Вы тут

Анатоль Сабалеўскі: ад матэматыкі да тэатра


Журналістамі становяцца па-рознаму. Часцей, пачынаючы пісаць яшчэ вучнямі, пасля заканчэння сярэдняй школы падаюць заяву ў тую ВНУ, дзе рыхтуюць такіх спецыялістаў. Іншыя, атрымаўшы філалагічную адукацыю, мяняюць прафесію. Ёсць і тыя, хто, будучы, агулам кажучы, «тэхнаром», разумее, што душа ляжыць не да таго, чым займаецца. Але каб навучэнец, якога выкладчыкі лічаць адным з найлепшых знаўцаў матэматыкі (а што гэта сапраўды так, ён неаднаразова сведчыў, займаючы прызавыя месцы на алімпіядах), нечакана падаў дакументы на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта… Ды было і такое ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Нечакана на журналістыку пераарыентаваўся тагачасны выпускнік Мінскага педагагічнага вучылішча Анатоль Сабалеўскі. Той самы, які… Ды аб усім па парадку.


Анатоль Сабалеўскі. Фота Андрэя Спрынчана.

Калі здрада апраўдана

Нарадзіўся ён 27 мая 1932 года ў вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна. Мясціна і сёння прыгожая, а што ўжо казаць пра тыя часы. Жыць бы і радавацца. Толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1941 годзе яго бацьку немцы расстралялі. Неўзабаве, не дажыўшы да года, памёр брат Лёня. Засталіся ўтрох: ён, сястра Галя і маці Фабіяна Станіславаўна.

Зведаў Толя напоўніцу, што такое хлеб сірочы. Ды яшчэ і ў ваенную і пасляваенную нястачу. Але настойлівым аказаўся. І па гаспадарцы маці дапамагаў, і вучыўся старанна, хоць у сямігодку дабіраўся пешшу за сем кіламетраў. Скончыўшы яе, паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча. Не толькі матэматыку любіў, але і літаратуру, нават вершы пісаў. Па іншых прадметах таксама добрыя веды меў, таму сямігодку скончыў на выдатна. Збіраўся настаўнікам стаць. Калі б нечакана ў лёс вясковага юнака не ўмяшаўся яго вялікасць Тэатр. Дакладней — народная артыстка БССР Ірына Ждановіч, хоць сама яна пра гэта і не здагадвалася.

Яго, тагачаснага чацвёртакурсніка, яна так захапіла ў ролі Ані Крушыны ў спектаклі «Канстанцін Заслонаў» па п’есе Аркадзя Маўзона, што ён захацеў больш даведацца пра актрысу. Пайшоўшы ў бібліятэку, стаў цікавіцца тэатральнымі публікацыямі. Як жа здзівіўся, што ў артыкулах, рэцэнзіях Ірына Фларыянаўна калі і згадвалася, дык мімаходзь. Ён жа не сумняваўся, што яна заслугоўвае… манаграфічнага даследавання.

Хто ведае, што з гэтага атрымалася б, калі б сама фартуна не ўсміхнулася амбіцыйнаму юнаку. Выпускныя экзамены здаў настолькі паспяхова, што трапіў у лік пяці працэнтаў тых, хто атрымаў чырвоны дыплом. Паводле правіл, што існавалі тады, такія шчасліўчыкі маглі паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы без уступных іспытаў. Што самае галоўнае — без абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. Анатоль Сабалеўскі, не задумваючыся, здрадзіў матэматыцы і стаў студэнтам аддзялення журналістыкі БДУ.

Масквой падтрыманы

Пра якую матэматыку магла ісці гаворка, калі праца над нарысам пра Ірыну Ждановіч спорылася. Чарнавы варыянт яго завяршыў ужо на першым курсе. На другім штосьці дапрацаваў, нешта дапоўніў, а на трэцім апублікаваў у часопісе «Полымя». Мог бы і раней, але ў рэдакцыі з матэрыяламі было завозна, не тое, што цяпер. Давялося вычакаць чаргу, хоць склаўшы рукі не сядзеў. Рэгулярна публікаваўся ў іншых выданнях, два апошнія гады перайшоў на завочную вучобу і працаваў у «ЛіМе». У 1958 годзе дыпломную работу абараніў на выдатна. Канешне ж, прысвечаную творчасці Ірыны Ждановіч. А далей была аспірантура Інстытута мастацтваў Акадэміі навук СССР.

