Вы тут

«Мы — дзеці Галубка...»


Багаты гэты год на юбілейныя даты. Нядаўна святкавалі 140-годдзе з дня нараджэння першага народнага артыста Беларусі. 15 мая 1882 года прыйшоў у свет Уладзіслаў Голуб, які, пачаўшы творчую дзейнасць, крыху змяніў сваё прозвішча на больш «ласкавы» псеўданім і стаў Уладзіславам Галубком.


Пісьменнік, драматург, мастак, музыкант і артыст. Уладзіслаў Галубок у 1920—1930-я гады аб’яднаў вакол сябе таленавітую моладзь, якая несла народу радасць пазнання свету, радасць знаёмства з тэатральным мастацтвам. Нарадзіўся Уладзіслаў на станцыі Лясная, сёння гэта аграгарадок у Баранавіцкім раёне, у сям’і чыгуначніка і сялянкі. 

Хлопчык быў першынцам Аліны Рэвут і Іосіфа Голуба. Верагодна, вырасшы ў вялікай сям’і і сам заўсёды марыў аб такой, таму ў будучыні і стаў бацькам шасцярых дзетак. Неўзабаве пераехалі на сталае жыхарства ў Мінск. Бацька працаваў памочнікам машыніста паравоза, пазней — слесарам паравознага дэпо, сям’я мела пэўны дастатак. Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу і два класы Мінскага гарадскога вучылішча. 

Атрымаць больш грунтоўную адукацыю не ўдалося. Перашкодзіла смерць бацькі. Уладзіслаў, як старэйшы, быў вымушаны ў 15 гадоў стаць гаспадаром у сям’і і зарабляць на хлеб. Спачатку ўладкаваўся на працу грузчыкам на дрывяны склад пры чыгунцы, потым прыказчыкам у краму да купца Стараневіча, а потым — слесарам у Мінскае дэпо. 

Працуючы на чыгунцы, Галубок скарыстоўваў бясплатны праезд для наведвання выставак у Маскве і Пецярбургу. Пачаў вучыцца музыцы і жывапісу. Здольнасці да выяўленчага мастацтва дапамаглі яму і ў тэатральнай дзейнасці пры афармленні сцэны, стварэнні афіш да спектакляў і канцэртаў. Тым больш ён заваяваў папулярнасць і як мастак-пейзажыст. 

Палотны рэгулярна экспанаваліся на выстаўках у Мінску, падчас вандровак з тэатрам. Захапляўся Уладзіслаў і музыкай: навучыўся ігры на барытоне і трамбоне і доўгі час удзельнічаў у аркестры Мінскага добраахвотнага таварыства пажарнікаў. Асвоіў гармонік. З 1906 года пачаў пісаць вершы, апавяданні, апрацоўваў народныя казкі, легенды, паданні. З 1908-га малады літаратар супрацоўнічаў з беларускамоўнымі газетамі «Наша Ніва», «Маладая Беларусь» і іншымі.

Кіпіць работа, льецца пот, 

І крык, і шум, і гром. 

На месцы старай быліны 

Узводзяць новы дом.

Тэатр прысутнічаў у жыцці Галубка з самага ранняга ўзросту: ужо з дзесяці гадоў Уладзіслаў не прапускаў, бадай, ніводнага спектакля, што паказвалі ў Мінску вандроўныя трупы. Нават часова працаваў у адным такім тэатры бутафорам і выконваў эпізадычныя ролі хлапчукоў у спектаклях. 

А ў 1896 годзе ўпершыню трапіў у сапраўдны тэатр. Менавіта дзякуючы Галубку і быў заснаваны ў Беларусі прафесійны тэатр. Адбылося гэта ў жніўні 1920 года, калі стварылі «Трупу беларускіх артыстаў пад загадам Галубка». 15 жніўня прайшоў першы спектакль. Пазней трупа насіла назвы: «Трупа Галубка», Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, Трэці беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, ці скарочана — БДТ-3, «са сталай пляцоўкай у Гомелі». Чаму сталай? Да гэтага трупа менавіта вандравала.І вандравала па ўсіх кутках Беларусі, і ўсе ведалі «галубянят». 

Галубок быў і кіраўніком трупы, і аўтарам шматлікіх п’ес, і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, і грымёрам, і, нарэшце, акцёрам. Пра значнасць унёску творчасці Галубка ў культуру Беларусі кажа той факт, што 20 снежня 1928 г. яму было прысвоена званне народнага артыста рэспублікі. Галубок стаў першым народным артыстам БССР і трэцім народным, пасля Купалы і Коласа. Разам са званнем Галубку быў прызначаны аклад «у памеры стаўкі адказнага палітработніка». 

