Вы тут

30 гадоў: ужо ці яшчэ?


Новы драматычны тэатр сёлета адзначае адразу два юбілеі: 35 гадоў з дня заснавання тэатра-студыі «Дзе-Я?» і 30 гадоў з моманту, калі тэатр стаў дзяржаўным. З гэтай нагоды адбыўся святочны юбілейны вечар «Нам толькі 30!» Адзін з вядучых тэатральных калектываў сталіцы прадставіў спектакль-візітку і найлепшыя ўрыўкі са знакавых пастановак мінулага і цяперашняга рэпертуару.


Спачатку была «Дзе-Я?»

Установа бярэ свой пачатак ад тэатра-студыі, якая была арганізавана ў 1987 годзе Міхаілам Труханам і Віталем Баркоўскім. Тады дзесяць акцёраў пакінулі прафесійныя тэатры, каб займацца высокім мастацтвам. Сярод пачаткоўцаў — Тамара Міронава, Галіна Агейкіна, Валерый Агаян, Мікалай Смірноў, Валянціна Богдан, Людміла Баталава, Таццяна Папова, Аляксандр Якаўлеў, Ігар Мікалаеў, Ігар Падлівальчаў. 

У канцы 1980-х гг. у Мінску назіраўся актыўны ўздым студыйнага руху, існавала каля 20 тэатраў-студый — невялікіх творчых калектываў, якія дзейнічалі па прынцыпе самаакупнасці. Аднак большасць з іх спынілі сваё існаванне, пераважна па фінансавых прычынах. Тэатру-студыі «Дзе-Я?» удалося прайсці праз усе цяжкасці і застацца на тэатральнай ніве. А ў 1992 годзе, дзякуючы актыўнай творчай дзейнасці і прафесіяналізму, калектыў пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Трухана ўдастоіўся статусу дзяржаўнага гарадскога тэатра Мінска і атрымаў уласнае стацыянарнае памяшканне.

У гэты перыяд тэатр рабіў акцэнт на культурных традыцыях: мове, гісторыі і звычаях беларускага народа. Рэпертуарная палітыка беларускамоўнага тэатра «Дзе-Я?» была адпаведнай — вядучае месца ў ёй займалі творы нацыянальных аўтараў, у прыватнасці, забытага драматурга Францішка Аляхновіча. Калектыў шмат ездзіў па Беларусі. Кожную вясну на працягу 10 дзён паказваў свае спектаклі ў чарнобыльскай зоне (у найбольш пацярпелых раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей). Акрамя гэтага, калектыў неаднаразова ладзіў дабрачынныя акцыі ў дзіцячых дамах, бальніцах, дамах састарэлых. Галоўнымі спектаклямі таго часу былі «Роспач», «Імжа» і «Рагнеда».

Трупа тэатра актыўна прымала ўдзел у разнастайных тэатральных фестывалях: у Расіі, Украіне, Польшчы, Румыніі і інш. З 1995 да 1997 года паспяхова выступала на маштабным міжнародным тэатральным фестывалі ў сталіцы Шатландыі — горадзе Эдынбургу. Між тым творчыя здабыткі дэманстравалі ў розных гарадах Англіі, у тым ліку і ў Лондане. «Дзе-Я?» быў адным з нямногіх тэатраў Беларусі, які здолеў пакарыць сваім рэпертуарам як айчыннага, так і замежнага гледача — практычна ўсе пастаноўкі мелі паралельныя варыянты на англійскай мове.

Тэатр працягваў паспяхова развівацца дзякуючы прафесіяналізму і плённай працы калектыву. Мікалай Мікалаевіч Трухан яшчэ пры жыцці адзначаў: «“Дзе-Я?” — гэта братэрства, якое стваралася па прынцыпе адной групы крыві. Акцёры тэатра — людзі, якім блізкія праблемы зямлі і жыцця на гэтай зямлі. Наш тэатр — сям’я. Тут няма месца бруду і сваркам. Тут кіруе любоў. Акцёры шануюць адносіны, дзеляць радасць і боль адно аднаго. Кожны з іх — непаўторны. Гэтыя людзі будуюць храм». Неаднаразова заснавальніку і мастацкаму кіраўніку даводзілася тлумачыць назву тэатра-студыі: «Дзе я? Хто я? Хто я для Беларусі? Як стаўлюся да сваёй зямлі? Тэатру “Дзе-Я?” вельмі важна гісторыя і характар нашага народа. Таму што ў кожнага з нас жыве памяць генаў, што, як сны з дзяцінства, нагадвае пра тое, якім яно было — наша мінулае».

У 2003 годзе пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама тэатру быў цалкам перададзены будынак былога кінатэатра «Радзіма», а таксама выдзелены значныя сродкі на рэканструкцыю, каб прывесці памяшканне ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі тэатра. У верасні 2003 года ўпершыню ў Беларусі пры тэатры была адкрыта Дзіцячая тэатральная школа дзяржаўнага ўзору з пяцігадовым тэрмінам навучання. У 2004 годзе тэатр атрымаў сучасную назву, што было звязана з шэрагам грамадскіх, творчых і структурных змен у жыцці калектыву. Значна абнавіўся і амаладзіўся акцёрскі склад, мастацкае і адміністрацыйнае кіраўніцтва, пашырыліся творчыя плошчы, рэпертуарная і моўная палітыка (спектаклі сталі ісці не толькі на беларускай, але і на рускай мове). З красавіка 2010 года пры тэатры пачаў дзейнічаць адзіны ў Мінску «Клуб сяброў Новага драматычнага тэатра», членамі якога сталі студэнты і выкладчыкі сталічных ВНУ. У клубе праходзяць тэматычныя пасяджэнні з паказам і абмеркаваннем спектакляў. 