Ці не ў кожнай саюзнай рэспубліцы ставала маладых тэатразнаўцаў, ахвотных паступіць туды. Але для многіх гэта з’яўлялася недасягальнай мэтай. Прынамсі, на 1958 год на кафедру тэатра народаў СССР выдзелілі на стацыянарнае навучанне на ўсіх (апроч Расійскай Федэрацыі) толькі адно месца. Ды калі шанцуе,то шанцуе. У маі гэтага года ў Мінску якраз праходзіла тэатральная канферэнцыя, куды прыехаў вядомы тэатразнаўца Георг Гаян (сапраўднае прозвішча ТэрНікасян). У 1945 годзе ён і ўзначаліў групу гісторыі тэатра народаў СССР, толькі што створаную пры згаданым інстытуце. Георг Іосіфавіч усюды шукаў дастойных кандыдатаў.

Тэатразнаўца Уладзімір Няфёд, які загадваў сектарам тэатра і кіно Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, дырэктар акадэмік Пятро Глебка пазнаёмілі яго з Анатолем Сабалеўскім. Завітаў Анатоль Вікенцьевіч не з пустымі рукамі, а са сваімі публікацыямі, якіх набралася ажно 26 улікова-выдавецкіх аркушаў. Шмат часу адабрала ў Георга Гаяна іх чытанне, затое, вяртаючы, сказаў: «Лічыце, што вы ўжо аспірант». Як высока ацаніў яго настаўнік, яскрава сведчыць такі факт. Аспірант поруч са знакамітымі даследчыкамі выступаў на абароне напісанай па-ўкраінску доктарскай дысертацыі аднаго ўкраінскага навукоўца.

Невядомымі пуцявінамі

Вярнуўшыся ў Беларусь, Анатоль Вікенцьевіч, спачатку кандыдат, а пасля доктар навук, шмат дзе працаваў. Быў і рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў. Але перадусім галоўным для яго заставалася творчасць. Дарэчы, у Саюз пісьменнікаў Беларусі быў прыняты за аповесць «Жылі-былі хлопцы», апавяданне «Ліст да Маці», лірычныя мініяцюры і кнігу «Рампай асветленае». Аднак яна стаіць апошняй, прымаючы пад увагу асноўны кірунак творчасці тых, хто ўваходзіць у гэтую арганізацыю. У сапраўднасці галоўным для яго пастаянна заставаўся тэатр і ўсё, што з ім звязана. Гэта відаць і па яго кнігах: «Ад п’есы — да спектакля», «Театр открывает занавес», «Жыццё тэатра», «Сучаснасць і гісторыя», «Барыс Платонаў», «Кандрат Крапіва», «Асоба мастака», «Глеб Глебаў», «Майстры, падзеі і акалічнасці» і іншыя.

Неяк прызнаўся: «Тэатр для мяне — гэта ўсё…», чым і кіраваўся пастаянна ў сваёй творчасці. Ды і ў жыцці — таксама. Маю на ўвазе не пэўныя клопаты, памкненні, а пастаяннае жаданне зрабіць штосьці такое, што вырашала б не толькі паўсядзённыя задачы, хай сабе і актуальныя, важныя, а, абганяючы свій час, працавала б на перспектыву. Як прафесіянал адчуваў, што, калі не зробіш гэта сёння, заўтра можа быць позна.

Вокладка кнігі А. Сабалеўскага.

Часта ішоў тымі пуцявінамі, куды іншыя да яго не ступалі. Слушна наконт гэтага сказала вядомая тэатразнаўца, мастацтвазнаўца, даследчыца праблем драматургіі Тамара Гаробчанка: «Шмат з таго, што зрабіў Анатоль Вікенцьевіч, можна вызначыць словам “упершыню”». Так, беларускую драматургію даследавалі і да яго літаратуразнаўцы. Але ж менавіта ён знайшоў свой адметны погляд на гэтую праблему і прааналізаваў драматургічную творчасць з пункту гледжання тэатразнаўцы ў кантэксце сцэнічных культур іншых народаў.

Тамара Яўгенаўна — вучаніца Анатоля Сабалеўскага, які шмат зрабіў для фарміравання навукі аб тэатры. Калі ў 1962 годзе ў тагачасным тэатральнамастацкім інстытуце адбыўся першы набор па спецыяльнасці «Тэатральная крытыка і тэатразнаўства», сярод студэнтаў была і яна. Па сёння Тамара Гаробчанка — найбольш дасведчаны даследчык жыцця і творчасці Анатоля Сабалеўскага. У напісанні артыкула яе звесткі шмат дапамаглі і аўтару гэтых радкоў.