Такім чынам, яго талент прыраўноўваўся да чыноўніцкай пасады. У пачатку 1935 года Уладзіслаў Галубок атрымаў чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску, на рагу вуліц Савецкай і Даўгабродскай. 

Сям’і з 8 чалавек было не вельмі прасторна, але адзін пакой стаў «залай» Галубка. У гэтай зале стаяў разам з іншай мэбляй вялізны сялянскі куфар. Вось што ўспамінаў зяць Галубка, мастак Яўген Ціхановіч: «Тут былі вершы і апавяданні Галубка яшчэ з нашаніўскага часу, тут былі рукапісы ўсіх яго п’ес, дзесяць альбомаў з выразкамі з газет і часопісаў, у якіх былі водгукі чытачоў і крытыкаў, рэцэнзіі і артыкулы пра тэатры і пра асобныя спектаклі і канцэрты, афішы спектакляў і канцэртаў, шматлікія фатаграфіі асобных сцэн са спектакляў, фотаздымкі акцёраў з гледачамі, шматлікія граматы і падзякі, падарункі ад рабочых калектываў фабрык і заводаў, няскончаныя рукапісы новых п’ес, дзённікі і накіды да мемуараў-успамінаў, якія пісаў Галубок здаўна, урываючы вольную хвіліну. 

Такім чынам, у гэтым куфры змяшчаўся амаль што цэлы музей тэатра Галубка — розныя матэрыялы, фатаграфіі і пісьмы, гістарычныя прадметы і дакументы, якія адносіліся да гісторыі ўзнікнення, станаўлення і развіцця беларускага тэатра. Вельмі шкада ўсведамляць, што гэты знакаміты і вельмі каштоўны куфар знік бясследна». Чаму куфар знік? У 1937 г. Галубок быў рэпрэсіраваны; пры арышце куфар і згінуў. Як і многія жывапісныя работы. У Беларусі на сёння засталося каля 10 пейзажаў Уладзіслава Галубка. 

У 1988 годзе яго зяць Яўген Ціхановіч перадаў адну з гэтых рэдкіх жывапісных работ у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Карціна напісана Уладзіславам Галубком у 1918—1920 гг. і носіць назву «На возеры Мядзель». Паводле афіцыйнага паведамлення, Галубок памёр ад гіпертанічнай хваробы ў 1942 годзе, паводле іншых звестак — загінуў у 1937-м. Месца пахавання невядома. 26 жніўня 1957-га рэабілітаваны.

У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя Алесь Звонак напісаў артыкул «Самаадданае служэнне народу», прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіслава Галубка, што быў размешчаны на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Пазней матэрыял увайшоў у склад кнігі ўспамінаў пра Уладзіслава Галубка «Адхінуўшы заслону часу…», якая распачынаецца менавіта гэтым артыкулам. 

Ніжэй прыведзены ўрыўкі, праз якія можна прасачыць лейтматыў: «Прадстаўніком глыбока народнага мастацтва, тэатра, такім бліскучым самародкам, які выйшаў з асяроддзя рабочага люду і на працягу многіх год здзіўляў нас сваёю нястомнай энергіяй, сваім самаахвярным служэннем справе культурнай рэвалюцыі, з’яўляецца першы ў рэспубліцы народны артыст Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок... 

Заўсёды жыццярадасны, заўсёды заклапочаны, заўсёды заняты, ён валодаў вялікім сакрэтам паланіць чалавечыя душы сваёй прывабнасцю, зараджаць іх сваім энтузіязмам, весці за сабою. Ён здзіўляў сваёй нечалавечай працавітасцю… Сапраўдны талент, як парастак кінутага ў камяністую глебу зярняці, заўсёды праб’ецца на паверхню, нягледзячы на ўсе перашкоды. Так і было з Галубком». 

Пасля публікацыі гэтага артыкула дочкі Уладзіслава Галубка напісалі ліст з падзякай Алесю Звонаку. Ліст быў перададзены ў 2000 годзе ў фонды музея Наталляй Аляксандраўнай Звонак, унучкай Алеся Звонака. Прыводзім частку ліста: «Паважаны Пётр Барысавіч! Мы, дзеці Уладзіслава Галубка, прачыталі ваш артыкул… і сардэчна ўдзячны Вам за такія цёплыя і праўдзівыя ўспаміны аб нашым бацьку. Наш бацька быў добры чалавек і нам дзецям вельмі цяжка, што ён так заўчасна і недарэчна загінуў. На жаль, у нас нічога не засталося, што б напамінала аб ім, і Вашы ўспаміны нам вельмі дорагі. З вялікай сям’і Уладзіслава Галубка засталося толькі тры дачкі. Тры яго сыны загінулі на франтах Айчыннай вайны, жонка яго ўсё гаравала, плакала, чакала мужа, чакала сыноў — не дачакалася нікога, памерла. 

