Вы тут

Як знайсці кампраміс паміж аховай рэдкіх відаў і інтарэсамі чалавека?


У каляпрыроднай суполцы раз-пораз гучаць меркаванні аб выключэнні некаторых відаў жывёл з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь і адкрыцці на іх палявання. Прадстаўнікі ж прыродаахоўнай сферы і вучоныя лічаць: лішніх у Чырвонай кнізе няма. Ці можна знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне гэтай праблемы?


Сігнал трывогі

На тэрыторыі нашай краіны першая Чырвоная кніга была выдадзена ў 1981 годзе, а з 2015-га дзейнічае яе чацвёртае выданне, якое ўтрымлівае звесткі пра 303 віды раслін і 202 віды жывёл. У найбліжэйшыя гады плануецца падрыхтаваць да публікацыі яе пяты варыянт.

— Перад тым, як перавыдаць Чырвоную кнігу, вучоныя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органаў працуюць над выяўленнем месцаў пражывання і росту рэдкіх відаў, над іх перадачай пад ахову землекарыстальнікам, праводзяць мерапрыемствы па захаванні такіх месцаў і ўмоў існавання раслін і жывёл, аналізуюць даныя, звязаныя з колькасцю пэўных біялагічных відаў, — расказаў Мікалай Свідзінскі, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Многія з такіх відаў сёння на слыху: гэта еўрапейскі зубр, буры мядзведзь, еўрапейская рысь, барсук і іншыя.

Зубр быў практычна страчаны для чалавецтва. Сістэмная работа, якая праводзілася ў тым ліку ў Белавежскай пушчы і сёння працягваецца ў розных рэгіёнах Беларусі, дазволіла павялічыць колькасць чырванакніжнікаў да 2248 асобін (даныя на люты 2022 года), якія падзелены на 11 мікрапапуляцый.

— Але казаць, што пагроза для знікнення віду мінула і што ў пятым выданні Чырвонай кнігі зубра не будзе, вельмі заўчасна, — упэўнены спецыяліст. — Згодна з планам кіравання яго папуляцыяй, яшчэ не завершана работа па яе фарміраванні. Канчатковая мэта — зрабіць так, каб мікрапапуляцыі злучыліся і жывёлы маглі свабодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі.

Акрамя зубра, апошнім часам ад паляўнічай грамадскасці паступае інфармацыя пра павелічэнне колькасці такіх драпежных відаў і чырванакніжнікаў, як буры мядзведзь і еўрапейская рысь.

— Мы вырашылі прааналізаваць інфармацыю, правесці ўлікі і распрацаваць планы кіравання папуляцыямі гэтых відаў, — адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды. — Анкетнае апытанне 2021 года паказала, што значна, але не настолькі, каб дасягнуць аптымальнай, павялічылася колькасць бурага мядзведзя (да 588 асобін) і рысі еўрапейскай (1002 асобіны пры аптымальнай у 1500).

Да «праблемных» відаў — гібкія падыходы

Паводле слоў начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандра Казарэза, сёння з вышэйназванымі відамі ёсць пэўныя праблемы:

— Зубр мае бінарны статус — гэта значыць, на яго можна паляваць. Так від ахоўваецца і пры гэтым выкарыстоўваецца, у чым зацікаўленыя і карыстальнікі паляўнічых угоддзяў. Неабходна прадпрымаць наступны крок: некаторыя мікрапапуляцыі зубра вельмі разрасліся, шкодзяць пасевам сельскагаспадарчых арганізацый — жывёл трэба рассяляць. Але мы не можам траціць на гэта грошы ад паляўнічай дзейнасці, бо ён не адносіцца да гэтай катэгорыі. Таму ёсць прапановы перавесці зубра з чырванакніжнага ў звычайны від.

Паводле слоў спецыяліста, ніхто дакладна не ведае фактычную колькасць рысі і мядзведзя. Пад ахову перададзены толькі 9 і 59 месцаў іх пражывання адпаведна. Але хто іх павінен ахоўваць, за якія сродкі, якія мерапрыемствы праводзіць — невядома...