Тры важныя праекты

Чалавек сціплы, усё ж не мог не ведаць сабе сапраўдную цану. Таму ў асобных выпадках і дзейнічаў па прынцыпе «калі не я, то хто?». Несумненна, што такі падыход паспрыяў і з’яўленню «Хрэстаматыі па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі». Спачатку ў двух тамах, а пасля ў чатырох. У канчатковым варыянце гэтае выданне дае поўнае ўяўленне аб развіцці згаданага віду мастацтва ад старажытнасці да пачатку ХХІ стагоддзя.

Як і ў кожнай хрэстаматыі, найперш шмат гавораць прадстаўленыя ў ёй творы. Аднак іх трэба было рупліва падабраць, асобныя вярнуць з небыцця, бо па розных прычынах нашаму сучасніку былі невядомы ці проста забыты або забаронены. Ды і аўтары іх не згадваліся. Пасля гэтага трэба было напісаць уступныя артыкулы, зрабіць каментарыі. Дзякуючы такой напружанай, хоць, правільней сказаць, тытанічнай працы шмат што (і шмат хто) у навуковы, ды і ў чытацкі абарот было ўведзена ўпершыню.

З гэтага шэрагу і двухтомная энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь». З’явілася першае ў гісторыі нацыянальнай культуры галіновае навукова-даведачнае выданне, прысвечанае тэатральнаму мастацтву: драматычнаму, музычнаму, лялечнаму. Як і ў «Хрэстаматыі…», працэс развіцця тэатра прасочваецца на працягу ўсёй яго гісторыі. Больш за 2 тысячы артыкулаў, 1,4 тысячы чорна-белых і каляровых ілюстрацый.

Фота з сайта dzerginsk.by.

Пра што заўгодна прачытаеш, каб атрымаць вычарпальную і дакладную інфармацыю. Важна таксама і тое, што, хоць гэтая энцыклапедыя і прысвечана беларускаму нацыянальнаму сцэнічнаму мастацтву, ім не абмяжоўваецца. Яно падаецца як частка сусветнага тэатральнага працэсу. Пры гэтым абавязкова робіцца акцэнт на тое, наколькі гэтыя сувязі і дачыненні важныя.

Такі падыход Анатоль Вікенцьевіч як галоўны ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» прадугледзеў загадзя. Пад яго агульнай рэдакцыяй яна і выйшла. Ён жа паклапаціўся і аб падборы аўтарытэтных аўтараў. Як і пры выданні часопіса драматургіі сцэнічнага мастацтва «Тэатральная творчасць», што выходзіў у 1992—1998 гадах адзін раз на два месяцы (да 5 нумара 1995 года называўся «Тэатральная Беларусь»). Для перыядычнага выдання не такі і вялікі прамежак часу, але след пасля сябе яно пакінула значны. Сістэматычна змяшчаліся новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў. Былі вернуты і творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Для прыкладу — Канстанцыі Буйло, Мацея Радзівіла, Леапольда Родзевіча, Міхася Чарота, Васіля Шашалевіча. Не абыходзілі ўвагай праблемы развіцця драматургіі і сцэнічнага мастацтва, гісторыі тэатра. Публікавалісятворчыя партрэты, асвятляліся тэатральныя і ўвогуле культурныя мерапрыемствы. Заснаваў часопіс і свій штогоднік «Беларуская драматургія».

Важны ў тэатразнаўчай і педагагічнай дзейнасці Анатоля Сабалеўскага такі аспект, як падрыхтоўка кадраў і для іншых краін. Калі працаваў у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, іх рыхтавалі нават для некаторых афрыканскіх дзяржаў. Глыбока заканамерна, што «за выдатны ўклад у развiццё мастацтвазнаўчай навукi, выхаванне спецыялiстаў мастацкай культуры высокай квалiфiкацыi i актыўны ўдзел у прапагандзе iдэй мiру, дружбы i супрацоўнiцтва памiж народамi» ён стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі «UNITY» («Адзінства») з уручэннем залатога медаля.

Свой вечны спачын (памёр 6 красавіка 2012 года) Анатоль Вікенцьевіч знайшоў на сямейных могілках у Андрыеўшчыне. Там, дзе пахаваны яго бацькі, жонка, родныя і сваякі. Паклапаціўся аб устаноўцы адзінаццаці мармуровых крыжоў з надмагіллямі.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».