Вы тут

Чым будзе здзіўляць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур


У горадзе над Нёманам завяршаецца падрыхтоўка да свята, якое стала брэндам рэгіёна, яго візітоўкай. Сёлета фестываль пройдзе 13-ы раз і збярэ больш за 800 удзельнікаў. У праграму свята, якое адбудзецца 3-5 чэрвеня, увайшло каля паўсотні мерапрыемстваў.


Лагатыпы навідавоку

Для дастойнай сустрэчы гасцей праведзены рамонт больш чым сотні будынкаў, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый і дарог. Удзяляецца ўвага адметнасцям горада. На цэнтральных вуліцах можна ўбачыць дэкаратыўныя канструкцыі і тэматычныя банеры з эмблемай фестывалю. Плануецца размяшчэнне 110 візуальных формаў, якія ў тым ліку будуць сустракаць гасцей на ўездах у горад. Каля 40 новых відаў канструкцый можна будзе ўбачыць і на транспартных развязках.

У рамках фестывалю запланавана работа больш чым 170 перасовачных гандлёвых павільёнаў, на 3 тысячы месцаў разлічана работа аб'ектаў грамадскага харчавання. Гандлёвыя месцы таксама будуць аформлены ў адпаведнасці з тэматыкай свята. Прадпрыемствамі горада арганізаваны выпуск прадукцыі з лагатыпамі фестывалю. Такая ж эмблема — і на грамадскім транспарце.

Літаральна днямі завяршылі выраб прызоў. Пераможцы атрымаюць крыштальную кампазіцыю ў выглядзе двух стэл з беларускім арнаментам і эмблемай. Яго распрацавалі і зрабілі на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы. Усяго на фестываль адправяць 51 выраб. Усе прызы ў папярэднія гады таксама вырабляліся тут, і кожны з іх меў сваю адметнасць.

Традыцыі і новыя лакацыі

Як паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, над праектам кантэнту фестывалю працуе вялікая каманда прафесіяналаў. Адна з яскравых традыцый — тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Удзельнікі маршу пройдуць ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай. Пасля гэтага адбудзецца канцэрт — цырымонія ўрачыстага адкрыцця. Але фестывальнае жыццё пачнецца ўжо зранку. Запрацуе «Горад майстроў», пачнуць сваю работу выстаўкі, прэзентацыі, канцэрты. Так, сёлета падрыхтавана амаль 50 мерапрыемстваў.

З ліку навінак — свята прыгажосці і грацыі, якое прапанаваў віцебскі рэжысёр Кірыл Селіванаў. Прадстаўніцы нацыянальных аб'яднанняў Беларусі прадэманструюць разнастайнасць нацыянальных касцюмаў.

Знакавым мерапрыемствам стане гашэнне фестывальнага канверта з арыгінальнай маркай, эскіз якога распрацаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі.

Упершыню ў рамках фестывалю будзе арганізаваны круглы стол «Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў». У старажытным будынку, які адрамантаваны ў каралеўскім стылі, збяруцца кіраўнікі 21 нацыянальнага аб'яднання, каб абмяняцца думкамі і ўражаннямі.

Запросяць на падворкі

Самым насычаным на падзеі абяцае быць другі дзень. Госці наведаюць нацыянальныя падворкі. І гэта, бадай, самы прывабны і любімы шпацыр. Тут брамкі адкрыюцца ўжо апоўдні. Будзе арганізавана 17 падворкаў, якія зоймуць увесь гістарычны цэнтр горада і створаць адпаведную атмасферу. Беларускі падворак прадставіць шырокі спектр народнай культуры.

— Станоўча зарэкамендаваў сябе вопыт мінулага фестывалю, калі на беларускім падвор'і былі прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі, такое ж рашэнне прынята і сёлета, — зазначыла Алена Клімовіч. — Гэта вельмі добра, бо беларуская культура і традыцыі адрозніваюцца ў тэрытарыяльным плане. Такім чынам, госці змогуць пабачыць нашу самабытнасць.

Усе рэгіёны краіны прадставяць свой турыстычны патэнцыял на пляцоўцы «Беларусь вачыма турыста».

У Год гістарычнай памяці плануецца прэзентацыя тэматычных выставачных праектаў, а таксама кніг «Сёстры Хатыні. Гродзеншчына» і «Фестываль жыцця» аб гісторыі форуму.

Адбудуцца шматлікія канцэрты прафесійных і аматарскіх калектываў. Выступяць зоркі беларускай эстрады. У дворыку гарадскога кінатэатра будзе арганізаваны прагляд кінафільмаў пад адкрытым небам. Адбудуцца спартыўныя спаборніцтвы, колар-фэст, майстар-класы і творчыя праграмы.

