Вы тут

Як праз ЦК ушанавалі памяць народнага пісьменніка Івана Мележа


Перапіска Саюза пісьменнікаў, яго кіраўнікоў з вышэйшай ў рэспубліцы партыйнай інстанцыяй часам падводзіць да думкі, што, маўляў, кожны крок творчаму саюзу трэба было ўзгадняць. Можа яно і так... Але ж пісьменнікі спадзяваліся на ЦК і з іншага пункту гледжання: у структураванай адміністрацыйна-партыйнай сістэме не проста ўзгадняліся тыя ці іншыя пытанні, а з ліста, са звароту ў ЦК КПБ, са звароту непасрэдна да Пятра Міронавіча Машэрава альбо да сакратара ЦК Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна пачыналася выпрацоўка механізма вырашэння таго ці іншага пытання. «Хітрасць» была ясная і зразумелая ўсім: дасць ЦК «дабро» — і ў выніку падключацца органы ўлады на месцах, у справу будзе задзейнічаны ўрад, адпаведныя міністэрствы безапеляцыйна пачнуць займацца тым ці іншым патрэбным клопатам. Відавочна, што ўгаварыць кожную з інстытуцый спрычыніцца да вартай і патрэбнай грамадству, айчыннай культуры, нацыянальнай літаратуры справу паасобку наўрад ці атрымалася б... Пункт гледжання ЦК, рашэнне ЦК, яго падказка — зусім іншая справа. 


Вось і ў выпадку з ўшанаваннем памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа першы сакратар праўлення Саюза пісьмнннікаў БССР Ніл Гілевіч звяртаецца ў ЦК... 4 студзеня 1981 Ніл Сымонавіч падпісвае ліст да сакратара ЦК КПБ А. Т. Кузьміна... «Паважаны Аляксандр Трыфанавіч! 

8 лютага 1981 года спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Івана Паўлавіча Мележа. 

Сваё кароткае жыццё ён цалкам аддаў служэнню роднаму народу, Савецкай Радзіме, Камуністычнай партыі, пакінуўшы багатую і непаўторную спадчыну, узнавіўшы ў мастацкіх вобразах этапныя перыяды няўхільнага поступу Кастрычніцкай рэвалюцыі па краіне. Творы яго вядомы людзям яшчэ са школьных гадоў, яны шырока перакладзены на мовы народаў СССР і многія замежныя. 

Юбілейную дату Івана Мележа варта было б адзначыць шырока ў друку, па радыё і тэлебачанні, у школах, бібліятэках, палацах культуры і клубах, на радзіме пісьменніка і ў Мінску, дзе ён вучыўся і працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. 

У Мінску агульнагарадскі вечар, на наш погляд, варта было б правесці ў тэатры імя Янкі Купалы, на сцэне якога ішлі яго п’есы („Пакуль мы маладыя“ і „Дні нашага нараджэння“), а таксама інсцэніроўка па раману „Людзі на балоце“. Гэты спектакль мог бы стаць мастацкай часткай вечара». Канкрэтная праграма... Праўда, ліст напісаны, што называецца, у самы-самы пярэдадзень юбілея... Чаму не звярнуліся раней? Мо баяліся, што навагоднія святы зблытаюць усе папярэднія планы? Мо разлічвалі, што нагадаць пра юбілей за месяц — час дастатковы?.. Хто ведае «кухню» праходжання афіцыйных папер у высокіх інстанцыях, задумаецца: а ці не сапраўды запозна звярнуліся... Адным словам, можна толькі такое апраўданне знайсці: маўляў, усё і без таго адладжана і будзе рухацца, адзінае, што трэба — «добрая воля» ЦК партыі... Альбо — і ў самім Саюзе паставіліся да будучага юбілея фармальна, пра важкасць падзеі гаворку вялі на словах, не дужа рупячыся пра саму высокую падзею, якая змагла б прыцягнуць найбольшую ўвагу да класіка беларускай літаратуры, які «жыццё аддаў служэнню роднаму народу»... 

