Вы тут

Магія лічбы. Пра што раскажа выстаўка «100 рарытэтаў»?


Каб адчуць гісторыю, варта зазірнуць у кнігу — неабавязкова прачытаць, ужо шмат пра што скажуць вокладка, шрыфты, афармленне, месца і час выдання. У гэтым можна пераканацца на выстаўцы «100 рарытэтаў: ад гістарычных кнігазбораў да сучасных арткніг», якая адкрылася ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Выстаўка з’яўляецца сваеасаблівым падвядзеннем вынікаў працы некалькіх пакаленняў бібліятэкараў на працягу ста гадоў існавання ўстановы. Яна дэманструе найбольш значныя і каштоўныя ўзоры сусветнай і беларускай кніжнай спадчыны.

Фонды пачалі фарміравацца адначасова з заснаваннем бібліятэкі ў 1922 годзе. У іх увайшлі калекцыі былых магнацкіх і шляхецкіх бібліятэк, зборы розных устаноў, прыватныя бібліятэкі вядомых дзеячаў культуры, мастацтва і навукі. 

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў бібліятэцы захоўвалася каля 2 мільёнаў экзэмпляраў дакументаў. У 1945 годзе засталося толькі 320 тысяч. Каля 700 тысяч выданняў удалося вярнуць у фонд бібліятэкі, але адзін мільён знік незваротна, і гэта былі самыя каштоўныя кнігі. 

І тым не менш пасля вайны ўстанова актыўна разгарнула працу па зборы кніжных скарбаў. Сёння ў фондзе галоўнай бібліятэкі краіны ўжо больш за 10 мільёнаў дакументаў. Асаблівы гонар — рукапісныя і друкаваных кнігі, пачынаючы з XV стагоддзя. Бібліятэка мае калекцыю выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

На выставе можна пабачыць унікальныя малавядомыя рукапісы XV—ХІХ стагоддзяў. Сярод якіх «Пролаг. Вераснёўская палова», пастановы і дэкрэты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, каралеўскія прывілеі і граматы, выпіскі з Архіва Мінскага гарадскога суда другой паловы XVІ стагоддзя, «Шастаднец» (XVІІ стагоддзе). Прадстаўлены кнігі першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі Брэсцкай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага, старадрукі, якія выйшлі ў Гродне, Магілёве, Куцейне, Полацку, Мінску, Нясвіжы. 

Бібліятэка захоўвае выданні знакамітага беларускага ваеннага інжынера, тэарэтыка артылерыі Казіміра Семяновіча. Яго першая кніга ўбачыла свет у 1650 годзе, а пасля была перавыдадзена на французскай, нямецкай і англійскіх мовах.

Выстаўка ламае стэрэатып шэраговага чытача наконт таго, што ў нашай краіне мала што захавалася з рарытэтаў. Насамрэч у галоўнай кніжнай скарбніцы знаходзіцца багата цікавостак для даследчыкаў. У экспазіцыі пададзены кнігі, створаныя на розных матэрыялах, у тым ліку гліняных таблічках, пальмавых лістах, пергаменце, у форме скрутка ці кодэкса. Прадстаўлены потхі, інкунабулы, палеатыпы, якія паказваюць, як на працягу стагоддзяў змянялася кніга.

На выстаўцы можна пабачыць 25 метровую тору (наогул калекцыя тор Нацыяналкі каля 30 адзінак). Прадстаўлены тут і кнігі беларускіх татар. Для даследчыкаў гэта цікавая крыніца інфармацыі: арабскай графікай перададзены беларуска-літоўскія і беларуска-польскія тэксты. Да гэтага часу мы не ведаем, як у ХІV—ХVІ стагоддзях гучала нашая мова, але дзякуючы арабаграфічным рукапісам, у якіх складаная сістэма таніравання, можна атрымаць аб тым уяўленне.

У канцы ХVІІ стагоддзя на нашай тэрыторыі з’яўляюцца стараабрадцы. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца вялікая калекцыя рукапісаў, з імі звязаных. Нават быў выпрацаваны асобны, веткаўскі, стыль афармлення кніг. Часам на беларускай тэрыторыі (да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай) друкаваліся кнігі для расійскіх старавераў. Калі ў самой Расіі стараабрадчая літаратура лічылася забароненай, то падобная прадукцыя з выхаднымі звесткамі з Гродна ці Магілёва лічылася проста замежнымі выданнямі. Першая кніга для стараабрадцаў была надрукавана ў Магілёве ў 1705 годзе па заказе калужскіх купцоў.

У экспазіцыі прадстаўлены цікавыя экзэмпляры з калекцыі ўсходніх рукапісаў, пачынаючы з ХV стагоддзя. Кнігі аздабляліся ўзорамі, зробленымі з золата. Калекцыя інкунабулаў бібліятэкі — самая вялікая ў рэспубліцы, гэтак жа як і калекцыя палеатыпаў (каля 200 выданняў). Апошнія паказваюць, як з 1501 па 1550 год здзяйсняўся пераход да новага друку — у кнігах ужо з’яўляўся тытульны ліст і выхадныя даныя. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца з дзясятак прыжыццёвых выданняў Мартына Лютара, некаторых з іх можна пабачыць на выстаўцы ў Музеі кнігі.

У XVIII стагодзі ў кніжную вытворчасць вяртаюцца мастакі, якія ў XVII стагоддзі ад яе адышлі. Тое, якія шыкоўныя майстры чаравалі над афармленнем выданняў, выдатна дэманструюць французскія кнігі таго часу.

Вельмі рэдкімі лічацца кнігі Пятроўскай эпохі. Тады вырас попыт на веды, значна павялічылася колькасць свецкіх кніг. Вось толькі запатрабаваная вучэбная літаратура захоўвалася дрэнна…

Рукапісныя кнігі працягваюць стварацца і ў наш час. Праўда, сёння гэта хутчэй арт-аб’екты — сярод такіх экспанатаў выстаўкі «скапіраваная» мастаком Скарынаўская біблія і

«Песня пра зубра» з ілюстрацыямі Юрыя Якавенкі. Маецца ва ўстанове і даволі вялікая калекцыя архіўных дакументаў. У фонды людзі перадаюць каштоўныя крыніцы, дораць старыя фатаграфіі (дарэчы, тут ужо назапасілася багата фотакартак пачатку ХХ ст.).

Выстаўка дае падказкі пра тое, якія каштоўнасці схаваныя ў яе фондах. Многія кнігі яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Дарэчы, яна будзе працаваць да канца 2022 года.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.