За час сваёй дзейнасці Новы драматычны тэатр адзначаўся рознымі ўзнагародамі. У 2005 годзе ён быў уганараваны дыпломамі за высокі прафесійны ўзровень на III Міжнародным форуме «Залаты Віцязь» і на XII Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». Пастаноўшчык спектакля «Зацюканы апостал» рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык і выканаўца галоўнай ролі Васіль Новік былі ўдастоены ганаровых дыпломаў. У маі 2006 года на VI Міжнародным тэатральным фестывалі «Класіка сёння» (г. Днепрадзяржынск, Украіна) нашы землякі атрымалі тры дыпломы, у тым ліку і «За найлепшы акцёрскі ансамбль» у пастаноўцы трагікамедыі А. Астроўскага «Шалёныя грошы».

Новая назва, новае жыццё

Сучасны тэатр — самабытная нацыянальная трупа з яркім рэпертуарам. Калектыў знаходзіцца на ўздыме — як арганізацыйным, так і мастацкім. Абнавіўся і склад трупы, прыйшло нямала таленавітай моладзі — студэнтаў і выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў і Універсітэта культуры. Выходзяць на сцэну і «ветэраны» тэатра — любімцы публікі Ігар Мікалаеў, Людміла Баталава, Наталля Капітонава, Валерый Агаян. Зараз у склад акцёрскай трупы, акрамя вышэйназваных вядучых майстроў сцэны, уваходзяць Надзея Анцыповіч, Арцём Пінчук, а таксама артысты Аксана Баранок, Валерый Глазкоў, Ірына Карніевіч, Мілана Іванова, Васіль Ніцко, Сяргей Шырочын, Ірына Антонава, Валянцін Уласень, Аляксандр Даманцэвіч, Марыя Барэйка, Ганна Цыральчук, Таццяна Жданава, Вераніка Паньшына, Алег Радкевіч, Эдуард Вайніловіч. У 2021 годзе мастацкім кіраўніком тэатра стаў рэжысёр Сяргей Кулікоўскі, які паставіў на гэтай сцэне каля двух дзясяткаў спектакляў. 

На працягу ўсёй сваёй гісторыі Новы драматычны быў верны найлепшым мастацкім традыцыям беларускай тэатральнай школы. Супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі і рэжысёрамі, ажыццяўляў пастаноўкі нацыянальнай класікі, адкрываў новыя імёны маладых айчынных рэжысёраў і драматургаў. Рэпертуар тэатра ўнікальны. У ім былі і ёсць спектаклі, якія раней ніколі не ішлі на тэатральных падмостках Беларусі: «Рамантыкі» Эдмана Растана ў вершаваным беларускім перакладзе Петруся Макаля, «Чароўная скрыпка» Алеся Гаруна, «Каралева прыгажосці» сучаснага ірландскага драматурга Марціна Мак-Донаха ў перакладзе на беларускую мову па заказе тэатра, «Шанц, якога чакаеш усё жыццё» па Вудзі Алену, «Бляск летняй вады» С.-Л.Чарняўскайтэ, «Я буду жыць!» А. Менчэла і інш.

Тэатр актыўна супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі — лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Г. Марчуком, вядомым пісьменнікам П. Васючэнкам, даўшы сцэнічнае жыццё шэрагу іх новых п’ес. Важнае месца ў рэпертуары тэатра заўсёды займала руская літаратурная класіка: пастаноўкі па творах Мікалая Гогаля, Аляксея Талстога, Антона Чэхава, Уладзіміра Салагуба, Аляксандра Астроўскага і інш. Нядаўна Новы драматычны тэатр выпусціў адразу дзве прэм’еры па сусветнай класіцы — «Дом Бернарды Альбы» па п’есе Ф. Г. Лоркі і «Чалавечы голас» па Жану Както.

У сённяшнім рэпертуары тэатра — спектаклі «Жанна», «Лялька. Фікус. Магазін» Я. Пуліновіч, «Нобелеўскі тыдзень» В. Пепяляева, «Варшаўская мелодыя» Л. Зорына, «Хамсін» Т. Жданавай, «Фабрычная дзяўчынка» А. Валодзіна, «Вадэвілі» А. Чэхава, «Як важна быць сур’ёзным» О. Уайльда, «Дом Бернарды Альбы» Ф. Г. Лоркі і «Чалавечы голас» Ж. Както, а таксама казкі «Кот у ботах» Ш. Перо і «Іншапланецяня» Я. Тышчука. 

На юбілейным вечары гледачам былі прадстаўлены самыя яркія моманты са спектакляў рэпертуру Новага драматычнага тэатра. Назва ўстановы вызначае і прыярытэтны кірунак дзейнасці — арыенцір на пошукі новага, але і захаванне традыцый. «Можна доўга спрачацца аб тым, колькі часу адведзена таму ці іншаму тэатральнаму калектыву як творчаму арганізму. Я ўпэўнены, што ён жыве па тых жа законах, што і чалавек: ёсць пара дзяцінства, юнацтва, сталення, росквіту і завядання. Па маіх адчуваннях, мы знаходзімся ў пачатку нашага творчага шляху, на піку формы», — адзначае мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Куліковіч. У перыяд творчага ўздыму будзем чакаць ад Новага драматычнага тэатра новых яскравых пастановак, ідэй і эксперыментаў. 

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.