Вы тут

Архіпастыр народны


40 дзён прамільгнула пасля спачыну архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана. На сам гэты жалобны факт і пахаванне «Звязда» ўжо адгукалася змястоўнай у розных планах публікацыяй С.Яскевіч. Але, шануючы традыцыю, неабходна сказаць слоўца і на саракавіны. Таму, паводле народнай завядзёнкі, таксама бяруся падзяліцца згадкамі, хоць яны і не ўпарадкаваны так, як бы належыла. 


З апошняга, што засела ў свядомасці, — атрыманае ад шаноўнага ўладыкі пісьмовае віншаванне з Пасхаю Хрыстовай. Такія на працягу гадоў ён прысылаў і раней. Але гэтае прыйшло акурат у той дзень, калі ён апынуўся пад раптоўным ударам немачы, і з малітвамі за яго выздараўленне мы звярталіся да Господа і тады, калі Ён ужо забраў шчырага архіпастыра да Сябе... 

А цяпер вярнуся да ранейшага. Гонар і задавальненне добра і досыць блізка ведаць пакойнага архіепіскапа мне дастаўся на пачатку 1990-х гадоў. З таго часу, дзякуючы ўвазе прыхільнага да свецкай інтэлігенцыі мітрапаліта Філарэта, маю маленькасць — без належных заслуг, вядома — пачалі ўключаць у розныя камісіі, саветы, аргкамітэты Беларускай Праваслаўнай Царквы. І вось там давялося непасрэдна кантактаваць з уладыкам Сцяфанам, які ў гэтых структурах, натуральна, меў далёка не шараговыя ролі. Згадваецца, як у свой час абмяркоўвалася, дзе ж рэальна перш за ўсё адбывалася Хрышчэнне беларускіх земляў, і як ухвальна Пінскі архіерэй ставіўся да найбольш лагічнай версіі — якую падтрымлівалі П.Ф.Лысенка і ніжэйпадпісаны, — што з Кіева Хрысціянства распаўсюджвалася па Дняпры, спачатку закрануўшы Тураўска-Пінскія землі. Дарэчы, і нядаўна зусім, калі ішла падрыхтоўка да 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі, ён падымаў гэтае пытанне, шукаючы падтрымкі. 

Нагод сустракацца нам жыццё давала многа. Сярод іх, у прыватнасці, была экспедыцыя «Дарога да святыняў», у якой я многія гады браў удзел, а ўладыка «паломнікаў» заўжды гасцінна прымаў і шчодра частаваў. Кантактавалі мы і ў Мінскіх (дакладней Жыровіцкіх) духоўных школах, дзе епіскап Сцяфан выкладаў стала, а я па просьбе незабыўнага мітрапаліта Філарэта часова ¬чытаў там спецкурс «Пераклад Свяшчэннага Пісання на беларускую мову». Некалькі разоў даводзілася выступаць з лекцыямі-прэзентацыямі кніг на выставах-кірмашах, якія з размахам, а таксама з выключнай увагай да ўдзельнікаў, праходзілі пад непасрэдным кіраўніцтвам уладыкі Сцяфана ў Пінску і Баранавічах. 

А гадоў пятнаццаць таму з’явілася тое, што можна было б назваць «сербскай лініяй». Досыць нечакана для мяне і адначасова цалкам заканамерна для ўладыкі Сцяфана. Як аказалася, у Духоўнай акадэміі ён вучыўся і сябраваў з двума сербамі, якія пазней таксама заслужылі архіерэйскую годнасць. І, магчыма, не без уплыву гэтай акалічнасці, правячы архіерэй Пінскі на прастольнае свята ў свой кафедральны Свята-Варварынскі храм запрасіў тадышняга Пасла Сербіі ў Беларусі п. Срэчка Джукіча, а з ім і мяне. Пасля гэтага мы разам наведвалі свята неаднойчы. А ўладыка Сцяфан наведваў Сербію. І там, дарэчы, узяў пад сваю апеку юнака -серба Аляксандра Будзішына, які, паспяхова скончыўшы Мінскую семінарыю і акадэмію, прыняўшы манашаскі пострыг (з імем Агафангел), стаў прарэктарам семінарыі. Між іншым, не абрывалася таксама «сербская лінія» нашых з уладыкам адносін. У прыватнасці, ён мяне папрасіў зрабіць пераклады шэрагу богаслужбовых тэкстаў з сербскай мовы. Я, вядома ж, выканаў. За што атрымаў вышэйшую ўзнагароду Пінскай епархіі — медаль св. вялікамучаніка Феадора Цірона, жыціе якога, акафіст і малітву яму перакладаў. 

Многае яшчэ можна было б прыгадаць. Дарэчы, з адказнасцю пацвярджаю сказанае С.Яскевіч. Больш таго, удакладняю, што ўладыка Сцяфан меў багатую бібліятэку, прычым кнігі не проста калекцыянаваў, а сістэмна чытаў. І мову родную выдатна ведаў; гаварыў з выразным беларускім акцэнтам.

А завяршыць свае згадкі хочацца тым момантам што найбольш уразіў. Такая вось «карціна» адкрылася мне, калі стаяў на салеі падчас літургіі ў Свята-Варварынскай царкве: на дзіва многа было там малых дзяцей, якія вольна пачуваліся ў храме, не трымаючыся за рукі мацярок ці бабуль, як звычайна; але ўжо сапраўдным дзівам было тое, што ўладыка, прычашчаючы малых не пытаўся, як зваць, а сам называў іх імёны... Калі я потым запытаўся, як гэта, пачуў сціплы адказ: «Ды я іх усіх добра ведаю». Што тут скажаш?! Падобным чынам уцаркаўленне дзетак можа праводзіць хіба што родны дзед. Альбо сапраўды народны пастыр. Думаецца, як у памяці маёй, так і многіх іншых, хто добра ведаў уладыку Сцяфана, ён застанецца менавіта народным архіпастырам. 

Вечная памяць яму!

Іван ЧАРОТА, 

прафесар БДУ, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.