Вы тут

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў


Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім. Вядома і тое, як складана прадказаць некаторыя выпадкі або цяжка назапасіць грошы для рэалізацыі маштабных планаў. У такой сітуацыі, мабыць, асноўным спосабам спраўдзіць сваю мару з'яўляецца крэдыт. Нядаўна мы разглядалі ўсе магчымыя крэдытныя лініі на куплю жылля. Сённяшняя наша тэма — спажывецкае крэдытаванне. Але, як аказалася, і ў гэтым пытанні шмат падводных камянёў. Важна ведаць асноўныя правілы атрымання крэдыту, каб не пралічыцца.


Узважыць усе «за» і «супраць»

Трэба вельмі-вельмі добра падумаць перад тым, як браць крэдыт. Узважце ўсе «за» і «супраць», ацаніце свае выдаткі і прыбыткі. Магчыма, варта проста трохі зрэзаць выдаткі, і не трэба будзе браць у доўг чужыя грошы. Перш чым запланаваць атрыманне крэдыту, неабходна разумна ацаніць уласныя магчымасці. Бо грошы прыйдзецца аддаваць вам, ды яшчэ і з працэнтамі.

Калі вы цвёрда вырашылі ўзяць крэдыт, тады трэба дакладна падлічыць, колькі грошай вам патрабуецца на камунальныя паслугі, прадукты, праезд і іншыя траты. Астатнюю частку даходаў падзяліце напалову. У выніку атрымаецца тая сума, якую вы зможаце аддаваць штомесяц банку і не апынуцца на мелі.

Аптымальны варыянт крэдытнай праграмы

Мае сэнс звярнуць увагу на мэтавыя праграмы банкаў. Такія крэдыты, мяркуючы па назве, выдаюцца толькі на канкрэтныя мэты: будаўніцтва, развіццё бізнесу, навучанне і іншае. Мэтавыя крэдыты часцяком аказваюцца больш таннымі, чым нямэтавыя, бо банк мае магчымасць сачыць за расходаваннем сродкаў.

Калі ваша будучая купля не адпавядае ні адной з існуючых праграм, лагічна вывучыць рынак спажывецкага крэдытавання. Галоўны арыенцір — памер працэнтнай стаўкі. Пры гэтым не варта забываць аб умовах і парадку атрымання крэдыту.

Пасля таго, як вызначыцеся з мэтай крэдыту, пачынайце шукаць банк. Звяртайце ўвагу на такія ўмовы крэдытавання, як памер працэнтных ставак, наяўнасць камісій, патрабаванні да закладаў або паручыцельства, водгукі кліентаў. Абавязкова пацікаўцеся, якая будзе эфектыўная працэнтная стаўка. Для кліента гэта важны паказчык, па якім можна даведацца пра поўны кошт крэдыту, уключаючы камісіі і аплату паслуг трэціх асоб (натарыуса, за дзяржаўную рэгістрацыю закладу).

Купляць лепш (танней) не замежнае, а сваё

У найбуйнейшым банку краіны мы знайшлі спажывецкія крэдыты толькі на набыццё тавараў беларускіх вытворцаў. Ён так і называецца: крэдыт «Партнёр аптымальны». Гэтая праграма прадугледжвае крэдыт на тэрмін да 3 гадоў з адтэрміноўкай па выплаце асноўнага доўгу на працягу 12 месяцаў. Сёння эфектыўная стаўка па такім крэдыце складае 20,75 %, або стаўка рэфінансавання Нацбанка плюс 8,75 % гадавых.

Крэдыт даецца ў аддзяленнях банка і аддзяленнях Белпошты як дзеяздольным грамадзянам нашай краіны, так і замежным грамадзянам (асобам без грамадзянства), якія пастаянна пражываюць у Беларусі і атрымліваюць тут даходы, у тым ліку праз прадстаўніцтва замежнай юрыдычнай асобы на тэрыторыі нашай дзяржавы.