Што ж вырашылі ў ЦК КПБ?.. Пытанне даручылі разгледзець двум аддзелам — культуры і прапаганды і агітацыі. На той час іх узначальвалі Іван Іванавіч Антановіч і Савелій Яфімавіч Паўлаў адпаведна. 23 студзеня яны падпісваюць службовую запіску... Чытаем, што ж было вырашана ўсяго за два тыдні да самога юбілея..: «8 лютага 1981 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння лаўрэата Ленінскай прэміі народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. 

Саюз пісьменнікаў БССР увайшоў у ЦК КПБ з прапановай па правядзенню юбілея І. П. Мележа. Аддзелы культуры, прапаганды і агітацыі ЦК КПБ вывучылі дадзенае пытанне і лічаць мэтазгодным:

  • Стварыць камісію па падрыхтоўцы і правядзенню юбілея І. П. Мележа ў наступным складзе: Гілевіч Н. С. (старшыня камісіі), Нерад Н. С., Ульяновіч А. І., Быкаў В. У., Адамовіч А. М., Бураўкін Г. М., Дзялец М. І., Чыгрынаў І. Г. Яроменка М. М., Тоўсцік А. А., Сярноў Р. І.
  • Даручыць Мінскаму гаркаму КПБ сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР і Міністэрствам культуры БССР правесці агульнагарадскі ўрачысты юбілейны вечар І. П. Мележа 11 лютага 1981 г. у Беларускім Дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. (Затраты па афармленню памяшкання тэатра і арганізацыі мастацкай часткі вечара (спектакль „Людзі на балоце“) нясе Саюз пісьменнікаў БССР). 
  • Міністэрству культуры БССР, Міністэрству асветы БССР забяспечыць арганізацыю вечарын, кніжных выставак, прысвечаных 60-годдзю з дня нараджэння І. П. Мележа, у культустановах і школах рэспублікі. 
  • Хойніцкаму РК КПБ сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР правесці юбілейныя мерапрыемствы на радзіме пісьменніка. 
  • БелТА, рэдакцыям рэспубліканскіх газет, Дзяржаўнаму камітэту БССР па тэлебачанню і радыёвяшчанню забяспечыць асвятленне юбілея І.П. Мележа ў перыядычным друку, па тэлебачанню і радыё...» 

Праграма, несумненна, цэласная і правільная... Кантроль наладжаны. Захавалася і такая запіска: «11 лютага 1981 г. адбудзецца юбілейны вечар, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння І. Мележа. Просім прадоўжыць тэрмін выканання дакумента <...> да 12 лютага г.г.» Падпісаў запіску загадчык аддзела культуры ЦК КП Беларусі І. Антановіч. Унізе — 5 лютага — рэзалюцыя: «Тэрмін прадоўжыць да 12 лютага 1981 г.» На запісцы, якой дакладвалі сітуацыю два загадчыкі — І. Антановіч і С. Паўлаў — рэзалюцыя па факту (падпісаў яе А. І. Бутэвіч): «Усе пункты выкананы ў поўным аб’ёме. Праведзены мерапрыемствы на радзіме І. П. Мележа, у школах, ВНУ. 11 лютага 1981 г. адбыўся агульнагарадскі вечар, прысвечаны 60-годдзю І. П. Мележа...»

З 1981 года мінула нямала часу. У 2021 годзе адзначалі ўжо 100 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Аўтара неўміручых раманаў пра беларускую вёску згадвалі і ў друку, і на тэлебачанні і радыё. Самымі ўдзячнымі ў дачыненні да памяці пра Івана Мележа былі, канешне ж, землякі — жыхары Гомеля, жыхары Хойнік і Хойніцкага раёна. Варта згадаць, што ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна працуе ўнікальны па сваёй цеплыні, па насычанасці мемарыяльнымі рэчамі літаратурна-краязнаўчы музей, прысвечаны пісьменнікам Гомельшчыны. І ўвага ў яго экспазіцыі да Івана Мележа самая што ні ёсць шырокая... 

Напамін пра старыя архіўныя «паперы» — гэта яшчэ і падказка нам, сённяшнім: «Не забыцца! Не забыць!..» Беларускае прыгожае пісьменства настолькі багатае і вартае ўвагі, што мінаючы пэўныя вялікія даты стваральнікаў нацыянальнай літаратуры — мы ў выніку страчваем нешта важнае і сёння... 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?