— Міністэрства лясной гаспадаркі выступае за ўзважаны падыход, — падкрэсліў Аляксандр Казарэз. — Мы не кажам, што неабходна выключаць гэтыя віды з Чырвонай кнігі, адкрываць на іх павальнае паляванне. Але калі яны будуць эканамічна выкарыстоўвацца, з'явіцца зацікаўленасць у іх захаванні. Мы зможам атрымліваць даныя маніторынгу па колькасці гэтых відаў, планаваць пэўныя мерапрыемствы.

Згодны з гэтым і намеснік упраўлення палявання, рыбалоўства і турызму РДГА «БТПР» Уладзімір Казлоўскі:

— Не трэба разглядаць паляўнічых як знішчальнікаў, якім толькі дай каго-небудзь застрэліць. Яны таксама разумеюць, што важныя ў нашым лесе і воўк, і рысь, і мядзведзь, і зубр. Мы не настойваем на тым, каб усё пад нуль зачышчаць. Але разам з тым прапануем разгледзець пытанне, каб Чырвоная кніга не была жорсткім дакументам. Тым больш што не яна абараняе жывёл, а непасрэдна выканаўцы на месцах.

Паводле слоў паляўнічага, размеркаванне рысі па краіне нераўнамернае. Ёсць і праблемныя тэрыторыі, адкуль ідуць пастаянныя звароты. Таму БТПР прапануе разгледзець комплексны падыход выкарыстання такіх рэсурсаў зыходзячы з іх асаблівасцяў.

Простых адказаў няма

Ёсць некалькі праблем узаемадзеяння паміж чалавекам і кіраваннем папуляцыямі дзікіх жывёл, адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Гештаўт:

— Кожны від выконвае ў біягеацэнозах пэўную ролю. Без ваўка, рысі нашы прыродныя ландшафты будуць непаўнацэнныя. Паляўнічыя зацікаўлены ў першую чаргу ў здабычы капытных, таму хочуць рэгуляваць колькасць драпежнікаў. Але яны існавалі заўсёды, і гэта не прыводзіла да дэградацыі папуляцый капытных... У пытаннях захавання дзікай прыроды няма простых адказаў.

Другая праблема — адсутнасць дакладных методык па падліку колькасці жывёл. Таму ў рабоце з папуляцыямі вучоны прапаноўвае працаваць па параметрах, якія ўскосна паказваюць стан папуляцыі. Гэта колькасць сустрэч у дзікай прыродзе, уплыў на жыццядзейнасць чалавека, павелічэнне ці памяншэнне дарожна-транспартных здарэнняў.

Акрамя таго, не заўсёды жывёлы, размешчаныя на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, абароненыя, бо іх арэал выходзіць за межы апошніх.

На думку вучонага, пытанне аб выключэнні мядзведзя з Чырвонай кнігі ўзнімаць рана. Трэба працягнуць яго маніторынг і зрабіць добры план кіравання — прапісаць мерапрыемствы, скіраваныя на змяншэнне негатыўнага ўплыву драпежніка на дзейнасць чалавека.

Таксама Павел Гештаўт лічыць вартым стварыць сістэму збору інфармацыі пра ўплыў драпежнікаў на жыццядзейнасць чалавека, каб прымаць узважаныя рашэнні у тым ліку на аснове гэтых даных.

Галоўны ж аргумент паляўнічых, чаму неабходна адкрыць паляванне на рысь, — тое, што яна ўплывае на казулю і зніжае яе колькасць. Але за тыя нават дзесяцігоддзі, што вядзецца падобная размова, колькасць казулі павялічылася ў шэсць разоў, нягледзячы на тое, што вырасла і колькасць рысі. Вучоны ўпэўнены: не трэба прымаць хуткіх рашэнняў — трэба заўсёды ўзважана падыходзіць да іх прыняцця.

Мікалай Свідзінскі згодны з пазіцыяй калег: Чырвоная кніга — не застылая сістэма. Ён паведаміў, што пасля ўлікаў жывёл у 2021—2023 гадах будуць выпрацаваны мадэлі для пэўных тэрыторый у частцы кіравання папуляцыямі чырванакніжнікаў.

— Галоўны прынцып — не нашкодзь, — сказаў прадстаўнік Мінпрыроды. — Таму ўся работа будзе нацэлена на захаванне відаў.

Інга ЗУБРЫЦКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.