айчынная вайна. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Нашы дзяды і прадзеды выстаялі і абаранілі сваю зямлю, аднавілі краіну і перадалі яе нам.

Сёння супраць Беларусі і Расіі вядзецца глабальная вайна, накіраваная на знішчэнне славянскага міру. Наша самастойнасць, імкненне жыць уласным розумам, адстойваць традыцыйныя каштоўнасці выклікаюць непахісную агрэсію Заходняга свету. Асноўны ўдар наносіцца па свядомасці людзей, а экспансія вядзецца праз сферы эканомікі і фінансаў, інфармацыі і псіхалогіі. Для гэтага ўводзяцца санкцыі, аб’яўляюцца эмбарга, блакіруюцца фінансавыя актывы, вядзецца вайна з помнікамі, прымяняецца рэальная ваенная сіла.

Мы, беларусы, — мірныя людзі, але ў нас жыве дух пераможцаў. Усе спробы сагнуць, задушыць нас спараджаюць меры ў адказ і робяць нас толькі мацнейшымі. Мы ні ў кога нічога не просім, умеем сябраваць і працаваць, жывём на ўласнай зямлі і гатовы яе абараняць. А сённяшнія выклікі — гэта шанц аб’ектыўна ацаніць абстаноўку, правесці глабальную рэвізію сіл і сродкаў, удакладніць прыярытэты і выпрацаваць напрамкі далейшага развіцця.

Не выклікае сумневу, што народ, які выдужаў у гады ліхалеццяў, які захаваў уласную самабытнасць і культурны код, які падняў з попелу краіну і стварыў нацыянальную дзяржаву, здольны пераадолець любыя цяжкасці. Нам ёсць чым ганарыцца, што берагчы і што перадаць дзецям і ўнукам.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.