Сярод перавагі крэдыту асобна вылучаюць афармленне яго без паручыцеляў і страховак, адсутнасць дадатковых камісій і плацяжоў за карыстанне крэдытам і магчымасць афармлення крэдыту без прад'яўлення даведкі аб даходах у памеры, разлічаным зыходзячы з сярэднямесячнага чыстага даходу, які не перавышае 20 базавых велічынь. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца раўнамернымі ўзносамі у перыяд пагашэння. Таксама прадугледжаны зручныя спосабы пагашэння крэдыту (у інфакіёсках банка, праз сістэму «Інтэрнэт-банкінг», паслугу «М-банкінг», аўтааплата).

Сам крэдыт выдаецца шляхам безнаяўнага пералічэння на рахункі трэціх асоб на падставе рахунку-фактуры. Парадак выплаты працэнтаў вядзецца роўнымі сумамі ў адпаведнасці з графікам пагашэння. А забеспячэннем крэдыту з'яўляецца механізм няўстойкі. Банк нагадвае, што працэнтная стаўка за карыстанне крэдытам плавае і змяняецца з дня змянення стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка краіны.

Таксама ў сістэмных банках нашай краіны дзейнічае праграма льготных крэдытаў на мэтавыя патрэбы, або для пэўнай катэгорыі кліентаў. Так, напрыклад, ільготны крэдыт маладым спецыялістам прапануе пазыковыя грошы ў суме да 4,5 тысячы рублёў на тэрмін да 60 месяцаў пад 3 % гадавых. Ільготны крэдыт на газіфікацыю індывідуальнага жылля ў суме да 50 тысяч рублёў можна атрымаць на тэрмін да 24 месяцаў таксама пад 3 % гадавых. Існуе яшчэ льготны крэдыт на развіццё асабістых падсобных гаспадарак. Ён выдаецца на тэрмін да 84 месяцаў пад 5 % гадавых. Узрост такіх крэдытаатрымальнікаў можа вар'іравацца ад 18 да 63 гадоў. Гарантыяй атрымання крэдыту з'яўляюцца абавязковыя паручыцелі і даведкі аб даходах.

Без паручыцеляў і даведак — дарагія крэдыты

Сёння ў нашай краіны няпросты час. Таму за магчымасць купіць у доўг дарагую, замежную «цацку» даводзіцца плаціць вялікія грошы. Практычна ўсе сярэднія камерцыйныя банкі цяпер прапануюць не вельмі вялікія крэдытныя грошы (ад 5 тысяч да 15 тысяч рублёў) без даведак аб даходах і без паручыцеляў. Такі крэдыт выдаюць тэрмінам да 12—15 месяцаў. Аднак працэнтная стаўка ў такіх крэдытаў адрозніваецца ад стандартных спажывецкіх праграм у разы — ад 30 % да 45 % гадавых.

Патрабаванні да кліента, які пагодзіцца на такі рабаўніцкі крэдыт, мінімальныя. Узрост пазычальніка павінен быць ад 21 года да 65 гадоў. Ён носіць з сабой дакумент, які сведчыць асобу заяўніка, а для мужчын ва ўзросце да 27 гадоў — наяўнасць ваеннага білета або дакументаў, якія пацвярджаюць права на адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу.

Не парушайце фінансавы баланс

Карыстацца пазыковымі грашыма, безумоўна, зручна і прыемна, а ў асобных выпадках і выгадна. Але нельга забываць аб тым, што доўг трэба вяртаць.

Таму падыходзіць да атрымання крэдыту трэба ўзважана. Штомесячны плацеж не павінен перавышаць 40—50 % сямейнага бюджэту. У адваротным выпадку абавязацельствы па крэдыце ператворацца ў непасільную ношу. Вызначыць штомесячную долю выплат па крэдыце ў агульным аб'ёме асабістых фінансаў можна, скарыстаўшыся інфармацыяй аб умовах крэдытавання (яе банк абавязаны даць кліенту да заключэння крэдытнага дагавора). Таксама спецыялісты раяць прыняць да ўвагі спадарожныя выдаткі, звязаныя з набыццём дарагой маёмасці: яркі прыклад — аўтакрэдыт. Не забудзьцеся, што статус аўтаўладальніка абавяжа вас раскашэліцца на тэхнічнае абслугоўванне машыны, аплату аўтастаянкі, абавязковае страхаванне. Таму перад прыняццем рашэння сумуйце ўсе плацяжы, спалучаныя з будучай купляй.

