Вы тут

Не трэба спальваць! Што прадугледжвае закон «Аб абыходжанні з адходамі»?


З надыходам цёплага сезона зноў набывае актуальнасць праблема адходаў, што ўтвараюцца ў садаводчых таварыствах і спажывецкіх кааператывах. На якія нюансы трэба звярнуць увагу?


Схема для смецця

— Прававыя асновы абыходжання з адходамі ў краіне замацаваны адпаведным Законам «Аб абыходжанні з адходамі», накіраваным на змяншэнне аб'ёмаў утварэння адходаў і прадухіленне іх шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, здароўе грамадзян і маёмасць, а таксама на іх максімальнае выкарыстанне, — кажа кансультант упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Кацярына Рамасько.

Паводле слоў спецыяліста, раней парадак абыходжання з адходамі, якія ўтвараюцца ў садаводчых таварыствах і спажывецкіх кааператывах, уключаўся ў схемы абыходжання з такімі адходамі, што распрацоўваліся і зацвярджаліся органамі ўпраўлення такіх арганізацый па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды. Але на практыцы сустракаліся выпадкі, калі ў іх не было сфарміраваных органаў праўлення і (ці) старшынь, і, адпаведна, схем па абыходжанні з адходамі таксама не існавала. Вынікам гэтага з'яўляліся шматлікія несанкцыянаваныя звалкі на прылеглых тэрыторыях.

Каб змяніць сітуацыю і ўвогуле палепшыць арганізацыю работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, у 2019 годзе быў прыняты і набыў моц Закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». У гэтым дакуменце было прадугледжана, што адходы, якія ўтвараюцца ў садаводчых таварыствах і спажывецкіх кааператывах, уключаюцца ў схемы абыходжання з камунальнымі адходамі. Яны ж распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мясцовымі органамі ўлады па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды.

Па словах спецыяліста, гэта пасадзейнічала максімальна забяспечыць стварэнне неабходных умоў для абыходжання з адходамі ў садаводчых таварыствах і спажывецкіх кааператывах у парадку, які выключае забруджванне наваколля і аказанне шкоднага ўздзеяння на здароўе грамадзян і іх маёмасць.

Усяго па стане на пачатак 2022 года ў Беларусі распрацавана 129 схем абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА). З 4501 садаводчых таварыстваў, якія існуюць у краіне, практычна 100 % уключаны ў такія схемы. Тое ж датычыцца і 2391 гаражных кааператываў.

Як арганізоўваецца збор і вываз адходаў?

Сярод прычын, чаму садаводчыя таварыствы не выконваюць патрабаванні заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, можна назваць варыянт, калі збор камунальных адходаў ажыццяўляецца каля крыніц іх утварэння і вывазу адходаў па заяўцы. Часта адходы, якія часова захоўваюцца на зямельных участках членаў таварыства, разносяцца ветрам, на іх уздзейнічаюць ападкі і іншыя прыродныя фактары. Так смецце можа забруджваць навакольнае асяроддзе.

Раней у рамках работы, якая праводзіцца ў краіне па змяненні актаў заканадаўства, што рэгулююць дзейнасць садаводчых таварыстваў, Мінпрыроды прапанавала выключыць такі варыянт збору адходаў. Ён прадугледжаны Тыпавымі правіламі ўнутранага распарадку садаводчых таварыстваў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў ад 21 ліпеня 2008 года № 1048.

Спецыялісты прыродаахоўнага ведамства лічаць неабходным ствараць на такіх тэрыторыях спецыяльныя кантэйнерныя пляцоўкі для збору ЦКА і другасных рэсурсаў. Гэта дапаможа зменшыць колькасць несанкцыянаваных звалак.

Увогуле, паасобны збор адходаў — адзін з галоўных кірункаў дзейнасці ў гэтай галіне. Але, на жаль, не паўсюль магчыма размясціць неабходную колькасць кантэйнераў для розных адходаў. Старая забудова некаторых населеных пунктаў, у тым ліку і садаводчых таварыстваў, не дазваляе гэта зрабіць з улікам усіх гігіенічных і супрацьпажарных нормаў. Пры гэтым заўсёды можна знайсці варыянт для кожнага аб'екта, каб сабраць і адсартаваць максімальную колькасць смецця.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Максіма Тарасава, тэрытарыяльныя органы Міністэрства на пастаяннай аснове сочаць за магчымым размяшчэннем адходаў па-за санкцыянаваных месцаў, у тым ліку на прылеглых да таварыстваў ці кааператываў тэрыторыях. У цэлым за чатыры месяцы 2022 года ў краіне было выяўлена 7416 фактаў несанкцыянаваных звалак, ужо ліквідавана 6009 з іх, а па астатніх вядуцца работы. Частка з гэтых выпадкаў адносіцца і да тэрыторый садаводчых таварыстваў. Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнута 168 вінаватых асоб на агульную суму больш за 190 тысяч рублёў. Прымаліся і іншыя меры для парушальнікаў экалагічнага заканадаўства.

Захавай рэсурс!

Летам 2020 года ў краіне быў зацверджаны і ўведзены ў дзеянне тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі ТКП 17.11-08-2020 (33040/33140) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Адходы. Правіла абыходжання з камунальнымі адходамі». Адно з патрабаванняў гэтага дакумента — кампаставанне раслінных адходаў і іх выкарыстанне ўласнікамі ці паасобны збор з перадачай арганікі на кампаставанне спецыялізаваным арганізацыям.

Сістэма паасобнага збору арганічных адходаў толькі пачынае развівацца ў нашай краіне. Таму найлепшым варыянтам спецыялісты лічаць стварэнне кампоставых ям ці выкарыстанне біякампосцераў — так непатрэбныя расліны з участкаў і рэшткі прадуктаў стануць карысным угнаеннем.

Максім Тарасаў таксама звярнуў увагу на тое, што ў заканадаўстве існуе забарона спальваць камунальныя адходы насельніцтвам.

— Знішчэнне адходаў (у тым ліку іх спальванне) з'яўляецца абясшкоджваннем адходаў, якое павінна выконвацца толькі на спецыялізаваных аб'ектах, — тлумачыць спецыяліст. — Акрамя таго, патрабаванні ў галіне аховы атмасфернага паветра кажуць пра забарону спальваць рэчывы ці сумесі рэчываў, якія не з'яўляюцца палівам, матэрыялы і адходы, калі яны не спальваюцца з выкарыстаннем спецыяльных устройстваў і ў адпаведнасці з выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».