На кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) было прынята рашэнне аб адхіленні беларускіх і расійскіх каманд ад чэмпіянатаў свету розных узростаў яшчэ на адзін год. Такім чынам, нацыянальная зборная Беларусі не зможа прыняць удзел у чэмпіянаце свету 2023 года. Таксама на кангрэсе было вырашана перанесці планетарнае першынства 2023 года з Санкт-Пецярбурга ў Фінляндыю і Латвію.
Аднак, гэта не азначае канец беларускага і расійскага хакея. Старшыня IIHF Люк Тардзіф у інтэрв’ю ТАСС прызнаўся, што чакае, калі беларускі і расійскі хакей будуць адноўлены ў правах. «Трэба ўлічваць абставіны, а яны змяніліся. Паверце мне, гэта складана зразумець, але зараз гаворка ідзе аб бяспецы. Вы ўжо пыталіся, ці ёсць намер адхіліць федэрацыі Расіі і Беларусі, але я ніколі гэтага не зраблю. Мы захоўваем кантакты, каб як мага хутчэй мы былі гатовы да перазагрузкі і аднаўлення паўнавартаснага супрацоўніцтва. У нас добрыя адносіны з Уладзіславам Траццяком — мы размаўлялі з ім нядаўна, я павіншаваў яго з пераабраннем. Ён чакае вяртання Расіі і Беларусі ў хакейную сям’ю, як і я, бо спаборніцтвы без гэтых дзвюх краін ужо не тыя. Усё ведаюць, што аднойчы хакейная сям’я ўз’яднаецца, спадзяюся, гэта адбудзецца як мага хутчэй. Але зараз сітуацыя не залежыць толькі ад нас, аднак мы рыхтуемся. Усе будуць супершчаслівыя, калі ўсё вернецца на свае месцы. Спадзяюся, гэта адбудзецца хутка», — сказаў ён.
На кангрэсе IIHF прадстаўнікі Беларусі і Расіі былі ў рэжыме анлайн. Зразумела, што для больш эфектыўнага ўзаемадзення варта мець стасункі ўжывую. Люк Тардзіф заявіў, што ён хоча засяродзіцца на спорце і не хоча, каб на кангрэсе былі акцыі пратэсту ці палітычныя заявы. Ён расказаў, што ў яго былі асабістыя кантакты з беларускімі і расійскімі калегамі, якім ён растлумачыў гэтае рашэнне. Мы маем зносіны з Аляксандрам Багдановічам і Паўлам Бурэ. Праблем няма, бо мы разам працуем на савеце. Яны былі не згодныя, але ў любым выпадку ў нас захоўваецца дыялог на ўзроўні савету, у якіх яны могуць прымаць удзел. Але мы таксама гаворым пра бяспеку нашай арганізацыі, у тым ліку расіян і беларусаў. Думаю, што ўмовы зараз не дазваляюць засяродзіцца на спорце, і спадзяюся, што на наступным кангрэсе сітуацыя высветліцца«, — падкрэсліў кіраўнік міжнароднага хакея.
Федэрацыі хакея Беларусі і Расіі на рашэнне IIHF адрэагавалі афіцыйнымі заявамі. Таксама федэрацыі збіраюцца падаваць апеляцыі. У заяве Беларускай федэрацыі хакея сказана, што гэтыя абмежаванні расцэньваюцца як магчымасць для развіцця і росту ў іншых напрамках. «І магчыма нават калі б іх не было, мы б яшчэ доўга ішлі да такіх відавочных крокаў як інтэграцыя з лідарам сусветнага хакея — Расіяй. Сумесна з ФХР ужо распрацавана дарожная карта, у якую ўключаны не толькі турніры для зборных каманд, але і супрацоўніцтва на ўзроўні дзіцячых і юніёрскіх ліг. Мы працягнем працу па забеспячэнні нашых трэнераў і спартсменаў, якія сталі закладнікамі слабасці ІІХФ, па забеспячэнні высокаканкурэнтнай спаборніцкай практыкай», падкрэслілі ў федэрацыі.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота ТАСС
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».