Не бярыце доўгатэрміновыя крэдыты дзеля імгненных задавальненняў

Адпачынак на Гаваях, вядома, падорыць вам некалькі незабыўных тыдняў. Аднак ці варта гэтае задавальненне таго, каб на працягу двух гадоў выкройваць з сямейнага бюджэту кругленькую суму? Вучыцеся жыць па сродках і супастаўляць кошт задавальненняў са сваімі даходамі. Бо, калі падумаць, ад адпачынку на беларускіх азёрах можна атрымаць не менш яркія ўражанні і пазітыўныя эмоцыі, чым на акіянскім узбярэжжы. Галоўнае — пазітыўны настрой і добрая кампанія.

Уважліва чытайце крэдытны дагавор

Асабліва пункты «правы банка» і «абавязкі пазычальніка». Увагу трэба звярнуць на суму крэдыту (ці не вырасла яна за кошт камісій і плат за паслугі, уключаныя ў дагавор?). Умовы датэрміновага пагашэння (ці ёсць абмежаванні?) і на тэрмін дзеяння пагаднення паміж пазычальнікам і банкам. Абавязкова азнаёмцеся з інфармацыяй аб умовах крэдытавання, дзе, акрамя працэнтнай стаўкі, магчымы і дадатковыя плацяжы па афармленні і абслугоўванні крэдыту. Напрыклад: камісія за зняцце грошай з рахунку ў розных банках можа складаць ад 1,5 да 5 працэнтаў. Калі крэдыт «кароткі», высокі працэнт за атрыманне наяўных істотна павысіць кошт пазычаных грошай. Будзьце пільнымі, бо пасля падпісання дагавора з банкам застаецца толькі адно — выконваць прынятыя на сябе фінансавыя абавязацельствы.

Не спяшайцеся быць паручыцелем

Чалавек, які ручаецца за выкананне пазычальнікам абавязацельстваў перад банкам, павінен усведамляць усю меру адказнасці, якую ён будзе несці па дагаворы паручыцельства. Калі крэдытаатрымальнік па нейкіх прычынах не зможа пагашаць крэдыт, яго фінансавыя даўгі перад банкам аўтаматычна пераходзяць да паручыцеляў, нагадваюць спецыялісты. У гэтым выпадку такі паручыцель, магчыма, будзе мець пэўныя цяжкасці пры афармленні свайго асабістага крэдыту.

Будзьце з банкам у партнёрскіх адносінах

І гэта вам акупіцца ў сто разоў. Улічвайце інтарэсы свайго дзелавога партнёра, і ён адкажа вам тым жа. Разгледзім канкрэтную сітуацыю. У пазычальніка ўзніклі часовыя фінансавыя цяжкасці. Ён можа: а) залегчы на дно, б) паведаміць банку пра свае праблемы. У першым выпадку залічэнне ў чорны спіс нядобрасумленных крэдытаатрымальнікаў гарантаванае. У другім банк можа прапанаваць кампрамісны варыянт (адтэрміноўку плацяжу). Не варта забываць: узаемапавага — ключ да вырашэння многіх складаных пытанняў.

Што кажа банкаўская статыстыка

Як перадае партал selekt.by, крэдыты, якія дадзены банкамі насельніцтву, істотна падаражэлі. У прыватнасці, сярэдняя стаўка па новых крэдытах фізічным асобам на тэрмін да 1 года вырасла да 13,64 % з 12,58 % гадавых у сакавіку. А па крэдытах на тэрмін звыш года яна павялічылася да 13,11 % з 12,36 %. Заўважу, што юрыдычным асобам значна складаней, бо крэдыты ім абыходзяцца нашмат даражэй. Сярэдняя стаўка па новых кароткатэрміновых рублёвых крэдытах прадпрыемствам у красавіку павялічылася да 19,05 % з 18,38 % гадавых у сакавіку, а па доўгатэрміновых — да 20,27 % з 18,3 %.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.