Мы, дочкі Уладзіслава Галубка, вельмі вельмі ўдзячны Вам за добрыя, шчырыя словы аб нашым бацьку». І подпіс: «Багуслава. Вільгельміна. Эмілія. 29.І-58г.». Колькі слоў пра сям’ю Уладзіслава Галубка. Жонка і дзеці Галубка дапамагалі бацьку ў яго творчых памкненнях. 

Амаль усе яны ўдзельнічалі ў спектаклях і канцэртах «Трупы Галубка», спачатку ў Мінску, а потым і вандравалі. Праўда, Ядвіга Аляксандраўна хутка прыпыніла сваю тэатральную дзейнасць — трэба было даглядаць сям’ю. З успамінаў Багуславы: «Наша маці і мы многа і з захапленнем працавалі ў тэатры Галубка. Цяжка нам было, спаць прыходзілася мала, спектаклі былі амаль кожны дзень, дадому вярталіся позна, змучаныя, а ўставаць трэба рана ў школу, інстытут, харчаваліся слаба, час быў цяжкі, сям’я вялікая». 

Дачка Вільгеміна вельмі часта і многа іграла ў пастаноўках бацькі. Іграла і хлопчыкаў і дзяўчынак, калі падрасла — яе месца заняла меншая з сясцёр — Эмілія. Вільгеміна ўзгадвала гісторыю, як яна іграла галоўную ролю Марцэлькі ў спектаклі для дзяцей. І так жыва і натуральна адыграла яе, што дзяўчынку яшчэ доўгі час называлі менавіта імем гераіні. 

Ці гісторыя, якая адбылася ў Віцебску, калі Вільгеміна, стоячы ў шынялі і будзёнаўцы ў грымёрцы, была так падобна на салдата-прызыўніка, што камандзір зрабіў ёй выгавар за тое, што яна знаходзіцца сярод артыстаў. Яна зняла будзёнаўку, упалі жаночыя косы… Усе дружна засмяяліся. 

Сам Галубок, будучы выдатным мастаком, акрамя афармлення сцэны і бутафорыі да спектакляў, ствараў яшчэ і афішы да іх. Калі падрасла старэйшая дачка Багуслава, гэты клопат бацька перадаў ужо ёй. З успамінаў: «Расклейвалі іх мае браты. Гэта былі вельмі цікавыя сцэнкі: мае браты з вядзёркам, пэндзлем і афішамі і цэлая чарада «балельшчыкаў»-хлапчукоў шумна і весела абклейваюць платы і сцены дамоў. 

Спецыяльных месцаў для расклейвання афіш не было, але ні разу ніводзін гаспадар не выказаў незадавальнення, наадварот, прасілі, каб хлапчукі наклеілі ім такія прыгожыя афішы». Як жа склаўся лёс родных Уладзіслава Галубка? Пасля арышту яго жонка паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Яе ледзь уратавалі. Дачку Багуславу адправілі ў вёску на «перавыхаванне». 

Працавала яна ўрачом, у тым ліку і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Падчас акупацыі працавала ў хірургічным аддзяленні 2-й мінскай бальніцы. Спачатку тут знаходзіліся на лячэнні савецкія ваеннапалонныя і грамадзянскае насельніцтва, але пазней бальніца стала нямецкім шпіталем. Багуславе прапанавалі застацца, аднак, не жадаючы служыць акупантам, яна перавялася ва уздзенскую лякарню. 

Там разам з іншымі работнікамі бальніцы праз сувязных перадавала партызанам медыкаменты, матэрыялы для перавязкі і нават пісьмовую паперу. Вільгельміна стала мастачкай. Выйшла замуж за знакамітага мастака Яўгена Мікалаевіча Ціхановіча. Іх сын Генрых (нарадзіўся незадоўга да арышту дзеда) таксама пераняў талент бацькоў і стаў мастаком. Як і ўнук Ян. Эмілія стала аграномам, вырошчвала кветкі. 

Яе муж загінуў падчас вайны, таму дзяцей выхоўвала адна. А першага ўнука назвала ў гонар бацькі — Уладзіславам. Ён таксама стаў мастаком. Добра маляваў, што заўважыў дзядзька Генрых і парэкамендаваў паступаць у мастацкае вучылішча. Пра сыноў Галубка вядома няшмат. Пасля арышту бацькі старэйшаму сыну Эдуарду, навуковаму супрацоўніку, не дазволілі абараніць дысертацыю па беларускай драматургіі, малодшых сыноў выключылі з камсамола як дзяцей ворага народа. Усе яны ўдзельнічалі ў вайне і загінулі, абараняючы Айчыну. 

Ганна КЛЯНОЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».