Сваіх аматараў збярэ фестываль вулічнага экстрыму з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі.

Трэці дзень — на канале

У трэці, заключны, дзень фестывалю арганізатары запросяць усіх на Аўгустоўскі канал, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё турыстычнага сезона. Такі фармат упершыню паспрабавалі ўвесці на мінулым фестывалі, і ён прыйшоўся многім па душы. Падлічана, што тады на канале пабывала да 10 тысяч чалавек. Сёлета праграма даволі насычаная. У першай палове дня адбудзецца канцэрт аматарскіх калектываў вобласці і рэгіянальны фестываль —конкурс харэаграфічнага мастацтва.

Усе прысутныя змогуць ацаніць смак беларускіх страў Гродзеншчыны падчас гастрафэсту. А яшчэ можна будзе паўдзельнічаць у спаборніцтве на тачках і па кіданні валёнак. Паспрабаваць сваю моц у шоу сілачоў. «Курыныя забегі», конкурсы на хуткае паяданне сасісак і дранікаў, фестываль рыбнай лоўлі акунуць гасцей у вясёлае загараднае жыццё.

Будуць працаваць кірмашы, выстаўкі, атракцыёны, інтэрактыўныя пляцоўкі. Для дзяцей арганізуюць «Казкі на траве», прапануюць пабываць у ролі будаўнікоў і канструктараў Аўгустоўскага канала ў міні-фармаце. Для тых, хто хоча агледзець маляўнічыя пейзажы з палубы, такую магчымасць дадуць два цеплаходы.

Усе тры дні фестываль будзе радаваць гасцей найлепшымі вакальнымі і танцавальнымі калектывамі. Песні і музыка не змоўкнуць ні на хвіліну. На галоўнай сцэне адбудзецца канцэрт ансамбля «Песняры» і Аляксандра Саладухі. Выступіць Руслан Аляхно.

Як расказала Алёна Клімовіч, арганізавана трансляцыя мерапрыемстваў фестывалю ў сродках масавай інфармацыі. Будуць прамыя ўключэнні тэлеканаламі краіны. Для работы журналістаў створаны прэс-цэнтр. «Арганізатары імкнуліся прадбачыць усё, каб аб фестывалі ведалі не толькі ў Гродне і вобласці, але і за яе межамі. Бо фестываль нацыянальных культур сёння — гэта не проста яркая культурная традыцыя гродзенскай зямлі, а пляцоўка для міжнацыянальнага дыялоу», — падкрэсліла Алёна Клімовіч.

Скарбы фестываляў

Гісторыя фестывальнага руху пачалася ў 1996 годзе. Тады ж з'явілася і эмблема — кветка-сяміколернік. Лагатып крыху мяняўся, але аснова засталася той жа.

Кожны фестываль уносіў нешта новае ў гарадское асяроддзе. Так, у горадзе з'явіўся сквер Сяброўства. Дарэчы, ён папаўняецца новымі дрэўцамі з кожным святам. Незвычайнае пано з графіту з арнаментам суполак-удзельніц упрыгожыла сцяну будынка ў гістарычным цэнтры.

Да фестывалю былі ўстаноўлены скульптуры «Купідон» — каля гарадскога ЗАГСа і «Вернасць» — пара бронзавых лебедзяў на вадзе ў Швейцарскай даліне. А на беразе Нёмана ў гонар свята пачаў дзейнічаць «Фантан фестывальнага сяброўства».

Юбілейны — дзесяты — фестываль азнаменаваны адкрыццём памятнага знака на месцы легендарнай Фары Вітаўта ў цэнтры горада. А каля Старога замка з'явілася скульптура старадаўняй ладдзі — павялічанай копіі шахматнага артэфакта, які быў знойдзены падчас раскопак Замкавай гары.

Для захавання экспанатаў і папулярызацыі фестывалю ў цэнтры горада адкрыты культурны цэнтр «Фестывальны». У якасці экспанатаў — фотаздымкі, касцюмы, сувеніры нацыянальных суполак, падарункі замежных гасцей.

На мінулым свяце на вуліцы Замкавай адкрылі помнік Давыду Гарадзенскаму, а на беразе Нёмана — прыгожую аглядальную пляцоўку-ратонду. Дарэчы, сёлетні, чарговы фестываль папоўніць гарадское асяроддзе ажно цэлым комплексам узноўленых гістарычных пабудоў. З'явіцца і новая скульптура.

Менавіта падчас фестывалю ў горадзе прайшло першае феерычнае лазернае шоу на беразе Нёмана. Не абыдзецца без феерверку і фаер-шоу і гэтым разам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Пад аховай кветкі-сяміколерніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?